26 лістапада памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Памёр чалавек, які ўсё жыццё, колькі мог, падтрымліваў беларускую мову.
Уладзімір Уладзіміравіч Макей нарадзіўся ў 1958 годзе ў Гарадзенскай вобласці.
У 1980 годзе скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, у 1993 годзе – дыпламатычную акадэмію МЗС Аўстрыі.
У 1980-1993 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР, Беларусі. Быў палкоўнікам запасу. У 1993-1995 гадах – трэці сакратар упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другі сакратар аддзела аналізу і прагназавання, другі сакратар Сакратарыята міністра МЗС Беларусі. У 1995-1996 гадах – намеснік начальніка службы дзяржаўнага пратаколу МЗС. У 1996-1999 гадах – прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Савеце Еўропы, дарадца пасольства Беларусі ў Францыі. У 1999-2000 гадах – начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі. У 2000-2008 гадах – памочнік Прэзідэнта Беларусі. У 2008-2012 гадах – кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
З 22 жніўня 2012 года Уладзімір Макей займаў пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Меў дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла.
Менавіта Уладзімір Макей быў архітэктарам “мяккай лібералізацыі” (яе яшчэ называюць “мяккай беларусізацыяй”) 2015-2019 гадоў. Прысвечаная Васілю Быкаву выстава ў МЗС (з сумесным з пісьменнікам фотаздымкам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, між іншым), чытанне вершаў Купалы там жа, крамы з нацыянальнай сімволікай у Менску і ў іншых гарадах, канцэрты і многае іншае, што сёння ўспрымаецца як сон. Пры ім пачынаўся трэнд на прасоўванне беларушчыны. Улады таксама пачалі гаварыць пра беларускую мову, традыцыі. Уладзімір Макей выходзіў у свет у вышыванцы.
“Вышыванка для нас – гэта нацыянальны сімвал. Арнамент гэтай кашулі ніколі не прапаведаваў гвалт і зло, а, наадварот, прапаведаваў мір, дабро і спакой. Ён адпавядае менталітэту беларускага народа, яго душы”, – казаў ён у 2017 годзе.З якімі высілкамі гэта рабілася – можна толькі здагадвацца, сёння гэта не робіцца, і за такое адпраўляюць пад суд. Мы былі б неаб’ектыўнымі і несум-леннымі, калі б выкраслілі гэта.
Не выкрасліць і тое, што менавіта Уладзімір Макей выратаваў ад закрыцця ТБМ недзе ў 2010 ці 2011 годзе, калі чарговы фінансавы крызіс дастаў ТБМ так, што ўтварылася вялікая запазычанасць за сядзібу і стала рэальнай пагроза высялення. Кіраўніцтва ТБМ расстаралася на грант ад пасольства ЗША, але “рогам упёрся” Дэпартамент па гуманітарнай дапамозе. Не – і ўсё. Кіраўнікі ТБМ звярнуліся да Макея, і ён, будучы кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, сумеў падпісаць патрэб-ную паперу ў кіраўніка краіны.
– Ну і ворагі ў вас, – сказаў тады Уладзімір Уладзіміравіч. – Я і то ледзьве сумеў справіцца.
Грант быў атрыманы. ТБМ прадоўжыла працу.
Наступны раз Уладзімір Макей аказаў чынную дапамогу ТБМ пры рэгістрацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Садзейнічаў у атрыманні ўніверсітэтам ліцэнзіі, але тут справа пайшла цяжэй. Сказаў, што трэба пачакаць, пакуль зменіцца міністр адукацыі.
Да палітычнага крызісу 2020 года Макей падкрэсліваў, што Беларусь настроена на шматвектарнасць знешняй палітыкі. У 2014 годзе, гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, ён настойваў на тым, што “калі гінуць людзі, трэба садзіцца разам за стол і дамаўляцца”.
Уладзімір Макей быў патрыётам Беларусі. Ён служыў гэтай краіне, з якой быў звязаны не толькім вайсковай прысягай, але і шчырай любоўю.
У 2020 годзе Уладзімір Макей застаўся верным прысязе, застаўся на баку дзяржавы. Ён выдатна разумеў, якое ліха на нас насоўваецца, і, што мог, рабіў, каб гэтае ліха стрымаць, зменшыць. У тым была яго праўда.
З гэтай праўдай – праўдай патрыёта і дзяржаўніка – ён і пайшоў ад нас.
Мяккай зямлі і светлага неба!.