24 снежня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Аляксея Кулакоўскага (1913-1986), які быў яркім прадстаўніком рэалістычнай літаратуры XX стагоддзя. У яго творчасці арганічна спалучаюцца маральна-этычныя, грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы.
Нарадзіўся Аляксей Кулакоўскі ў вёсцы Кулакі на Салігоршчыне ў сялянскай сям’і. У 1931 годзе скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу бондараў, затым загадваў бандарнай арцеллю ў Касцюковіцкім раёне. З 1931 па 1934 год быў адказным сакратаром клімавіцкай раённай газеты “Камуна”, публікаваў замалёўкі. У 1934 годзе пераехаў у Менск, працаваў у газеце “Чырвоная змена”. У 1936-1939 гадах вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, на Вышэйшых курсах мовы і літаратуры. Потым выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У 1939 годзе быў прызваны ў армію. У гады Другой сусветнай вайны з’яўляўся камандзірам узвода, камандзірам роты, удзельнічаў у баях на Сталінградскім і Першым Украінскім франтах, атрымаў тры раненні. Пасля дэмабілізацыі працаваў загадчыкам аддзела ў газеце “Сталинская молодежь”, часопісе “Беларусь”, адказным сакратаром газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1953-1958 гадах Аляксей Кулакоўскі быў галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”. У 1958 годзе ў травеньскім нумары часопіса “Маладосць” галоўны рэдактар выдання на-друкаваў аповесць “Дабрасельцы”. Праз некаторы час крытыка ацэніць гэты твор наступным чынам: “… пісьменнік імкнуўся паказаць складанасць жыцця калгаснай вёскі пачатку 1950-х гадоў”. І далей: “Супраць якіх з’яў, што мелі месца ў недалёкім мінулым, павёў агонь пісьменнік? Супраць парушэнняў сацыялістычнай законнасці, абмежавання дэмакратыі і падаўлення ініцыятывы знізу. Фактаў, звязаных з гэтымі з’явамі, у пісьменніка было нямала. Ведаў, бачыў у жыцці ён і канкрэтных носьбітаў зла. Аднак узняцца на патрэбную вышыню для гістарычна праўдзівай ацэнкі і асэнсаван-ня гэтых фактаў Аляксей Кулакоўскі не здолеў”. (Сяргей Гусак). Аляксея Кулакоўскага звальняюць з пасады галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”.
З 1965 па 1976 гады ён з’яўляўся намеснікам адказ-нага сакратара, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1977 па 1986 гады ён працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Аляксей Кулакоўскі пачаў друкавацца ў 1932 годзе. Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка – гераічны подзвіг народа ў гады вайны, жыццё пасляваеннай вёскі, яе складаныя гаспадарчыя і духоўныя праблемы. Для творчай манеры Аляксея Кулакоўскага характэрна ўзмацненне мастацкай нагрузкі на бытавыя дэталі, набліжанасць да жыццёвай праўды. Героі яго твораў – звычайныя, простыя людзі. Аляксей Кулакоўскі пісаў раманы, аповесці, апавяданні, эцюды, нарысы, гумарэскі. Першы зборнік апавяданняў “Сад” (1947) быў прысвечаны тэме вайны і цяжкаму пасляваеннаму жыццю. Паглыбленай цікавасцю да быту людзей, іх паўсядзённых клопатаў вызначаюцца зборнікі “Хораша ўзыходзіць сонца” (1952), “Незабыўнае рэха” (1956), аповесць “Тры зоркі” (1963). Філасофскія і палітычныя праблемы асвятляюцца ў апавяданні “Нямко” (1946). Утылітарны падыход да чалавека асуджаецца ў апавяданнях “Кватаранты” (1952), “Дванаццаты, жорсткі” (1956), аповесці “Нявестка” (1956). Сатырычна апісана псіхалогія дэмаго-гаў і кар’ерыстаў у аповесці “Дабрасельцы” (1958). Самым значным творам, галоўнай працай Аляксея Кулакоўскага з’яўляецца яго дылогія – раманы “Расстаёмся ненадоўга” (1955) і “Сустрэчы на ростанях” (1962), у якіх падрабязна адлюстравана жыццё ваеннага пакалення, асэнсоўваецца роля інтэлігенцыі ў грамадстве. У рамане “Сцежкі зведаныя і нязведаныя” (1974) паказана беларуская вёска ў час калектывізацыі і першыя дні вайны. У шэрагу твораў вы-карыстаны дакументальныя матэрыялы, раскрываецца мужнасць народа, разглядаецца сувязь гераізму і працоўнага ўкладу людзей. Сярод іх – “Да ўсходу сонца” (1957), “Твой шлях перад табою” (1964), “Дзе каму жыць” (1971), “Маршрут ад Клічава” і “Хлебарэз” (1983). У цыкле апавяданняў “Салігорскія эцюды” (1963), аповесцях “Тут я жыву” (1960), “Расце мята пад акном” (1966) асвятляюцца праблемы суадносін урбанізацыі і традыцыйных маральных каштоўнасцей. У рамане “Васількі” (1981) характарызуецца жыццё горада ў пасляваенны час, абагульнены шматлікія пытанні маральна-этычнай праблематыкі. Пісьменнік выдаў для дзяцей зборнік апавяданняў “На возеры” (1950), кнігу аповесцей “Белы сокал” (1985; Дзяржаўная прэмія БССР, 1986). Аляксей Кулакоўскі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, Дружбы народаў, медалямі. У 1974 годзе ён атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.
Паводле СМІ.