Кожны народ ганарыцца перамогай у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы і свята шануе памяць страт, панесеных у імя гэтых перамог. Сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь, якая прадстаўляе 186 беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з іх жыхарамі.
У сучасным свеце няма чалавека, які б не ведаў і не чуў слова “Хатынь”. Хатынь – гэта сімвал вялікай трагедыі, той, што на стагоддзі захоўвае ў народнай памяці і ў сэрцах кожнага новага пакалення аддаецца не меншым болем, чым у сэрцах тых, хто перажыў усё гэта, быў сведкам страшных падзей. Гэтая чорная старонка ў гісторыі Беларусі была напісаная роўна 80 гадоў таму. Хатынь, гэтак жа, як і Берасцейскі мемарыял, Курган Славы і многія іншыя помнікі, з’яўляецца адначасова сімвалам мужнасці і гераізму народа, яго непакорлівасці чорным сілам фашызму. Жыхары Лідскага краю, як і ўсёй Беларусі, захоўваюць у сваіх сэрцах памяць, веды пра гэты страшны дзень.
Гэтаму журботнаму дню ў гісторыі беларускага народа бібліятэкары ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” прысвяцілі шэраг літаратурна-дакументальных выстаў і мерапрыемстваў, у ходзе якіх гучалі словы аб захаванні памяці і адказнасці беларусаў за мірную будучыню краіны.
Гэтай трагічнай падзеі 22 сакавіка быў прысвечаны ўрок смутку “Сердце, слушай колокола, помни всё и не забудь!”, арганізаваны супрацоўнікамі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка №1”, які ладзіўся ў сацыяльным цэнтры для інвалідаў дзённага прабывання г. Ліды. Акрамя гістарычных звестак аб жудасным дні гісторыі вёскі, прысутныя моўчкі, затаіўшы дыханне, праглядзелі відэакліп “Колокола Хатыни”. Безумоўна, усе прысутныя разумелі, што відэа сучаснае, аднак сціскалася сэрца ад таго, што паказаная трагедыя адбылася на самай справе. Безумоўна, урок смутку знайшоў водгук у сэрцах усіх прысутных, кожны з іх будзе памятаць пра жудасныя дні вайны, каб цаніць імгненні шчаслівага і мірнага жыцця.
Да дня Хатынскай трагедыі ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №2” прайшоў урок “Сімвал вечнай памяці – Хатынь”. Гаворка ішла пра ахвяры трагедыі, тысячы іншых зверстваў, якія ўчынілі акупанты. Даведаліся прысутныя пра спаленыя вёскі, пра тое, як дзейнічалі партызаны ў барацьбе з ворагам, як жылі людзі на акупаванай тэрыторыі.
Бібліятэкар філіяла “Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча” ладзіў урок памяці “У сэрцы звонам аддаецца”. Спачатку дзецям прапанавалі падзяліцца сваімі марамі. Безумоўна, яны разумеюць, што выкананне іх мары залежыць ад розных абставін, але галоўнае – гэта мір. Бібліятэкар паведаміў пра ўспаміны вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны былі дзецьмі. Гэтыя ўспаміны ўключаны ў зборнік “Я помню ўсё…”. Так прысутныя падышлі да журботнага дня – 22 сакавіка 1943 г., калі была знішчана вёска Хатынь. Пад час размовы дзве дзяўчынкі атрымалі заданне намаляваць свае адчуванні ад той падзеі. Яны карысталіся чорным і чырвоным колерамі, як знак журбы і страху. Урок закончыўся хвілінай маўчання, як данінай памяці па загінуўшых.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3” прайшла гадзіна памяці “Хатынь – наша памяць і боль”. Падчас размовы дзеці даведаліся, што было спалена і знішчана разам з мірнымі жыхарамі шмат вёсак Беларусі, здейснілі віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, а таксама пачулі аб ваенных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі Лідскага раёна ў вёсцы Леснікі.
Тым жа днём, у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” адбылася гадзіна памяці “Гудуць званы Хатыні”. Бібліятэкар распавёў навучэнцам гісторыю ўзнікнення вёскі Хатынь і пра тую жудасную трагедыю, якая напаткала жыхароў вёскі. Школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі аб наведванні мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Таксама была прадстаўлена выстава кніг беларускіх пісьменнікаў пра Хатынь.
Супрацоўнікі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” арганізавалі для сваіх наведвальнікаў выставу-напамін “Хатынь. Наша гісторыя. Наша памяць”. Чытачы дзяліліся ў гэты дзень сваімі ўспамінамі пра наведванне мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, які быў адкрыты ў 1969 годзе ў памяць аб усіх загінулых беларусах на месцы былой вёскі.
“Полымя Хатыні абпальвае сэрцы і сёння” – літаратурны рэквіем прайшоў у філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” для вучняў 5 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Ліды”. Дзецям расказалі аб Хатыні – спаленай беларускай вёсцы, якая стала гісторыка-мемарыяльным комплексам, сімвалам памяці аб спаленых у гады вайны вёсках, аб людзях, чые сэрцы згарэлі ў агні.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся набат памяці “Хатынь. 80 год болю, смутку і памяці…”. Хатынь – незагойная рана беларусаў. І колькі мы будзем памятаць аб трагедыі, якая ранняй вясной адбылася ў гэтай лагойскай вёсцы, аб усіх населеных пунктах, знішчаных у гады акупацыі фашыстамі, столькі можам быць упэўнены ў тым, што падобнае ніколі не паўторыцца на нашай і без таго шматпакутнай зямлі.
22 сакавіка ў філіялах “Бярозаўская гарадская бібліятэка” і “Інтэграваная бібліятэка в.Мінойты” прайшлі гадзіны памяці “Журботны звон Хатыні”. Бібліятэкары асаблівую ўвагу надалі творам, прысвечаным трагедыі ў Хатыні. Падчас мерапрыемстваў гучалі ўрыўкі з такіх вядомых літаратурных твораў, як: “Карнікі”, “Я з вогненнай вёскі”, “Гучаць званы Хатыні”, “Хатынская аповесць”.
Беларусам ніколі не забудуцца страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пакуль жывая памяць пра той страшны час – будзе жывы і беларускі народ. Колькі б гадоў ні прайшло з дня трагедыі Хатыні, для беларускага народа памяць пра яе заўсёды будзе святая. Полымя Вечнага агню абпальвае нашы сэрцы, нагадваючы пра тое, што трэба берагчы мір і спакой на роднай зямлі.
К.С. Сандакова,
бібліятэкар аддзела
бібліятэчнага маркетынгу.