15 кастрычніка 2022 года адзначае 60-годдзе папулярны спявак Сяргей Валянцінавіч Франкоўскі. Прозвішча паходзіць са старажытнага шляхецкага роду Рэчы Паспалітай. Нарадзіўся Сяргей у Магілёве ў звычайнай сям’і: маці Людміла Іларыёнаўна (1938-2013) – працаўніца “Лаўсана”, бацька Валянцін Акімавіч -шафёр.
Сяргей быў неразлучны з прайгравальнікам і ўсюды цягаў за сабой кружэлку са знакамітай песняй “Кама-рыкі”. Калі ў сям’і адбывалася якое-небудзь свята, хлопчык пачынаў спяваць і танчыць, а ўзнагародай былі апладысменты… Вялікі ўплыў на маленькага артыста зрабіў дзед Іларыён Іванавіч Пашуцін – былы гімназіст, чалавек дастаткова музычны, які меў добры тэнар і граў на сяміструннай гітары. Відаць, ад яго і пайшлі тыя “музычныя гены”, што паспрыялі Сяргею ў дасягненні мастацкага Алімпа без спецыяльнай падрыхтоўкі, якая для многіх дзеячаў музычнага мастацтва пачыналася з ранняга дзяцінства. Сяргей, як і многія яго равеснікі, вучыўся ў звычайных сярэдніх школах г. Магілёва. Але ж цікавасць да музыкі праяўлялася і там.
У1981-83 гадах служыў ў асобным батальёне сувязі, што пад Лепелем. Падчас службы ў войску хлопец навучыўся іграць на гармоніку… Пасля арміі будучы на-родны артыст працаваў на будоўлі, гадзіннікавым майстрам, токарам, а ў вольны ад працы час і ў святочныя дні падрабляў на вяселлях, імянінах і лічыўся лепшым ў Магілёве выканаўцам народных і папулярных песень.
Ідэя стаць прафесійным артыстам прыйшла не адразу. На адным з вяселляў сябры,ўзрушаныя яго голасам настойліва параілі паступаць вучыцца ў кансер-ваторыю.
У 1985 годзе Сяргей пачаў займацца ў вакальнай студыі таленавітага педагога Людмілы Яўгенаўны Браілоўскай. Пад яе кіраўніцтвам будучы артыст спасцігаў азы складанага опернага мастацтва.
У 1986 годзе магілёўскі самародак паступіў ў маскоўскую кансерваторыю, нягледзячы на вялікі конкурс (30 чалавек на месца). Прыёмная камісія была проста зачаравана яго шыкоўным голасам і складанай, падрыхтаванай абітурыентам праграмай. Далей Сяргей трапіў у клас вядомага саліста Вялікага тэатра Яўгена Гаўрылавіча Кібкала, дзе правучыўся адзін год, а потым… нечакана кінуў кансерваторыю.
Ці можна знайсці словы, каб перадаць перажыванні бацькоў? Тым не менш праз некаторы час Сяргей быў прыняты ў родную Беларускую дзяржаўную кансерваторыю…
У1991 годзе Сяргей Франкоўскі стаў лаўрэатам нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Л. Александроўскай, а ў 1993 -лаўрэатам конкурсу імя С. Лемешава… У гэтым жа годзе Сяргей быў прыняты на працу у Нацыянальны Акадэмічны Вялікі Тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Як бачна, унікальны, лірыка-драматычны тэнар магілёўскага самародка не застаўсяі без увагі сталічных карыфеяў опернага мастацтва. У1995 годзе Сяргей Валянцінавіч скончыў Беларускую кансерваторыю, а ў 1997 асістэнтуру-стажыроўку. Увесь гэты час мудрым настаўнікам Сяргея Франкоўскага быў сам знакаміты аўтарытэтны педагог прафесар Леанід Пятровіч Івашкоў.
У 2004 годзе Сяргей Валянцінавіч стаў Заслужаным артыстам, а ў 2009 годзе атрымаў званне Народнага артыста.
Сярод прыхільнікаў творчасці Сяргея Валянцінавіча людзі розных ўзростаў і прафесій. Усё ярчэй і ярчэй разгараецца зорка яго таленту.
У яго бліскучым выкананні прагучалі такія партыі ў нацыянальнай оперы: Эдгар (“Лючыя дзі Ламермур” Г. Даніцэці),Ізмаіл (“Набука” Дж. Вердзі), Макдуф (“Макбет” Дж. Вердзі), дон Карлас (“Дон Карлас” Дж. Вердзі), Герцаг Мантуанскі (“Рыгалета”Дж. Вердзі), Манрыка (“Трубадур” Дж. Вердзі), Каварадосі (“Тоска” Дж. Пучыні), Альфрэд (“Травіята” Дж. Вердзі), Калаф (“Турандот” Дж. Пучыні),Турыду (“Сельскі гонар” П. Масканні), Хазэ (“Кармэн” Ж. Бізэ), Герман (“Пікавая дама” П. Чайкоўскага), Самазванец (“Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага), Князь Галіцын (“Хаваншчына “М. Мусаргскага),Уладзімір Ігаравіч (“Князь Ігар” А. Барадзіна), Нігіліст (“Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” Д. Шастаковіча), Настаўнік (“Візіт дамы” С. Картэса), Раман (“Сівая легенда” Дз. Смольскага), Дубатоўк (“Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтан).

Паводле водгукаў крытыкі, Франкоўскі валодае тэмбральна-яркім, паўнагучным голасам, драматычным тэмпераментам і высокім сцэнічным прафесіяналізмам. Опернае мастацтва ўнікальнага беларускага тэнара было высока ацэнена за мяжой, падчас гастроляў у Турцыі, Швейцарыі, Германіі, Францыі, Англіі, Кітаі, Польшчы, Тайландзе і іншых краінах.
Надзейным тылам опернай зоркі з’яўляецца сям’я прыгажуня жонка Вольга, дачка Алеся і зяць Аляксандр.
Аляксей Шалахоўскі.

