На 19 нацыянальных падворках, якія размясціліся ў гістарычнай частцы Гародні, паказалі свае традыцыі, творчасць, народныя кухні прадстаўнікі 36 нацыянальнасцяў, перадае БелТА.
Самы вялікі фестывальны падворак – беларускі – запрасіў гасцей яшчэ за дзень. Увесь вечар тут было шматлюдна, весела і цікава. Падворак беларусаў сёлета ўпершыню заняў дзве плошчы – Леніна і Тызенгаўза – і прапанаваў вельмі разнастайную яркую праграму на ўвесь дзень. Тут прадэманстравалі сваю творчасць усе вобласці Беларусі. Кожны рэгіён пад-рыхтаваў не толькі арыгінальную канцэртную праграму, але і свой асаблівы сімвал фестывалю, у якім увасоблены вобраз вобласці і пры гэтым абавязкова прысутнічае кветка-сяміколерка, якая аб’ядноўвае ўсю фестывальную сям’ю. Напрыклад, Гарадзеншчына прадставіла вялікае пано ў стылі выцінанкі, у цэнтры якой размешчаны лагатып фестывалю. Інтэрнацыянальнае свята сёлета праходзіла пад знакам сям’і, таму ўсе рэгіёны паказалі свае сямейныя абрады і традыцыі. Гарадзенцы запрасілі гасцей на традыцыйны вясельны абрад.
Гасцінны беларускі падворак запрасіў на сваю сцэну і беларусаў замежжа, якія ўдзельнічаюць у фестывалі. На свята ў Гародню прыехалі артысты беларускіх нацыянальных аб’яднанняў з Калінінграда, Бранска, Томска, Рыгі. Яны паказалі, як захоўваюць і развіваюць сваю народную культуру па-за гістарычнай Радзімай.
Калоны нацыянальных дыяспар тэатралізаваным шэсцем прайшлі па пешай вуліцы горада на Савецкую плошчу, дзе ўстаноўлена галоўная сцэна фестывалю. Афіцыйная частка пачалася з прывітальнага ліста Прэзідэнта Беларусі. Пасланне агучыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Тэма сям’і, якая гучыць лейтматывам фестывалю, прысутнічала і падчас адкрыцця свята. Так, на сцэне адбыўся вясельны абрад, у ходзе якого прадстаўнікі нацыянальных дыяспар адорвалі маладых беларусаў сваімі падарункамі – прадметамі, якія прысутнічаюць на вяселлі ў розных культурах: упрыгож-ваннямі, галаўнымі ўборамі, прадметамі побыту, пачастункамі.
“Гэта яскравая падзея стала неад’емнай часткай культурнага жыцця нашай дзяржавы, – гаворыцца ў прывітальным лісце Прэзідэнта, які быў зачытаны на ўрачыстым адкрыцці фестываля. – Дзякуючы такому знакаваму міжнароднаму праекту, мы маем унікальную магчымасць назіраць за суквеццем талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, якія пражываюць у міры і згодзе на беларускай зямлі”.
Гарадзенцы любяць фестываль. У гэты дзень у горад прыязджае і нямала гасцей. Асаблівую цікавасць ўяўляла яскравае тэатралізаванае шэсце. Калоны ўсіх дыяспар-удзельніц праходзілі па вуліцы, паабапал якой іх віталі шматлікія гарадзенцы. Прыходзілі сюды цэлымі сем’ямі, чуваць былі словы “прывітанне”, “салам алейкум”, “шалом”, “лабас вакарас”… Удзячныя гараджане не хавалі сваіх эмоцый, падтрымліваючы ўдзельнікаў шэсця.
Трэба сказаць, што крыху сапсаваў настрой праліў-ны дождж, але ён толькі ненадоўга затрымаў рух, неба праяснілася, і калоны рушылі па сваім маршруце.
Больш за 850 удзельнікаў 36 нацыянальнасцяў аб’ядналіся ў адзіную дружную сям’ю, каб прадэманст-раваць сваю разнастайнасць і разам з тым згоду і мір на беларускай зямлі. Упершыню ўдзельнікамі фестывалю сталі бураты, егіпцяне, манголы і камерунцы. У складзе калоны – музычныя калектывы этнічных аб’яднанняў і культурных калектываў. Па словах арганізатараў, сёлета фестываль прымаў самую вялікую колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю, якая бярэ пачатак з 1996 года.
Гучалі песні, грымелі барабаны, выконвалася яскравая лезгінка, кружыліся карагоды – усё гэта не пакідала абыякавымі прысутных, яны падбадзёрвалі калону, віншавалі яе ўдзельнікаў са святам. Бадай, тысячы гараджан і турыстаў з усіх куткоў Беларусі прыехалі сюды, каб апынуцца ў эпіцэнтры гэтых незабыўных падзей. Пад гукі апладысментаў дыяспары ў сваіх нацыянальных касцюмах прыбывалі да галоўнай сцэны фестывалю.
Фестываль нацыянальных культур увайшоў у жыццё Гарадзенскага рэгіёна атмасферай дружбы і адзінства, заявіў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. “Гэта каларытнае мерапрыемства адсылае да нашых вытокаў, традыцыі і культуры, дэманструе, што людзі розных нацыянальнасцяў могуць жыць у міры і згодзе. Разам працаваць і разам адпачываць. Мы ўсе розныя, і ў гэтым наша багацце”, – падкрэсліў губернатар. Па яго словах, у Гродне і рэгіёне пражываюць больш за 90 нацыяна-льнасцяў і народнасцяў. Ніхто ні з кім не канфліктуе, усе разам імкнуцца стварыць дабрабыт у агульным доме – Беларусі.
Думкамі аб фестывалі падзяліўся намеснік прадстаўніка Кангрэса азербайджанскіх суполак Алег Бадалаў.
-Тым, хто прыдумаў такі фестываль, я б помнік устанавіў. Гэта шыкоўная ідэя. Мы два гады яго чакаем, не можам дачакацца. Можа і Алімпіяду не так чакаюць, як мы гэты гарадзенскі фестываль. Мы ўдзячныя, што можам паказаць свае нацыянальныя традыцыі, сваю культуру, што мы адначасова хлопцы з Азербайджана і дзеці Беларусі. Гэта дружба народаў важная заўсёды. Лічым, што Беларусь – самая талерантная краіна, – выказаў сваю ўпэўненасць Алег Багдалаў.
У суботу галоўнымі кропкамі прыцягнення для наведвальнікаў фестывалю сталі нацыянальныя падворкі, дзе прадстаўнікі этнічных дыяспар паказвалі свае абрады, кухню, музычную праграму. Сёлета былі арганізаваны 19 падворкаў, якія размясціліся ў дворыках і на плошчах гістарычнага цэнтра горада.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара. “Звязда”.