Нямецкая навуковая школа па праве лічыцца адной з вядучых у свеце. За мінулае стагоддзе 94 нямецкія навукоўцы сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі. У 2018 годзе нямецкія ВНУ і навуковыя цэнтры апублікавалі больш за 82,5 тысяч навуковых даследаванняў, саступіўшы толькі ЗША, Кітаю і Вялікабрытаніі. Шмат у чым дамагчыся такой навуковай перавагі дазволіла развітая сістэма падрыхтоўкі навукова-даследчых кадраў.
Асаблівасці PhD у Германіі
Агульнасусветнай ступені PhD адпавядае нямецкая ступень Dr. Атрымаць яе ў Германіі можна адным з двух спосабаў:
- У індывідуальным парадку. Для гэтага неабходна знайсці прафесара, які пагодзіцца стаць навуковым кіраўніком вашага дысертацыйнага праекта. Праца над дысертацыяй можа праходзіць ва ўніверсітэце (у якім вы ў перыяд навучання будзеце заняты ў якасці асістэнта вашага навуковага кіраўніка) ці на базе даследчага цэнтра (найболей вядомыя з іх у Германіі – Таварыства імя Макса Планка, Таварыства Фраўнгофера і інш.). Падобная дактарантура не прадугледжвае лекцый ці іспытаў, план работ і даследаванняў складаецца для кожнага дактаранта індывідуальна, першапачаткова – на 3 гады, з магчымасцю пралангацыі да 5 гадоў;
- На структураванай праграме дактарантуры ва ўніверсітэце. Падобныя з PhD у англа-саксонскіх краінах, дадзеныя праграмы прадугледжваюць больш інтэнсіўны і сістэматычны характар навучання, які ўключае ў сябе наведванне лекцый, удзел у семінарах і г.д. Навучальны план структураваны досыць цвёрда, а заняткі праходзяць у групах. Большасць дадзеных праграм разлічаны на 3-4 гады.
Дзе атрымаць PhD
Атрымаць доктарскую ступень тым ці іншым спосабам можна практычна ў любым нямецкім ВНУ. Выключэнні складаюць толькі так званыя ўніверсітэты прыкладных навук (Fachhochschulen) і каледжы мастацтваў.
Як ужо было згадана вышэй, навучанне ў дактарантуры можна праходзіць і на базе даследчых цэнтраў. Праўда, варта памятаць, што ў іх няма права прысвойваць доктарскія ступені, таму тут яны таксама дзейнічаюць у партнёрстве з ВНУ. Дысертацыю пад патранажам навуковага кіраўніка можна рыхтаваць і ў рамках працы на прадпрыемстве (гэта найболей актуальна для шукальнікаў ступені па эканоміцы).
Як паступіць на праграму PhD
Якую б праграму PhD вы ні абралі, асноўным крытэрам допуску вас да яе стане наяўнасць ступені магістра ў той вобласці, у якой вы маеце намер весці даследчую дзейнасць. Прэстыжнасць вашай альма-матар у сусветнай акадэмічнай супольнасці будзе іграць тут далёка не апошнюю ролю, як і наяўнасць дыплома з адзнакай.
Для паступлення ў дактарантуру ў індывідуальным парадку вам будзе неабходна накіраваць патэнцыйнаму навуковаму кіраўніку натарыяльна запэўненыя копіі дакументаў пра адукацыю, матывацыйны ліст, абстракты магістарскай працы і прапанаванай доктарскай дысертацыі, а таксама рэкамендацыі ад сваіх ранейшых навуковых кіраўнікоў. Калі ваша заяўка зацікавіла навуковага кіраўніка, вам будзе прызначана гутарка па скайпе, пры станоўчым зыходзе якой з боку ўніверсітэта вам будзе накіравана запрашэнне на вучобу.
Памятайце, што практычна ўсе доктарскія дысертацыі ў Германіі пішуцца на ангельскай мове, на ёй жа вядуцца зносіны ў даследчых групах. Пры праходжанні дактарантуры ў індывідуальным парадку фармальнага пацверджання валодання мовай ад вас могуць і не запатрабаваць, у той час як на структураваных праграмах наяўнасць сертыфікатаў TOEFL/IELTS і Test DAF абавязковая. У цэлым структураваная дактарантура адрозніваецца больш цвёрдым адборам.
Колькі каштуе PhD
Навучанне ў дзяржаўных нямецкіх ВНУ бясплатнае не толькі для грамадзян Германіі, але і для замежнікаў. Пры адпраўцы дакументаў на разгляд у ВНУ вы таксама можаце прыкласці заяўку на атрыманне стыпендыі. Фінансавую дапамогу ад універсітэтаў і навуковых цэнтраў атрымлівае большасць дактарантаў – каля 1-1,5 тысяч еўра ў месяц.
Паводле СМІ.