28 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Чантурыі (1923 – 1988), архітэктара, гісторыка архітэктуры, педагога, аўтара навуковых прац па гісторыі беларускай архітэктуры.
Архітэктурная спадчына Беларусі ўяўляе сабой сапраўдную скарбніцу, даследаваннем і вывучэннем якой займаліся многія вядомыя вучоныя. Да іх адносіцца і Уладзімір Чантурыя – прафесар, доктар архітэктуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Нарадзіўся Уладзімір Чантурыя ў Баку. У 1947 годзе скончыў архітэктурна-будаўнічы факультэт Азербайджанскага індустрыяльнага інстытута і быў накіраваны ў Менск. Працаваў у інстытуце “Белдзяржпраект”. У 1948 годзе паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Далейшае навучанне працягваў у Маскве ў Інстытуце горадабудаўніцтва Акадэміі архітэктуры СССР. У 1953 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Цэнтры гарадоў Беларусі”, якая была прысвечана адной з актуальных праблем – фарміраванню цэнтральных ансамбляў гарадоў. З 1953 года Уладзімір Чантурыя выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце і адначасова займаўся вывучэннем архітэктурнай спадчыны Беларусі. У 1965 годзе даследчык беларускай архітэктуры абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Даследаванне архітэктурнай спадчыны Беларусі”. У 1968 годзе стаў прафесарам. У 1969 годзе ў БПІ заснаваў кафедру тэорыі і гісторыі архітэктуры, якую ўзначальваў да 1988 года.
У шматгадовай навуковай дзейнасці Уладзіміра Чантурыі вызначаюцца тры асноўныя этапы. Першы (1954-1964) быў звязаны з выяўленнем, абмерам і апісаннем найбольш вядомых помнікаў дойлідства ў Беларусі. У іх лік увайшлі творы манументальнай архітэктуры і горадабудаўнічыя ансамблі XVI-XVII стагоддзяў у Гомелі, Магілёве, Пінску, Нясвіжы, Свяцку, а таксама аб’екты грамадзянскага і культавага будаўніцтва. У выніку было падрыхтавана больш за 200 унікальных архітэктурных чарцяжоў, замалёвак, складзены навуковыя анатацыі. На другім этапе (1965-1970) праводзіліся фіксацыя і даследаванне малавядомых ці зусім невядомых вучоным аб’ектаў беларускай архітэктуры. Сярод іх – дом-цвердзь у Гайцюнішках, палацы ў вёсках Германавічы, Опса, Лявонпаль, сядзібныя дамы ў вёсках Поразава і Заполле, храмы ў вёсках Ішкалдзь, Міхалішкі і іншыя творы мураванай і драўлянай архітэктуры XV-ХІХ стагоддзяў. Трэці этап (1971-1983) звязаны з праблемай захавання горадабудаўнічай спадчыны пры рэканструкцыі населеных месцаў Беларусі. У гэты перыяд было абследавана каля 50 гарадоў Беларусі з найбольш старажытнымі забудовамі. Вызначаны гістарычныя межы іх цэнтраў, выяўлена і навукова абгрунтавана архітэктурная каштоўнасць. Атрыманыя матэрыялы і рэкамендацыі выкарыстоўваліся пры дэталёвай планіроўцы і забудове многіх гарадоў. Комплексныя праекты рэканструкцыі цэнтраў Гародні і Віцебска, выкананыя пры непасрэдным удзеле і кіраўніцтве Уладзіміра Чантурыя, атрымалі высокую ацэнку і былі адзначаны ўзнагародамі. Вынікі даследаванняў, праведзеныя Уладзімірам Чантурыям, знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх публікацыях. Яго артыкулы друкаваліся ў энцыклапедыях, беларускіх, замежных часопісах і навуковых зборніках. Вучоны з’яўляецца аўтарам спецыяльных і папулярных выданняў па гісторыі беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва. Сярод іх – “Архитектура Белоруссии конца XVIII – начала XIX века” (1962), “История архитектуры Белоруссии (дооктябрьский период)” (1969, 1977; Дзяржаўная прэмія БССР, 1980), “Архитектурные памятники Белоруссии” (1982), “Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии” (1983), “Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии” (1986) і іншых. Кнігі Уладзіміра Чантурыі і сёння знаёмяць чытача з гісторыяй палацавых ансамбляў, храмаў абароннага тыпу, класічнай архітэктурай касцёлаў і цэркваў; даюць магчымасць найбольш поўна вывучыць матэрыяльнае асяроддзе, у якім жылі нашы продкі, іх культуру і мастацтва. У сваіх працах аўтар даследаваў працяглы і складаны працэс развіцця дойлідства на тэрыторыі Беларусі, аналізаваў унікальныя рэліквіі Полацка, Гародні, Віцебска, Менска і іншых гарадоў.
Вікіпедыя.