У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 19-20 кастрычніка праходзіў Х Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, у якім удзельнічалі 400 спецыялістаў з 10 краін, у тым ліку з Азербайджана, Таджыкістана, Кіргізстана, Беларусі, Расіі і іншых краін.
На Кангрэсе абмяркоўвалася роля бібліятэк у сучасным грамадстве як стваральнай сацыякультурнай прасторы, ішла гаворка пра прымяненне інфармацыйных тэхналогій і штучнага інтэлекту, пра папулярызацыю і прасоўванне ў медыяпрасторы электронных рэсурсаў, лічбавую трансфармацыю бібліятэчнай дзейнасці.
У секцыі “Праектныя ініцыятывы і сацыякультурныя практыкі ўстаноў культуры і адукацыі” ўдзельнічалі 60 прадстаўнікоў рэгіянальных бібліятэк з Беларусі, Азербайджана, Расіі, якія абмяркоўвалі пытанні бібліятэчнага і культурнага ўзаемадзеяння кран СНД, супрацоўніцтва бібліятэк з музеямі і архівамі. Супрацоўніца з Баку распавяла пра 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Азербайджана імя М. Ахундава.
Загадчыца дзіцячым філіялам Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Святлана Арлюк распавяла пра шматлікія праекты бібліятэкі, накі-раваныя на арганізацыю сямейнага чытання, кніжныя дэсанты і сацыяльнае партнёрства з рознымі ўстановамі, супрацоўніцтва з бацькамі, педагогамі, псіхолагамі. Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі фарміруюць светапогляд маладога пакалення. Асаблівая ўвага ва ўстанове надаецца дзіцячай кнізе як крыніцы пазнавальнай і выхаваўчай інфармацыі і артаб’екта.
Бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Юлія Амосава распавяла пра ажыццяўленне праекта да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, якое будзе адзначацца 28 лістапада 2023 года, а сам праект быў распачаты ў 2019 годзе. У ім прынялі ўдзел чатыры ўстановы-партнёры. Каб ушанаваць памяць удзельнікаў першага моладзевага літаратурнага аб’яднання ў Беларусі – В. Маракова, У. Дубоўкі, Я. Скрыгана, А. Дудара, М. Чарота, і іншых – быў створаны віртуальны праект, сабраны і выкладзены на сайце Нацыянальнай бібліятэкі тэкставыя матэрыялы, рукапісы, лісты, фотаздымкі. Навуковыя артыкулы ў праект пісалі даследчыкі – Дз. Давідоўскі, Т. Лаўрык, І. Шаладонаў і іншыя.
Удзельнікі праекта падтрымлівалі кантакты і ладзілі сустрэчы з роднымі Змітрака Бядулі, Яна Скрыгана, Язэпа Пушчы і іншых творцаў.
На працягу 2020-2022 гадоў паспяхова праходзілі літаратурныя конкурсы “Беларусь – мая шыпшына” і “Беларускі салавей”, у якіх удзельнічалі як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення.
Загадчыца агульнай чытальнай залы Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна Таццяна Патоцкая распавяла пра супрацоўніцтва бібліятэкі з Віцебскай Праваслаўнай Епархіяй, пра стварэнне мультымедыйнага рэсурсу “Святыя апекуны Віцебшчыны”, пра духоўна-асветніцкую працу сярод моладзі.
Алена Іванаўна Камінская, загадчыца бібліятэкі спецыяльнай школы-інтэрната № 10 г. Менска, распавяла пра выхаванне дзяцей з асаблівасцямі развіцця сродкамі культуры, далучэнне іх да заняткаў музыкай, выяўленчым мастацтвам, тэатрам, да пазнавання культурнай разнастайнасці свету і выхавання талерантнага стаўлення да прадстаўнікоў розных культур і рэлігій.
Прадстаўнікі Пермскай абласной бібліятэкі імя М. Лермантава распавялі пра стварэнне энцыклапедыі творчасці Аляксандра Купрына, пра папулярызацыю спадчыны літаратара Валерыяна Волжына, пра кніжныя і асветніцкія праекты. Каджах Агюн Захід з Баку распавяла пра 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Азербайджана імя М. Ахундава.
Найбольш цікавыя дыскусіі праходзілі ў секцыях “Лічбавыя трансфармацыі бібліятэчнай дзейнасці” і “Электронныя інфармацыйныя рэсурсы і сэрвісы ў сучасным бібліятэчным асяроддзі”, дзе гаварылася пра прымяненне штучнага інтэлекту для апрацоўкі баз дадзеных і аналізу навукова-тэхнічных артыкулаў.
Загадчыца аддзела фондаў Юлія Барысаўна Цвердахлебава распявяла пра навукова-даследчую працу па захаванні і адлічбоўцы беларускай перыёдыкі пачатку ХХ стагоддзя. Юлія Барысаўна і яе калегі працавалі ў бібліятэках і музеях Магілёва і Гомеля, каб папоўніць фонд Нацыянальнай бібліятэкі адсканаванымі газетнымі асобнікамі.
19 кастрычніка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 400-год-дзю Куцеінскага манастыра, на якой прадстаўлены каштоўныя старадрукі з бібліятэкі Куцеінскага манастыра.
Выкладчыца Беларускай акадэміі музыкі Ірына Іванаўна Жукоўская распавяла пра гісторыю стварэння нотнага зборніка 17 стагоддзя – Ірмалагіёна, які захоўваўся ў бібліятэцы Куцеінскага манастыра.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.