24 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Казкі Кніжнай Феі”, прымеркаваная да 45-годдзя беларускай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, вядомай у краіне сучаснай дзіцячай пісьменніцы, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яна аўтар шматлікіх казачных і фантазійных твораў для дзяцей малодшага ўзросту.
Павіншаваць пісьменніцу прыйшлі каля сотні чалавек – прыхільнікі яе творчасці, бібліятэкары, калегі па пяры. Шмат цёплых слоў выказалі старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Князева, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, старшыня Менскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Атрымала папулярная дзіцячая пісьменніца і заслужаную ўзнагароду за плённую творчую дзейнасць – медаль Максіма Багдановіча, якую ўручыў старшыня Менскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.
Кацярыну Хадасевіч-Лісавую нездарма называюць “Кніжнай Феяй”, яна насамрэч сапраўдны феномен на нашым літаратурным небасхіле. Яна, як ніхто ў нашай літаратуры выдае адна за адной кнігі, ездзіць па ўсёй краіне з творчымі сустрэчамі, і пры гэтым яшчэ працуе настаўніцай і з’яўляецца добрай маці (правобразам да яе фантастычна-казачных гісторый пра хлопчыка Стасіка паслужыў сын Станіслаў). Яе працаздольнасцю і актыўнай творчай дзейнасцю застаецца толькі захапляцца. І нічым іншым, як “сапраўдным чараўніцтвам” гэта і насамрэч цяжка растлумачыць.
Яе кнігі карыстаюцца шырокай папулярнасцю. Сярод іх варта адзначыць такія, як “Падарожжы ў чароўны лес” (2008), “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка” (2012), “Казкі сіняй падушкі” (2013), “Зорка нябесная. Зорка зямная” (2020), “Палёт на Вухуцію” (2020), “Таямніца зачараванага балота” (2021), “Прыгоды лісачкі Красуні” (2021), “Падарунак караля” (2024), “Вухуцік і яго таямніца” (2024) і іншыя. А кніга-квэст “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” ў 2020 годзе была адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”. Яе ўнікальнасць, як пісьменніцы, яшчэ і ў тым, што яна заўсёды шукае новыя падыходы, імкнецца сачыць і выкарыстоўваць новыя тэндэнцыі і інавацыі ў літаратуры.
У сваіх творах пісьменніца часта звяртаецца да беларускага фальклору, па-майстэрску выбудоўвае міс-тычную прастору беларускіх балот, прываблівае юных аматараў чытання таямнічымі краявідамі фантастычных планет і чароўных персанажаў. Вухуцік, фантастычны жыхар планет Вухуція – найбольш пазнавальны, можна сказаць, “брэндавы” герой сучасных казак Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Сярод маленькіх беларускіх чытачоў ён заняў сваё годнае месца. Калі ў нашых суседзяў, у Расіі, ёсць Чабурашка, у шведаў – Карлсан, у брытанцаў – Віня-Пых, то мы, дзякуючы творчаму таленту Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, можам пахваліцца Вухуцікам. Сёння пісьменніцу-фею і яе славутых герояў Вухуціка, Падабайку, лісачку Красуню ведаюць і любяць беларускія школьнікі. З кожнай сустрэчы пісьменніца стварае незабыўнае прадстаўленне, пагружае дзяцей у сапраўдную казку: творца з’яўляецца перад дзецьмі ў вобразе Кніжнай Феі, якая адкрывае ім браму ў чароўны Кніжны свет.
Выстава “Казкі Кніжнай Феі” – спроба своеасаблівай справаздачы, мастацкага падсумавання набыткаў літаратурнай дзейнасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з яе літаратурным сусветам, прадстаўленым у выглядзе планет. Вандруючы ад планеты да планеты, можна даведацца пра дзяцінства і юнацкія гады пісьменніцы, пра сакрэты творчага працэсу і сямейную падтрымку, пра фотасесіі і сустрэчы з чытачамі.
Шчыра віншуем Кніжную Фею Кацярыну Хадасевіч-Лісавую з юбілеем! Жадаем ёй творчага натхнення, новых перамог і ўзнагарод, удзячных чытачоў і новых цікавых кніг!
Алег Грушэцкі.