Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек”

“Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек”

21 снежня 2022, 07:21 Грамадства 47
“Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек”

Так казаў этнограф, фалькларыст і краязнавец, сябар Віленскага таварыства сяброў навукі, член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі Навук Вандалін Шукевіч (1852-1919) з Лідчыны, якому 10 снежня споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння.

Знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч Вандалін Шукевіч нарадзіўся ў 1852 годзе ў маёнтку каля вёскі Нача на Лідчыне. У гэты час зусім недалёка ад Начы, у маёнтку Шаўры, яшчэ працаваў вялікі гісторык гістарычнай Літвы Тэадор Нарбут. Верагодна, само паветра гэтых мясцін – сэрца старадаўняй Літвы – нарадзіла ў абодвух даследчыках вялікае замілаванне да гісторыі роднага краю, якое вылілася ў шматгадовую апантаную даследчыцкую працу. Вандалін Шукевіч у польскай і беларускай літаратуры вядомы перш за ўсё як даследчык старажытнасці. Амаль чвэрць стагоддзя праводзіў раскопкі на любімым лапіку зямлі, вывучаў шматлікія месцы амаль усіх культур старажытнасці і сярэднявечча, якія развіваліся на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Паміж 1884 і 1894 гадамі Вандалін Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях – усяго 120 пахаванняў у 8 магільніках. Напрыклад, каля Начы, на палях ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых – разнастайныя бронзавыя ўпрыгожванні: пярсцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні і шмат іншага. Археалогія стала галоўным захапленнем Вандаліна Шукевіча. Завязаліся знаёмствы з шырокавядомымі вучонымі: Зыгмунтам Глогерам і Эразмам Маеўскім з Варшавы, а таксама перапіска з дацэнтам Уладзімірам Дземетрыкевічам з Кракава, з прафесарамі-археолагамі з Пецярбурга. Пасля ІX археалагічнага з’езда, які адбыўся ў 1893 годзе ў Вільні, Вандалін Шукевіч наладзіў перапіску і абменьваўся публікацыямі з Маскоўскім археалагічным таварыствам, быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтага таварыства. Восенню 1903 года Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Трокскі, Лідскі і Радунскі замкі. Вучоны справядліва заўважаў, што “для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне”. Яго археалагічная дзейнасць і па сённяшні дзень не страціла свайго значэння, таму што ён запоўніў тую пустату, якая ўтварылася пасля задушэння студзеньскага паўстання, закрыцця Археалагічнай камісіі і музея старажытнасці ў Вільні, якія заснаваў і якімі кіраваў Яўстахій Тышкевіч (1814 – 1878).

Разам з навуковай дзейнасцю старанна займаўся грамадскай працай сярод жыхароў навакольных вёсак. У Начы арганізаваў кааператыў і краму, а таксама стварыў земляробчы гурток з мэтай павышэння ўзроўню сельскай гаспадаркі. Часта за ўласныя грошы выпісваў новае, лепшае насенне збожжа, буракоў і бульбы, якое раздаваў сялянам на выпрабаванне. Калі ўраджай быў добры, сяляне прыходзілі да Шукевіча з просьбай, каб больш замовіў такога добрага насення і за яго плацілі. Па прапанове Віленскага земляробчага таварыства арганізаваў пяць даследчых палеткаў для выпрабавання штучных угнаенняў і новых гатункаў бульбы і аўсу. Эксперымент удаўся.

Пра жыццё і дзейнасць Вандаліна Шукевіча добрую кніжку напісаў лідскі гісторык і краязнавец Леанід Лаўрэш. Яна выйшла з друку ў Менску ў серыі “100 выдатных дзеячаў” у 2014 годзе.

Аксана Шпак.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Дзень 2
Культура

XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Дзень 2

14 чэрвеня 2026, 09:0414
БНР не атрымалася, бо ў Беларусі не аказалася беларусаў
Грамадства

БНР не атрымалася, бо ў Беларусі не аказалася беларусаў

22 сакавіка 2019, 15:4814
Тракелі запрашаюць на Дзень таты!
Грамадства

Тракелі запрашаюць на Дзень таты!

30 мая 2023, 20:2114
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4913
Далучайцеся да нас