Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“…Я – лейтэнант Махнач”

“…Я – лейтэнант Махнач”

7 верасня 2022, 08:08 Культура 82
“…Я – лейтэнант Махнач”

27 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння драматурга, празаіка і публіцыста Алеся Махнача

Алесь (Аляксандр Іванавіч) Махнач нарадзіўся ў в. Забалацце Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў восем класаў Уздзенскай сярэдняй школы і паступіў у Менскае ваеннае пяхотнае вучылішча (1939). У 1940 г. стаў курсантам Калінкавіцкага вайсковага пяхотнага вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1941 г. быў накіраваны на службу ў гарнізон Берасцейскай цвердзі, дзе прыняў пад сваё камандаванне стралковы звяз.

У чэрвені 1941 г. удзельнічаў у абароне цвердзі, быў цяжка паранены і трапіў у палон. Пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 г. працяглы час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталях. З 1947 па 1953 г. загадваў Прысынкаўскай сельскай бібліятэкай Уздзенскага раёна, у 1953-1961, 1963-1966 гг. працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, завочна скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум (1954) і Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве (1960).

Першы верш Алеся Махнача “Калгасная восень” у 1949 г. надрукавала Уздзенская раённая газета “За Савецкую Радзіму”. З цягам часу яго вершы, нарысы, рэцэнзіі сталі з’яўляліся ў рэспубліканскім перыядычным друку. У 1956 г. А. Махнач выдаў першы зборнік аднаактовых п’ес “Драматычныя мініяцюры”.

За гады творчай працы ім напісана каля пяці дзясяткаў аднаактовых п’ес, камедый, сцэнак, скетчаў, інтэрмедый. Многія з іх увайшлі ў зборнікі “Аднаактовыя п’есы” (1961), “Мы будзем жыць” (1967), “П’есы” (1974), “Не кажы: мая хата з краю…” (1980), “Няхай красуе жыццё” (1982) і інш.

 Пяру драматурга належаць папулярныя п’есы для дзяцей “Шпачок” (1963), “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці” (1974),  дзе адлюстравана героіка Вялікай Айчыннай вайны. Алесь Махнач аўтар дакументальных аповесцей “Дзеці крэпасці” (1988), “Камандзір Усходняга форта” (1991), за якія Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў баталістаў і марыністаў узнагародзіла яго дыпломам і медалём К. Сіманава.

Алесь Махнач вядомы як краязнавец, які рупліва збіраў звесткі пра свой родны край. Найбольш значнай яго працай з’яўляюцца нарысы “Мой Нёман”, “Цячэ рэчка”, “Ля родных крыніц”. У 1998 г. у серыі “Ведаць свой край Беларусь” выйшаў яго краязнаўчы зборнік нарысаў “Нізок” пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы. Не забываў пісьменнік і пра родную вёску Забалацце, яго цікавіла ўсё, што тычылася мінулага малой радзімы. Праз тры гады пасля смерці даследчыка выйшла кніжка пра вёску Забалацце і яе людзей.

Алесь Махнач, які сам выйшаў з асяроддзя сельскай творчай інтэлегенцыі, вельмі паважаў працу сельскіх настаўнікаў, супрацоўнікаў бібліятэк і дамоў культуры. У 1980 г. драматургу было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. Пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі. У 2001 г. адбылася прэм’ера дакументальнага тэлефільма “…Я – лейтэнант Махнач” (рэжысёр В. Жыгалка), прысвечаны гераічнай абароне Берасцейскай цвердзі.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4919
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

15 лістапада 2025, 12:4219
Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў
Выданні

Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў

25 студзеня 2023, 08:1719
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0018
Далучайцеся да нас