Да 221 года з дня нараджэння Ігната Дамейкі 31 ліпеня 2023 года
Яшчэ адну займальную экскурсію падчас летніх канікул здзейснілі навучэнцы 10 класа 11 лідскай школы па сваёй малой радзіме. На гэты раз паездка прайшла па пазнавальным маршруце. Школьнікі наведалі два насе-леныя пункты Лідскага раёна, гісторыя якіх цесна звязана з жыццём і дзейнасцю чалавека, чыё імя вядома ва ўсім свеце – Ігнат Дамейка.
Першым аб’ектам наведвання стаў гістарычна-краязнаўчы музей “Час. Падзеі. Людзі” Крупаўскай сярэдняй школы. Школьны музей дзейнічае ўжо на працягу 40 гадоў, мае багатую гісторыю і напоўнены незвычайнымі экспанатамі, якім могуць пазайздросціць іншыя музеі. Дакладная дата адкрыцця музея – 7 мая 1983 года. Выставачныя залы музея ўключаюць экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі краю, школы, падзеям Вялікай Айчыннай вайны, сялянскаму побыту. Але візітнай карткай музея з’яўляецца экспазіцыя “Ігнат Дамейка – вучоны, гуманіст, патрыёт”.
Экскурсаводам юных краязнаўцаў стаў кіраўнік музея Іван Барысавіч Гівойна.
Школьнікі даведаліся пра гісторыю вёскі Крупава, пачулі імёны землякоў, якія пакінулі след у гісторыі не толькі нашага краю, але і за межамі краіны. І, вядома ж, пазнаёміліся з жыццём і лёсам знакамітага вучонага, мінеролага, геолага, даследчыка Ігната Дамейка.
Як распавёў Іван Барысавіч, нягледзячы на тое, што нарадзіўся Ігнат Іпалітавіч у вёсцы Мядзведка, цяпер гэта тэрыторыя Карэліцкага раёна, з 1824 па 1830 год ён пражываў у маёнтку свайго дзядзькі ў Лідскім павеце, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю і гаспадарчымі справамі. Але воляю лёсу Дамейка пасля паўстання 1830-31 гг. адпраўляецца ў Еўропу вывучаць мінералогію і горную справу. Вярнуцца на радзіму ён змог, але перш амаль 50 гадоў пражыў далёка за акіянам. Пасля вучобы Дамейка адправіўся ў Чылі. Наш зямляк не проста вывучаў мінералогію і геалогію Паўднёвай Амерыкі, ён пакінуў свой след у розных навуках, з’яўляўся доўгі час рэктарам Чылійскага ўніверсітэта і многіх навуковых таварыстваў.
Імем Дамейкі сёння названа малая планета, мінерал дамейкіт, здабыты самім Дамейкам ў 1844 годзе ў Чылі, некалькі раслін, малюск, горад у Чылі, вуліцы ў Чылі, а таксама ў Вільні, Гародні, Лідзе, Наваградку, Карэлічах і ў самім Крупаве, горны хрыбет, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, некалькі навучальных і навуковых устаноў і многае іншае.
2002 год у сувязі з 200-годдзем нараджэння Дамейкі быў абвешчаны ЮНЕСКА годам Ігната Дамейкі.
Нашчадкі нашага земляка наведвалі малую радзіму свайго знакамітага продка ў 2017 годзе, у тым ліку і вёскі Крупава ды Заполле Лідскага раёна.
У экспазіцыі музея Крупаўскай сярэдняй школы сёння прадстаўлены кнігі з аўтографамі вядомых навукоўцаў-даследчыкаў жыцця і дзейнасці Дамейкі, навуковыя працы навучэнцаў, кнігі навукоўца, копіі дакументаў з архіваў і незвычайная калекцыя мінералаў “Падарунак праз акіян”, дасланы з Чылі. У ліку мінералаў ёсць лазурыт. Кожны, хто наведвае Крупаўскі музей, марыць патрымаць яго ў руках і загадаць жаданне. Юныя лідзяне не сталі выключэннем.
Другім аб’ектам падарожжа стаў памятны знак, усталяваны ў 1995 годзе, пры ўездзе ў былы двор Заполле, дзе жыў вядомы ўсяму свету навуковец, і месца, дзе 200 гадоў таму знаходзілася сядзіба. Ад яе практычна нічога не захавалася, толькі велічная кляновая алея ўздоўж дарогі, якая вядзе ў Заполле, і падмурак дома. Але, нягледзячы на гэта, навучэнцы з задавальненнем праехаліся дарогай Ігната Дамейка, дакрануліся да велізарных дрэў, узрост якіх, не выключана, налічвае больш за 150-200 гадоў. Магчыма, сам ганаровы грамадзянін Чылі Ігнат Дамейка, наведваючы сваю радзіму ў канцы 19 стагоддзя, дакранаўся да клёнаў, тады яшчэ зусім маладым саджанцаў.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 10-га класа.
г. Ліда, школа № 11.