Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Адзін з самых папулярных беларускіх паэтаў 1920-х гадоў

Адзін з самых папулярных беларускіх паэтаў 1920-х гадоў

9 мая 2024, 19:48 літаратура 28
Адзін з самых папулярных беларускіх паэтаў 1920-х гадоў

6 траўня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса (1904-1929) – аднаго з самых папулярных беларускіх паэтаў другой паловы 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Нарадзіўся Паўлюк Трус у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сям’я была вельмі беднай, мела ўсяго дзве дзесяціны зямлі. Бацька Адам Трус пасля падзелу дзедавай зямлі паміж сынамі, а потым і паміж унукамі, атрымаў толькі шостую частку звычайнага надзелу, гэтыя самыя дзве дзесяціны. Таму вясковае прозвішча Трусоў было Шастаковы. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей, Паўлюк быў самы старэйшы. З дзевяці гадоў хлопчык хадзіў пастухом і дапамагаў бацьку.

У вясковай школе Паўлюк вельмі старанна вучыўся. У сямігодку ва Узду хадзіў кожны дзень пешшу – дзесяць кіламетраў туды, дзесяць назад. Гэта, калі было цёпла. А зімой жыў у мясцовым інтэрнаце. Там юнак пазнаёміўся і пасябраваў з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам.

Восенню 1918 года заняткі ў сямігодцы на некаторы час прыйшлося адкласці. Пачалася грамадзянская вайна, летам 1920 года не хапала абозаў для патрэб арміі. Замест хворага бацькі забралі ў абоз Паўлюка, з Чырвонай арміяй ён даехаў амаль да Варшавы, у дарозе хварэў. Затым вярнуўся дадому, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.

Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Лекцыі там чыталі Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік. Тут вучыліся Пятро Глебка, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны і Сымон Хурсік.

Першы надрукаваны верш 20-гадовага паэта называўся “Над возерам”. Твор вельмі дасканалы для гэтага ўзросту, уражвае маладой свежасцю, шчырасцю і чысцінёй:

Возера дрэмле…

Вербы зялёныя

стан пахілілі

на сочную гладзь,

у постаці ціхай,

пад ночы апонаю,

сны старажытнасці сняць.

На творчасць Паўлюка Труса паўплывалі яго любімыя аўтары: Тарас Шаўчэнка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас…

Сярод сваіх аднакашнікаў ён вылучаўся, быў зоркай першай велічыні. Добра спяваў, меў бездакорны музычны слых, арганізоўваў пастаноўкі п’ес, удзельнічаў у спектаклях, маляваў дэкарацыі, разам з Пятром Глебкам і Максімам Лужаніным пад агульным псеўданімам “Калектыў шаўцоў” выпускаў вусную газету “Чырвоны прамень”. Актыўна друкаваўся ў газетах і займаўся апрацоўкай беларускага фальклору для кампазітараў Нестара Сакалоўскага і Уладзіміра Тэраўскага. Быў актыўным членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк” у 1925 годзе, слухаў лекцыі ў паэтычнай студыі, наведваў школы і рабочыя гурткі, удзельнічаў у літаратурных дыскусіях. Пры жыцці паэта выйшлі два зборнікі: “Вершы” ў 1925 годзе і другі – “Ветры буйныя” – у 1927-м. У планах быў трэці зборнік пад назвай “Чырвоныя ружы” і першая паэма “Сірата Алеся”. Пасля яго смерці выйшлі “Творы” (1935 г.), кнігі “Выбраныя творы” (1931 – 1979 гг.), “Новай квадры настаў маладзік” (вершы і паэмы, 1984 г.). Для дзяцей была выдадзена кніга паэзіі “Падаюць сняжынкі” (1983 г.) і іншыя.

Пасля заканчэння педтэхнікума ў 1927 годзе Паўлюк Трус з’ехаў на працу ў Гомель. Уладкаваўся на пасаду сакратара ў рэдакцыю газеты “Новая деревня”. Праз некалькі месяцаў газета перастала існаваць і Паўлюк перайшоў у гомельскую раённую газету “Палеская праўда”. На новым месцы працы ён арганізоўваў літаратурныя вечары ў розных гарадах і вёсках Гомельшчыны, чытаў лекцыі пра маладую беларускую літаратуру. “Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія не ведаюць і нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную свядомасць, абудзіць сярод іх любасць да Беларусі, у прыватнасці да беларускае мовы і літаратуры”.

У 1928 годзе паэт пераехаў з Гомеля ў Менск і паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. На семінарах па беларускай літаратуры вывучае сярод іншых і свае ўласныя вершы, бо яны ўжо ўваходзяць у праграму ўніверсітэта. Такі выпадак ці не адзіны ў літаратуры, каб паэт аналізаваў свае асабістыя вершы падчас вучобы.

Апошняя яго паэма “Дзясяты падмурак” была надрукавана ў часопісе “Маладняк”. Паўлюк Трус спрабаваў даць у ёй шырокую панараму змен у краіне, але задаволены паэмай не быў.

Улетку 1929 года, на канікулах, Паўлюк Трус адправіўся ў фальклорную экспедыцыю па Магілёўшчыне – збіраць народныя песні. Вяртаўся ў Менск у сярэдзіне жніўня. Па дарозе дадому, зразумеў, што захварэў, але ўсё роўна паехаў у Ждановічы, каб праведаць сваіх сяброў Пятра Глебку і Міколу Хведаровіча. Уначы яму стала зусім дрэнна, і пры тэмпературы пад сорак Паўлюк пешшу дайшоў да бальніцы ў Менску. Месцаў у палатах не было – яго паклалі ў калідоры. Тут ён і памёр – выратаваць паэта ўрачы не змаглі – у экспедыцыі ён захварэў на брушны тыф. 30 жніўня 1929 года паэта не стала. Яму было ўсяго 25 гадоў.

Хавалі Паўлюка Труса ў закрытай труне на Вайсковых могілках. У ганаровай варце стаялі народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас. Правесці паэта ў апошні шлях выйшаў, без перабольшанняў, увесь Менск – Паўлюка любілі і простыя чытачы, і інтэлігенцыя, і працаўнікі фабрык, і настаўнікі школ.

Зараз яго імя носіць вуліца ў Менску і Уздзенская раённая бібліятэка.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
Далучайцеся да нас