Філосаф, этнограф і збіральнік беларускага фальклору Уладзіслаў Вярыга нарадзіўся 9 чэрвеня 1868 г. у Пскове, дзе жыла яго сям’я пасля канфіскацыі за ўдзел у паўстанні 1863-64 гг. маёнтка каля Полацка.
У 8 гадоў Уладзіслаў страціў бацькоў і далей гадаваўся пад апекай бабулі. У 1878 г. паступіў у Пскоўскую і праз некалькі гадоў перайшоў у Пецярбургскую гімназію, якую скончыў у 1885 г.
Як хатні настаўнік паміж 1885 і 1889 гадамі працаваў у Беларусі. Якраз на гэты час і прыходзіцца яго вывучэнне беларускай этнаграфіі.
Не больш за пяць гадоў прабыў Уладзіслаў Вярыга на Лідчыне, але для нас ён назаўсёды застанецца збіральнікам нашаага фальклору, слаўным сваёй працай, выкананай яшчэ ў зусім маладыя, даўніверсітэцкія гады. Свае нарысы пра фальклёр ён спачатку змяшчаў у часопісе “Вісла”, які рэдагаваў Ян Карловіч.
У 1889 г. у Львове Вярыга выдаў кнігу “Беларускія паданні” (“Podania bialoruskie”), дзе змясціў 23 беларускія народныя казкі, запісаныя ў 1884 г. у ваколіцах Новага Двара і Астрыны Лідскага павета. Рэдактарам кнігі і аўтарам уступу да яе быў Ян Карловіч.
У 1889 г. у часопісе “Збор звестак па айчыннай антрапалогіі” (“Zbior wiadomosci do antopologii krajowej” 1889. Т. 13.) Уладзіслаў Вярыга апублікаваў працу “Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе”, якая змяшчае 42 беларускія народныя песні-балады.
Таксама ён з’яўляецца аўтарам працы “Латышскія паданні” (W. Weryho, Podania lotewskie, Biblioteka “Wisly”, t. 10, Warszawa 1892).
Далейшыя шляхі-дарогі Уладзіслава Вярыгі праляглі за межамі Лідчыны. У 1889 г. ён пачаў навучанне ў Берлінскім універсітэце, потым вучыўся таксама ва ўніверсітэтах Прагі і Берна – тут ён у 1892 г. на падставе прадстаўленай дысертацыі “Маркс як філосаф” (Marx als Philosoph) атрымаў ступень доктара філасофіі (PhD). Вярнуўшыся, Вярыга прысвяціў сябе арганізацыі філасофскага жыцця ў Польшчы.
Як філосаф, Уладзіслаў Вярыга выяўляў стрыманасць у адносінах да філасофскіх сістэм, якія стваралі цэласнае бачанне свету, не адмаўляючы пры гэтым іх пазнавальнай ролі. Ён сцвярджаў, што нават самыя крайнія і аднабаковыя погляды могуць быць навукова плённымі. У якасці прыкладаў Вярыга прыводзіў погляды Артура Шапенгаўэра і Эдуарда Гартмана – аднабаковасць першага ён бачыў у тым, што той усё тлумачыў адным прынцыпам, які атаясамліваў з воляй, а другі асновай быцця лічыў несвядомы духоўны пачатак чалавека. Гэтая аднабаковасць сістэмаў абодвух мысляроў не змяняла таго факту, што Шапэнгаўэру мы абавязаны больш глыбокім разуменнем волі, а Гартману – больш глыбокім разуменнем чалавечай падсвядомасці – лічыў Вярыга. Сярод філасофскіх вучэнняў, якім ён прысвяціў сваю ўвагу, была і філасофія Карла Маркса. Уладзіслаў Вярыга адмаўляў яе арыгінальнасць, сцвярджаючы, што філасофія Карла Маркса грунтуецца на тых жа прынцыпах, што і філасофія Гегеля, а адрозненні паміж імі зводзяцца да адрозненняў у тэрміналогіі.
Асноўнымі сферамі філасофскіх зацікаўленняў Вярыгі былі гнасеалогія і метадалогія навук. У сувязі з гэтым ён надаваў вялікае значэнне супрацоўніцтву філосафаў з вучонымі іншых спецыяльнасцяў і пастуляваў неабходнасць спецыяльных студыяў ў кожным з накірункаў універсітэцкіх даследаванняў, мэтай такіх студыяў павінна было б стаць вывучэнне філасофскіх і метадалагічных асноў розных навук і педага-гічная дзейнасць у гэтых галінах.
Уладзіслаў Вярыга адхіляў ідэалістычныя ўстаноўкі польскіх гегельянцаў пра тое, што польская філасофія павінна нарадзіцца з нейкага духу нацыі пасля краху еўрапейскай філасофіі. Ён не быў пазітывістам, але падтрымліваў у філасофіі дамінуючую ў той час грамадзянскую ідэю арганічнай працы, распрацаваную поль-скімі пазітывістамі ў XIX ст.
У 1897 г. Вярыга заснаваў штоквартальнік “Przeglad Filozoficzny” (“Філасофскі агляд”) – першы прафесійны філасофскі часопіс у Польшчы і да сваёй смерці быў яго выдаўцом і рэдактарам. “Філасофскі агляд” ахопліваў усе філасофскія дысцыпліны, а таксама разглядаў пытанні на мяжы філасофіі і іншых навук. Часопіс не быў органам аднаго накірунку але быў даступны ўсім філасофскім школам пры ўмове, што яны былі правільнымі з пункту гледжання метадалагічных патрабаванняў. Акрамя навуковых задач, Вярыга ставіў перад гэтым выданнем дыдактычныя мэты, сваім зместам выданне звярталася не толькі да спецыялістаў у галіне філасофіі і навукоўцаў, але і да кожнага адукаванага чалавека. “Філасофскі агляд” стаў адным з найважнейшых фактараў развіцця філасофіі ў нашым краі таго часу.
Адным з пачынанняў, накіраваных на ўзбагачэнне жыцця філасофіі, была арганізацыя Вярыгам псіхалагічна-філасофскай секцыі на IX-м (у 1900 г. у Кракаве) і Х-м (у 1907 г. у Львове) з’ездах лекараў і натуралістаў. Гэтым быў пакладзены пачатак пазнейшых агульных філасофскіх з’ездаў.
Уладзіслаў Вярыга таксама з’яўляўся ініцыятарам, стваральнікам і старшынём заснаванага ў 1907 г. Польскага псіхалагічнага таварыства (Варшава), якое, нягледзячы на абмяжоўваючаю яго назву, навязаную царскімі ўладамі, вяло і дзейнасць у галіне філасофіі. Па яго ініцыятыве гэтая дзейнасць выйшла за рамкі Таварыства праз шматлікія цыклы філасофскіх лекцый і публічных чытанняў.
Вярыга ўдзельнічаў у стварэнні (у 1907 г.) Таварыства даследавання дзяцей і быў яго віца-прэзідэнтам. У 1911 г. пры Псіхалагічным таварыстве ён стварыў Псіхалагічную лабараторыю, якая ў 1913 г. была ператворана ў незалежны Варшаўскі псіхалагічны інстытут, які займаўся даследаваннямі ў галіне псіхалогіі і асабліва эксперыментальнай псіхалогіі. У 1913 г. прымаў удзел у стварэнні (а затым быў членам) Камісіі вывучэння гісторыі філасофіі ў Польшчы пры Кракаўскай Акадэміі ведаў. У 1915 г. заснаваў у Варшаве Інстытут Філасофіі і быў яго старшынём.
Памёр Уладзіслаў Вярыга 28 жніўня 1916 г. у Варшаве.
Леанід Лаўрэш.