Гётэ-Інстытут падтрымлівае дзеячаў мастацтваў з тых краін, у якіх ён больш не можа працаваць. Першым у чарзе – мастацтва Украіны.
Дзіцячыя твары выглядаюць з вокнаў Kunsthaus ACUD у Берліне. Партрэты, зроблены ўкраінскім фатографам Аленай Божко ў Данбасе летась.
– Гэта твары дзяцей, якія пакутуюць ад вайны. Вайны, якая ўжо бушавала на ўсходзе Украіны да 24 лютага, – кажа Вольга Зіверс. Яна з’яўляецца куратарам і кіраўніком праекта “Гётэ-Інстытут у выгнанні” ў Берліне. Кожны твар распавядае сваю гісторыю. Ніхто не ведае, што стала з дзецьмі пасля таго, як былі зроблены фатаграфіі. Але паказаць, што іх гісторыі з Украіны існуюць – гэта стала важнай справай для ўкраінскіх мастакоў.
Напачатку кастрычніка 2022 гада ў Kunsthaus ACUD адбылося адкрыццё двухгадовага праекта “Гётэ-Інстытут у выгнанні”. Украінскія мастакі сабраліся разам, каб паказаць сваё мастацтва ў выгнанні ў Берліне. На працягу наступных шасці месяцаў у цэнтры ўвагі будзе знаходзіцца краіна, якая ваюе. Украінскія калегі Зіверс працягваюць працаваць у лічбавым фармаце, нягледзячы на закрыццё Гётэ-Інстытута ў Кіеве; Берлін стаў “рычагом іх мастацкіх мерапрыемстваў”. Аналагічны фэст для афганскіх мастакоў плануецца правесці ўвесну. Затым рушаць услед мерапрыемствы іншых Гётэ-інстытутаў – Сірыі і Беларусі, якія былі закрыты з-за войны ці па меркаваннях цэнзуры.
Знайсці кропкі судотыку
Тым, хто хоча займацца сваім мастацтвам у выгнанні, патрэбныя сувязі: са структурамі, установамі і іншымі мастакамі. Таму Берлінскі Гётэ-Інстытут хацеў бы стаць месцам сустрэчы і прытулкам датуль, пакуль інстытуты ў гэтых чатырох краінах не адновяць сваю працу. Вольга Зіверс не прадпісвае для мерапрыемстваў ніякіх папярэдніх умоў:
-Мы выслухваем мастакоў і глядзім, што мы можам рэалізаваць разам.
Пры гэтым усе гэтыя чатыры краіны вельмі розныя. Ва Украіне мастацтва вольнае, але Гётэ-Інстытут больш не можа там бяспечна працаваць. Апроч многіх мастакоў, якія ўцяклі ці доўгі час жылі ў выгнанні, многія здзейснілі цяжкую вандроўку з родных месцаў, каб прысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці. Кожная паездка ў Берліна займае больш за 24 гадзіны. З іншага боку, з Афганістана, Сірыі ці Беларусі чакаецца прыезд толькі тых мастакоў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, ці ж будуць праводзіцца анлайн-мерапрыемствы, часам з ананімізіраванымі работамі.
Кавалачак дома
Фэст адкрыцця ўжо паказаў, наколькі неабходны абмен меркаваннямі паміж дзеячамі мастацтваў. Вікторыя Лялека, вакалістка джазавай і фальклорнай групы “Лялека”, ужо некалькі гадоў жыве ў Берліне. Яна была ў ACUD кожны дзень.
– Для многіх было ашаламляльна ўбачыць так шмат сваёй уласнай культуры, – кажа Вольга Зіверс. Яна распавядае пра дзяцей-уцекачоў, якія прыйшлі на семінар ілюстратара Ланы Ра і адразу ж пачалі маляваць:
– Гэта можна было зразумець, гледзячы на іх: Гэта кавалачак дома, які ў іх быў тут, у Берліне. А калі Серхій Жадан выступаў са сваёй групай, публіка тоўпілася проста ў двары. Тэксты песень былі пры гэтым дзіўна дакладнымі.
Украінскі голас
Апроч выстаўнай прасторы з інсталяцыямі і фільмамі, у ACUD таксама ёсць клуб. Там сем гадзін доўжыўся перформанс “Ноч у бамбасховішчы”, прадстаўлены групамі DACH і Gogol-Fest. Канцэрт быў перапынены выццём сірэн: Імітацыя начной вечарынкі ў Кіеве. Пакуль гледачы шукалі схованку, дзённікавыя запісы пачатку вайны чыталіся ўслых на розных мовах. Неўкраінская аўдыторыя змагла трохі ўжыцца ў гэтую няўяўную сітуацыю.
– Падчас гутарак было выплакана шмат слёз, – кажа Вольга Зіверс і распавядае, што адмысловая каманда псіхалагічнай падтрымкі сачыла за тым, каб ніхто не заставаўся сам-насам са сваімі пачуццямі.
– Тое, як выглядае Харкаў, можа быць значна больш уражлівым з пункту гледжання аўтара, чым навінавы сюжэт, – кажа Яўгенія Лапата. Яна са сваім выдавецтвам “Мерыдыян Чарнаўцы” падрыхтавала важную частку фэсту. Як чалавек, адказны за літаратурную праграму, яна прыехала разам з аўтарамі з Украіны: Ірынай Цылык, Андрыем Любком і Раманам Маліноўскім, якія рэгулярна дапамагаюць на фронце і агучваюць вайну ў сваіх тэкстах. Як рупар украінскай літаратуры, Яўгенія Лапата хоча зрабіць тэксты як мага больш вядомымі, “каб еўрапейцы таксама разумелі нас, як грамадзян, як нашу ўласную краіну”.
Пераадоленне старых наратываў
Апроч наладжвання сувязяў, у мастакоў ёсць яшчэ адна задача: паказаць, што ўкраінская культура існавала і да Савецкага Саюза.
– Мае бацькі ўсё жыццё пражылі ў Чарнаўцах і пачулі пра Паўла Целана толькі ў 2010 годзе, – кажа Лапата. – Мы не ведалі, на якім падмурку стаім.
Да здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе, па яе словах, многае, што было створана ў такіх многакультурных гарадах, як Чарнаўцы, душылася. Лапата таксама разглядае “Гётэ-Інстытут у выгнанні” як магчымасць пагаварыць пра культурную спадчыну Украіны. Фэст з наступным чытацкім турам пакінуў яе зусім без сіл. Але ўзнагародай за высілкі сталі зносіны і спагада.
Вольга Зіверс кажа, што і з іншымі людзьмі было гэтак жа, як з Яўгеніяй Лапатай:
– Ніхто з тых, каго мы пыталі, не сказаў, што мы не будзем удзельнічаць. Калі 10 кастрычніка Расія атакавала Кіеў і іншыя гарады бомбамі і ракетамі, большасці мастакоў мела была вярнуцца дахаты. З пункту гледжання немцаў цяжка зразумець, што яны адчувалі ў той момант. Але стала ясна, што яны сапраўды хочуць вярнуцца цяпер. Неверагодны шпагат: “Для іх было так важна дастукацца да гледачоў тут, і ў той жа час сэрцы іх заставаліся ва Украіне”.
Ларалі – Мілен Швайгер.