Уз’яднанне Германіі адзначаецца штогод 3 кастрычніка. 5 фактаў пра самае важнае свята ў Германіі.
3 кастрычніка святкуецца ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Германіі
Рашэнне пра далучэнне ГДР да сферы дзеяння Асноўнага закона Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, прынятае Народнай палатай тагачаснай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР), набыло моц 29 верасня 1990 года. Праз тыдзень ГДР афіцыйна далучылася да Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. З тых часоў 3 кастрычніка стала Днём нямецкага адзінства.
Паміж падзеннем Берлінскай сцяны і ўз’яднаннем прайшоў амаль год
9 лістапада 1989 года ўпала Берлінская сцяна, якая на працягу 28 гадоў падзяляла Усходні і Заходні Берлін. Адкрыццё мяжы стала наступствам шматмесячных пратэстаў грамадзян былой ГДР, якія ўвайшлі ў гісторыю як мірная рэвалюцыя. Падзенне Берлінскай сцяны амаль праз год праклала шлях да аб’яднання Германіі.
У 2024 годзе месцам правядзення асноўных святкаванняў у гонар аб’яднання Германіі стане Шверын
За арыгінальную канцэпцыю святкавання Дня нямецкага адзінства кожны год адказваюць розныя гарады і розныя федэральныя землі. 34-я ўгодкі арганізуе Шверын. Шверын з’яўляецца сталіцай зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, найменш населенай з усіх 16 федэральных земляў Германіі. Свята адзінства ў Шверыне пройдзе пад дэвізам “Пад агульным ветразем: умацуем дэмакратыю і разнастайнасць разам”.
Ва Усходняй Германі шмат прывабных эканамічных рэгіёнаў
Эканамічная моц Усходняй Германіі значна ўзрасла за апошнія дзесяцігоддзі. Шматлікія кампаніі сусветнага ўзроўню цяпер вырабляюць сваю прадукцыю ў пяці новых землях ці інвестуюць у будаўніцтва новых заводаў. Напрыклад, вытворца аўтамабіляў Tesla адкрыў завод у Грунхайдзе (Брандэнбург), амерыканскі вытворца мікрасхем Intel выпускае сваю прадукцыю на пляцоўцы ў Магдэбургу, а тайваньскі гігант мікрасхем TSMC – у Дрэздане. Федэральны канцлер Олаф Шольц падвёў вынікі падзей апошніх некалькіх гадоў: “Усходняя Германія цяпер з’яўляецца адным з самых прывабных эканамічных рэгіёнаў Германіі па цэлым шэрагу кірункаў”.
“Цэнтр будучыні” знаёміць з трансфармацыйнымі працэсамі ва Усходняй Германіі
“Цэнтр будучыні для нямецкага адзінства і еўрапейскай трансфармацыі” будзе пабудаваны ў Гале-ан-дэр-Заале на ўсходзе Германіі ў 2028 годзе. Яго мэта – распавядаць пра пераходныя працэсы ва Усходняй Германіі і пазнаёміць грамадскасць з дасягненнямі, дюдзей, якія там жывуць і працуюць. У той жа час трэба глядзець і наперад – і таму, па задумцы Федэральнага ўрада, цэнтр закліканы “ўносіць важны ўклад ва ўмацаванне дэмакратыі і згуртаванасці ў Германіі і Еўропе”.
© Jojoo64/shutterstock.