19 жніўня 2022 года ў Менску, у бібліятэцы нумар адзін імя Талстога адбылася літаратурна-музычная імпрэза клуба “Экватар” пад назвай “На схіле лета новай стрэчы свет”. Прыемным супадзеннем з’явілася тое, што мерапрыемства адбылося ў дзень вялікага светлага свята – у Яблычны Спас. Ва ўтульнай зале першай сталічнай бібліятэкі сабраліся ў той вечар паэты, пісьменнікі, журналісты, навукоўцы, а таксама прыхільнікі “Экватара” – людзі, якія спецыяльна прыходзяць на імпрэзы суполкі.
Праводзіў мерапрыемства кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар” – паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён шчыра прывітаў прысутных і падзякаваў ім за тое, што сабраліся, нягледзячы на летні расслаблены на-строй і яшчэ не скончаны сезон адпачынкаў. Вячаслаў зазначыў, што мерапрыемствам 19 жніўня 2022 года распачынаецца новы творчы сезон у клубе “Экватар”, які прадоўжыцца да пачатку лета наступнага года. Спадар Корбут прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў, сярод якіх быў і гэты, напісаны спецыяльна да новай літаратурай сустрэчы:
Жнівень
Жнівень ходзіць па пракосах,
Па той свежай збажыне,
Быццам бусел гоніць восаў
Па чыёйсьці там віне.
Чалавек прыціх у думках,
Коле дровы, піша верш,
Не чакае пачастункаў,
Лічыць: гэтак будзе лепш!
Лета радуе дажджамі
І няпраўды топіць рык.
Тым жывём, чым рады самі,
І душа ад спёк гарыць.
Лета піша дзеі драмаў,
Гоніць прэч ліхіх бажкоў.
Жнівень столькі мае ранаў
Ад ім пройдзеных вякоў…
І павее ў жніўным полі
Ціха зменамі – здалёк,
Што нясуць любоў і волю,
І да шчасця смелы крок!..
Педагог, музыкант, кампазітар Вольга Воінская вельмі любіць бываць на імпрэзах літаратурнага клуба “Экватар”. Нажаль, не заўсёды атрымоўваецца ў іх паўдзельнічаць, бо спадарыня Вольга шмат працуе, выхоўвае маленькую дачку Алісу, якая, між іншым, першага верасня гэтага года пойдзе ў другі клас. Аліса Далжанкова, дарэчы, таксама прысутнічала на мерапрыемстве 19 жніўня, каб паслухаць, як будзе граць яе мама. А Вольга Воінская выканала на фартэпіяна сваю зусім новую музычную кампазіцыю “Сінявокая птушка”, якую напісала нядаўна. Вельмі натхнёна гучаў інструмент. Чароўныя гукі ліліся, пранікаючы ў сэрцы ўсіх прысутных…
Паэт Вячаслаў Данілаў стараецца ніколі не прапускаць мерапрыемствы “Экватара”. Нажаль, зараз гэта ў яго не заўсёды атрымоўваецца, бо моцна хварэее ягоная маці – Зінаіда Міхайлаўна Данілава (таксама даўняя прыхільніца нашай суполкі), за ёй патрэбны дагляд… Але на імпрэзу 19 жніўня Вячаслаў усё ж такі змог прыехаць. Ён паведаміў сабраўшымся, што напісаў ужо дастаткова вершаў, каб выдаць новую кнігу. Некалькі новых сваіх паэтычных твораў Вячаслаў прачытаў.
Паэт, пісьменнік, драматург Глеб Ганчароў перыядычна піша надта эпатажныя рэчы, як паэтычныя, так і празаічныя, – можна сказаць, на грані фолу. Неадназначна сустрэла аўдыторыя новае апавяданне спадара Ганчарова – пра бядотнага ката… Але прысутныя пачулі і некалькі вершаў Глеба ў аўтарскім выкананні – ужо класічнай накіраванасці. Адзін з іх быў пра каханне, пяшчотны і прыгожы:
* * *
З табой мы па законе хараства
З’яўляемся сумеснай плоццю ўсюды,
Як быццам бы адным трымценнем два
Сазлучаныя роднасцю сасуды.
Перажывем адно жыццё ўдваiх,
Нанiзваць днi на стрыжнi ўзросту будзем,
I ўзровень непрыемнасцей маiх
Усё хутчэй знiжаецца ў сасудзе.
Два нашы сэрцы б’юцца заадно,
Хаця ў маім парывы і з’ялчэлі.
Магчыма, у яго аслабла дно,
I сценкі, збузаваўшыся, станчэлі.
У ім паўсюль лунае скрушны дух,
Які шукае для сябе адтулін,
Ды пераход паміж сасудаў двух
Ужо даўно сазлучаны пакуллем.
Доктар філасофскіх навук, прафесар Вадзім Салееў 19 жніўня ўпершыню пасяціў імпрэзу літаратурнага клуба “Экватар”, і канешне, атрымаў на ёй слова. Трэба зазначыць, што Вадзім Аляксеевіч працуе яшчэ і ў галіне літаратурнай крытыкі. Сваё выступленне ён прысвяцціў кароткаму аналізу сучаснага літаратурнага працэсу. Ад апошняга спадар Салееў зусім не ў захапленні, бо зашмат развялося графаманскай літаратуры і нізкага ўзроню аўтараў, якія, нажаль, лічаць сябе прафесійнымі пісьменнікамі…
Празаіка і паэтку Людмілу Лазуту, даўнюю сяброўку “экватарыяльнай” суполкі, нажаль даўно не было бачна на мерапрыемствах клуба – перашкаджалі загружанасць па працы і шматлікія сямейныя абавязкі (у спадарыні вялікая сям’я). Людміла Паўлаўна – прафесійны ўрач з вялікім стажам працы; зараз навукоўца, выкладае ў Менскім медыцынкім універсітэце. Некалі з дапамогай літаратурнага клуба “Экватар” выдала дзве кнігі сваёй кароткай прозы – светлыя і таленавітыя. Спадарыня Людміла шчыра падзякавала кіраўніцтву клуба за тое, што яе не забылі і працягваюць запрашаць на імпрэзы суполкі, а потым прачытала некалькі сваіх новых вершаў.
Паэт Зміцер Захарэвіч у літаратурным клубе “Экватар” нядаўна – з лютага 2022 года. А прывёў яго да нас Серж Мінскевіч (Царства Нябеснае!..), наш вельмі блізкі, нядаўна пакінуўшы гэты свет сябар… На імпрэзе 19 жніўня спадар Захарэвіч успамінаў сваё вайсковае мінулае, а служыў ён некалі памежнікам. Дык вось, Зміцер распавёў пра жнівеньскія ночы на мяжы, пра чароўнае чорнае неба, з якога менавіта ў жніўні часта падаюць на зямлю зоркі… Ён прачытаў прысутным шэраг сваіх вершаў. Сярод іх быў паэтычны твор, напісаны акурат да Яблычнага Спасу (Летніх Дзядоў), вельмі прыгожы і глыбокі:
Яблыні
Дзедаў разложысты сад
Яблынь – ускраек раю.
Поўны з любое – наўгад –
Мех смакаты збіраю.
Шчодра на радасць дзятве
Нас частуюць пладамі,
Што рдзяцца ў жухлай траве
Выспелымі гадамі.
За бескарыслівы чын
Рупныя ў часу астачу –
Болей не ведаю чым –
Вершам хіба аддзячу.
Збэшчаная ўшчэнт кара –
Безліч пад ёю колцаў –
Сівер без жалю караў,
Бо шлюб бралі вы з сонцам.
Колькі над вамі чарод
Шлях у вырай спазналі?
Вы ж глыбей, наадварот,
Штодня ў сваё ўрасталі.
Каб апасля наталіць
Сокам жывільным з нетраў,
Сілаў надаць нам прайсці
Стынь дарог непрыветных.
Мы ўласным плёнам услед
Свет адарыць ці ў стане? –
Яблык пад ногі зляцеў,
Як нямое пытанне…
Кіраўнік літаратурнай гасцёўні “Дзясятачка”, паэт, пісьменнік Міхаіл Баранчык зазначыў, наколькі яму прыемна бываць на мерапрыемствах “Экватара”, бо імпрэзы гэтыя збіраюць таленавітых прафесійных аўтараў і выканаўцаў. А калі такія людзі збіраюцца разам, то ўзнікае вялікая экуменічная энергія, і яна прыносіць у далейшым і аўтарам, і слухачам вялікае натхненне і жа-данне жыць. Спадар Міхаіл з задавальненнем прачытаў перад сабраўшыміся некалькі сваіх новых вершаў.
Далей слова перайшло да жанчын-паэтак. Спачатку выступіла Святлана Ефіменка, а потым Тамара Смірнова. Абедзьве, дарэчы, бландзінкі і вельмі сімпатычныя кабеты. І Святлана, і Тамара чыталі свае чароўныя светлыя вершы пра каханне і прыгажосць навакольнага сусвету.
Паэт, пісьменнік, дакументаліст Юрась Нераток за апошнія некалькі год стаў блізкім сябрам “экватарыяльнай” суполкі – падабаецца яму наш літаратурны клуб. Спадар Юрась ужо шмат для нас зрабіў і працягвае нам дапамагаць – за што яму вялікі дзякуй! На імпрэзе 19 жніўня ў выкананні Юрася Нератка прысутныя пачулі шэраг ягоных глыбокіх прафесійных вершаў. Адзін з іх быў сумны, прысвечаны зарападу (практычна адсыл да Зміцера Захарэвіча):
Перапеў
Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая,
Хмараю дымчатай сонца закрытае.
Ой ты, надзея мая спарахнелая!
Ой жа ты, мара мая незабытая!
Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя,
Мокне ад роспачы восень дачасная…
А ці былі вы, гады мае лепшыя?
А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?
Песня заціхне струною парванаю,
Гукам фальшывым, няскончанай нотаю…
І адгукнецца душа закілзаная
Болем і жалем, журбой і маркотаю…
Па заканчэнні свайго выступлення Юрась Нераток прадставіў прысутным паэтку Ксенію Ярмілаву. Некалькі разоў спадарыня ўжо бывала на мерапрыемствах “Экватара”, а вось 19 жніўня, з падачы спадара Нератка, упершыню прачытала некалькі сваіх лірычных вершаў на “экватарыяльнай” імпрэзе.
Завяршаў канцэртную праграму паэт і бард Кірыл Бандзерс. Як заўсёды, ён быў у сваім “рэпертуары”: брутальныя, жорсткія тэксты ў аўтарскім выкананні пад гітару, нізкі глыбокі голас… Публіка заўсёды рэагуе на Бандзерса неадназначна, але ж тэксты ягоныя, несумненна, таленавіты, як і само выкананне аўтарскіх песень…
Усіх выступоўцаў жнівеньскай імпрэзы літаратурнага клуба “Экватар” сабраўшыяся віталі шчырымі апладысментамі. Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй.
Вячаслаў Корбут.