20 лістапада 2022 года ў сталічнай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Менскі літаратурны клуб “Экватар” праводзіў літаратурна-музычную сустрэчу сяброў суполкі пад назвай “Лістападаўскі мост, перадзім’е, накцюрн…”. Вядоўцай імпрэзы стала паэтка, пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская. Спадарыня Вінарская зазначыла, што неяк раптоўна ў лістападзе гэтага года ў Беларусі пачалася зіма са снегам і маразамі. Усё вакол скавала літаральна за пару дзён, і цяпер гэта ўжо не зусім перадзім’е, мяркуючы па надвор’і… А прыйшлі ў бібліятэку Талстога на імпрэзу “Экватара” 20 лістапада толькі самыя стойкія сябры і прыхільнікі суполкі, бо далёка не ўсе добра перанеслі та-кую рэзкую змену тэмператур.
Інга распавяла пра падрыхтоўку да друку новага нумара альманаха “Літаратурны экватар” № 11 (13), які павінны ўбачыць свет напрыканцы 2022 года, а потым прачытала перад прысутнымі некалькі вершаў са сваёй новай альманахаўскай падборкі – у аўтарскім перакладзе на беларускую мову. Сярод іх быў і гэты твор на тэму кахання:
Прымі мяне цяпер, як немінучасць.
Не – лепш як безвыходнасць ты прымі.
Хаця, якая ж тут любві гаючасць –
Паміж інтрыг і дробнай валтузні?..
Ды з думак не сыйду бездапаможна –
Тваіх, са слоў, з хлусні той нават я.
Шалееш ты, мой ранні спадарожнік?..
Ў падмогу клічаш зграю гругання…
А што варонам трэба? Плёткі, сваркі –
Брыдота корміць птушак чорных тых.
Для іх будуеш планы ў тэрмін шпарка,
Каб веяк не пабачыць больш маіх,
Вачэй і рук, і скуры белай тонкай…
Наіўны, ты прапаў зусім ужо.
Не зразумеў, мажліва, гэта звонку, –
Бо тэмы без навукі мкнуць мяжой?..
Што ж, намагайся. Выйграе мастацтва,
Бо столькі вершаў, песень, і ўсяго…
Крычыш, каб стала пуста мне знянацку,
Ды позірку тут хопіць аднаго,
Каб полымю ўзгарэцца ярка гэтак,
Каб свет палаў – ля ўсіх сваіх асноў!..
Ты любіш, мілы, дзеўчыну-паэта.
Знай: гэта ёсць бясконцая любоў!..
Сапраўдным падарункам стала для прысутных выступленне опернага спявака, паэта, пісьменніка Дзмітрыя Марозава, які ў кастрычніку бягучага года адзначыў, між іншым, 85-гадовы (!) юбілей. Але, нягледзячы на такі шаноўны ўзрост, Дзмітрый Максімавіч заўсёды ў шыхце. Ён мае аграменны досвед выступленняў, назапашаны за жыццё. Іх была ў спадара Марозава, пэўна, не адна сотня. Прычым, перад самымі рознымі аўдыторыямі, у вялікіх і не вельмі залах. Але да кожнага са сваіх выступленняў Дзмітрый Максімавіч рыхтуецца загадзя, вельмі сур’ёзна і ўдумліва. Не стала выключэннем і імпрэза “Экватара” 20 лістапада. Прысутныя пачулі ў выкананні спадара Марозава тры музычныя творы, выкананыя майстрам сцэны ягоным глыбокім густым басам: беларускую народную песню “Зімушка”, раманс “Лес” (словы Якуба Коласа, музыка Юрыя Семянякі) і песню ў тэму бягучай пары года “Осенние листья” (словы Марка Лісянскага, музыка Барыса Макравусава). Сабраныя ў зале жанчыны з задавальненнем падпявалі спеваку падчас выканання ім трэцяга музычнага твора.
Сярод актыўна падпяваўшых была і Ксенія Ярмілава, прыгожая мініяцюрная жанчына і таленавітая паэтка. Яна сваім мілагучным голасам прачытала перад сабранымі нізку сваіх лірычных вершаў. Ксенія вельмі рамантычна і ўзнёсла чытала свае творы, яе павольны голас заварожваў слухачоў, а выразнасць выканання спрыяла ўсталяванню ў зале адчування пазітыву і надзеі. Дарэчы, мужчынская частка залы слухала выступленне Ксеніі Ярмілавай асабліва ўважліва.
Добра пастаўлены афіцэрскі голас наступнага выступоўцы, маёра памежнай службы па званні, напэўна, нельга пераблытаць ні з якім іншым голасам. Зычны, раскацісты барытон чутны ўжо здаля, і вы загадзя разумееце, што хутка пабачыце Зміцера Захарэвіча, беларускага паэта і барда. На лістападаўскай імпрэзе “Экватара” спадар Зміцер чытаў свае вершы, прысвечаныя позняй восені, – што называецца, у тэму сустрэчы. Сярод іх быў і твор пад назвай “Лістападаўскі”:
Зноў цябе чакаю на сустрэчу,
Стан твой выглядаючы здаля,
Дзе ліхтарні прыцемак нявечаць,
Што спавіў прысады спакваля.
І да гэтай вечаровай стыні,
Быццам у смугу маіх відзеж,
Прыйдзеш ты нарэшце і абдымеш,
З посмешкай у лета павядзеш.
Рушым у яго садоў альковы
Пад напеў жалейны жаўрукоў,
Ні пра што занятыя размовай
Паўз ушчэнт азызлых мінакоў.
А за тым, як нам запаліць восень
Мальваў прыдарожныя агні,
Месяц будзе цікаваць зайздросна
Са сваёй апрыкрай вышыні…
Паэта і пісьменніка Валянціна Шведава вы не ўбачыце на імпрэзах ды сустрэчах “Экватара” з ранняй вясны да позняй восені. Чаму? Ды таму што ў спадара Валянціна вялікая гаспадарка: дзве дачы, а яшчэ бацькоўскі дом у вёсцы. І пра ўсё гэта трэба клапаціцца, і пра вялікую сям’ю таксама: пра дзяцей ды ўнукаў. І вось, калі нарэшце пачынаюцца халады, Валянцін Шведаў можа сабе дазволіць і на “Экватар” прыйсці, і літаратурнай творчасцю заняцца. На лістападаўскай літаратурна-музычнай сустрэчы сяброў клуба Валянцін чытаў вершы, прысвечаныя, канеше, ягонай любімай пары года – восені, са свайго вершаванага зборніка “Міг на часавай стужцы”, які выйшаў некалькі год таму пры падтрымцы “экватарыяльных” спецыялістаў па кнігавыданні.
Паэт, пісьменнік Вячаслаў Данілаў заўсёды меў складаную жыццёвую сітуацыю – гэта звязана з ягоным здароўем. Але ён усім сябрам і знаёмым забараніў сябе хоць у нечым шкадаваць і настойвае, каб да яго ставіліся як да звычайнага члена грамадства, нягледзячы ні на што. Мужны чалавек. А зараз у Вячаслава моцна хварэе ягоная састарэлая маці, і ён робіць для яе ўсё мажлівае і нікому ні на што не жаліцца. Пры гэтым працягвае пісаць вершы, якія становяцца для яго ў дадзенай жыццёвай сітуацыі пэўным адхланнем… Падборку новых вершаў Вячаслава Данілава пачулі прысутныя ў выкананні гэтага аўтара на сустрэчы сяброў клуба 20 лістапада.
Што тычыцца паэта, празаіка і драматурга Глеба Ганчарова, які выступаў наступным, па ўласнай ягонай заяве, ён перш за ўсё пачуў у назве імпрэзы слова “перадзім’е”. А яшчэ і надвор’е холаду ды снегу нагнала. Вось спадар Глеб і напусціў “завеі” сваімі зімовымі халоднымі вершамі. Але напрыканцы свайго выступлення ўсё ж такі зазначыў, што яшчэ не скончыўся лістапад, і аддаў пэўную даніну павагі гэтаму восеньскаму месяцу вершам з не вельмі прыгожай назвай “Хлюпотны лістапад, прыліплы, што смала…”, тэкст якога прыводзіцца ніжэй – у трохі скарочаным выглядзе:
Хлюпотны лiстапад, прылiплы, што смала.
Ён кокашы задзёр закончаным трываннем.
Апошняе лiсцё з’ядае паўiмгла.
Пара сябе пацешыць “Дзiкiм паляваннем”.
На даху – лёгкi снег, на шыбах – першы лёд.
Зарыйся ў пухкi плед, замры, як жонка Лота.
Трымацца на баку ад тарфяных балот
Не выйдзе, бо паўсюль бясконцыя балоты…
Чым вусцiшней жыццё, тым любата радзей.
Струхлела парахнёй зняможаная вера.
Спакою больш няма, бо жыць сярод людзей –
Смяротней, чым у скронь патрапiць з рэвальвера.
Штоноч сачыць з акна выродлiвы гарбун.
Чакай, калi табе сустрэнецца Вергiлiй!
Над багнаю нясецца прывiдны табун
I цягне за сабой сабаку Баскервiлей…
Ты ўвесь скурыў тытун, i думаеш няўцям,
Што тэлефон маўчыць. Прабiў гадзiннiк восем.
Маркотны дэтэктыў. Метафары – к чарцям!
Для нас няма святла, а ёсць туга i восень…
Далей ажыўляла трохі застыўшую, а потым захлюпаўшую пасля выступлення Глеба Ганчарова аўдыторыю паэтка, спявачка, музыка, госця з Дружнага і даўняя сяброўка “Экватара” Святлана Ефіменка. Перш за ўсё, Святлана заўважыла, што ёй вельмі падабаецца ў назве імпрэзы слова “накцюрн”, якое ў музыцы абазначае назву п’ес лірычнага, мройнага характару. У адпаведнасці з гэтым накірункам у назве лістападаўскай сустрэчы сяброў “Экватара”, Святлана і падрыхтавала нізку сваіх вершаў – лірычных і мілагучных. Іх і пачулі прысутныя ў выкананні аўтаркі. Напрыканцы ж свайго выступлення Святлана Ефіменка выканала сваім чароўным голасам уласную песню пад назвай “Ой, зямля, ты зямля…”, прысвечаную роднаму беларускаму краю.
Усталяваўшыся лірычны настрой падтрымаў выступаўшы наступным паэт, філосаф, навуковец, кандыдат філасофскіх навук Ігар Шыршоў. І нядзіўна, таму што галоўная тэма ў вершах Ігара Яўгенавіча – гэта тэма кахання, якой ён застаецца верным праз усё сваё творчае жыццё. Аўдыторыя натхнёна слухала любоўныя опусы паэта. Асабліва, канешне, спадабаліся ягоныя творы жанчынам, якія прысутнічалі на імпрэзе.
Заўжды эпатажны, няўрымслівы паэт, празаік, бард Юрась Нераток апошнім часам практыкуе чытанне сваіх вершаваных твораў пад нягучную музыку. Падбірае мелодыі, уключае пад час свайго выступлення, чытае пад іх свае творы. Так было і на гэты раз. Атрымалася пры-гожа: недзе рамантычна, недзе лірычна. Ну, а недзе сумна і скрушна, – як у момант выканання верша пад назвай “Цемра”, які, па словах Юрася Нератка, цалкам адпавядае лістападу месяцу, – пры стандартным для яго надвор’і, канешне:
Водбліск неба разбіў,
і наслала ўздагон
вераб’іная ноч сваю хеўру.
…Адляцеў, як не быў,
растрывожаны сон.
І наткнуліся вочы на цемру.
Дождж не хлышча ракой,
не скуголіць гайня,
не шабашыць нячыстая сіла ?
толькі змрок і спакой,
цемра і цішыня…
Што ж за трасца мяне разбудзіла?
І не помню, што сніў.
Ці жывы, ці памёр?
Без дыхання і пульсу ляжу я…
Хто ўвесь свет зачарніў,
хто той злосны грымёр,
што маю недалужнасць віжуе?
Ад жахлівай жарствы
нечакана хрыплю…
І кляну сваю псіхіку-сцерву!
А па тым, што жывы,
вызначаю, што сплю, –
і глыбей акунаюся ў цемру…
Прыгожая бландзінка Таццяна Пратасевіч – паэтка, пісьменніца, нядаўняя юбілярка (55 год споўнілася 17.11.2022 – прычым, гэтая жанчына свой узрост не хавае, а нават ганарыцца ім) у гэтым годзе з задавальненнем прымае ўдзел у імпрэзах літаратурнага клуба “Экватар”, калі ў яе па часе атрымліваецца, канешне. Бо спадарыня шмат працуе, у яе сям’я, а пра блізкіх, вядома, трэба клапаціцца. Але, нягледзячы ні на што, Таццяна Пратасевіч знаходзіць час і на ўласную літаратурную творчасць, і на сустрэчы з сябрамі-аднадумцамі. На лістападаўскай імпрэзе ў першай Менскай бібліятэцы Таццяна, канешне, чытала шмат вершаў, і канешне, большасць з іх была пра каханне, як і твор пад назвай “Усё, што патрэбна табе”:
Усё, што патрэбна табе – гэта толькі любоў.
А ты сваё паліш жыццё ў жарсці ды без кахання.
Падменай паняццяў займаецца публіка зноў,
І з горкім адчаем падымешся ты на світанні.
Ўзаема-замена: каханне, любоў, жарсць і сэкс…
Да ісціны не дакапацца зусім на пачатку.
А потым знаходзіцца вера, надзея і сэнс,
Але пралятае жыццё, ледзь знайшоўшы разгадку.
Усё, што патрэбна табе – гэта толькі любоў.
Патрэбна і мне гэта вельмі, ты ведаеш пэўна.
Залежу цяпер ад цябе, тваіх дзеяў і слоў,
Бо сэрца з душою кахаюць натхнёна і спеўна…
Зачыняў канцэртную праграму кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар”, паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён падрыхтаваў для лістападаўскай імпрэзы вершы на восеньскую тэматыку, у якіх роздум пра сілу паэтычнага настрою у гэтую пару года, што можа падараваць творцам глыбокі духоўны стан . Таксама Вячаслаў прачытаў верш “Мост”, у якім сімвалічна звязваюцца эпохі мінулага і будучага, гаворыцца пра пераходны перамежак часу, які мы ўсе пражываем, напружаны і важны. Спадар Корбут павіншаваў ўсіх аўтарак клуба “Экватар”, якія нарадзіліся ўвосені, і прачытаў для іх адно з прысвячэнняў з пажаданнямі шчасця, новых поспехаў, творчага росквіту:
Восеньская пані, дзень такі настаў:
Прыгажосць з табою – промень з неба граў.
Бы малітва, сонца. Неба – як капрыз,
Будзе шчасце сшыта да сваёй пары.
Роўныя пракосы вершаў і радкоў…
Будзе лёс твой светлым, з вераю ў любоў.
Прыгажэе вольнасць – ёй перамагчы.
Як ты зараз блізка, болей не маўчыш!..
Будзе многа кветак, пазалоты кніг,
Будзе прага шчасця – вораг твой панік!
Так, твая мне ўсмешка акрыляе свет.
Я кахаю шчыра – гэта не сакрэт!
На імпрэзе прысутнічалі пісьменнікі і музыкі, аматары літаратуры, запрошаныя госці, супрацоўніцы бібліятэкі № 1. Усіх выступпоўцаў зала вітала шчырымі апладысментамі. Завяршылася сустрэча, як заўжды, агульнай фотасесіяй выступоўцаў – на добрую доўгую памяць…
Спадзяёмся, што лістападаўская вершавана-музы-чная п’еса “Экватара” ўдалася. Ва ўсялякім разе, яе ўдзельнікі разыходзіліся пасля па сваіх уласных накірунках з яснымі тварамі, радасныя і натхнёныя.
Інга Вінарская,
Вячаслаў Корбут.