Выданні для школьнікаў прэзентаваў прафесар, доктар педагагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі Алег Мельнікаў.
Мерапрыемства прайшло ў магазіне “Акадэмкніга” ў Менску, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Алег Мельнікаў напісаў больш за 30 кніг для школьнікаў, студэнтаў і навуковых работнікаў. Гэтым разам ён прэзентаваў дапаможнік для вучняў 3-4 класаў “Развіццёвыя лагічныя задачы” для факультатыўных заняткаў, а таксама кнігу казак і матэматычных задач для малодшых школьнікаў “Вавёрачка”. На сустрэчы з чытачамі разам з ім прысутнічала адзін з суаўтараў дапаможнікаў для вучняў настаўніца пачатковых класаў Святлана Капылова.
– Кнігі па матэматыцы я пачаў пісаць 30 гадоў назад. Першая з іх – “Лекцыі па тэорыі графаў”, якую разам са мной стваралі навукоўцы У.А. Емелічаў, У.І. Сарванаў і Р.І. Тышкевіч, – расказаў Алег Мельнікаў. – У той час у БДУ пачалі выкладаць тэорыю графаў, а падручнікаў не было. Вось мы і напісалі лекцыі для ўнутранага карыстання. У выніку яны былі прызнаны ў розных краінах. Неўзабаве ўзяўся за тэксты па матэматыцы для школьнікаў, з’явіліся кнігі “Нязнайка ў краіне графаў”, “Займальныя задачы па тэорыі графаў” (яе пераклалі на іспанскую мову). Калі ж мой сын пайшоў у пачатковую школу, я вёў у яго класе факультатыў і адначасова ствараў для вучняў развіццёвыя задачы.
Удзельнікі сустрэчы пацікавіліся ў прафесара Алега Мельнікава: “Як прывіць дзіцяці любоў да матэматыкі?”.
– Гэта прыроджанае пачуццё, але яго можна развіць, – упэўнены навуковец. – Пачынайце не з матэматычных, а з займальных задач. Калі ў дзіцяці ёсць задаткі, яны абавязкова разаўюцца. Матэматыка шмат у чым абслугоўвае іншыя навукі, і калі вучні ўбачаць, што яна карысная і ў іншых прадметах, то возьмуцца яе вывучаць. Праз матэматыку, перш за ўсё, трэба вучыць логіцы. У маіх кнігах няма задач накшталт: “У Машы былі тры яблыкі. Яна з’ела адзін. Колькі засталося?”. Я прапаную задачы на разуменне. Да таго ж пры навучанні матэматыцы ў пачатковых класах нельга быць занадта строгім.
І сапраўды, калі пагартаць дапаможнік “Развіццёвыя лагічныя задачы” і рабочыя сшыткі да яго для 3-4 класа, то там ёсць незвычайны персанаж – сябар і па-мочнік Рашарык, які ажыўляе працэс навучання, падказвае дзецям, жартуе, дае парады, удзельнічае ў вырашэнні задач. Што тычыцца зместу дапаможніка, то ў ім ёсць як лагічныя, так і займальныя лагічныя нематэматычныя задачы, задачы на прамежкі, на вылічэнні, на рух, на работу, на пераліванні і ўзважванні, на час, камбінаторныя і геаметрычныя, тыя, што рашаюцца з дапамогай графаў, і задачы для ўсёй сям’і.
Што тычыцца любімых задач, то іх у прафесара Алега Мельнікава шмат. Напрыклад, адна з такіх. “На навагоднім вечары Дзед Мароз паказаў дзецям ліст паперы з намаляванымі зорачкамі і спытаў: “Колькі іх?”. Маша сказала, што 5. Дзед Мароз пацвердзіў, што гэта правільна. А Вася сказаў, што зорачак 7. І гэта таксама правільна. Як такое магло быць?”
Яшчэ Алег Ісідаравіч ведае, як ператварыць складаную для школьнікаў матэматыку ў займальную казку. У гэтым пераконваешся, калі гартаеш яго кнігу на беларускай мове “Вавёрачка”, якая складаецца з дзвюх частак. У першай змешчаны літаратурныя казкі пра Вавёрачку, яе сяброў і ворагаў, у другой – сюжэтныя матэматычныя казкі-задачы. Таму кнігай можна карыстацца ў пачатковых класах на факультатывах па двух прадметах: беларускай мове і матэматыцы.
Хоць аўтар і прызнаецца, што для дзяцей пісаць нашмат складаней, чым для дарослых, здаецца, што гэта зусім не так, настолькі лёгкі стыль тэкстаў яго казак.
– Я не пісьменнік, а чалавек, які піша літаратурныя тэксты. Яшчэ я сапраўдны тэатрал. Дома маю вялікую бібліятэку п’ес, – адзначае прафесар. – Патрэба ў творчасці прыходзіць сама. Разумею, што магу выказаць свае думкі нестандартна. Я стараўся пісаць казкі, у якіх дабро перамагае зло, розум і ўзаемадапамога супрацьстаяць сіле і нахабству, а сяброўства робіць жыццё больш цікавым і яркім.
Што тычыцца навучання матэматыцы, на мой погляд, галоўным у сярэдняй школе з’яўляецца не напаўненне вучняў рознымі ведамі, правіламі, алгарытмамі, формуламі, тэарэмамі, якія без штодзённага ўжывання ўсё роўна хутка забудуцца, а развіццё разумовых здольнасцей. Уменні разважаць, адстойваць свой пункт гледжання, прымяняць пры доказах лагічныя прыёмы спа-трэбяцца і навукоўцу, і юрысту, і ўрачу, і прадаўцу на рынку. І ўсяму гэтаму трэба вучыць ужо з 1 класа.
Навука і вытворчасць развіваюцца так хутка, што частка ведаў, атрыманых у прафесійных і вышэйшых навучальных установах, састарэе ўжо да моманту іх заканчэння. Таму трэба вучыць дзяцей самім набываць новыя веды і самім прыдумваць нестандартныя метады рашэння новых задач.
Алег Мельнікаў прачытаў адну з матэматычных казак пра Вожыка і Зайца, якія пілуюць дровы для сяброўкі Вавёркі (бо хутка зіма), а затым вязуць іх на вазку да Вавёрчынага дрэва. У штодзённым працэсе (пілаванне дроў, упрыгожванне клумбы, збіранне маліны, выпяканне пірага і г.д.) галоўныя героі рашаюць шэраг матэ-матычных задач. Напрыклад: “Колькі распілаў зрабілі Вожык і Заяц, калі ў выніку пілавання бервяна атрымалася 6 цурак?” Або: “Калі ў вазка 4 колы, а да дрэва – 8 метраў, колькі метраў праедзе кожнае кола?” Звяры рашаюць гэ-тыя практычныя пытанні, спрачаюцца – і ў выніку нара-джаецца ісціна, знаходзіцца правільны адказ. Пасля кожнай казкі прапаноўваюцца задачы на падобную тэму.
На сустрэчы з Алегам Мельнікавым прысутнічала метадыст аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Святлана Пухоўская. Яна выказала свае адносіны да дапаможнікаў аўтара:
– Чым добрыя кнігі Алега Ісідаравіча? Яны для ўсёй сям’і, і ў іх пазначаны шлях, які дазволіць дзіцяці самому навучыцца рашаць задачы, ёсць падказкі, рашэнні і адказы.
Даарэчы, Алег Мельнікаў з’яўляецца аўтарам і суаўтарам шэрагу іншых кніг: “Развіццёвая матэматыка для школьнікаў”, “Інфарматыка. Метады алгарытмізацыі” для 10 -11 класаў, “Тэорыя графаў у алгарытмах і праграмах”, “Тэорыя графаў у займальных задачах”, “Тэорыя графаў для настаўнікаў, для школьнікаў… і не толькі!”, “Алгарытмы на графах. Выкарыстанне мовы PYTHON”, “Матэматычнае мадэляванне ў сістэме MAPLE”, “Мадэляванне аптымізацыйных задач у сістэме MAPLE”, “Элементы дыскрэтнай матэматыкі ў займальных прыкладах і задачах”.
Надзея ЦЕРАХАВА.