З нагоды 9 траўня на Лідчыне прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў
Адміністрацыя Лідскага раёна і творчыя працаўнікі Ганчарскага Дома культуры павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Смаляка М.М. з вялікім святам – з Днём Перамогі! Міхась Міхайлавіч 1924 года нараджэння, ён родам з Наваградскага раёна, пражывае ў в. Сялец Лідскага раёна. Танкіст, прайшоў усю вайну і вярнуўся пераможцам дахаты! Ганарымся! Памятаем подзвіг!
5 траўня супрацоўнікі бібліобуса Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы далучыліся да абласной акцыі “Франтавы лекторый”. Адправіўшыся ў вёску Дакудава, бібліятэкары арганізавалі пляцоўку “Пераможны травень: жывём і памятаем”. Чытачы бібліобуса мелі магчымасць пазнаёміцца з мастацкай і галіновай літаратурай ваеннай тэматыкі, а ўпадабаныя выданні ўзяць для хатняга чытання. Бібліятэкар прадставіла агляд тэматычнай выставы “Час і памяць”. У канцы маршруту супрацоўнікі бібліятэкі ўсклалі кветкі да абеліска ў памяць пра загінулых землякоў у в. Дакудава.
4 траўня ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 1” ладзіліся гучныя чытанні “Палымяныя радкі вайны”, прысвечаныя 78-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і накіраваныя на ўмацаванне маральна-патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў ДУА “Яслі-сад № 7 г. Ліды”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі вершы аб ваенных падзеях, удзельнічалі ў гульні-віктарыне, праглядзелі прэзентацыю “Ніхто не забыты, і нішто не забыта”, а таксама пазнаёміліся з творамі для дзяцей “Забытая проза аб вайне”, якія ёсць у фондзе бібліятэкі.
Памяць аб загінуўшых воінах, працаўніках тылу і мірных жыхарах увекавечана ў шматлікіх мемарыялах на тэрыторыі нашай краіны. Пра многія з гэтых помнікаў вялася гаворка з чытачамі філіяла “Лідская гарадскя бібліятэка № 3”, дзе ладзілася інфармацыйнае дасье “Памаўчым ля гісторыі, бронзаю стаўшай”. Падчас сустрэчы дзеці даведаліся пра помнікі, подзвігі дарослых і дзяцей, пра доўгі шлях савецкага народа да Перамогі.
5 траўня ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” прайшоў вечар франтавой славы і памяці “Павек нам гэтай даты не забыцца”, у якім прынялі ўдзел атрымальнікі паслуг аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ГУ “ЛРТЦСАН” і навучэнцы 5 класа ДУА “Сярэдняя школа № 11 г. Ліды”. Для іх выступалі людзі, якія нарадзіліся ў гады вайны: Удовік Н.А., Крэсла С.С., Баруцкая Л.Г. Яны падзяліліся сваімі ўспамінамі пра страшныя дні вайны, пра ўнёсак жанчын і дзяцей у справу Вялікай Перамогі. Гучалі песні ваенных гадоў, вершы, танцавальныя нумары, былі прапанаваны відэафрагменты пра бітвы ў Вялікай Айчыннай вайне.
Вось ужо 78 гадоў аддзяляюць нас ад канца Вялікай Айчыннай вайны. Аднак тыя падзеі і жахлівыя злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў не сыходзяць з памяці. У пярэдадзень Дня Перамогі філіял “Інтэграваная бібліятэка аграмястэчка Бердаўка” арганізаваў гадзіну памяці “Імя тваё невядома, подзвіг твой – несмяротны”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзеці 2-3 класаў. Дзеці пачулі аповяд пра тое, як у 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія вераломна напала на нашу краіну, як ваявалі нашы абаронцы. Дзеці даведаліся пра жахі ваеннага дзяцінства і пра гераізм сваіх аднагодкаў.
Эстафета памяці “Горкая памяць вайны” адбылася ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча”. Прысутным распавялі пра лёс насельніцтва Дварышчанскага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня Рады ветэранаў Кудла В.І. выступіў з ініцыятывай увекавечыць памяць пра ветэранаў, загінулых у гады вайны, стварыўшы мемарыяльную дошку са спісам прозвішчаў. Ветэраны працы прапанавалі дапамогу ў зборы матэрыялаў успамінаў пра ўдзельнікаў ваенных падзей.
Урок-успамін “Дарогамі вайны, міру і дабра” прайшоў у філіяле “Дзітвянская сельская бібліятэка”. Бібліятэкар прапанаваў школьнікам паразважаць пра значэнне “Дня Перамогі” ў жыцці кожнага з нас, у жыцці нашай краіны і ўсёй планеты. Увазе дзяцей была прадстаўлена выстава, на якой яны змаглі выбраць і ўзяць пачытаць упадабаную кнігу пра вайну, як даніну памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
ТК “Культура Лідчыны”.