31 жніўня – 1 верасня ў Івацэвічах прайшоў XXXI Дзень беларускага пісьменства.
Галоўны пасыл гэтага свята – “Час выбраў нас”. Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў віншавальны адрас кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам і гасцям XXXI Дня беларускага пісьменства:
“Паважаныя сябры!
Шчыра вітаю гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства, які сёлета адзначаецца на гасціннай брэсцкай зямлі, ля самабытнага горада Івацэвічы.
Гэты свята нагадвае нам аб важнасці захавання і развіцця праз кнігу нацыянальнай культурнай спадчыны, духоўных традыцый народа. Такія каштоўнасці яднаюць людзей і спрыяюць росквіту краіны. Літаратура і матчына мова былі і застаюцца падмуркам у выхаванні высокіх маральных якасцяў, фарміраванні грамадзянскасці.
Упэўнены, што беларусы заўсёды з павагай будуць адносіцца да нашага гістарычнага здабытку, берагчы невычэрпныя культурныя скарбы продкаў, штодзённай працай умацоўваць суверэнітэт дзяржавы. Шанаваць нашу мову і славутых майстроў слова – песняроў роднай зямлі.
Сардэчна жадаю гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства здароўя, згоды і дабрабыту, а таксама новых цікавых сустрэч, поспехаў і творчага натхнення.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка”.
Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на тое, што пры выбары сталіцы свята захоўваюць прынцып чарговасці і справядлівасці.
– Гэта свята набыло па-сапраўднаму дзяржаўнае значэнне, шчырае, духоўнае, чалавечае, паколькі наглядна паказвае культуру, вытокі, якія жывяць нашага чалавека. Мы шануем праўдзівае слова, якое ідзе спакон веку. Беларусы заўсёды стаялі за справядлівасць, за праўду. Нам важна і ў літаратуры, і ў кнігавыданні захаваць усё, што было даравана нашымі продкамі, – падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра.
Ігар Петрышэнка адзначыў, што дзяржава аказвае вялікую падтрымку ў плане кнігадрукавання.
– І кніга на беларускай мове, і кнігі для дзяцей і юнацтва пры адпаведнай дзяржаўнай падтрымцы друкуем і папаўняем наш бібліятэчны фонд. Гэта для нас важна, – падкрэсліў віцэ-прэм’ер. Ён дадаў, што, нягледзячы на імклівую лічбавізацыю, нішто не можа параў-нацца з пахам кніжных старонак, перадаць аўру людзей, якія іх чыталі раней.
Дзень беларускага пісьменства ў Івацэвічах адлюстроўвае не толькі традыцыі. У тым ліку ў экспазіцыях зроблены акцэнты на 80-годдзі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і 30-годдзі інстытута прэзідэнцтва. Таксама на памяць аб свяце ў горадзе застануцца тэматычныя арт-аб’екты. У прыватнасці, каля гарадскога Дома культуры ўстанавілі скульптурную кампазіцыю “Дзеці лясной школы”.
– Мы думалі, які ж адшукаць арт-аб’ект, які быў бы памятны і быў бы звязаны з гэтым цудоўным мястэчкам. Мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына” літаральна за некалькі кіламетраў адсюль. Той, хто не быў, абавязкова павінен наведаць яго. Вы сапраўды пранікнецеся духам, якім жылі нашы продкі, якія адстойвалі кожную пядзю роднай зямлі, але паспявалі вучыць дзяцей, – сказаў Ігар Петрышэнка.
Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра, у цэлым Івацэвічы да Дня беларускага пісьменства змяніліся.
– Гэта наша сумеснае дзейства, зрабілі такое свята. Інфраструктура горада застанецца, людзі будуць падтрымліваць тут парадак, у іх заўсёды будзе ў памяці, што гэта было зроблена ў XXXI Дзень беларускага пісь-менства.
Старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык адзначыў, што Берасцейская вобласць пяты раз стала гаспадыняй свята асветы. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што гэта асабліва пачэсна ў год, калі Берасцейшчына адзначае сваё 85-годдзе.
– Нам прыемна сустракаць літаратараў, вучоных, дзеячаў культуры, усіх гасцей, якія сабраліся на гэтай цу-доўнай палескай зямлі, каб выказаць павагу да роднага слова і нашай духоўнай спадчыны. Жыхарам Берасцейшчыны таксама ёсць што паказаць і падзяліцца сваімі багатымі культурнымі традыцыямі. У нас кожны раён, пасёлак, вёска маюць свой асаблівы каларыт, свае самабытныя абрады, таленавітых землякоў, якія праслаўляюць родныя мясціны, – сказаў ён.
Пётр Пархомчык дадаў, што жыхары раёна цэняць свой здабытак і беражліва яго захоўваюць.
– Паколькі духоўная культура – гэта той фундамент, на якім мы будуем сваё жыццё, ствараем дабрабыт, умацоўваем сваю незалежнасць. І наша агульная задача – захаваць і перадаць падрастаючаму пакаленню нашы нацыянальныя каштоўнасці, не страціць цікавасць да кнігі і літаратурнага слова. Упэўнены, што XXXI Дзень беларускага пісьменства ўпіша яшчэ адну значную старонку ў слаўную біяграфію брэсцкай зямлі і нашай Беларусі, надасць новы імпульс развіццю творчасці і ўсёй айчыннай духоўнай культуры, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Удзельнікаў і гасцей Дня пісьменства павіншаваў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён звярнуў увагу, што глыбінная сутнасць гэтага свята мае непасрэдныя адносіны да слова.
– Слова, мова, пісьменнасць спрадвеку з’яўляюцца выключным дарам Божым чалавеку. Усе мы павінны арыентавацца на самы вышэйшы змест слова, якое выяўляе самасвядомасць нашага народа, сукупны вопыт мінулага і планаванне будучага. А тут ад нас патрабуецца як мага больш адказнасці за ўсё, што адбываецца. Якраз у сувязі з асноўным сэнсам свята мы лічым патрэбным звярнуць увагу на чысціню і асэнсаванасць кожнага нашага слова – і пісьмовага, і таго, якое зыходзіць з нашых вуснаў, – заўважыў уладыка.
Адным з хвалюючых момантаў вечара стала цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”.
У гэтым годзе на конкурс было пададзена сорак дзевяць твораў. Многа ці мала? Трэба мець на ўвазе, што гэта ўжо тыя творы, якія прайшлі папярэдні адбор, калі іх вылучалі выдавецтвы, бібліятэкі, іншыя ўстановы. Значыць, да таго, як кніжкі паступілі ў журы, яны ўжо вытрымалі конкурс. Таму мы выбіралі найлепшае з лепшага. Гэта складана. Тым болей вельмі мала выпадковых, нікому не вядомых намінантаў, за выключэннем намінацыі «Дэбют». Думаю, калі чытачы ўспомняць, хто атрымліваў раней Нацыянальную літаратурную прэмію, пагодзяцца са мной, што гэта людзі вартыя, сапраўды вядомыя пісьменнікі.
Сярод намінацый – “Лепшы твор або зборнік паэзіі”, “Лепшы твор прозы”, “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”, “Лепшы твор драматургіі”, “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”, “Лепшы твор публіцыстыкі”, “Лепшы дэбют”. Больш за ўсё кніг – 15 – было прадстаўлена ў намінацыі “Лепшы твор прозы”. У намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” было 13 кніг. На трэцім месцы па колькасці пададзеных заявак намінацыя “Лепшы твор публіцыстыкі”.
Сёлета ў Івацэвічах была рэкордная колькасць пісьменнікаў – больш за 150 творцаў. Але толькі лепшых аб’явілі пераможцамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
6 імён, 6 кніг прозы, вершаў, публіцыстыкі адбіралі начытаныя эксперты. Любоўны раман аб’яўле-нага дэбютанта Алесі Кузняцовай – даўно бестселер нават у Расіі.
Выпускніца факультэта журналістыкі БДУ, а зараз рэжысёр мерапрыемстваў нырнула ў чалавечыя пачуцці і апісала, што робіцца, “калі трашчыць лёд”. Ці не трашчалі нервы за некалькі гадзін да атрымання ўзнагароды.
У намінацыі “Лепшы твор, зборнiк твораў паэзіі” лепшым стаў Фёдар Гурыновіч – аўтар кнігі “Паляўнічая паэма”.
Перамога ў катэгорыі “Лепшы твор прозы” дасталася Віктару Кунцэвічу, які напісаў кнігу “Калі чужая душа – твая”.
Сяргей Міховіч стаў лепшым у намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі”. Яго пяру належыць кніга “Нам сілы дае зямля”.
У намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” перамог Мікола Мікуліч з кнігай “Максім Танк. Асоба, паэзія, лёс”.
Першае месца ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” атрымаў Уладзімір Мазго за кнігу “Загадка – розуму зарадка”.
Ну і лепшай у намінацыі “Дэбют” стала Алеся Кузняцова – аўтар кнігі “Калі трашчыць лёд”.
А ў цэлым арганізатары падрыхтавалі яркі канцэрт, у якім адлюстравалі старонкі гісторыі і сучаснасць нашай краіны, мужнасць, працавітасць і таленавітасць беларусаў. На сцэне сваёй творчасцю радуюць як артысты, якія палюбіліся публіцы, так і юныя зорачкі.
Дзень пісьменства прадоўжыўся 1 верасня. Працавалі тэматычныя выстаўкі, прэзентацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі.
Дзень пісьменства ў Івацэвічах Берасцейскай вобласці завяршыўся перадачай вымпела – гораду Ліда Гарадзенскай вобласці.Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла на галоўным пляцы. Для правядзення цырымоніі на сцэну запрасілі старшыню Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка і старшыню Івацэвіцкага райвыканкама Уладзіміра Бялова. У партэры цэлая дэлегацыя з Ліды.
– Вельмі прыемна знаходзіцца на берасцейскай зямлі, у цудоўным горадзе Івацэвічы. Хачу вас павіншаваць з паспяховым правядзеннем такога грандыёзнага рэспубліканскага свята. Прыемна праязджаць па вашых вуліцах, якія папрыгажэлі, – адзначыў старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік. – Літаральна заўтра мы пачынаем ужо рыхтавацца да свята ў наступным годзе. Я вас усіх запрашаю, прыязджайце і паглядзіце наш старажытны горад Ліду, вельмі прыгожы, цікавы, з багатай гісторыяй.
Паводле СМІ. Фота Надзеі Касцецкай.