Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Бабруйская настаўніца робіць настолкі, каб вывучаць беларускую мову гуляючы

Бабруйская настаўніца робіць настолкі, каб вывучаць беларускую мову гуляючы

24 жніўня 2022, 08:05 Мова 45
Бабруйская настаўніца робіць настолкі, каб вывучаць беларускую мову гуляючы

Людміла Крылова, настаўніца і дэфектолаг з Бабруйска, мае ўжо 12 аўтарскіх гульняў, якімі можна карыстацца і ў школе, і дома – і так вывучаць беларускую мову, піша сайт 1387.by. Навінкі надрукаваны літаральна на днях! “На падыходзе яшчэ тры”, – дзеліцца планамі энтузіястка, і дадае:

– У мяне няма мэты на настолках зарабіць. Хачу падарыць магчымасці вучыць мову цікава.

Як усё пачалося?

Ідэя рабіць дыдактычныя гульні для школьнікаў наведала Людмілу ў часы, калі яна працавала ў Цэнтры дзіцячай творчасці. Там бабруйчанка была намесніцай дырэктара па выхаваўчай працы і займалася праектам беларускамоўнай змены летніка для сотні дзяцей. А калі яна пайшла настаўнічаць у школу, паўстала пытанне – як матываваць васьмікласнікаў з цікавасцю наведваць шосты навучальны дзень. Людміла прапанавала ім ствараць гульні для малодшых. Формы настаўніца прапаноўвала сама, а яе вучні падбіралі лексічны матэрыял.

Так бабруйчанка пачала ствараць настолкі – як для малодшага, так і для дарослага школьнага ўзросту. Многія словы ці пытанні яна спярша тэстуе праз свой інстаграм, а пасля дадае ў гульні.

 Тэматыка гульняў

Першымі гульнямі былі лато для малодшага ўзросту, трохкутнікі з сінонімамі і антонімамі для старэйшых класаў (па іх добра рыхтавацца да алімпіядаў), рэбусы. З апошніх – “Праўда і хлусня” на экалагічную тэму, “Пчолка Леля” для самых маленькіх (дапамагае вывучыць новыя словы), настолка-хадзілка “У пошуках скарбаў”, моўнае даміно, “Калейдаскоп” – антонімы, “Калейдаскоп” – літаратура ды іншыя.

Цяпер у скарбонцы настаўніцы 12 гульняў, і тры на падыходзе.

– Адна гульня ўжо год ляжыць, ніяк не дашліфую пытанні. Абкатваю на дзецях, а яны іх не бяруць. Трэба спрашчаць. Але гэта будзе гульня жыцця, – смяецца Людміла Крылова. – Дапамагаюць вучні ды інстаграм. Там я кожны дзень выкладаю пытанні з гульняў, якія раблю, такім чынам іх абкатваю. Ідэю гульні “Незнаёмцы” год таму прапанавала мянчанка, напісала, а пасля мы стэлефанаваліся. Для гэтай настолкі я год падбірала цікавыя словы. Амаль усё ствараецца летам, бо маю больш вольнага часу для афармлення гульні ў “смачнае адзенне”.

 

 Як прыдбаць настолку ад Людмілы

Свае настолкі Людміла друкуе ў Менску, па 30 асобнікаў. Пакуль яна не знайшла замоўцаў, зацікаўленых у вырабе больш вялікіх накладаў. Але ў мінулым годзе на друк 100 асобнікаў ахвяраваў сталічны прадпрымальнік. 

– Гэта быў прыемны шок, – узгадвае бабруйчанка. – Ён проста напісаў: “Хачу дапамагчы”. І цяпер, калі мяне запрашаюць з аўтарскімі майстар-класамі “Вучым мову гуляючы, або лайфхакі для цікавага навучання”, маю магчымасць рабіць удзельнікам падарункі. Бо мне падарылі – і я дару. Звярталася ў часопісы, але адзінае, што яны могуць прапанаваць – каляровы ўкладыш.

Таму ў асноўным раблю сваімі сіламі, на ўласныя грошы. І дзякуй настаўнікам, якія цікавяцца настолкамі, дасылаю ім. Наогул у мяне няма мэты на гэтым зарабіць. Хачу падарыць магчымасці вучыць мову цікава!

Таксама Людміла робіць закладкі для кніг, з іх дапамогай можна ўдасканальваць свае веды

 

Зацікавілі настолкі Людмілы Крыловай? Пішыце ў яе інстаграм. Там жа можна ўбачыць усе гульні і нават паўдзельнічаць у стварэнні новых.

1387.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5442
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1116
Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін
Выданні

Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін

24 лютага 2020, 15:5615
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2715
Далучайцеся да нас