У суботу, 5 лістапада 2022 года перастала біцца сэрца журналіста “Лідскай газеты”, сябра літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Тадэвуша Чарнавуса.
Так, зменшыліся шэрагі ў журналісцкім і літаратурным асяроддзі… Не стала сярод нас Чалавека яркага, адкрытага, смелага. У прынцыпе, такія і павінны быць журналісты. Меў Тадэвуш Вацлававіч і густ у паэзіі. Яго творы друкаваліся ў шматлікіх выданнях. Ён быў на адной назе з тымі, хто ведаў сэнс выказвання “людзьмі звацца”. Ён быў шчырым патрыётам сваёй Радзімы… Ужо на пенсіі, у сваёй роднай “Лідскай газеце” ў якасці пазаштатнага аўтара ён вёў рубрыку “Матчына мова: гаворым па-беларуску”. Эпіграфам да яе былі, напісаныя ім, такія радкі:
“Кажуць, мова мая знікае…
Вось адзін яшчэ толькі міг.
А па-мойму тут справа такая:
Усё залежыць ад нас саміх… “.
Для аўтара гэтых радкоў ён таксама пакінуў важкі след у творчай дзейнасці і ў біяграфіі. Менавіта Тадэвуш Чарнавус быў першым, хто працягнуў мне руку з раённага перыядычнага выдання, даваў парады, вычытваў мае першыя нататкі. Было гэта ўжо ў далёкім 1998 годзе. З тых пор я не пакідаю сувязі з “Лідскай газетай”. Тадэвуш Чарнавус пастаянна наведваўся ў Дом Валянціна Таўлая, прымаў удзел і ў пасяджэннях “Суквецця”… Але ж так і не выдаў свайго зборніка. У першую чаргу ён хацеў пабачыць мой зборнік, нават прапаноўваў свайго знаёмага выдаўца і выдавецтва… Пісаць можна доўга…
У літаратурна-мастацкім зборніку “Ад лідскіх муроў” за № 9 (2016-2019) былі змешчаны яго вершы. Для знаёмства з чытачом ён напісаў пра сябе наступнае:
“ЗНОЎКУ Я СПАЦЬ НЕ ЛЯГУ…
(Радкі з аўтабіяграфіі)
Ізноўку я спаць не лягу,
Пакуль не ўтаймую смагу.
А смага мая такая:
Прагну ўвесь час радка я,
Прагну, нібы жанчыны, –
Дык, можа, не без прычыны?..
Гэты невялічкі вершык нарадзіўся ў мяне яшчэ ў далёкім юнацтве, а пытанне: “Дык, можа, не без прычыны?..” – хвалюе па сённяшні дзень. Па сутнасці, ужо тады – у гэтым шасцірадкоўі – я пачаў шукаць сваё месца ў паэзіі, засумняваўшыся ў сваіх паэтычных здольнасцях. І шукаю і сумняваюся аж да гэтага часу.
Я ніколі не пісаў вершаў, седзячы за сталом, не вымучваў з сябе радок за радком. Лірычная ўзнёсласць і натхненне суправаджалі і суправаджаюць мяне заўсёды і ўсюды: дома, у дарозе, у час працы ў агародзе, на бацькоўскім падворку, калі кашу траву ці сяку дровы… І хаця заўсёды, як той крот, глыбока імкнуўся ўзорваць паэтычную глебу, засейваць яе толькі ўласным насеннем, усведамляю, што я не стаў класікам беларускай літаратуры і наўрад ці стану ім калі-небудзь. Але ўпэўнены, што і графаманам не быў ніколі. Зрэшты, аб гэтым меркаваць ужо не мне, а маім дарагім чытачам. На вялікі жаль, іх вельмі мала, бо паэзія да гэтага часу так і не стала масавай з’явай, як, скажам, эстрада ці шоў-бізнэс. Як мала і тых (што вельмі прыкра), хто выкарыстоўвае матчыну мову ў паўсядзённым жыцці. Гэтая аказія, як той чарвяк, даўно свідруе маё сэрца наскрозь і будзе свідраваць, напэўна, да самай смерці.
Калі больш падрабязна, то нарадзіўся я ў 1954 годзе на Лідчыне – у вёсцы Рылаўцы. Бацькоўскі лясны хутарок туліцца між дзвюх рэчак – Крупкі і яе матулькі Дзітвы. Апошняя, што вельмі важна, працякае амаль ля самага падворка, і менавіта яе срэбраводныя хвалі заўсёды спрыялі майму паэтычнаму натхненню. І спры-яюць па сённяшні дзень, хаця меліяратары ў свой час бязбожна зруйнавалі маю родную Дзітвульку, якая ўжо даўно ператварылася ў старое і зарастаючае русла.
Навучаўся я ў Яўсеевіцкай васьмігадовай школцы, скончыў таксама Лідскі індустрыяльны тэхнікум, падчас службы ў арміі – завочную школу ваенных карэс-пандэнтаў. Завяршыў адукацыю на факультэце журналістыкі БДУ імя Леніна. Працоўны творчы шлях пачынаў у наваградскай раённай газеце “Новае жыццё”, але найбольш – амаль тры дзесяцігоддзі – шчыраваў у роднай мне назаўсёды “Лідскай газеце”.
Журналістыка ніколі не была для мяне мачахай, але і з паэзіяй не развітваўся ніколі. Мо таму яны і перапляліся ў маёй творчасці, нібы родныя сёстры, а многія вершаваныя творы набылі рэпартажны харак-тар. Добра гэта ці не надта, не ведаю, але як сталася, так сталася. Назад ужо, як кажуць, “ніц” не вернеш.
На жаль, асобнага свайго зборніка пакуль што не маю, але мару і часта ўяўляю, што трымаю яго ў руках. Праўда, гэта адбываецца пакуль хіба што ў сне. Але калі Бог паспрыяе, то абавязкова выдам яго пад назвай, як і ў гэтай нізкі вершаў: “Каб любіць Беларусь нашу мілую…”. Тэма Радзімы, не толькі малой, але і ўсёй бясконца дарагой мне сінявокай, васільковай, ільняной Беларусі, заўсёды жыла і будзе жыць у маім сэрцы да скону дзён.
Зрэшты, грэх скардзіцца, што мой паэтычны шлях да чытача быў абмежаваны. Мае вершаваныя творы гучалі па рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў газеце “Літаратура і Мастацтва”, іншых рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі ды літаратурных часопісах. Але калі яны захаваліся хіба толькі ў архівах саміх рэдакцый, то агульныя паэтычныя зборнікі, у якіх я са сваімі вершамі разам з іншымі паэтамі стукаўся да чытацкіх сэрцаў, можна і сёння знайсці ў бібліятэках. А іх шэсць: “Вёсны” (1976 г.) і “Квадра” (1982 г.) – выда-вецтва Белдзяржуніверсітэта, “Краю, мой Нёман” (1986 г., прадмова Васіля Быкава, укладальнік – Данута Бічэль-Загнетава, рэдактар – Юрка Голуб, дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”), “Шануйце роднае слова” (2008 г.), “Мой любы горад Ліда” (так-сама 2008 г.), “Мой горад – гонар мой” (2013 г.). Апошнія тры надрукаваны ў Лідскай друкарні.
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумееш тады, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць…
Словы вядомай песні на вершы Алеся Ставера, якая калісьці так прыгожа гучала ў выкананні вядомага беларускага спевака Віктара Вуячыча. Але, правёўшы некалькі гадоў за межамі Бацькаўшчыны, я перайначыў другі радок з гэтага куплета і напісаў свой верш. Тым самым я хацеў выказаць погляд на любоў да Радзімы з пункту гледжання сённяшняга дня. Асабліва пасля таго, як з сусветнай карты знік Савецкі Саюз і ўсе краіны СНД аказаліся на раздарожжы, а наша родная Бела-русь нарэшце набыла самастойнасць.
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Можна ў розных краях не бываць,
Пра яе, як матулю чуллівую,
Можна песні і дома складаць.
Пра палеткі яе вераснёвыя,
Ля дарог дзе цвітуць васількі,
Дзе рамонкі – дзяўчаты вясковыя,
Што вядуць карагод ля ракі.
Дзе бярозы – красуні зайздросныя, –
Так і хочацца ў прымы пайсці,
Дзе пахучыя ранкі і росныя,
Хоць зімою атаву касі.
Дзе клякочуць натхнёна, бы моляцца,
Сімвал нашай Айчыны – буслы,
Дзе ў Белае Вежы ваколіцах
Здабылі сваё месца зубры.
Не ў сытай Еўропе, Амерыцы,
Дзе мераюць шчасце грашмі,
А ў нас – Беларусі – бо вераць нам,
Бо заўсёды былі мы людзьмі.
Выйду ў поле ляноў сінявокае,
Акрыяю душой на ляту,
З фарбаў родных, як неба шырокае,
Я вяночак каханай спляту.
Птушкай лёгкай ўзлячу ў паднябессе я,
Агляджу і прасторы, і край,
І ніякім вятрыскам-кудзеснікам
Не зманіць мяне ў казачны рай.
А як зб’юся з дарогі няроўнае,
З туманамі ў вырай зляту,
Я дарогу дадому нялёгкую,
Як і птушкі, па зорках знайду.
Наталюся я роднаю моваю –
Беларускай, якую люблю,
І, заместа гарэлкі вясковае,
Я з крынічкі гаючай пап’ю.
Ты даруй мне, матуля шаноўная,
За мае і чужыя грахі,
Што збіваўся з дарогі няроўнае
І рабіў мо не тыя кругі.
…Долар сёння ў вялікай пашане,
Толькі роднага ў ім не знайду,
А за Белую Русь – буду ў храме я –
Беларускі рубель пакладу!”
На жалобнай імшы ў Лідскім фарным касцёле 9 лі-тапада прысутнічалі родныя, сябры, супрацоўнікі рэдакцыі “Лідскай газеты”, лідскія пісьменнікі.
Пахавалі Тадэвуша Чарнавуса на лідскіх могілках “Зосіна”.
Бывай, мой зямляк і настаўнік…
Алесь Хітрун.