Да 85-годдзя Янкі Саламевіча
Вельмі часта ўспамінаю свайго знакамітага земляка Янку Саламевіча (1938-2012) – беларускага энцыклапедыста, літаратуразнаўца, гісторыка, фалькларыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, які быў родам з вёскі Малая Кракотка, што на Слонімшчыне. Гутарыць з ім можна было бясконца, ён шмат ведаў, памятаў, распавядаў. Цікавейшага суразмоўцу я ў сваім жыцці больш так і не сустрэў. Ён ведаў сотні беларускіх песень, прымавак, жартаў, анекдотаў, жыццёвых сітуацый, тостаў, пажаданняў, прыпевак. За сваё жыццё Янка Саламевіч трыццаць шэсць разоў быў сватам на беларускіх вяселлях. І заўсёды іх вёў па-беларуску. Першае вяселле ён правёў у 1961 годзе, калі яму было ўсяго дваццаць тры гады. Да гэтага заўсёды прыглядаўся , як вядуць вяселлі старэйшыя сваты, якія прымаўкі кажуць, калі дзеляць каравай. А самым любімым пажаданнем маладым была ў Янкі Саламевіча вось гэта прымаўка: “Каб ваш ложак добра скрыпаў і праз годзік сынок выпаў”.
Незадоўга да яго смерці я зрабіў з ім вялікае інтэрв’ю. Тады мы гутарылі пра ўсё: і радзіму, і сяброў, і фальклор, і энцыклапедыі, і літаратуру. Але, калі ішла размова пра вяселлі, ён проста рабіўся на міг шчаслівым ад успамінаў і задавальнення. І пачынаў расказаваць пра вясельныя зычэннні і дабраслаўленні. А я толькі паспяваў запісваць. На вяселлі ў Салігорскім раёне казалі: “Дару вам кляновы ліст, каб першы сын быў трактарыст, гарманіст, танкіст і г.д.”. Цяпер, праўда, не жадаюць гэтага, а жадаюць, каб сын быў праграміст, эканаміст, фінансіст. А вось яшчэ некалькі вясельных зычэнняў, пачутых ад Івана Уладзіміравіча: “Дару хлеба акрайчык, каб быў сын Мікалайчык. Дару грошы, каб быў мужык харошы. Дару віна бочку – на сына і дочку. Дару жменю медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі. Дару мех буракоў, каб не называлі адно аднаго дураком. Дару бытам добрым, векам доўгім і моцным здароўем. Дару торбу грэчкі, каб не было між маладымі ніколі спрэчкі. Дару мерку гліны, каб хутчэй клікалі на хрысціны. Дару чатыры падушкі, каб мелі чаты-ры дачушкі. Дару грошы медныя, каб ніколі не былі бедныя…” І, нарэшце, да музыкаў, якія добра ігралі, сват звяртаўся так: “Дзякуй, хлопчыкі, за тое, што ігралі, а найболей за тое, што іграць перасталі!”.
Янка Саламевіч быў вялікім беларускім энцыклапедыстам, роўнага якому ў Беларусі сёння няма. Я шмат гадоў з ім сябраваў, сустракаўся, ліставаўся. З ім цікава было знаходзіцца на розных мерапрыемствах, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Іван Уладзіміравіч мог так развесяліць грамаду, што людзі проста “рвалі” жываты ад смеху, бо ён выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор, ён умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з Вялікай Кракоткі Слонімскага раёна пісьменнік мог распавядаць бясконца. Прыгадаўся прыклад пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. Пракурор кажа: “Прошэ паньства, оскаржоны обзывал сонсяда псэм”, а абвінавачаны суседу ў адказ: “Сабака ты, сабака! Калі я на цябе казаў пес?!”. Ці пра тое, як вясковая жанчына корміць бацюшку: “Ешце, ойча, ешча”. “Ем, ем, дарагая!” – адказвае бацюшка. “Ой, што вы тут ясце, гаўно вы ясце!” – чуе ў адказ.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
А як Янка Саламевіч файна згадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і дзяўбці носам, казаў: “О, ужэ жыдоў возіць!”. А пра сучасную моладзь яго бацька казаў: “Вянец пад плотам, а вяселлё потым”. Мама Янкі Саламевіча часта загадвала малым дзецям такую загадку: “Суну-пасуну, Трахім смяецца”. Ніхто з дзяцей ніколі не адгадваў яе. Потым яна тлумачыла: “Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!”. Мой зямляк да апошніх дзён памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (гэта значыць злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.
Яшчэ са школы Янка Саламевіч ведаў на памяць шмат вершаў, асабліва любіў Якуба Коласа. З трох гадоў ён дэкламаваў перад дарослымі “Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому”. Гэты навучыў бацька, відаць таму, што рэаліі верша былі яму, як селяніну, блізкія, родныя, зразумелыя, ды яшчэ вельмі цанілася тое, што паэт пісаў “складно”. Да самай смерці мой зямляк памятаў, як мама ткала кросны, а ён, ужо школьнік, чытаў ёй “Новую зямлю”. “От, халера, як складно ён піша, як у нас гавораць”, – рэзюмавала жанчына. У душы земляка на ўсё жыццё засталіся самыя светлыя, самыя цёплыя ўспаміны пра паэму Якуба Коласа “Сымон-музыка”, якую любіў заўсёды. Бо гэта была кніжка, над якой ён плакаў. Яму бясконца было шкада герояў, так горасна адчувалася, калі Сымон расстаецца з Ганнаю. “Слёзы плылі самі. Каровы, праўда, не разумелі, чаго гэта малы пастух плача над нейкаю кніжкаю, хоць яны ўсё бачылі. Было гэта ранічкай каля Ецявічавага агароду (так у нас завуць алешнік каля пашы), вельмі рана, бо сонца яшчэ не ўсходзіла, раса была халодная”, – прыгадваў Іван Уладзіміравіч.
За год у школе, дзе вучыўся Янка Саламевіч, ставілі па чатыры п’есы – да Новага года, Першамая, у верасні, калі пачыналіся заняткі, і да Кастрычніцкіх святаў. І калі яны паспявалі?.. Даводзілася вучыць ролі, а гэта, як ні кажыце, развівала памяць у вясковых дзяцей. На рэпетыцыі поначы, у страшэннай цемры, хоць вока выкалі, адзін Янка хадзіў з Малой Кракоткі ў Вялікую Кра-котку восенню па гразі. Вось якая была любоў да спектакляў.
Недзе падсвядома наіўна і яму хацелася быць артыстам. І тады пачаў пісаць вершы. Пісаў па-беларуску і па-руску. Вельмі саромеўся, калі аднойчы Алег Антонавіч Лойка на беразе Шчары прафесійна разабраў іх. Параіў пісаць толькі на роднай мове, бо руская мова не натуральная, з беларусізмамі. А ён думаў, што яго рускія вершы лепшыя за беларускія. Яшчэ Алег Антонавіч параіў ісці на філфак БДУ, бо вясковы юнак збіраўся паступаць на гістарычны факультэт. Аднойчы Алег Антонавіч нават запытаў у яго, якія раманы Тургенева ён ведае. Янка назваў амаль усе. Алег Антонавіч сказаў, што столькі ведае не кожны студэнт. Так слонімскі юнак апынуўся на філфаку.
Пасля ўніверсітэта Янка Саламевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Міхалу Федароўскаму як фалькларысту. З 1968 года працаваў у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, потым вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.
У 1972 годзе з друку асобнай кнігай выйшла манаграфія Янкі Саламевіча “Міхал Федароўскі”, прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе ён разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты.
Потым з друку выходзіць першы ў Беларусі “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў” (Мн., 1983). Шмат гадоў Іван Уладзіміравіч яго дапаўняў, марыў выдаць гэты слоўнік у трох тамах, потым хацеў убачыць яго хоць у двух тамах, але мара даследчыка не ажыццявілася. Да сённяшніх дзён слоўнік псеўданімаў і крыптанімаў Янкі Саламевіча так і не з’явіўся.
Гэта ні хто іншы, як Янка Саламевіч увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Адама Гурыновіча, Максіма Гарэцкага, Гальяша Леўчыка, Зоські Верас, Уладзіміра Дубоўкі, Рамуальда Зямкевіча і многіх іншых. Ім напісала сотні артыкулаў для энцыклапедый, газет і часопісаў, календароў і даведнікаў. Янка Саламевіч з’яўляецца складальнікам кароткага бібліяграфічнага даведніка “Беларускі фальклор”, зборнікаў “Беларускія загадкі”, народных скорагаворак “Мама Мышка сушыла шышкі”, літаратурна-мастацкіх календароў “Кола дзён” (1987, 1988) і г.д.
Напачатку 1980-х гадоў разам з іншымі філолагамі Янка Саламевіч вёў на беларускім тэлебачанні цудоўную перадачу “Роднае слова”. А яшчэ ён займаўся перакладамі. У 1997 годзе ў выдавецтве “Полымя” асобнай кніжкай пабачылі свет успаміны Леана Патоцкага пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану ў перакладзе Янкі Саламевіча. Перакладчык адразу гэтую кнігу выслаў мне ў Слонім з аўтографам: “Сяргею Чыгрыну – рупліўцу на роднай ніве, ад перакладчыка Янкі Саламевіча. Мінск, 8 лютага 1998 г.”.
Падчас адной з сустрэч з Іванам Уладзіміравічам мы неяк пачалі гутарку пра фрывольны фальклор, які ў Беларусі слаба даследаваны. Тады мне Янка Саламевіч і распавёў трохі пра беларускі фрывольны фальклор. Сёе-тое я паспеў запісаць. Вось некалькі такіх запісаў-успамінаў:
– Калі ляжаў я ў бальніцы, у галаву пачаў лезці гэты самы фрывольны фальклор. Я пачаў яго запісваць. Ніл Гілевіч, калі мы сустракаліся на яго кватэры, аднойчы сказаў, што такі фальклор у нас вельмі багаты, але пакуль ніхто яго не выдаваў асобным томам ці тамамі. Некалі ўкраінскі фалькларыст Уладзімір Гнацюк назбіраў украінскага фрывольнага фальклору на некалькі тамоў. Але выдаў 2 тамы па-нямецку. Прапаў увесь цымус.
Наш зямляк з вёскі Вяценеўка Дзмітрый Супрун пачуў у Жыровічах: “Каб ты ўсраўся на вяселлі” і праклён: “Каб тваю хату жабракі абміналі!”. На экспромт Рыгора Барадуліна:
Памёр Бальзак,
Памёр Уну,
Сумуй, труна,
Па Супруну.
Дзіма адказаў імгненна, і, па-мойму, здорава:
Даўно сумую
Па труне,
Ды як тут будзе
Без мяне.
Некалі Рыгор Барадулін пад псеўданімам Алесь Чабор надрукаваў у “ЛіМе” (1963, № 84) такую пародыю на Алега Лойку (Лойка, праўда, думаў, што аўтар – Пятрусь Макаль):
З БДУ выходзяць у людзі,
Расце ў СП кандыдатаў праслойка.
Калі зусім на рыфмы забудзе,
Дык акадэмікам стане Лойка.
Якубу Коласу прыпісваюць словы, што найчасцей кажуць на вяселлях. Алег Лойка сцвярджаў, праўда, што гэта, мо, народныя словы з Мікалаеўшчыны:
Душа ў гарэлцы меру знае,
І лішку не бярэ ніколі –
Як ракам стаў,
Дык і даволі…
Памятаю, адзін раз зайшоў да Алега Лойкі. Туды заходзіць якраз Уладзімір Караткевіч. Ён так цікава заўсёды расказваў, нібы пісаў. Апавядаў пра адзін заходнебеларускі каляндар, дзе былі партрэты беларускіх паслоў і грамадскіх дзеячаў з рознымі подпісамі. Янку Станкевічу далі подпіс: “Не прымкнуў ні да якога клюбу”. Калі мне тут жа падпісваў сваю “Матчыну душу” Уладзімір Караткевіч, то напісаў: ” Ад аўтара, які не прымкнуў ні да якога клюбу”.
Янка Саламевіч любіў лавіць яркія, гаваркія словы, фразеалагізмы – асаблівасці любой мовы. Ён у мяне пытаўся: ну скажы, у каго ты сустракаў слова “аб’ясніць”?.. А даследчык фальклору ў рукапісе Янкі Купалы ў яго музеі трапіў на такі радок: “Няхай цябе аб’ясніць розум ясны”. Здорава, праўда!
Бацька яму некалі казаў: “Мёрзлая зямля заска-лела” (стала цвёрдаю як скала). Ён успамінаў аднаго жыхара Кракоткі, які еў блінцы: сем мазаных, сем нямазаных, сем сухама – збольшага перакусіў. І яшчэ чуў: маленькі хлопчык, не проста хлапчаня, а хлапчачок, не зладзейчык, а зладзяйчук. “Тоўсты чалавек – паўтарак, раскалі – два будзе”.
Цётка Надзя ў Слоніме пляменніку казала: “Нейкія гэтыя картоплі патрупяшалі”. У вёсцы Янкі Саламевіча мовілі так: “Сучка маленька, нізенька, як слончык на чатырох ножках”. А гэта некалі пачуў ад свайго бацькі: “Ідзе нага за нагу, як назаўтра; е што гаварыць, ды німа чаго слухаць; з носа кап, ды ў рот хап; здохлік (той, хто кепска есць); трыбухлей (з вялікім жыватом); ужэ наш суп у сватэ збіраецца (пачаў кіснуць) і г.д…
Наогул, пра Янку Саламевіча можна пісаць і ўспамінаць шмат. Не ведаю толькі, калі і хто збярэ яго шматлікія артыкулы і гутаркі з ім пад адну вокладку і выдасць асобнай вялікай кнігай. Яго працам заўсёды былі ўласцівыя глыбіня аналізу, добрае валоданне матэрыялам і мастацкім словам.
29 кастрычніка Янку Саламевічу споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. А яго ўжо 11 гадоў няма сярод нас. Шкада…
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фотаздымкі з архіва аўтара.