Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Глеб ГАНЧАРОЎ. ТРУБІ, ТРУБІ, АНЁЛ АПОШНІ

Глеб ГАНЧАРОЎ. ТРУБІ, ТРУБІ, АНЁЛ АПОШНІ

11 кастрычніка 2022, 15:55 Культура 79
Глеб ГАНЧАРОЎ. ТРУБІ, ТРУБІ, АНЁЛ АПОШНІ

Паэт, празаiк, перакладчык, драматург, публiцыст. Нарадзiўся 23 верасня 1965 г. у Менску. Скончыў прыборабудаўнiчы факультэт Беларускага полiтэх-нiчнага iнстытута (1988) i факультэт гаспадарчага права Беларускага iнстытута правазнаўства (1999). Працаваў iнжынерам-оптыкам, гаспадарчым юры-стам, журналiстам у газетах “Обозреватель”, “Знамя юности”, “Вместе!”

Творы друкавалiся ў часопiсах “Маладосць”, “Полымя”, “Неман”, газеце “Лiтаратура i мастацтва”, калектыўных зборнiках “Мы – скарынiчы”, “Мiнск – горад майго лёсу” i iншых, перакладалiся на iўрыт, рускую, украiнскую, польскую мову.

Упершыню пераклаў на сучасную беларускую мову творы лiцвiнскiх паэтаў мiнулага Ю. Бакi, А. Крумана, Г. Наваградскага.

П’есы ставяцца ў тэатрах Беларусi, Украiны, Польшчы. Спектакль Гомельскага абласнога драматы-чнага тэатра “Уваскрэсенне Лазара” паводле аднайменнай п’есы атрымаў нацыянальную прэмiю Рэспублiкi Беларусь.

Жыве ў г. Менску.             

 

ХХI   СТАГОДДЗЮ

 

Трубi, трубi, анёл апошнi,

Ля надбяздоннае вярсты!

Хто гэты свет ссячэ на пожнi,

Не прадрачом нi я, нi ты!

 

Натоўп iзноў заве месiю,

Каб не загiнуць у чуме,

Каб кожны мог надзець на шыю

Па ланцуговым, па ярме. 

 

Нямы прарок, нябачны коннiк,

Чый твар хаваецца ў iмжы,

Ляцi! I мiнуй нашы гонi!

Дапамажы! I зберажы!

 

Вярнi пранiзлiвыя стрэлы

Ў кроватачывы сагайдак,

Iмкнi ў захмарныя надзелы

Ад нашых шат. Хай будзе так!

 

Табе – бязмежны свет па часе

Па-над зямлёй, дзе боль i жах,

А нам – цярновае пачассе

Ды лёс пакорлiвых вужак.

 

 

 

ПЕСНЯ  МЕСТАЧКОВАГА  КАТРЫНШЧЫКА

 

Мой мiлы Беньямiн! Не ўсё яшчэ сышло,

Не ўсе ў тваiм жыццi знiштожаныя хiбы,

На одэрскай мяжы не ўкопана шуло –

Там цяжка бродзiць Бог i б’е прыкладам шыбы.

 

Народжаны на свет той самы маладзён,

Якi заб’е цябе. Вы з хлопцам – аднагодкi,

А ты пакуль гуляй… Амаль што не чуцён

Звон дзедаўскай, старой, надтрэснутай ляскоткi.

 

Уночы ляжа цень, уночы сцiхне крык,

Не думай, не гадай – сапрана альбо мецца.

Табе не прадказаць раз’юшаны блiцкрыг

I лiтасцi прасiць на ломанай нямецкай.

 

Свет скошаны на бок, мой мiлы Беньямiн!

У кветнiку цвiце махрыстая стакротка,

Ты ў люльцы цiхай спiш даверлiва. Амiн!

Як соладка звiнiць у сне твая ляскотка.

НОЧ  РАСТРАЛЯНЫХ  ПАЭТАЎ

 

Лунае ў небе чорны бусел:

Невынішчальнае чысло!

Яно палове Беларусі

На сэрцы шрамам залягло.

 

Часцей за ўсё, у тых, хто блізкі,

Улада ўторквае кайло…

Тады яшчэ маёй калыскі

Ў завадзе нават не было.

 

Але ў парахавым нагары

Я помню ўсё да гэтых пор.

А што – чысло? Што – календарык?

Апошняй ночы калідор…

 

***

 

I немата наўкол, і глухата,

I на вачах сцінаецца заслона –

Я ў чэраве азызлага кіта,

Па імю “свет”, як уцякач Iона.

 

I гэтак жа асуджаны, як ён,

На марнаванне ў ліхалецці ўбогам,

Не кемячы, праз што я гнаны Богам,

Бо я ж не парушаў яго закон.

 

***

 

Быў Месяц спляжаны пад ранак,

Што напярэдадні Пакровы.

Як пакалечаны падранак

Скуголiў узыход барвовы.

 

Аскепкамі мінулай ночы

Вароны – вострыя, як коп’і –

На ім пракрэслівалі прочырк

I рассыпаліся шматкроп’ем…

 

Ужо нішто не адрывала

Ад надыходзячага снегу –

Адно дыван, ды пакрывала,

Ды дзеўчына на фоне неба.

 

Яна з пакутнага сумнення

З’явілася ў бялюткім плацці –

Апошняй міласцю асенняй,

Апошняй весткай аб расплаце.

 

Застылі раптам дні і чыслы,

Што каляндар імгненнем судным,

I падаў першы снег прачысты

На свет, прасякнуты абсурдам,

Дзе вуліца гарбатай коскай

Расквечвалася ў колер бальны,

Дзе боскі гнеў з пяшчотай боскай

Спляталіся неразвітальна.

 

ЗАБОЙСТВА  МIНДОЎГА

 

– Ну, што, Транята! – выдыхнуў Міндоўг,

I знiк спалох з яго вачэй увішных,

Бо для яго бліжэйшым быў за іншых,

Той, хто згадзіўся выканаць свай доўг.

 

– Ну, што, Транята! – зноўку нараспеў

Ён вымавіў, каб быць пераканаўчым

I зразуметым так, а не іначай.

I гэта быў загад, а не сумнеў.

 

– Пара трыумфаў скончылася. Час

Наблізіўся ганебнага бунтарства.

Таму, з нагоды ўмацавання Княства,

Хай рокаш пачынаецца ад нас.

 

Манарха прызначэнне ля стырна

Не ў тым, што ён валодае дзяржавай

Ці радуецца ласцы саладжавай,

Пакуль не напаткаў Карачуна.

 

Iмперыі вялікай хараство

Не зводзіцца да слушнасці падзеям.

Ты, падпарадкаваўшыся ідэям,

Па сконе абярнешся ў бажаство.

 

Мы зберажом у велічы закон.

Забойства для Радзімы – не злачынна.

Я зараз пераходжу руб Айчыны,

Як Цэзар пераходзіў Рубікон.

 

Ну, што, Транята, скажам наўздагад:

Прадажніцтва запомніцца надоўга!

Я разумею: выкананне доўгу

Страшней за смерць. Але такі загад!

 

Ён асвяціў паходняй твары іх –

Таварышаў, што з ім стаялі побач.

Чытаў літанне ўсхваляваны пробашч,

Вятрыска засаромлены прыціх.

 

– Ты ўсадзіш меч у спіну, Таўцівіл,

А ты, Даўмонт з навостраным кінжалам,

Па горле паласнеш змяіным джалам,

Як аспід, што ахвяру палюбіў.

 

Ён расхінуў кунтушнае шаўро

I сцебануў іх голасам узнятым:

– Не валаводзь! Кідай дрыжаць, Транята!

Давай, пляменнік, цэлься пад рабро!

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0016
Вырай «Вурая»
Грамадства

Вырай «Вурая»

9 лістапада 2018, 09:2215
Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў
Грамадства

Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў

5 снежня 2018, 08:4315
Далучайцеся да нас