Нарадзілася 21 снежня 1991 года ў Оршы. Скончыла філалагічны факультэт, магістратуру, аспіран-туру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Піша вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, перакладае. Друкавалася ў анталогіях “Дняпроўскія галасы – 60”, “Першацвет”, “Terra poetica”, “Мінск назаўжды: гарадскія апавяданні”, беларускай і замежнай літаратурнай перыёдыцы. Аўтар паэтычнага зборніка “Пад чароўным шкельцам” і зборніка перакладаў “Вецер у валасах”.
Першы снег
Я ізноў не веру вачам.
Кожны раз, больш за трыццаць зім.
Гэтай цішай – укрыцца нам,
Невідушчым, але жывым.
У знямозе прыльнуць да шкла,
І паверыць, што цуд ідзе,
Узгадаць, як зорка плыла
У расталай чужой вадзе.
Першы снег – новых думак бег,
Хочаш плач, а хочаш пішы,
…І вызвоньвае новы смех
На краі збалелай душы.
* * *
Кранаць валасы Каралевы
Не можа самотны Жабрак!
І ноччу, у кроплях залевы,
Адчуць вуснаў зваблівы смак.
…Праходзяць гадзіны і вёсны,
Ялею змываючы след…
Ды чэзнуць мядовыя косы
У сполахах зыркіх камет.
І пышнасць святочных парадаў,
І келіхаў велічны звон
Заменіць маўчанне прысадаў,
Што душы лякуюць спакон.
Ды толькі ў спальні прасветлай
Дрыжыць над паперай рука.
Дачка Каралевы прыветлай
Вачыма глядзіць Жабрака.
* * *
Сухі лісток у ліпеньскай траве –
Сівою пасмай у тваёй жанчыны,
Калі яна заплача без прычыны,
Календарам іх крылы абарве.
Ты ціха выйдзеш, будзеш каву піць
І прыгадаеш страчанае лета,
Калі яе вясёлкаю сагрэты,
Паабяцаў ніколі не зманіць.
* * *
Я баюся сценаў цёмнае кватэры,
Сцены помняць кадры, што хачу схаваць.
Калі рвецца сэрца, калі рвецца вера –
Немагчыма думаць, немагчыма спаць.
Я баюся цішы, што крадзецца зверам,
Што фіранкі рэжа кіпцюрамі мрой,
Калі ходзіць золак апраметна шэры,
Кожны дотык вуснаў назаўжды са мной.
Кожны дотык часу да маіх расстанняў,
Кожны дотык праўды да маёй ілжы.
Я хачу забыцца! Не спяшайся, ранне!
Я хачу застацца лёсу на мяжы.
* * *
Ты па срэбнай ідзеш траве,
Быццам рыцар забытай казкі,
А вакол цябе ноч плыве,
Пасмяротныя зняўшы маскі.
Чуеш ты нашых продкаў сны,
Чуеш бразгат варожай зброі,
І чакаеш сваёй вясны,
Каб зрабіцца былінным воем.
Каб адчуць ветру свіст тугі
І напіцца крывёй гарачай,
Акрапіўшы ёй берагі
На свабоду і на ўдачу.
І каб скрасці ўначы мяне,
Заблукаць у бары духмяным.
Не забудуся і ў труне
Тваіх вуснаў, каханнем п’яных.
Ты па срэбнай ідзеш траве
І нясеш у калчане стрэлы,
А вакол цябе свет жыве,
Неспазнаны, адвечна белы.
* * *
Мне страшна падумаць, што ён без мяне патоне
У свеце, дзе ёсць цемрашальства, вайна, мана.
І там на апошнім, на самым цяжкім перагоне,
Маімі вачыма сустрэне яго вясна…
І зеўрае пашчаю сіняя бездань адчаю,
А я не падам над абрывам яму рукі.
Самотную раніцу ў белым краі страчаю,
На сэрцы ізноў выразаю віны радкі.
…Няхай будзем плысці цяпер, як празрыстыя цені,
Забудземся подыхі, тахканне цёплай крыві.
Аголенай сутнасцю (душам – няма адзення).
Я выжыла, мілы. І ты без мяне – жыві.
* * *
Разбурай сябе, разбурай
Да слязы, маршчын, сівізны.
Дзе канчаецца небакрай,
Дзе трывожныя будзяць сны.
Забывай мяне, забывай,
Як далёкі ліхтар ўначы.
І цяпло чужым раздавай,
І чужым раздавай ключы.
Разлюбі мяне, разлюбі,
Як не зможа ні звер, ні час.
На руцэ маёй – галубы.
Не стае толькі светлых нас.
* * *
“Жыццё – бы сон”, – сказаў даўно мысляр.
І я жыву, як у падводных снах Няптуна.
Праз хвалі бачу восені пажар,
Праз хвалі чую, як глыбока стогнуць дзюны…
Хапае часам солі на вачах,
І невымоўна шэпчуць нешта сцены…
Мой сум павук у прадзіве качаў
І напаўняў атрутным болем вены.
А я жыву у бездані начэй,
Трывожны сон, дзяжурны смех, сяброў са сто.
І не хачу далей быць і хутчэй.
Каб толькі-толькі мне не ўпэцкацца ў нішто.
* * *
Груганы, груганы, груганы –
Той зімы небяспечныя сны…
Першы подых, і зоры ў вачах,
Вір крыві… і запознены страх.
…Не ляці ў бязлітасным сне
Да мяне на сівым гругане.
* * *
Напіся, Фрыда, так, каб зноў забыць,
Што ты была прыгожай і гарачай.
Напіся, Фрыда! Мёртвыя не плачуць,
Але душа стамлёная баліць.
Разбі свой келіх аб сыры граніт,
Парэж партрэты мастакоў вядомых.
Цяпер ты тут, у вечнасці, як дома,
А дзесьці баль раз’ятрана гучыць…
Напіся, Фрыда, райскага віна.
Але ж у пекле не нальюць, напэўна…
Цяпер у змрочнай прышласці адна,
А там была для соцень каралеўнай.
* * *
Шчаслівыя – умеюць добра спаць,
Не піць пігулак, не глядзець у столі,
Не думаць і хаўтурна не маўчаць,
Калі пражыты дзень у сэрца коле.
Шчаслівыя – умеюць сны зрываць
З пухнатых лапак шчодрага Прадрэва
І ў сне каханых цёпла цалаваць,
Калі рытмічна грукае залева
У вокны шчасця, поўныя святла,
Калі святло ўнутры даўно пагасла,
У слоіку – гуркі, у дзежцы – масла,
І Ганначка алей не разліла.
* * *
Тут кожны – чалавек да мозгу і касцей
І хоча проста піць, крычаць, прымаць гасцей,
Не думаць пра вайну і лагерны туман,
А проста гаварыць, глядзець, круціць раман.
Мясіць нагамі снег і пернікі дарыць,
І проста паміраць і нават проста жыць.
… Ды зноў гучыць метал, няма бядотам дна,
І чалавек ідзе праз бездань давідна…
* * *
Кахала аднойчы ў жыцці, а пасля гэтак выйшла:
Разбэрсаў вясновы парыў твайго лёсу вузлы.
І зноў аблятае журботна бялюткая вішня,
І зноў на чужыя вяселлі збіраюць сталы.
А хочацца верыць
прастору прасветленым сэрцам,
І зноў быць вясёлай, усмешлівай і гаваркой,
Калі кожны ўздых у сусвеце жывым адзавецца,
Калі можна грэцца ля чуйнай спагады людской.
Ідзеш скрозь дажджы, лістапады, шалёную замець
І ў сэрцы хаваеш спамін пра той сонечны час.
І грэе спамін, і лагодзіць, і горка крывавіць,
І белым крылом ахінае няскораных нас…
* * *
Абнуляюся да самых простых рэчаў:
Хлеба, масла, мёду, цішыні.
Укрываю цёплым шалем плечы,
І праходзяць у спакоі дні.
Толькі раптам нешта разбаліцца
Там, глыбока, дзе і я – не я.
І халодным болем б’е крыніца,
І палохае сляпая цішыня.
* * *
У адсутнасці надзеі і цяпла
Проста сціснуць ногі ў позе эмбрыёна,
І куды б далей дарога ні вяла –
Захінаюць ад няшчасцяў толькі клёны.
Па плячы далонькай пляснуць – і бывай,
І ідзі з вачыма слёз у свет шырокі,
І чужым спаміны шчасця аддавай,
І ўдыхай туман гаркавы, адзінокі.
Не чакай, не вер, не бойся, не прасі,
Бо сцяна халоднай восені упарта
Не пускае да цябе званкі, таксі
І такія колісь смешныя нам жарты…
* * *
Несці камусьці сваю прыгажосць,
Стомленую, някідкую,
І спадзявацца на неба мілосць –
Лёс я сабе не выткала.
Раз – і парвалася нітка так,
Што ўжо ніяк не звяжаш.
Болю багаж і пакут багаж…
Дзень новы, што мне скажаш?
* * *
Кожны можа быць мёртвым,
Нават калі жывы.
Надпіс на плітах сцёрты,
Подых сухой травы
Мне нагадаюць дзеда
Строгі пагляд з вышынь,
З продкамі паабедай,
Праўнук, унук і сын.
Я прынясу ў далонях
Пырскі таго святла,
Што на апошніх гонях
Поўня для іх ліла…
* * *
Ты па зорах ідзеш,
Апякаеш сляды,
Ты у марах жывеш,
А навокал – гады.
Серабраць табе скронь,
Ціха дыхаюць ў твар,
Бы шаманскі агонь,
Ведзьмін выкляты вар.
Ты не бачыш гады,
На плячах тваіх – снег,
Ты не чуеш бяды,
І струменіцца смех,
Бы крыштальны званок,
Бы халодны ручай.
Ты па зорах ідзеш,
Толькі ў сэрцы – адчай…
* * *
Мая зямля не вырасціць зярнят,
Мае сады не выспеляць пладоў,
Мая рака не прыме зарапад,
А будзе дыхаць у палоне льдоў.
І толькі рыбы мараць пра цябе,
Хапаюць ротам вострую блясну,
Каб ты цягнуў у восеньскай журбе
Мяне, як рыбу, у сваю вясну…
* * *
Вазьмі мяне, як сонца, у далонь,
Пакінь мяне, як здымак на буфеце.
Я – цёплы май і ледзяны агонь.
Я – толькі вецер,
Які бяжыць па восеньскай расе,
Кранае дах за доўгі дзень нагрэты…
І у маёй абрэзанай касе
Заснула лета.
КАЛЫХАНКА
Проста слухаць, як вецер ідзе па зямлі,
Проста доўга маўчаць, проста помніць пра маму…
І няхай твае ногі сплятуць кавылі,
Не даходзяць званкі, тлум і шум, тэлеграмы.
І няхай сніцца сон, запаветны, адзін,
Што пад сэрцам хаваеш ад позіркаў хіжых,
Хай убачыць яго і твой будучы сын,
І разлівы вясны, і пук сонейкаў рыжых.
Хай залечацца раны ад злых чараўніц,
Хай душу не кранаюць кіпчастыя ружы,
Хай той збудзецца сон ў промнях першых зарніц,
Хай надыдзе цяпло сярод вечнае сцюжы.