З тэатральным крытыкам, педагогам, кандыдатам мастацтвазнаўства і даследчыкам беларускага тэатра Арсенем Лабовічам, якому 28 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння, я пазнаёміўся ў 1990-х гадах у Гомелі на адным з мерапрыемстваў, прысвечаным беларускаму тэатральнаму мастацтву. Цэлы тыдзень мы былі ў Гомелі, глядзелі спектаклі, разважалі пра сённяшні тэатр у Беларусі, высказвалі свае суб’ектыўныя думкі пра спектаклі, пра стан сучаснага тэатральнага мастацтва Арсень Лабовіч тады казаў, што традыцыйная, рэалістычная драматургія нібы адышла ў мінулае, а новая не з’явілася. “Асобныя творы як бы з’яўляюцца, але яны другасныя, у іх не хапае арыгінальнасці і навізны, не кажучы ўжо пра нацыянальны каларыт і сутнасць. Галоўны напрамак разлічаны на эпатаж публікі, а не на пранікненне ў сэнс, псіхалогію сучаснага чалавека з яго турботамі, канфліктамі і роздумам, – разважаў Арсень Лабовіч. -Турбуе страта народных каранёў у мастацтве, не столькі ў літаральным сэнсе, колькі ў іх трансфармацыі на сучаснасць, на пераасэнсаванне мастацкіх каштоўнасцей. А радуе тое, што з’яўленне і развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу сярод моладзі ў розных галінах грамадскага жыцця, прадчуванне надзеі”.
А я Арсеню Аляксандравічу распавёў, што дзесьці ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, калі быў яшчэ школьнікам, трапіла аднойчы мне ў рукі невялікая кніжачка, вокладка якой была напалову чырвонай, напалову белай. На вокладцы стаяла прозвішча – А. Лабовіч. Называлася кніжачка “Тэатр змагання”. Выйшла яна з друку ў выдавецтве “Навука і тэхніка” ў 1969 годзе. Думалася, што яна будзе пра вайну, бо тады ваенная тэматыка лічылася самаю папулярнай і сярод дарослых чытачоў і гледачоў, і сярод падлеткаў і моладзі…
Прачытаўшы некалькі старонак той кнігі, я заўважыў, што яна зусім не пра вайну, а пра Заходнюю Беларусь, пра тыя мясціны, дзе нарадзіўся і жыў аўтар. А яшчэ, ён хораша і лёгка апісваў дзейнасць заходнебеларускага аматарскага тэатра, гурткоў мастацкай самадзейнасці. Ды і назвы спектакляў былі знаёмыя і мне, і маім равеснікам – усім вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам, бо ў вёсцы іх ставілі мясцовыя артысты, а таксама прывозілі прафесійныя артысты са Слоніма, Гародні і Менска. Гэта найперш пастаноўкі па п’есах “Збянтэжаны Саўка” Леапольда Родзевіча, “Модны шляхцюк” Каруся Каганца, “Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Прымакі” і “Паўлінка” Янкі Купалы і іншыя. Арсень Лабовіч у той кніжцы таксама пісаў і пра тэатральнае самадзейнае жыццё сваёй роднай Беласточчыны, дзе ён 28 верасня 1923 года нарадзіўся ў вёсцы Студзянкі Бела-стоцкага павета Падляшскага ваяводства.
З кнігі “Тэатр змагання” Арсеня Лабовіча можна даведацца цікавыя факты. Напрыклад, што ў 1937 годзе ў Беластоку было арганізавана Таварыства працаўнікоў беларускага тэатра “Полымя”. Каля двух гадоў працаваў гэты творчы калектыў. А ў лютым 1938 года прадстаўнікі мясцовых улад уварваліся ў яго памяшканне і забралі ўсю дакументацыю – акты, архівы…
Аўтар “Тэатра змагання” апісваў і актыўную дзей-насць студэнтаў з мястэчка Гарадок. У 1933 годзе яны прачыталі болей 20 лекцый аб беларускім тэатры, літаратуры, гісторыі, геаграфіі. Кожная лекцыя суправаджалася дэкламацыямі ці спектаклем. “Так, у Гарадку 8 студзеня 1933 года студэнтка М. Мілючанка прачытала лекцыю “Беларускі тэатр і яго грамадскае значэнне”. Гэта мела не толькі пазнавальнае, але і выхаваўчае значэнне”, – пісаў даследчык.
Цікава чытаецца кніга Арсеня Лабовіча “Тэатр змагання” і сёння. Яна зусім не “састарэла” ні фактамі, ні зместам, а, наадварот, праўдзіва распавядае пра самадзейны тэатр Заходняй Беларусі – слаўную старонку ў гісторыі беларускага мастацтва. Гэта, сапраўды, быў тэатр змагання, змагання за роднае мастацтва ва ўмовах тых абставін, калі Заходняя Беларусь жыла пад Польшчай Пілсудскага. Пасля няўдалай спробы стварыць прафесійны тэатр у Вільні энтузіясты сцэнічнага мастацтва перанеслі сваю дзейнасць у вёску, дзе наладжвалі работу гурткоў мастацкай самадзейнасці. Масавая сялянская аўдыторыя атрымлівала ад тэатра не толькі духоўны спажытак, але і чэрпала сілы для палітычнай барацьбы. З’яўляючыся дзейсным сродкам этычна-эстэтычнага выхавання гледача, самадзейны тэатр у той жа час уздзейнічаў на фарміраванне грамадскай свядомасці, палітычнай актыўнасці шырокіх народных мас Заходняй Беларусі. Пра гэта пісаў у сваёй кнізе Арсень Лабовіч.
У 1971 годзе беларускі тэатразнавец выдае асобнай кнігай яшчэ адну працу “П’есы А.М. Астроўскага на беларускай сцэне”. Аўтар яе сцвярджае, што творчасць рускага драматурга Астроўскага зрабіла значны ўплыў на развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі. Пачынаючы з XIX стагоддзя, п’есы Астроўскага былі вельмі папулярнымі ў беларускіх тэатрах. Іх шырока ставілі мясцовыя і паказвалі гастрольныя тэатральныя калектывы. Так, напрыклад, у 1874 годзе ў Гародні былі пастаўлены ажно дзесяць яго п’ес…
Акрамя даследаванняў тэатральнага жыцця Заходняй Беларусі і творчасці Астроўскага на беларускай сцэне, Арсень Лабовіч шмат напісаў і апублікаваў матэрыялаў аб праблемах сцэнічнага ўвасаблення драматургіі Максіма Горкага ў тэатрах Беларусі, пра польска-беларускія тэатральныя ўзаемаадносіны і на розныя іншыя тэмы, звязаныя з нашым нацыянальным тэатральным мастацтвам.
Аднойчы пры жыцці я запытаў у Арсеня Аляк-сандравіча, як гэта вы, беластоцкі юнак з глыбінкі, надумаліся стаць тэатральным крытыкам?
І вось што ён мне адказаў тады:”Тэатразнаўцам я стаў найперш таму, што адчуў у сабе патрэбу выказаць думкі, пачуцці аб тэатры, да якога мяне прыцягвала патрэба душы, патрэба, так бы мовіць, натуры. А калі канкрэтна казаць, дык першыя крокі ў гэтым кірунку я зрабіў, калі быў студэнтам і па заданні выкладчыка гісторыі тэатра Уладзіміра Іванавіча Няфёда пісаў тэматычныя рэфераты. Затым, калі працаваў акцёрам у Гарадзенскім тэатры, абласным Доме народнай творчасці, выкладчыкам Гарадзенскага культасветвучылішча, пісаў розныя рэцэнзіі на спектаклі. Адначасова адчуў, што такім акцёрам, які разумеў з тэатразнаўчага пункту гледжання, я быць не змагу, таму і перакліфікаваўся ў тэатразнаўца…”.
А шлях да тэатральнага мастацтва ў беластоцкага хлопца быў просты. У 1949 годзе ён скончыў Беларускі тэатральны інстытут, пасля заканчэння якога працаваў у культасветустановах Гародні, Стоўбцаў, Наваградка. З 1959 года – у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пасля працаваў загадчыкам рэдакцыі мастацтва і архітэктуры выдавецтва БелСЭ, быў загадчыкам кафедры рэжысуры і майстэрства акцёра Менскага інстытута культуры. З 1991 года да апошніх дзён свайго жыцця Арсень Аляксандравіч працаў у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Яго асноўным заняткам было стварэнне навуковых канцэпцый, творчых распрацовак для раскрыцця дзейнасці майстроў беларускай сцэны і музычнага мастацтва ў экспазіцыях музея, адлюстравання іх дзейнасці на радыё, тэлебачанні і Інтэрнэту.
Ніколі не забываў Арсень Лабовіч родную вёску Студзянкі на Беласточчыне. Ён там, хоць і не так часта, але бываў. Бо там жылі і жывуць яго блізкія сваякі.
Сяргей ЧЫГРЫН.