Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Валянцін Таўлай па-ўкраінску

Валянцін Таўлай па-ўкраінску

7 верасня 2022, 08:23 Выданні 132
Валянцін Таўлай па-ўкраінску

Жонка доктара філалагічных навук, паэта Міколы Арочкі (1930-2013) Марыя Іванаўна Арочка ў сваёй хатняй бібліятэцы адшукала зборнік вершаў Валянціна Таўлая (1914-1947) на ўкраінскай мове “Паэзіі”. Зборнік быў выдадзены ў Кіеве ў 1964 годзе. У ім змешчана 46 вершаў Валянціна Таўлая ў перакладзе на ўкраінскую мову, а таксама 4 паэмы: “Непераможная”, “Кобрыншчына”, “Песня пра сухар” і “Таварыш”. Творы Валянціна Таўлая перакладалі вядомыя ўкраінскія літаратары і перакладчыкі Уладзімір Сасюра, Павел Варанько, Рыгор Коваль, Барыслаў Сцепанюк, Уладзімір Лучук, Абрам Кацнельсон і іншыя.

Зборнік каштоўны яшчэ і тым, што на ім знаходзіцца аўтограф жонкі Валянціна Таўлая Лідзіі Сяргееўны Таўлай. Свой аўтограф яна адрасавала паэту Міколу Арочку, які ў 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Валянціну Таўлаю і яго традыцыі рэвалюцыйнай паэзіі. А пасля ў 1969 годзе ў Менску ў выдавецтве “Беларусь” Мікола Арочка асобнай кнігай выдаў крытыка-біяграфічны нарыс “Валянцін Таўлай”. Лідзія Таўлай на ўкраінскім выданні “Паэзіі” Валянціна Таўлая напісала: “Паважанаму Міколу ад шчырага сэрца свайго і Валянціна ў дзень абароны дысертацыі за мужнасць даследчыка, які не збаяўся зазірнуць у таямніцы творчасці і з гонарам выканаў задуманае. 12.10.67 г. Л. Таўлай”.

Абараняць кандыдацкую дысертацыю па твор-часці Валянціна Таўлая ў той час было няпроста. Тым не менш, Мікола Арочка прайшоў гэты шлях, і кандыдацкая дысертацыя была абаронена. А пазней паэт абараніў і доктарскую дысертацыю па даследаванні беларускай паэмы.

Мікола Арочка ўсё жыццё цікавіўся творчасцю Валянціна Таўлая. Ён напісаў пра яго шмат артыкулаў, стварыў вязанку вершаў. Адзін верш “Куртка Валянціна Таўлая” паэт прысвяціў Лідзіі Сяргееўне Таўлай. Ён быў апублікаваны ў зборніку “Дзень паэзіі-71” (Мінск, 1971). Апошняя страфа ў гэтым вершы гучыць так:

Сатлела вуголле… З печкі

Ёй падгалошваў вецер…

Ён надзеў сваю куртку на плечы

І з хаты пайшоў у бяссмерце.

 

У бліжэйшы час зборнік вершаў Валянціна Таўлая на ўкраінскай мове і з аўтографам жонкі паэта будзе перададзены ў Лідскі дом-музей Валянціна Таўлая.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2619
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2718
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4517
Далучайцеся да нас