Маё знаёмства з Хеленай Мацкевіч пачалося ў красавіку 2010 г. у Доме польскім у Магілёве. Тады адбылася вельмі цікавая выстава фатаграфій пад назвай “Аб чым шумяць бярозы?”. Фатаграфіі адлюстроўвалі паўсядзённае жыццё двух шляхецкіх родаў на Магілёўшчыне (Фурс-Жыркевічаў і Мацкевічаў) у XX ст., у асобным пакоі былі фотаздымкі пані Хелены, і я разглядала іх найдаўжэй.
Вось, што пра яе піша ўнучка брата спадарыні Мацкевіч, Эва Шэрнер, арганізатарка выставы, і аўтарка кнігі “Біяграфічны слоўнік евангеліцка-рэфармаванага духавенства”:
“Сястра братоў Мацкевічаў Хелена Мацкевіч, выпускніца Ягелонскага ўніверсітэта, была адным з першых польскіх фармацэўтаў. Пасля заканчэння навучання і здачы выпускнога экзамена ў Імператарскай ваенна-медыцынскай акадэміі ў Пецярбургу атрымала званне часовага правізара.
У 1910 г. яна вярнулася ў бацькоўскі маёнтак і прыступіла да ажыццяўлення створанага раней плана, для чаго ў 1905 г. пачала вывучаць батаніку, хімію, агародніцтва ў Ягелонскім універсітэце. Яна вырашыла распаўсюдзіць і ўвесці ў прамысловыя маштабы вырошчванне лекавых раслін і збор дзікарослых траў, вялікая колькасць якіх бескарысна вяла. Яна наладзіла сувязі з прадпрыемствамі Магілёва і Масквы, але далейшай працы перашкодзіла вайна. У гэты час яна энергічна ўключылася ў дапамогу выгнаннікам з тэрыторый Каралеўства, не толькі ў часовую, якая заключалася ў прадастаўленні часовага прытулку, але і ў больш доўгатэрміновую.
Яна арганізавала некалькі дзіцячых дамоў, забяспечвала харчаваннем, адзеннем, жыллём і адукацыяй, сама рыхтавала навучальную праграму, выкладала і старалася атрымаць польскія кнігі. Яна пакінула Чарнавусы толькі ў 1920 г. і пасля кароткага знаходжання ў Вільні назаўсёды пасялілася ў Кракаве, дзе і памерла ў 1972 г. ва ўзросце 98 гадоў. Пахавана на Ракавіцкіх могілках”.
(https://www.dom-polski.org/pl/potomki-shlyaxty-v-mogileve)
Вельмі канкрэтныя, насычаныя сказы, якія прыводзяць шматгадовую чалавечую працу і памкненні да канкрэтных вынікаў 98 гадоў жыцця. Гэтак і павінна быць у кожнай біяграфічнай нататцы. Гэтая інфармацыя была адпраўной кропкай маіх пошукаў, я хацела высветліць усё магчымае, што паміж гэтымі сказамі, што фарміравала Хелену, захапляла, падштурхоўвала да дзеяння.
Я знайшла у Кракаве надмагільны помнік і даты жыцця пані Хелены (31.01.1874 – 20.03.1972), дзякуючы маёй маці мне ўдалося атрымаць вельмі каштоўную рэч – перадачу з 1964 года, у якой мая гераіня распавядала пра сваю вучобу. Ёй тады было 90 гадоў, і яна вельмі энергічна адказвала, адзіная – з запрошаных пажылых жанчын – не чытала з паперкі, а адказвала ўжывую.
Яна расказала пра пачаткі працы жанчын у фармацэўтычнай галіне. У 19 стагоддзі лічылася, што жанчына з-за сваёй пляткарскай натуры не падыходзіць да аптэкарскай прафесіі, якая патрабуе засяроджанасці, цішыні і спакою. Варта дадаць, што тады фармацэўты не прадавалі гатовыя лекі і касметыкі, але выраблялі іх па строга вызначаным рэцэпце. Дарэчы сёння так атрымалася, што мужчына-фармацэўт – вялікая рэдкасць.
Першым фармацэўткам давялося прабівацца да ведаў, пракладываць новыя сцежкі, сярод выдатных дзеячаў гэтага руху – Антаніна Ляснеўская, Ядвіга Сікорская-Кеменсевічова, Станіслава Даўгялоўна, Яніна Касмоўская і … Хелена Мацкевіч, якая родам з Магілёўскай вобласці.
Хелена паступіла ва ўніверсітэт у 1896 годзе з сямю іншымі жанчынамі. Гэта быў трэці год студэнтак у Ягелонскім універсітэце, як высветлілася, большасць прафесараў і калегаў прыхільна ставілася да жаночай эмансіпацыі, абыякавыя і апазіцыйныя мужчыны прыстасоўваліся пад уплывам большасці. Хелена Мацкевіч згадвала, што ёю рухала цяга да ведаў, а не думка пра грошы, і што яе здзіўляе сучасная моладзь, якая не імкнецца вучыцца, а калі і імкнецца, то звычайна думае пра сваё будучае сацыяльнае становішча і матэрыяльныя выгоды.
Шкада, што ніхто не здолеў зрабіць перадачу толькі пра спадарыню Хелену. Пра бацькоў-паўстанцаў студзеня 1863 года. Пра іх ссылку ў Сібір. Пра ад’езд у Варшаву, пра рашэнне вярнуцца на Магілёўшчыну, пра жыццё ў Чарнавусах, пра тутэйшых, польскую, беларускую і рускую мовы.
А ўсё гэта вельмі цікава. Аказваецца маці Хелены, Схаластыка Мацкевіч у дзявоцтве Ямантава, была адной з самых маладых удзельніц Студзеньскага паўстання, яна была кур’ерам, развозіла лісты і амуніцыю ў Вільні. Уся сям’я Ямантаў займалася канспірацыяй, яшчэ да паўстання частымі гасцямі ў іх хаце былі: Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі, Цітус Далеўскі, Ігнацы Здановіч. Адрасатам вядомага верша “Марыська чарнаброва, галубка мая…” Каліноўскага была сястра Схаластыкі, Марыя Ямантаўна, родная цётка маёй Хелены Мацкевіч!
Бацька, Гжэгаж Мацкевіч, таксама быў удзельнікам паўстання, толька ў іншым месцы, удзельнічаў у бітве пад Горы-Горкамі ў партыі Звяздоўскага “Тапор”. Бацькі Хелены пазнаёміліся на ссылцы ў Табольску, у 1870 годзе атрымалі дазвол вярнуцца ў Варшаву, там пажаніліся і ў 1874 годзе нарадзілася мая гераіня, а потым яшчэ чацвёра дзяцей – Вацлаў, Вітольд, Юзаф і Зоф’я.
У Варшаве яны затрымаліся нядоўга і, як толькі з’явілася магчымасць, вярнуліся на Магілёўшчыну, дзе з другой паловы XVII стагоддзя продкі Гжэгажа Мацкевіча мелі маёнткі. Хелена заставалася ў асноўным у Чарнавусах, дзе пачала займацца развядзеннем лекавых раслін. Варта дадаць, што яна ўжо мела адпаведную адукацыю і досвед, 2 гады працавала ў Кракаве ў аптэцы ў сваёй сяброўкі Клемяневічавай, а потым 5 гадоў на кафедры вытворчасці сываратак і ахоўных прышчэпак ад гідрафобіі ў прафесара Буйвіда. Можна толькі здагадвацца, што было б, калі б вайна не перапыніла развіццё прадпрыемства, якое мы маглі мець на Мсціслаўшчыне!
Калі пачалася вайна Хелена, як успамінае Эва Шэрнер, дзейнічала у двух кірунках: адным неафіцыйным, як прадастаўленне часовага прытулку і харчавання бежанцам, і афіцыйным у Магілёўскім аддзеле Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны. Сама яна належала да філіяла ў Дрыбіне. На сродкі, дасланыя Таварыствам, яна арганізавала дзіцячы прытулак, а дакладней, інтэрнат для пакінутых сірот у Цімошкаве, а затым яшчэ адзін у Чарнавусах. Яна забяспечвала харчаваннем, адзеннем, жыллём і адукацыяй. Сама падрыхтавала план навучання і падала заяўку на польскія кнігі. Спачатку яна толькі кіравала работамі і вяла бухгалтарскі ўлік, але калі выхавацелька, скарыстаўшыся выпадкам, пакінула дзіцячы дом-інтэрнат, Хелена была таксама настаўніцай.
у 1920 г. выехала ў Вільню, працягвала прафесійную і дабрачынную дзейнасць, затым пераехала ў Кракаў, дзе працавала да 1933 г. Пазней удзельнічала ў шматлікіх арганізацыях: Федэрацыі жанчын з вышэйшай адукацыяй, Незалежным жаночым клубе, Жаночым грамадскім працоўным саюзе, падчас нямецкай акупацыі працавала ў Патранаце па догляду вязняў, у 1944 і 1945 гадах дапамагала перасяленцам з Варшавы.
Біяграфія Хелены Мацкевіч мяне ўражвае па некалькіх прычынах. Па-першае, ва ўсходняй Беларусі жыла адна з пер-шых фармацэўтак, грамадская дзеячка, якая марыла развіваць вёскі пад Мсціславам, зрабіць нешта добрае для сваёй малой радзімы, развіваць яе прыродныя багацці і мела ўсе інструменты, каб пабудаваць тут добрую фармацэў-тычную вытворчасць. Па-другое, Хелена Мацкевіч увесь час была ў руху, у нейкім аб’яднанні, увесь час змагалася за паляпшэнне лёсу чалавецтва, калі не атрымлівалося на сваёй малой радзіме, значыць, трэба было спрабаваць у іншым месцы, і яшчэ, і яшчэ, і гэтак да канца.
Думаю, што варта зберагчы яе нестомную працу ад забыцця і паспрабаваць выявіць іншыя схаваныя пярліны мінулага.
Вясной і летам хачу з’ездзіць у Чарнавусы і сфатаграфаваць яе малую радзіму. Выстава, з якой я пачала гэты артыкул “Аб чым гудуць бярозы?” паказала, што ад шляхецкага жыцця застаўся шолах бяроз, але ўсё адно хочацца прагуляцца сярод дзікіх лугоў, паглядзець на краявіды, дзеля якіх Хелена Мацкевіч стала фармацэўткай, і адчуць пах дзікарослых зёлак, якія могуць натхняць, і як аказваецца, вырашаць чыйсьці лёс ды канешне ж гаіць раны.
Бібліяграфія:
- Ewa Cherner: Wystawa w Mohylewie, https://www.dom-polski.org/pl/potomki-shlyaxty-v-mogileve.
- Jadwiga Sikorska-Klemensiewiczowa: Przebojem ku wiedzy, Ossolineum 1961.
- “Wspomnienia sprzed 70 laty” – wypowiedzi pierwszych w historii Uniwersytetu Jagiellonskiego kobiet – studentek i absolewentek uczelni. Janina Jasicka – byly sekretarz Komisji Historycznej – na temat problemow kobiet chcecych studiowac na uniwersytetach krajowych na przelomie XIX i XX w.; Helena Mackiewicz – byla studentka Wydzialu Farmacji UJ (1896 r.); dr Zofia Mastalerzowa – byla studentka Wydzialu Prawa UJ (1918 r.).
- Scholastyka Mackiewicz – wikipedia.
Магдалена Лаеўская.