У маёй калекцыі ёсць дзве нямецкія паштоўкі часоў Першай сусветнай вайны з выявамі лідскага ветранога млына. На гэтых паштоўках млын добра бачны з двух бакоў, бачна, што ён пабудаваны з дошак і разам з ім стаіць комплекс гаспадарчых пабудоў.
Па здымках, зробленых прыкладна ў 1916 г., зразумела, што млын ужо не працаваў бо з яго лопасцяў амаль што цалкам была абадрана тканіна. Было вядома, што ў горадзе меўся ветраны млын, але дзе ён стаяў? Па паштоўках бачна, што недзе на ўскрайку тагачаснага горада, але гэтае месца заставалася таямніцай.
І вось, нядаўна, перакладаючы другую частку ўспамінаў лідскага самавука-вынаходніка XIX – пачатку XX ст. Яўстаха Шалевіча, я звярнуў увагу на наступны фрагмент яго тэксту, напісанага ў 1909 г.: “У 1863 г. пробашчам у Ішчалне быў кс. Фалькоўскі. Ён прачытаў заклік да сялян далучацца да паўстання, за што быў расстраляны ў Лідзе. Месца пакарання выбралі недалёка ад горада, на Выгане, дзе зараз стаіць ветраны млын. Не раз, ідучы гэтым месцам, я думаў пра гэтую магілу нашага шаноўнага кс. Фалькоўскага” .
Адразу заўважу наступныя моманты: магілы расстралянага ксяндза ў той час не існавала, месца яго пахавання дакладна было знойдзена, і на ім ўстаноўлены крыж толькі праз 10 гадоў, а ўспаміны Шалевіча яшчэ раз пацвярджаюць той факт, што месца пахавання кс. Фалькоўскага стала захоўвалася ў народнай памяці. Нагадаю таксама, што да 1914 г. недзе тут, каля пахавання ксяндза, планавалася пабудаваць так званы “Касцёл на крыві” .
Раён горада з назвай Выган у той час быў значана большым за сучасны гарадскі парк: на поўдні ён уключаў у сябе тэрыторыю сучаснага стадыёна, на ўсход цягнуўся да сучаснага праспекта Перамогі, а на захадзе – да чыгункі. У XX ст. тут пачалася меліярацыя, і якраз падчас асушэння дрыгвы, у 1933 г. на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, каля рэчкі Каменка, была знойдзена старая Ліда, верагодна менавіта пра гэтую Ліду і яе заснаванне ў 1180 г. у свой час пісаў Тэадор Нарбут .
Пасля інфармацыі, пададзенай Шалевічам, заставалася толькі ўдакладніць месцазнаходжанне ветрака. Ён знайшоўся на расійскай карце-аднавёрстцы 1915 г. Аб’ект, які я расшукваў, стаяў за 100 сажняў (210 м) прыкладна на захад (каля 220О па азімуту) ад царквы Св. Георгія.
Як і належыць, вятрак быў пабудаваны на самай высокай у межах горада адзнацы – 69, 2 сажняў (145 м) над узроўнем мора. Гаспадар ветрака Янкель Віленскі знайшоў найбольш выгаднае месца ў самай высокай кропцы горада.
Дадам, што каля 1914 г., акрамя ветранога млына Янкеля Віленскага, у горадзе працавалі: вадзяныя млыны Давіда Мардуховіча і Арона Фрыдмана (у Вісмантах ) і паравы млын Абрама Мельніка, а бліжэйшы ветраны млын стаяў у Тарноўскім маёнтку Маўрасаў, дзе ён захаваўся да нашага часу.
Вось такія маленькія адкрыцці з мінулага нашага горада прыносяць мне не меншае задавальненне, чым нейкія значна больш сур’ёзныя рэчы.
- ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 4. Спр. 482. Szalewicz Eustachy. Historja koscila zoludzkiego oraz wspomnienia o Zoludzkiej parafji. Slow pare o obok lezacej Iszczonskiej parafji. Slow kilka o Szczuczynie. Lida. Parafja Kolesnicka. Арк. 28 адв.
- Гл: Лаўрэш Леанід. Касцёл на крыві // Лідскі летапісец. 2019. №3. С. 8.
- Гл: Лаўрэш Леанід. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 219-220.; Суднік Станіслаў. Як два разы старажытную Ліду адкрывалі // Лідскі летапісец. 2016. 2. С. 30-32.; Лаўрэш Леанід. Лідчына да XIV стагоддзя // Лідскі летапісец. 2019. №3. С. 16-34.
- Пра Вісманты гл: Лаўрэш Леанід. Ваколіца Ліды Вісманты // Наша слова. 2019. 4 ліпеня.