Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Каза, мядзведзь і калядная зорка

Каза, мядзведзь і калядная зорка

18 студзеня 2023, 10:38 Культура 9
Каза, мядзведзь і калядная зорка

Як калядуюць на Шчучыншчыне

Абрад “Калядкі” ў Шчучынскім раёне – даўняя традыцыя ў гонар заканчэння каляднага паста. Тутэйшыя людзі чакаюць калядоўшчыкаў, якія выконваюць калядныя песні і віншаванні. У кожнага з іх свой вобраз з адпаведным сэнсам. Да прыкладу, Каза сімвалізуе ўрадлівасць і багацце, а Мядзведзь – здароўе і сілу.

 Усіх калядоўшчыкаў суправаджае Зорка, асвятляючы шлях да дабра і святла.

 “Мы людзі няпростыя.

Нячаста ходзім, няшмат просім.

Усяго разок у гадок.

Просім гаспадароў добрымі быці, нас адарыці.

А мы вам за гэта паспяваем”

 

У кожнай хаце калядоўшчыкі распавядаюць гісторыю пра тое, што па дарозе да гаспадароў знайшлі козач-ку. Спрытная ж Каза круціцца, кланяецца і без ляноты, бадзёра і актыўна заводзіць польку, у якую залучае гаспадароў. Адмовіцца ад танцу проста немагчыма.

 У нейкі момант знясіленая танцамі Каза звыкла плюхаецца на зямлю. І тут настае момант, калі гаспадароў просяць падбадзёрыць і заматывавать “бедную” жывёлу.

А каб козачка ўстала, трэба ёй кусочак сала!

На кожны ражок – піражок!

А калі дасцё паляндвічкі,

то наша каза нап’ецца з крынічкі вадзічкі!

Каб год быў харошы, дайце казе грошай!

 

Кожны гаспадар імкнецца паважліва паставіцца да калядоўшчыкаў. І патроху частуе гасцей ласункамі са святочнага каляднага стала. І нават запрашае за стол. Але калядоўшчыкі ні на секунду не затрымоўваюцца і адпраўляюцца далей. “Ой, шмат нам яшчэ хат абыйсці”, – кажуць яны, хутка сыходзяць з двара і накіроўваюцца да іншых.

 Так, віншаванні з Калядамі атрымалі жыхары вёскі Гірдзеўка. І калядоўшчыкі перабіраюцца ў аграмястэчка Ракавічы. Адна, другая, трэцяя хата – усюды артысты ствараюць яшчэ больш святочны настрой.

На новае лета хай родзіцца жыта.

Шчодры вечар, багаты вечар!

Жыта, пшаніца, усякая пашніца.

Шчодры вечар, багаты вечар!

Дай табе Божа, ой, гаспадару,

Шчодры вечар, багаты вечар!

 

Запрасіўшы гасцей у хату, гаспадары Ірына і Віктар з задавальненнем слухаюць песні і частуюць калядоўшчыкаў. “Хоць і не чакалі, нечаканыя госці, але мы радыя, што вы прыйшлі”, – усміхаючыся, кажа Віктар. Яго жонка дадае: “Мы заўсёды радыя гасцям! Тым больш я – клубны працаўнік, больш за 10 гадоў у сферы, таму як не запрасіць. Настрой нам стварылі”.

 – Усе аграмястэчкі мы наведваем кожны год, у аддаленыя населеныя пункты зазіраем трохі радзей: раз у два гады. Бываем не толькі на праваслаўныя Каляды, але і на каталіцкія. Дзяцей таксама бяром з сабой, у іх свае ролі. Ідзём заўсёды з песнямі. Усе яны ад нашага народнага калектыва, ад старэйшага пакалення. Яны ўжо людзі залатога ўзросту, з намі ім цяжка хадзіць, але ўсе традыцыі, як яны калісьці калядавалі, мы перанялі, – падзялілася загадчыца аддзела культуры і вольнага часу Ракавіцкага дома культуры Жана Рыбак.

 БЕЛТА.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!

7 красавіка 2021, 00:3517
Вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

26 кастрычніка 2018, 08:4517
Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
літаратура

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд

19 верасня 2023, 22:4117
Абраду „Ваджэнне Сулы” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Культура

Абраду „Ваджэнне Сулы” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

11 красавіка 2019, 11:0517
Далучайцеся да нас