Калі раптоўна сыходзяць з жыцця блізкія сябры, гэта жахліва… Вось ён, сябар, учора быў, размаўляў з та-бой, а сёння яго няма. Няма такога знаёмага, амаль роднага, голасу, яскравых разумных вачэй, усмешкі… І ты ходзіш ніякі і не ведаеш, што рабіць з гэтай пустэчай, якая ўтварылася ў цябе ўнутры, і думаеш, як жа жыць далей… Напэўна, таму і праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці памерлых сяброў, – каб іх блізкія людзі, якія застаюцца пакуль што на гэтым свеце, маглі падзяліцца адзін з адным сваім болем, успамінамі – такімі светлымі і адначасова сумнымі…
Ідэя правесці мерапрыемства памяці Сержа Мінскевіча, які заўчасна пакінуў гэты свет 8 чэрвеня 2022 года ва ўзросце ўсяго пяцідзесяці трох гадоў, узнікла ў ягоных сяброў з літаратурнга клуба “Экватар” амаль адразу. Хацелі зрабіць імпрэзу да сарака дзён са дня смерці Сержа. Але ідэя гэтая падтрымкі ў Менскай бібліятэчнай супольнасці не атрымала. Таму кіраўнік “Экватара” пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут ініцыяваў у сярэдзіне ліпеня правядзенне “Марафону выказванняў” у сацыяльнай сетцы Facebook, прысвечанага памяці Сержа Мінскевіча. І марафон той быў паспяхова праведзены: людзі размясцілі шмат памятных фота, напісалі многа цёплых словаў і ўспамінаў пра Сержа.
Аднак у памяць такога чалавека, як Серж Мінскевіч усё ж такі было патрэбна правядзенне больш маштабнага мерапрыемства. І Вячаслаў Корбут звярнуўся з адпаведнай прапановай да загадчыка аддзела ўзаемадзеяння літаратур Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Мікалая Мікуліча. У гэтым аддзеле доўгія гады працаваў Серж Мінскевіч, а Мікола Мікуліч быў ягоным непасрэдным начальнікам. Дык вось, спадары Мікуліч і Корбут дамовіліся правесці сумесна імпрэзу памяці Сержа, аб’яднаўшы пад адным “дахам” і навукоўцаў, і пісьменнікаў. Спадар Мікуліч атрымаў у свайго кіраўніцтва дазвол на мерапрыемства, а па ягонай даце раіліся ўжо з удавой пайшоўшага ў лепшы свет пісьменніка – перакладчыцай і літаратаркай Вольгай Разумавай. У выніку, было абрана 8 снежня 2022 года – менавіта туды прыпадала роўна паўгады з дня смерці Сержа. Назвай імпрэзы стала цытата з твора Сержа Мінскевіча: “Мой разбіўся анёл…”
Падрыхтоўка была доўгая і сур’ёзная. І, як гэта кажуць у такіх выпадках, усе зрабілі ўсё, што маглі. У выніку, увечары 8 снежня ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа сабралася вельмі шмат людзей: пісьменнікаў, навукоўцаў, журналістаў, аматараў літаратуры і мастацтва, моладзі… Як зазначылі тады супрацоўнікі навуковай бібліятэкі, іхнія сцены даўно не бачылі столькі народу, калі ўвогуле столькі бачылі калі-небудзь…
Асобна хочацца сказаць пра файнае афармленне залы інфармацыйна-выставачнага цэнтра, дзе адбывалася імпрэза. Адразу пры ўваходзе прыйшоўшыя на мерапрыемства бачылі вялікі экран з партрэтам Сержа Мінскевіча – з гэтай ягонай добрай, шчырай усмешкай. З’яўлялася ўражанне, што Серж нібыта вітае ўсіх, хто завітаў яго ўспомніць… Увагу прыцягвала таксама выстава пад назвай: “Серж Мінскевіч – навуковец, паэт, перакладчык, пісьменнік для дарослых і дзяцей”. Там можна было пабачыць шматлікія мастацкія кнігі Сержа, тамы ягоных перакладаў, а таксама перыядычныя выданні, дзе ён друкаваў свае творы: часопісы, калектыўныя зборнікі, альманахі…
І вось імпрэза пачалася. Распачаў яе кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела ўзаемадзеяння літаратур Мікола Мікуліч. Ён стаў адным з вядоўцаў памінальнай імпрэзы. Забягаючы наперад, зазаначым, што вядоўцаў было двое. Але ўсё па-парадку.
– Вось ужо паўгады, як няма на свеце нашага Сержа…, – ледзь стрымліваючы слёзы, прамовіў спадар Мікалай. А далей ён распавёў прысутным, якім цудоўным чалавекам быў Серж Мінскевіч: добрым, спагадлівым, чуллівым, гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу калегам. І – вельмі таленавітым, прычым у розных галінах. Цяжка знайсці чалавека, так багата адоранага талентамі. Сяржук з’яўляўся выдатным навукоўцам, кандыдатам філалагічных навук. Рыхтаваў да абароны доктарскую дысертацыю. Нажаль, не абароніць яе ўжо ніколі. Серж пісаў творы для дзяцей і дарослых, быў выбітным перакладчыкам (адзін толькі пераклад паэмы “Дзяды” Адама Міцкевіча чаго каштуе (!)). Як бард, вельмі таленавіта выконваў свае аўтарскія песні пад гітару. А апошнім часам пісаў не-рэальна прыгожую касмічную музыку… Канешне, спадар Мікола Мікуліч, як ніхто, добра ведаў Сержа, бо быў ягоным непасрэдным начальнікам. Так, менавіта ў аддзе-ле ўзаемадзеяння літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доўгія гады працаваў Серж Мінскевіч…
Ад пісьменніцкага цэху першым выступаў Мэтр беларускай паэзіі Леанід Дранько-Майсюк. Спадар Леанід зазначыў, што такія яркія і таленавітыя людзі, як Серж Мінскевіч, робяць наш Сусвет прыгожым і ясным, даюць людзям спадзеў на лепшую будучыню. А Сяржук быў да людзей шчодрым: нікому не шкадаваў даць майстар-клас, ці выступіць у невялічкай правінцыйнай школцы без усялякага ганарару, ці знайсці час і паехаць дастаткова далёка ад сталіцы, каб памянуць памерлага сябра…
З асобым пачуццём Леанід Дранько-Майсюк распавядаў пра сваю рэакцыю на ўзнікненне і далейшую дзейнасць Бум-Бам-Літа, гэтага авангардысцкага літаратурнага руху, узнікшага ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ ста-годдзя, у якім Серж Мінскевіч прымаў самы актыўны ўдзел – разам са Зміцерам Вішнёвым, Іллём Сінам, Юрасём Барысевічам, Алесем Туровічам і іншымі маладымі тады пісьменнікамі. Леанід Дранько-Майсюк зазначыў, што Бум-Бам-Літ – гэта было вельмі правакацыйна, але адначасова і вельмі таленавіта, смела. Спадар Леанід успамінаў перформансы, якія ладзіў ў тыя часы Бум-Бам-Літ, асабліва адзін з іх, які прайшоў аднойчы восенню, дзе падчас чытання вершаў з балкона шаноўнага Дома літаратара рассыпалі вялізную колькасць восеньскай лістоты. О, як жа потым лаяліся прыбіральшчыцы, што працавалі тады на Фрунзе, 5!..
І канешне, у выкананні шаноўнага Леаніда Дранько-Майсюка прысутныя пачулі нізку ягоных лірычных вершаў у прыгожым аўтарскім выкананні.
Кандыдат філалагічных навук, педагог Ігар Шаладонаў распавёў сабраўшымся пра тое, што пазнаёміўся з Сержам Мінскевічам яшчэ падчас сваёй працы ў школе. І – пачаў запрашаць Сержа выступіць перад вучнямі. Дарэчы, дзецям новы выступоўца спадабаўся настолькі, што яны зноў і зноў прасілі свайго настаўніка запрасіць да іх Сержа Мінскевіча.
Спадар Шаладонаў зазначыў, што Серж быў сонечным чалавекам, ад яго людзі літаральна зараджаліся станоўчай, пазітыўнай жыццёвай энэргіяй. Шаноўны спадар Мінскевіч быў вельмі таленавітым пісьменнікам, навукоўцам, бардам. А яшчэ – выключна цікавым суразмоўцам, з якім можна было гадзінамі з цікаўнасцю размаўляць на самыя розныя тэмы. Надта шкада такога выдатнага сябра і чалавека… Вельмі рана ён пакінуў гэты свет.
Далей мікрафон вядоўцы памінальнай вечарыны перайшоў да блізкага сябра Сержа Мінскевіча – пісьменніка і журналіста, кіраўніка літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслава Корбута. Нічога дзіўнага ў тым няма, што Вячаслаў таксама стаў вядоўцам гэтай імпрэзы, бо сябраваў ён з Сержам звыш трыццаці гадоў…
Падчас свайго вядоўства спадар Корбут не толькі прадстаўляў выступоўцаў, якія дзяліліся ўспамінамі пра Сержа Мінскевіча, але і сам распавядаў пра яго розныя цікавыя рэчы. Так, прысутныя даведаліся, што і Вячаслаў, і Серж былі заўзятымі аматарамі футболу. Яны прысвячалі гэтаму віду спорта пэўны час і нават гулялі самі – на самых розных пляцоўках. Серж і Вячаслаў часцяком разам глядзелі матчы любімых сусветна знакамітых каманд і заўзелі за сваіх любімцаў. Серж Мінскевіч быў знатаком футболу. Ён нават напісаў (па заказе) таўсценную кнігу, прысвечаную сусветна знакамітаму футбалісту Раналду. На працягу імпрэзы Вячаслаў ставіў электронныя музычныя кампазіцыі, напісаныя Сержам. І канешне, спадар Корбут не мог не прачытаць свой верш пад назвай “Памяці Сержа Мінскевіча”:
Ты на беразе тым, дзе маўчаць
Навальніц беларускіх грамы,
І не будзе парома, бо час
Вір бяды нечаканай той змыў.
Ты мне ўжо не паціснеш руку,
Не пахвалішся кніжкай, паэт,
Не прамоўлю свайму сябруку:
“Спраўна як пераклаў ты санет!”
Спіць гітара твая – у кутку,
Струн яе не кранецца рука,
Песні помніць яна па радку
Свайго барда, свайго Сержука!
Нёс шмат радасці, столькі святла,
Твае словы краналі заўжды,
Твая муза ж у мроях жыла,
З ёю ў сэрцы ты быў малады!
Недзе зорка ў нябёсах твая
Больш ярчэй запалала ўначы –
Для касмічных мелодый маяк,
І не прагне яна на спачын.
Ты на беразе тым, дзе вясна
У бясконцых сюжэтах часоў…
Ці мы зможам іх сэнсы спазнаць?
І жыццё – гэта праўда ці сон?
Пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская распавяла прысутным, што блізка сябравала з Сержам Мінскевічам каля дваццаці гадоў. За некалькі дзён да сваёй раптоўнай смерці Серж даслаў ёй ліст па электороннай пошце, у якім паведаміў, што хоча напісаць артыкул пра Інгіну кнігу перакладаў “Гучы, маё сэрца, гучы…” Завязалася перапіска. Інга выканала ўсе патрабаванні Сержа па падрыхтоўцы матэрыялаў для будучага артыкула. Апошні ліст ад свайго сябра яна атрымала сёмага чэрвеня бягучага года, а восьмага ён раптоўна сышоў з жыцця…
У памяць Сержа Мінскевіча Інга Вінарская прачытала прысвечаны менавіта яму “Сяброўскі верш”… А потым спадарыня паведаміла, што практычна кожны год друкавала творы Сержа ў альманаху “Літаратурны экватар” і працягне гэта рабіць і пасля смерці сябра-пісьменніка. На адной з альманахаўскіх публікацый Сержа Мінскевіча Інга Вінарская спынілася асобна: на падборцы перакладаў раней невядомых санетаў Адама Міцкевіча (24.ХІІ.1798 – 26.ХІ.1855), якія Серж Мінскевіч пераклаў на беларускую мову да 220-годдзя з дня нараджэння славутага класіка (адзначалася ў 2018 годзе). Падборка гэтых санетаў была надрукавана ў альманаху “Літаратурны экватар” № 7 за 2018 год (арыгіналы і пераклады). Адзін з перакладаў тых санетаў пад назвай “Да Лауры” Інга Вінарская прачытала прысутным:
Ледзь на цябе зірнуў і – я адчуў – палаю,
Ці бачыў дзесь? – гадаў па дзіўных тых вачах;
Адказам быў румянец твой – так у садах
Бясхмарны ранак персі ружы асвятляе.
Спеў пачала – адчуў я, што сляза спадае,
Твой голас поўніў сэрца ў самых закутках;
Анёл душу, здалося, зваў з сабой у шлях,
І празваніў збавення міг гадзіннік раю.
Хай любыя мне вочы згубяць непакой
І ўспыхваюць, калі іх позіркам узрушу;
Хоць не даюць мне лёс і людзі быць з табой,
І я ўцякаць з каханнем безнадзейным мушу.
Хай іншага адорыш ты сваёй рукой,
Прызнай, што Бог злучыў у шлюбе нашы душы…
Паэтка, пісьменніца, навукоўца Таццяна Барысюк зазначыла, што працавала разам з Сержам Мінскевічам каля дваццаці год – у аддзеле ўзаемадзеяння літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Таня добра ведала Сержука, яна сябравала з ім. Спадарыня прадэманстравала сабраўшымся дзве пачатковыя самвыдатаўскія рукапісныя кнігі Сержа Мінскевіча, сказаўшы, што гэта ягоны ёй падарунак і што больш такіх кніжак ні ў кога няма. Што тут скажаш – сапраўдны рарытэт…
Спадарыня Таццяна падзялілася з прысутнымі некаторымі сваімі ўспамінамі пра Сержа Мінскевіча, і ўспаміны гэтыя часам былі часам сур’ёзныя, а часам і кур’ёзныя, што выклікала жывую рэакцыю залы. Між іншым, прозвішча “Мінскевіч” Сержу параіла ўзяць менавіта Таццяна Барысюк (прычым, ва ўсіх афіцыйных дакументах).
Працягваючы тэму альманаха “Літаратурны экватар”, якую распачала Інга Вінарская, Таццяна Барысюк паведаміла, што ў новым нумары выдання за 2022 год будзе надрукавана яе даўняе інтэрв’ю з Сержам Мінскевічам пад назвай “Поўная прыгод эпоха”. Інтэрв’ю гэтае было зроблена з нагоды выхаду ў свет у 2008 годзе Сержавай кнігі “Я з Бум-Бам-Літу”. І вось невялічкая з яго цытата – на тэму таго, што сам Серж Мінскевіч гаворыць пра гэты накірунак беларускай літаратуры: “Бум-Бам-Літ – гэта рух… Гэта плынь, хваля, можна ўзяць аналогію з радыёхваляй, якая аднойчы згенераваная, бясконца вандруе па Сусвеце. Калі творчую дзейнасць чалавека можна дзяліць на яго асабістыя эпохі, то мой удзел у Бум-Бам-Ліце – гэта выдатная, поўная прыгод і творчай энергіі эпоха – скарб задумак, асацыяцый, назіранняў. У маёй кнізе “Я з Бум-Бам-Літа” гэта адлюстравана…”
Паэт Зміцер Захарэвіч быў не проста блізкім сябрам Сержа Мінскевіча, ён быў яго бліжэйшым суседам. О, гэтыя мужчыны, што жывуць на ўскрайку беларускай сталіцы, недалёка ад станцыі метро “Магілёўская”… Некалі ў 80-я гады мінулага стагоддзя гэты раён будавалі спецыялісты, што прыехалі аднекуль з Сібіры ці яшчэ далей. Таму і вуліцы там маюць адпаведныя назвы: Ангарская, Ілімская, Іркуцкая, Байкальская і інш. А яшчэ там недалёка лес. Ён нібыта абступае гэтыя вуліцы з паўночнымі назвамі. І тамашнія мужчыны ўсё ж такі маюць у сабе нешта ваўчынае ці мядзведжае: у позірках, у рухах… А можа, так толькі здаецца. Што ж тычыцца нашых паэтаў, то ўсе яны, канешне, інтылігентныя, ветлівыя і добра выхаваныя людзі…
У гонар свайго добрага сябра і суседа Сержа Мінскевіча Зміцер Захарэвіч прачытаў глыбока філасофскі верш на тэму смерці і жыцця ў прыродзе, прысвечаны кругазвароту рэчаў і бясконцасці быцця:
Чарговае замкнецца кола,
Як ляжа навагодні снег
На ўплодненае ўвосень поле
І плугам абмінуты ўзрэх.
А недасягнутыя мэты
З усімі, што пад крыж пайшлі,
Нібыта застануцца ў летась
Навек. Ды зернейкі з зямлі,
Цяпер сумётамі накрытай,
Насустрач збаўніцы вясне
Паўстануць рунню, як з нябыту,
Буяннем зваяваўшы смерць.
Злучыўшы будучынь з учора,
Расквецяць парасткі прасцяг
І кола часу ператвораць
У знак бясконцасці быцця,
Якое праўдаю азімых
Жывым сцвярджае, што таму
Бясследна ў цемрадзі не згінуць,
Хто шчодра засяваў раллю.
Паэт, пісьменнік, кнігавыдавец, грамадскі дзяяч Міхась Башура таксама быў даўнім сябрам Сержа Мінскевіча. Міхась паведаміў, што вельмі любіў сустракацца з Сержам за кубкам кавы ці гарбаты і размаўляць на самыя розныя тэмы, прычым сустрэчы гэтыя адбываліся як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Перыядычна яны нават ладзілі разам з Сержуком пэўныя сумесныя культуралагічныя праекты. У памяць сябра Міхась Башура прачытаў свой верш без назвы, які насамрэч мае чатыры назвы: “Снег у сне, ці сонны снег, сон у снезе, ці снежны сон”. Вельмі актуальным аказаўся той верш для 8 снежня 2022 года, бо ў беларускай сталіцы ў гэты дзень панавала сапраўдная зіма з вялікай колькасцю снегу і сапраўднымі маразамі.
Снег, снег, снег,
снег –
Ляжыць навокал брудны
снег.
Снег, снег, снег…
след –
На чорным снезе белы
след.
Снег, снег, снег…
смех –
На вушы цісне злосны
смех.
Снег, снег, снег…
стогн –
Душу шматкуе сіплы
стогн.
Снег, снег, снег…
слон –
На стол падобны руды
слон.
Снег, снег, снег…
сон –
Рыпучы снег засыпаў
сон.
Напрыканцы імпрэзы выступаў паэт, мастак, бард Кірыл Бандзерс. Па ўласных словах Кірыла, ён не быў доўга знаёмы з Сержам Мінскевічам – пэўную колькасць разоў сустракаўся з ім на канцэртах ды імпрэзах літаратурнга клуба “Экватар”. Але Серж пакінуў у Кірыла вель-мі прыемнае ўражанне, як чалавек адукаваны, талерантны і вельмі таленавіты. У гонар Сержа Мінскевіча Кірыл Бандзерс выканаў пад гітару некалькі сваіх песень. Адна з іх – алегарычная: пра мех… Так, пра той жыццёвы мех, які кожны з нас цягне перад сабой. І толькі сам чалавек вырашае, якім ён будзе, гэты ягоны мех…
я нясу вялікі мех
стомлены яго цягаць
неяк высыпаць на снег
вузел мне не развязаць
высыпаць і пойдзе пыл
мо атросшы рукі кінуць
толькі шэрагі магіл
хто на тым шляху загінуў
пыл вятрамі разнясе
іншым запарушыць вочы
і глядзі другі нясе
днём і ноччу днём і ноччу
прапаную памаўчаць
пакуль кропка многа косак
я не проста тут тырчаў
хоць не важыць мой унёсак
я нясу вялікі мех.
Да слова сказаць, гэта вельмі добра, што ў той вечар 8 снежня гучала жывая музыка і малады хлопец спяваў пад гітару свае песні. Некалі такім маладым хлопцам з гітарай быў і сам Серж…
Канешне, у адным артыкуле падрабязна расказаць пра ўсіх выступоўцаў вечарыны памяці Сержа Мінскевіча проста немагчыма. Тут мы ўзгадалі, добра, калі чацвёртую іх частку ці, увогуле, – пятую. Калі распавядаць пра Сержаву імпрэзу падрабязна, то патрэбна мо пяць такіх артыкулаў, калі не больш. Але мы лічым сваім абавязкам хаця б назваць імёны выступоўцаў памінальнай імпрэзы, а таксама дадаць да іх імёны тых, хто мог бы яшчэ выступіць, але часу папросту не хапіла, бо тры гадзіны – гэта, як высветлілася, вельмі мала для мерапрыемства такога ўзроўню.
Дык вось, яшчэ ўспамінамі і сваімі мастацкімі творамі ў той вечар дзяліліся: паэт, пісьменнік, навуковец, журналіст Ілля Сін; пісьменнік Юрась Барысевіч; пісьменнік, навуковец Анатоль Трафімчык; літаратар Павел Касцюкевіч; паэтка, пісьменніца, перакладчыца, журналістка Марыя Мартысевіч; пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; паэт, пісьменнік Алесь Гібок-Гібкоўскі; пісьменніца, рэдактарка выдавецтва “Мастацкая літаратура” Аксана Спрынчан. З боку навукоўцаў слова мелі таксама Жана Шаладонава, Вольга Панасіна і іншыя супрацоўнікі НАН Беларусі. Выступаў музыкант Андрэй Дудко (запісваў музыку разам з Сержам Мінскевічам).
На імпрэзе прысутнічалі пісьменнікі: Таццяна Пратасевіч, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Глеб Ганчароў, Міхаіл Баранчык, Ксенія Ермілава, Вячаслаў Данілаў, Клаўдзія Максімава, Алесь Адамовіч і іншыя.
Вечарына прайшла літаральна на адным дыханні. І безумоўна, яна запомніцца беларускай культурнай супольнасці, як адна з самых яркіх літаратурных падзей 2022 года.
Інга Вінарская,
Зміцер Захарэвіч.