МЁД ПАЭЗІІ
Мёд паэзіі… Паўнюткі келіх
Нашча прагна выпіты да дна.
Спакваля спускаюся ў край Хелі1,
Каб у ім сплаціць за вышні дар.
Дзеля кволай бліскаўкі натхнення –
Іншасветнай зоркі між нябес –
Валадарству цемрадзі і ценяў
Ахвярую без разваг сябе.
Гэтаксама, як уперад скальды –
Песняры з нардычных берагоў –
Пакідаю мітусню Мітгарда2
Згодна волі ярлаў і багоў.
Аба мне не трэба галашэнняў,
Бо ўсё мае меру і цану,
А таму праз смерць перараджэннем
Я за вісу3 кожную плачу.
І вярнуся ў ф’ёрды на світанку –
Яшчэ ўздыме ветразь мой дракар!
Новай сагай з небыцця паўстану,
Мёд паэзіі – жывільны дар.
1 Хель – валадарка свету памерлых, Хельхайму (“Уладанняў Хелі”).
2 Мітгард (“Cярэдняя зямля”) – свет, населены людзьмі.
3 Віса (асобная віса – lausavіsa) – жанр скальдычнай паэзіі, твор гэтага жанру.
НЕПАТРЭБНАЯ ЗОРКА
Яна зіхцела ў вышыні
Скрозь поцемак у пашчы хмараў,
І на здранцвелыя абшары
Ліліся шчодра прамяні.
Трывожачы адвечны сон,
Узрушвала ўспамінаў зрэб’е,
Але сіпелі: “Непатрэбна…”, –
Ёй вусны, згодныя на скон.
Знямога ўсцяж. Хоць дзе-нідзе
З зямлі, уночы безаблічнай,
Пацепваў у акне грамнічкай
Самотнай у адказ спадзеў,
Што прыйдзе абуджэння час,
Аднак суседзі і віхуры
Гулі з бязжальнасцю панурай
Пакуль агеньчык той не гас.
І беспраглядныя гады
Ізноў складаюцца ў стагоддзі
З чарноццем вусцішным у згодзе,
З павязкай на вачах заўжды.
І слепым неўпрыцям – нашто
Скрозь поцемак з нябёсаў дзёрзка
Ліе неўтаймавана зорка
Праменняў шчодрае святло.
* * *
Распагодзілася.
І птушынае ціўканне ў жылах
Пазбаўляе спакою,
кроў ператвараючы ў грог.
І спадзеў невымоўны
квецень раніцы нарадзіла
У маіх абпрамененых
зоркай “Каханне” мазгох.
Пачуцця і пітва
небяспечна-грымотная сумесь
Панясе заміж крылаў,
зрываючы дахі наўкол.
Паўз мільганне эпох
з пазачасным наладзіцца сувязь…
Ды вярне ў рэчаіснасць
шыпшыны тутэйшай укол.
І барвоваю сведкаю
кропля ў руцэ застанецца,
Што прыстанак зацішны
праз жарсці свае не знайду.
А зямная вясна
абмінае ўтрапёнае сэрца,
І не даць рады ёй…
Падарэце ж мне ўвесну вясну!
ПРА СПЕВЫ
Стаю нібыта спруцянелы,
Але мяцежная ўнутры
Душа імкнецца вонкі – з цела
Да птушак вольнай гаманы.
Нябачныя ў дыхтоўных шатах,
А ўсё ж – “еси на небесех”,
На промнях граюць піцыката,
Падобнае на боскі смех.
І тыя галасы ў гушчарах
Скрозь тысячы гадоў чуваць,
Бо ім знямоглыя абшары
Было за гонар ускрашаць.
А значыць, моўчкі і пайменна
Не сыдзем у нябыт, у прах –
І жыць і шчыраваць яшчэ нам
Пакуль звініць хоць адзін птах!
…Вяртаўся сонечным узлессем,
Працяты думкай трапяткой:
“Натхняе птушка складнай песняй,
Ці дам я рады са сваёй?”
ЦЕНЬ
Нібы з казкі старое,
Цень паўстане ў акне,
Прамільгне скрозь пакоі
Ды замрэ на сцяне.
Як у люстра крывое
Мной стаптаных шляхоў
І прытоеных мрояў,
Пазіраю ў яго.
Злога змроку прадонне
Бачу ў вырвах вачніц,
Што знямогай агорне,
Каб прымусіць спачыць,
Калі прышласці жорны
Цела змелюць у пыл,
А мінулае ў зорны
Адплыве небасхіл.
Хоць пакуль госць нязваны
Распачне без канца
Сыпаць соль мне на раны
З захапленнем сяўца,
Кожнай дробкай калянай
Будзе ўладна калоць,
Абуджаючы памяць,
Разбураючы плоць.
Ад дзён першых славуты
Пана Цемры шпіён,
За спіной, як прыкуты,
Добра ведае ён,
Дзе зацішны закутак
Згадак, думак і сноў,
Душу труціць пакутай
За нязлічнасць грахоў.
За разбітыя сэрцы,
Дурнап’яну глыток,
За на змятай паперцы
Патэтычны радок
І за тое, што керкаць
Смею з слёз напаказ,
Што жыву ў паняверцы –
Без надзей, без прыўкрас.
Хто спазнае – жахнецца,
Гнеўна Ценю крычу:
– Годзе корпацца ў смецці,
Кінь альбо пракляну!..
У адказ рассмяецца
Вораг мой на сцяне,
Бо куды ж мне падзецца
Ад яго, ад сябе?
ДОТЫК
Рунічным шыфрам
На запясці шнары,
Няпэўны рух
Знявечанай рукі,
Дрыготна пальцы
Дакрануцца твару
І спыняцца
На выгіне шчакі.
Нібыта сам
Лёг у тваю далонь я,
Няўзнак растаўшы
Воскам на агні,
Калі ўзгарэлася
З відзеж паўсоння
Сумоўе позіркаў
У цішыні.
Падасца раптам
Праз зачараванне
Пад скроняў пульсаванне:
“Не адпрэч!” –
Што словы рэзкія
У час растання
Ёсць вабаю
Для будучых сустрэч.
ПАДЧАС ЗАЛЕВЫ
Радок дапісаны… Чакай! –
Зарана ставіць кропку:
Залева б’е ў ім цераз край,
І ў свет бяжыць таропка
Настой з пахмурнае тугі,
Нягода вочы засціць,
Век бліскавіцы недаўгі –
Успыхне і ўраз згасне.
Хіба што водгулле грымот
Пакоціцца ў далечу,
Каб ядрамі басовых нот
Дрымоту панявечыць
Ва ўсіх, што гінуць самахоць
У слоце і ў пакоры.
Залева згубная, сыходзь! –
Няхай ідзе дождж спорны,
Бо ён дае спадзеў на плён,
Па ім зіхцяцца краскі
І здолею ўзяць у далонь
Вясёлкі зыркай паскі,
А кропель на шчацэ цурок
Абмые мне аблічча.
Далоў нуду! – Мяняй радок!
Не кропку стаў, а клічнік!
* * *
Без жалю піша груганнё
На тле блакітным фарбай чорнай:
Палітраю – нягодаў жорны,
Падрамнік – брама ў небыццё.
Куды са сходжаных дарог
З сабою браць не мае сэнсу
Букета бескарысны пэндзаль,
З рамонкаў, нібы німб, вянок.
Ні дня не дасць час напавер –
Хіба што звыкла пасміхнецца,
Калі самотным застанецца
Крыж, як пакінуты мальберт.
* * *
Праваліцца ў чым ёсць
у глухую пячорную бездань,
Дзе не ведаць, забыцца,
каб не ўскіпалася кроў,
Што там, за небасхілам,
за чыгуначным пераездам
Ляжыць процьма табой
неадведаных іншых краёў.
Бо вандровак калішніх
зрэдчас аналізуючы досвед,
Нават дзіву даешся,
чаму не даўмеўся раней –
Тое ж сонца над імі,
адзінае ў безлічным мностве,
А ў Луары вада
не макрэйшая, чымся ў Дзвіне.
Ад трапічных шыротаў
да панурых, пашчэрбленых скалаў
І ад казачных пагадаў
да Спаса, які на крыві,
Жывуць гэткія ж людзі
з такімі ж не вартымі жалю
Спадзяваннямі ўладцаў
і багоў анічым не ўгнявіць.
Хоць лістуйся з-пад плахі,
хоць бадзяйся самотным па свеце –
Ў дэкарацыях змененых
на сэрцы не зашчыміць.
…Колабегам натомлены
ў мае дзверы пагрукаўся вецер,
Каб не ведаць, забыцца
і ў бездані разам спачыць.
ПРАМЕННІ
Наранку абнялі праменні –
Ізноў дзён калаўрот рыпіць,
Што трэба і сярод здранцвення
Хаця б на злосць нягодам жыць.
Выпрошваць сорамна спагаду:
Нібы ў далоні жабраку,
Драбніцай сыпануць парадаў,
Але няўважна – на бягу.
Дарма шукаць паразуменне
З тым, праз каго душа рыміць,
Каб ззянне ўражвальных праменняў
На радасць цемры не згасіць.
Няварта выхваляцца плачам,
Прылюдна клянучы юдоль,
Бо ўжо нічога не зыначыць
Адно як пакладуць у дол.
І хай брэх у спіну каменнем
За словы дзёрзкія ляціць,
Пакуль аблашчаны праменнем –
На злосць нягодам трэба жыць!
СТРУНА
Лістапад прэч. Ды снегу ні каліўца,
Ні хмурынкі над галавой.
А з мінулым повязь парвалася
Перацягнутаю струной.
Што над грыфам, бы нерва напятая,
Грала гучна на ўсе лады,
Хоць трымцела ад болю, нябачна для
Заварожанай грамады.
Каб наўсцяж павуцінкай сярэбранай
Ейны чысты голас звінеў,
Калкі часам без пільнай патрэбы я
Заціскаў без жалю мацней.
Чула воплескі. Ці задаволена
Безадмоўна спявала яшчэ,
Бо рабілася з кожнаю новаю
Гамай спорных нотаў танчэй?
І пад пальцамі асатанелымі –
Дай ім то мінор, то мажор –
Не стрывала – ўзвілася збалелая
У нябёсы,
на волю,
да зор!
СВЕТЛАПІС4
(ронда)
Забыты твар, мной лашчаны калісьці,
Вачыма зіхатнуў на светлапісе,
Які з альбома выляцеў лістком
Кастрычніцкім, усцяж напоўніў дом
Прыгадкамі аб восені-майстрысе,
Што выткала Птушыны шлях увысі,
Калі я, паланёны пачуццём,
Пад зорным прагна цалаваў дажджом
Забыты твар.
А сёння – незнарок альбо наўмысля,
Відаць, каб словы спорна праліліся
На аркуш вадаспадам, не цурком,
Каб памятаў у колабегу дзён, –
З мінулага ўваскрос, узнік, з’явіўся
Забыты твар.
4 Светлапіс (устар.) – фатаграфія.
ПАЛЯВАННЕ
За ўсё заплачана гатоўкай,
Ды сэрца тахкае няўлад,
Бо цэляць рулі дубальтоўкі
Драпежна ў хвойны далягляд,
Дзе постаць прамільгнулай лані
Збудзіла грацыяй крукоў,
І звыкла па замілаванні
Ашчэрыў Кон іклы куркоў.
Дазволіўшы сваёй ахвяры
Скачок апошні над зямлёй,
Нібыта перуны з-за хмараў,
Два стрэлы грымнулі ўслед ёй.
Здаволены забойства верад
Ступаў узрушана ўва мхі,
Куды прашыты куляй чэрап
Расплёскаў плямамі мазгі.
Рудзеў ад сораму кастрычнік,
У страху сцяўшыся, калі,
Змінаючы стары сунічнік,
Цягнулі тушу па зямлі.
А сонца пазіраць прыстала
На край замоўленых нягод,
Скуль кроў, курэючы, сплывала
І афарбоўвала заход.
ПЕРАД ГАНКАМ
Я ступлю на перон, як на ганак,
Закаханы
І доўгачаканы.
Не прамоўлю аднак ані слоўца
Аб вандроўцы
Цікаўнай сяброўцы.
Не таму, што шкада падзяліцца,
Як ільсніцца
Ад кропляў ігліца
Альбо як з жамчуговым зіхценнем
У праменнях
Рачулка струменіць.
Пэўна, мые прыўкрасы край кожны,
Ды дальбожа,
Наш – самы прыгожы.
А пра пляцы, пагосты, палацы
Безліч працаў…
Нашто паўтарацца?
І праз тое маўчаць апрычона
Апалоны
Й Венеры з франтонаў.
Але што мне да твараў каменных? –
Будуць тэмы
Без іх неадменна,
Калі раніцай я – ветраў хрэснік –
Без абвесткі
Вярнуся з паездкі
І ступлю на перон, як на ганак,
Закаханы
І доўгачаканы.
З НІЗКІ “РУБАІ”
*
Штораз змрок і святло ў маўклівай згодзе
Мяняюцца ў няспынным карагодзе,
Бо, рыхтых людзі, ад пачатку дзён
Супольнага міжсобку не знаходзяць.
*
Душу не муч дарма сумневам – згіне змрок,
Пад промняў спапяляльным гневам згіне змрок.
Світанкам на вятроў павеве вольным
Жаўрук зальецца звонкім спевам – згіне змрок!
*
Стаў высахне, цалік растане,
Сустрэча зменіцца растаннем,
Калыска выправіць у дол –
Нішто час супыніць не ў стане.