У зборнай Германіі ў сустрэчы з датчанамі мог змяніцца ўвесь цэнтр абароны. Жанатан Та зарабіў дыскваліфікацыю, а Антоніа Рудыгер атрымаў траўму. Тым не менш абаронца “Рэала” паставілі на ногі, і ён склаў пару з Ніка Шлотарбекам. Нечаканым ходам ад Юльяна Нагельсмана стаў перавод у запас Фларыяна Вірца. Талент з “Байера” саступіў месца ў аснове Лярою Зане.
Зборная Германіі пачала матч вельмі магутна – гуляла інтэнсіўна, хутка і разнастайна. Датчане спрабавалі вязаць немцаў у цэнтры, як сербаў у 3-м туры (тыя зрабілі ўсяго адзін удар у створ, хоць павінны былі перамагаць), але першыя паўтайма не вытрымлівалі хуткасцяў гаспадароў. Каманда Нагельсмана зарабіла серыю кутніх і пасля кожнага корнера выйгравала першы дотык. Краос выдатна падаваў, а каманда Каспера Юльмана прайгравала паветра, нягледзячы на тое што яе не назавеш нізкарослай. Ужо на чацвёртай хвіліне забіў Шлотэрбек, аднак гол зборнай Германіі адмянілі з-за фола Ёзуа Кіміха, які заблакаваў свайго апанента з парушэннем правіл.
Перажыўшы цяжкія 20 хвілін, зборная Данія здолела скарыстацца тым, што немцы, задаючы арытмію гульні, узялі паўзу. Каманда Юльмана выдала добры адрэзак з кантролем мяча, адсаплася і пачала даходзіць да штрафной суперніка. Першы момант у датчан атрымаў Крысціян Эрыксен, які паказаў цуд-прыём мяча пасля закіду з глыбіні. Але яго ўдар заблакаваў Рудыгер, які згуляў не меней выдатна ў гэтым эпізодзе. Потым Крысціян выконваў небяспечны штрафны метраў з 20 – патрапіў у сценку.
А на 35-й хвіліне суддзя Майкл Олівер раптам спыніў сустрэчу. Прычынай сталі ўмовы надвор’я – пайшоў моцны дождж, у небе загрымела, зіхацелі маланкі. Каб не рызыкаваць здароўем футбалістаў, ангельскі рэферы адвёў каманды ў падтрыбуннае памяшканне. Унікальны выпадак для чэмпіянатаў Еўропы. Амаль паўгадзіны зборныя Германіі і Даніі, а разам з імі і змоклыя заўзятары чакалі аднаўлення гульні. З даху дортмундскага стадыёна вада месцамі сцякала вадаспадам.
Пасля незапланаванага перапынку немцы зноў наваліліся на вароты датчан. Скандынавы даўжэй уцяг-валіся ў гульню. Супершанец для Кая Хаверца стварыў кросам Давыд Раўм – той з забойнай пазіцыі прабіў галавой проста ў Каспера Шмейхеля. Пашанцавала камандзе Юльмана. Пасля 45 хвілін перавага зборнай Германіі па ўдарах у створ была 5:0. Тым не менш лепшы момант у першым тайме ўжо ў кампенсаваны час стварыла Данія. Мануэль Нойер выратаваў гаспадароў ад гола пасля выхаду Расмуса Хойлунда сам-насам, выскачыўшы з варот і не даўшы сябе перакінуць. Малайцом, старына Мануэль.
Другі тайм таксама стартаваў з незалічанага гола. Зараз ужо датчане бадзёра пачалі і забілі пасля стандарту. Выйграны падбор і ўдалы рыкашэт ад Роберта Андрыха, здавалася, падарылі абаронцу Ёакіму Андэрсану першы забіты за зборную Даніі мяч. Але далей адбылося штосьці неверагоднае – за нейкую хвіліну Ёакім перажыў увесь спектр эмоцый! Ад трыумфу да трагедыі. Яго гол адмянілі з-за афсайду ў партнёра, а ў наступнай атацы немцаў Андэрсан згуляў рукой у сваёй штрафной. Олівер пры дапамозе сістэмы VAR прызначыў пенальці. Хаверц бездакорна рэалізаваў 11-мятровы, адправіўшы мяч пад самую штангу.
Прайграваючы, зборная Даніі раскрылася, і немцы атрымалі вольную прастору для контрвыпадаў. Нагельсман выпусціў класічнага форварда Нікласа Фюлькруга ў пару да Хаверца. Зборная Германіі арганізавала два выхады сам-насам за некалькі хвілін. Калі Хаверц прабачыў датчан, то Джамал Мусіала – не. Шлотарбек зрабіў укідванне са сваёй паловы поля, галкіпер Шмейхель зрабіў некалькі крокаў наперад, аднак потым зразумеў, што не паспявае, і адступіўся назад. Небараку Андэрсану не хапіла хуткасці, таму ніхто не перашкодзіў Мусіале дабрацца да мяча і стрымана рэалізаваць момант.
Для Мусіалы гэта трэці гол на Еўра-2024 – хаўбек “Баварыі” дагнаў у спісе лепшых бамбардзіраў Жоржа Мікаўтадзе. Вялікае дасягненне, хоць у цэлым матч з Даніяй быў не самым паспяховым для Джамала. Да гэтага ён толькі аднойчы і недакладна прабіў, пасоў пад удар не аддаваў, здзейсніў толькі дзве паспяховыя абводкі за сем спроб.
Зборная Германіі перамагла з лікам 2:0, не выкарыстаўшы яшчэ некалькі шанцаў у фінале, тым не менш яе гульню без мяча цяжка назваць ідэальнай. Адзін толькі Хойлунд здзейсніў сем дотыкаў у штрафной немцаў і зрабіў чатыры ўдары (з 11 камандных). Але дзесьці зборнай Даніі бракавала дакладнасці, а ў іншых эпізодах выдатна дзейнічалі Нойер ці, напрыклад, Рудыгер. У Антоніа па два адборы і перахопы, па чатыры вынасы і заблакаваныя ўдары. Так згуляць на фоне траўмы – топ-клас!
Анатоль Раманаў.