Горад Мюнхен – сталіца зямлі Баварыя Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Як паведамляе www.germania.one. Мюнхен – адзін з самых папулярных турыстычных кірункаў у Германіі, разам са сталіцай краіны – Берлінам – і горадам Кёльнам. Тут можна знайсці не толькі больш, чым дастатковую колькасць помнікаў архітэктуры, але і прыняць удзел у даволі знакавых падзеях. Па-за канкурэнцыяй тут, вядома, сусветна вядомы Актоберфэст – свята аматараў піва. Таксама, апроч усяго іншага, Мюнхен нязменна, з 1875 года, прымае найбуйнейшы оперны фэст у Еўропе.
Мюнхен ідэальна падыходзіць для святкавання Каляд. Таксама Мюнхен (зрэшты, як і ўся Германія) з’яўляецца месцам з даволі моцнай эканомікай і высокім узроўнем бяспечнага жыцця. Мюнхен – шыкарнае месца для жыцця і вандраванняў. Кожны турыстычны маршрут Мюнхена прывядзе да цэнтральнага пляца горада – Марыенпляц. У Сярэднявеччы Марыенпляц была месцам шматлікіх рыцарскіх турніраў. Таксама ў тыя часы тут знаходзіўся рыбны рынак. Марыенпляц заняла цэнтральнае месца ў жыцці Мюнхена з самага яго заснавання. Найболей вядомыя славутасці, крамы, рэстараны і мясцовы прадуктовы рынак знаходзяцца менавіта тут.
Да славутасцяў Марыенпляц варта аднесці Новую ратушу, пабудаваную ў неагатычным стылі ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя, хоць яна здаецца куды больш старажытнай. З 1874 года Новая ратуша з’яўляецца домам для мясцовых органаў улады. Аднак такі шыкарны будынак быў створаны коштам парушэння прыватнай уласнасці каля 30 мюнхенскіх сем’яў. Новая ратуша ўяўляе сабою 85-мятровую вежу са спічаком і фасад, упрыгожаны постацямі значных гістарычных асоб Германіі.
Таксама тут варта згадаць і Старую ратушу. Упершыню яна згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў XIV стагоддзі, але агульнапрынятай датай яе стварэння лічыцца XV стагоддзе. Старая ратуша пабудавана ў пераважна гатычным стылі з дабаўленнем некаторых элементаў эпохі позняга Адраджэння. Да пабудовы Новай ратушы Старая ратуша была будынкам для мясцовых органаў улады, аднак зараз тут – толькі Музей цацак. Ратуша даволі сур’ёзна пацярпела падчас Другой сусветнай вайны, і ў выніку мясцовым уладам давялося перабудоўваць спічак.
Галоўным оперным тэатрам горада з’яўляецца Баварская дзяржаўная опера. Менавіта тут грае адзін з самых вядомых у свеце оперных аркестраў – Баварскі дзяржаўны аркестр. Таксама менавіта тут і праходзіць Мюнхенскі оперны фэст. Кожны год у Баварскай дзяржаўнай оперы адбываецца больш за 300 прадстаўленняў з вядучымі выканаўцамі. Граюцца шэдэўры як нямецкага, так і агульнасусветнага опернага мастацтва.
Ні для каго не сакрэт, што Баварыя з’яўляецца радзімай найвядомейшага ва ўсм свеце аўтамабільнага брэнда BMW. Менавіта пад гэтай маркай да Першай сусветнай вайны ствараліся заводы па вытворчасці самалётаў. І менавіта пасля першага сусветнага канфлікту гэтыя заводы пачалі вырабляць аўтамабілі. Маючы такую цікавую гісторыю, грэх не завесці ўласны музей. Менавіта ў музеі BMW можна дазнацца больш дэталёва пра гісторыю брэнду, яго шлях да поспеху і гісторыю прадукцыі маркі BMW.
Толькі там можна ўбачыць рэдкія і ўнікальныя мадэлі аўтамабіляў BMW XX стагоддзя.
Галоўным футбольным аб’ектам Мюнхена з’яўляецца знакаміты стадыён “Альянц-Арэна”, пабудаваны да пачатку Чэмпіянату свету па футболе 2006 года ў Германіі. Гэты стадыён з’яўляецца домам мясцовай футбольнай каманды “Баварыя” – вечнага чэмпіёна Германіі, які саступае па колькасці Кубкаў Еўрапейскіх Чэмпіёнаў толькі мадрыдскаму “Рэалу” і італьянскаму “Мілану”, першага чэмпіёна свету сярод клубаў у гісторыі Германіі. Аднак менавіта на гэтым стадыёне “Баварыя” атрымала адну з самых балючых параз у сваёй гісторыі, прайграўшы хатні фінал Лігі чэмпіёнаў УЕФА лонданскаму “Чэлсі” ў серыі пасляматчавых пенальці, калі адзін з удараў не рэалізаваў выхаванец клуба, жывая легенда “Баварыі” Бастыян Швайнштайгер.
Як згадвалася раней, адной з асноўных матывацый прыезду ў Мюнхен пераважнай большасці турыстаў з’яўляецца свята піва Актоберфэст. Менавіта тут выпіваецца вар’яцкая колькасць піва і з’ядаецца не меней вар’яцкая колькасць баварскіх сасісак і свіных рулек. Актоберфэст вядзе сваю гісторыю апошнія 210 гадоў. Першым шчасліўчыкам, якія выпівае піва на Актоберфэсце, па традыцыі становіцца кіравўнік зямельнага ўрада. Альтэрнатыўным Актоберфэсту раем для аматараў піва з’яўляецца піўны рэстаран Хофбройхаўс, створаны за два стагоддзі да самога Актоберфэсту.
Першапачаткова гэта быў прыдворны бровар. Вялікія залы Хофбройхаўса здольныя змясціць да 4000 чалавек. Рэстаран вылучаецца лаяльнай да турыста цэнавай палітыкай, мэта якой – падаць як мага большай колькасці людзей з усёй Зямлі доступ да самых розных гатункаў найлепшага піва і лепшых страваў нямецкай кухні. Такім чынам, горад Мюнхен гэта не толькі сталіца Баварыі, нямецкага футболу і Актоберфэсту, але і месца са шматлікімі рэстаранамі і музеямі. Здаецца, не існуе ніводнага жыхара Зямлі, які не знайшоў бы сабе цікавага занятку ў Мюнхене.
Таццяна Сінькевіч.