БЕЛАРУС і КАЗАК
Цалкам згодны з тымі, хто лічыць Мікалая Рубцова сапраўды апошнім паэтам вёскі, з якім сышоў высокі сапраўдны боль гэтай хвалюючай кожнага да глыбіні душы тэмы. У сваім багатым літаратурным архіве знайшоў неяк састарэлы бледна-блакітны пузаценькі канверт. У ім – тры фатаграфіі рана пайшоўшага з жыцця, аднаго з маіх ўлюбёных расійскіх паэтаў Барыса Прымерава. Тут жа старонка са школьнага сшытка ў клетачку. На ёй – рукапісны тэкст верша “Бэз”, апублікаванага ў чацвёртай кнізе творцы, які быў шчодра надзелены паэтычнымі адносінамі да жыцця і свету, “Вясновы госць”, якая выйшла ў 1972 годзе. Самі словы – зялёныя, а подпіс пад імі – чорны. Запэцканы абарот лістка кажа пра тое, што прывесці ў пачуццё першапачатковы стрыжань так і не атрымалася, і давялося выкарыстоўваць іншы.
Яшчэ ў папяровым “файле” – водгук майго смаленскага таварыша-журналіста Генадзя Сухаручанкава “Вытокі памяці” на кнігу Прымерава “Пасля расстання”, падборка з трох яго вершаў у (ЛГ) за 19. 10. 1983 і “Бярозавы трыптых” з “Літаратурнай Расіі” (1984). Усё гэта, плюс “Трыпутнікі” і “Сосен шум” Мікалая Рубцова, той жа “Вясновы госць”, “Талая зара” і “Вячэрнія лугі” Прымерава з іх непаўторнай зачаравальнай лірыкай перасялілася ў свой час у маю двухпакаёўку з кватэры майго старэйшага сябра, вядомага беларускага паэта Міколы Федзюковіча.
Разам з іншым беражліва захоўваю і травеньскі нумар “Маладосці” за 1993 год, у якім надрукавана нізка вершаў шчырага беларуса, сярод якіх – прасякнутая смуткам, журбой і роздумам “Элегія”:
Цень прадвесняга дня –
смутак мой вечаровы!
Ад відна да відна –
гукі музыкі, словы…
П’ю да дна, да канца
слодыч мілых мелодый –
як ваду забыцця,
як віно асалоды.
………….…………………………………
Я прыйшоў да цябе
не сугнеем няшчасным:
невыносна цярпець,
калі сэрца – на часткі.
Я цябе дакараў,
ты ж ці ўсё даравала?
Дык не стой у дзвярах,
бы ў цясніне Дар’яла!..
Цень прадвесняга дня –
смутак мой вечаровы.
Ад відна да відна –
гукі музыкі, словы…
Гэты дзень карацей
за салоўчую песню:
прыгалубіць хацеў –
у грудзях стала цесна.
П’ю да дна, да канца
слодыч мілых мелодый –
як ваду забыцця,
як віно асалоды.
Хоць яно і гарчэй
ад любові расстайнай,
ды ямчэй і ярчэй,
чым жаночая тайна.
Хоць яно і гарчэй, –
гарачэй смага-прысак:
не замружвай вачэй –
смутак роспачы высах…
Хай буяе быльнёг!..
Я сумую па часе,
калі побач было
невыноснае шчасце.
Чвэрць стагоддзя няма ўжо з намі Міколы, простага, сціплага, сарамлівага, добразычлівага сялянскага хлопца з вёскі Гутава, што ў Драгічынскім раёне. Падчас адной з нашых працяглых размоў ён дзяліўся сваім цікавым успамінам пра тое, як пасля сярэдняй школы шчырэў спачатку літсупрацоўнікам драгічынскай раёнкі “Чырвоная зорка”, а потым фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраёнкі “Ленінскі шлях”, якая надрукавала яго першыя вершы. Працаваў у свой час у “Народнай асвеце”, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва “Чырвонай змены”, дзе я, студэнт трэцяга курса журфака, з ім і пазнаёміўся. На той час у яго былі ўжо кніжкі вершаў “Зямля-магніт” і “Мілавіца”, якую ён мне падпісаў, а я “даў пачытаць” перад ад’ездам у ГДР камусьці з аднакурснікаў… Трэцяга зборніка давялося чакаць даволі доўга, “Птушыны грай” мы замочвалі ў… 1976-м, калі я ўжо працаваў (пасля “Знамени юности”) ў “Сельской газете”… Праз тры гады набыў ягоны “Макаў цвет”. Ведаю, што больш чым праз дзесяць гадоў пасля смерці Мікалая Мікалаевіча ў серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” выйшаў пасмяротны зборнік ягонай выбранай паэзіі “Красадзён”. Асобную падзяку выказваю за гэта нашаму агульнаму сябру, паэту, празаіку і перакладчыку, дарэчы, Федзюковіч і сам перакладаў з рускай, французскай і ўкраінскай моў, Віктару Гардзею, укладальніку выдання.
СМЕРЦЬ І СУМЛЕННЕ
У адзіным у свеце Літаратурным інстытуце Мікола падтрымліваў з аўтарам “Бэзу” самыя цёплыя сяброўскія адносіны, быў на вяселлі Барыса, які пабраўся шлюбам з Надзеяй Кандаковай – студэнткай той жа навучальнай установы. Надзея Васілеўна стала аўтарам 11 па-этычных кніг, літаратурным перакладчыкам са славянскіх моў, драматургам.
– Уяўляю, душой адчуваю, што азначаюць для цябе гэтыя імёны…, – зразумела і развітальна казаў ён, перадаючы мне пералічанае незадоўга да свайго сыходу. Ён памёр (згубіла тое ж, што і Рубцова, не ведаю, як пасля сумесных з Міколам і Яўгенам Крупенькам выпівак яшчэ жыву сам?!) у 1997-м.
Праз два гады пасля таго, як сын данскога казака з растоўскай вёскі Мацвееў Курган Барыс Прымераў, з якім Федзюковіч разам вучыўся з 1966-га па 1970-ы, павесіўся ў Перадзелкіна, дзе побач з Барысам Пастарнакам пахаваны памерлы ў Амерыцы Яўген Еўтушэнка, пра якога некалькі слоў наперадзе. Рубцоў, дарэчы, скончыў прэс-тыжную літаратурную ўстанову годам раней за Міколу і Барыса.
Перад суіцыдам Прымераў пакінуў перадсмярот-ную запіску. Вось што ў ёй было напісана: “Тры дарогі на Русі: я выбіраю смерць. Мяне паклікала Юлія Уладзіміраўна Друніна… (адчыніла ў гаражы выкідную трубу свайго “масквіча” і задыхнулася. – Аўт.). Неахвота жыць з падонкамі: Лужковым і Ельцыным… Апамятайся, народ, і зрынь кліку… такога не было і не будзе на белым свеце…”.
Барысу, якога па словах Уладзіміра Цыбіна, Бог пацалаваў на творчасць, было 56. Міколу, зборнік вершаў якога “Птушынае дрэва” перакладзены на рускую, – 53… На ягоны “палціннік” я падарыў яму ў вузкім коле за чаркай “Сталічнай” кнігу Гаўрыіла Дзяржавіна “Вершы”, і ён узгадаў іспыт у Літінстытуце па літаратуры XVIII стагоддзя.
Самаму беларусу, былому вайскоўцу, які перапісваўся з Яўгеніяй Янішчыц, трапіўся Радзішчаў. З яго творчасцю ён больш-менш паспяхова справіўся, і пачаў чакаць у шырокім калідоры Прымерава. Той надта доўга змагаўся за адзнаку, а калі зачыніў за сабой дзверы аўдыторыі і паўстаў перад сябрам – на ім не было твару! Прафесар, які прымаў, зганьбіў яго так, што ў пару было праваліцца скрозь зямлю: як жа можна не ведаць творчасць самога Дзяржавіна, які заўважыў ды дабраславіў Пушкіна?! Але ніякай адзнакі не паставіў, сказаў, каб усё прачытаў, як след падрыхтаваўся і прыйшоў зноў. Так што было не да замочкі – Барыс штудзіраваў Гаўрылу Раманавіча амаль тыдзень. Шмат ягоных вершаў вывучыў на памяць і атрымаў з другога заходу ў выніку, на дзіва ўсім… “пяцёрку!”.
Пра згаданую вышэй запіску Прымерава я даведаўся толькі ў 1997-м, праз два гады пасля трагедыі, калі пабачылі свет “Строфы стагоддзя” Яўгена Еўтушэнкі. Не знайшоўшы ў анталогіі, дзе амаль тысяча паэтаў, прозвішча Прымерава, я зразумеў, чаму ў ёй няма аднаго з найрэзкіх рускіх лірыкаў. Успамінаю часам, як актыўна абмяркоўвалася ў друку праца складальніка анталогіі. Асабліва ўразіў востры погляд на яе Уладзіміра Салавухіна. У сваім вялікім крытычным аглядзе ён быў здзіўлены адсутнасцю ў фаліянце вагой амаль у два з паловай кіло (я спецыяльна ўзважваў) і Прымерава, і Ісаева, і Бялова, якому Рубцоў прысвяціў адзін з лепшых сваіх вершаў: “Ціхая мая радзіма”. Вось як ён выглядае ў маім перастварэнні:
Ціхая мая радзіма!
Тут я валяўся ў траве…
У школу тут з Лёнем хадзілі,
Ён сёння ў Оршы жыве…
Як даўно Любачку бачылі?
Нешта знайсці не магу.
Суседзі сур’ёзна зазначылі:
– У Копысі, лечыць нагу.
А Сашка ў калгасе працуе,
Ён там даглядае бычкоў,
Кадраў, вядома ж, бракуе,
Ці ты гэта, Воўка?! Здароў!
Адтуль, дзе лавілі мы ракаў,
Нічога цяпер не пачуць,
Няма ні каня там, ні трактара,
Адны успаміны плывуць
Пра тое, як скача там конік,
Як плаваць у Лешчы любіў,
Радзіма, я твой паслядоўнік,
Нічога які не забыў:
І сад за пакінутай школаю,
І кладку – былы пераход,
Быццам варона вясёлая,
Прысяду на рэдзенькі плот.
Драўляная школа й цагляная,
Сню я вас часта ўначы,
Прабач мяне, Лешча туманная,
Прабачце скляпенні, ключы…
“Ціхі і хворы” Прымераў, сведчыць Віктар Астаф’еў у “Сшытку пра Мікалая Рубцова” са сваіх вядомых “Зарубаў”, нягледзячы на ўсе цяжкасці, прыехаў 21 студзеня 1971-га з Масквы ў Волагду на пахаванне Рубцова на Пашахонскіх могілках. Быў яшчэ, піша Астаф’еў, “хлопец з горада Горкага, прозвішча якога я запамятаваў, здаецца Сізоў”. Астатнія “самыя сардэчныя і блізкія сябры”, як яны самі сябе называлі, “… якраз у гэты час змагаліся за народ, за Расію, і адцягваць увагу на пабочныя справы ім не было калі”. “Самай горкай і адзінокай, – заўважае знаны пісьменнік, – была на пахаванні жонка Мікалая Рубцова, маці ягонай дачкі Гета Меньшыкава, прыехаўшая з вёскі Ніколы. Яна ціха плакала, седзячы ў баку, і гэтак жа незаўважна вярнулася дадому ўдавой”. Хачу удакладніць шаноўнага Віктара Пятровіча. Па-першае, з Меньшыкавай паэт справіў у 1963 годзе вяселле, але не распісваўся, таму дачка, Алена, была пазашлюбнай. Па-другое, прыязджаў яшчэ разанскі паэт і празаік Барыс Шышаеў, які пражыў на два гады менш за Прымерава і ўсяго на год больш за Федзюковіча. Пра тую паездку і пахаванне Рубцова ён распавядае ў пісьме да сябра Сяргея, якое можна знайсці на сайце “Душа захоўвае”. Яму належыць, дарэчы, выдатны нарыс “Алтайскае лета Мікалая Рубцова”.
Што тычыцца згаданага Астаф’евым празаіка, паэта і журналіста Аляксандра Сізова, то ён стаў адным з 17 аўтараў зборніка “Мікалай Рубцоў ва ўспамінах сяброў”, складзенага Мікалаем Паповым. Кніга выйшла у 2008-м , праз дзесяць гадоў пасля вядомага выдання “Мікалай Рубцоў: Валагодская трагедыя”. У ім, акрамя ўспамінаў сучаснікаў і лістоў паэта, – аповесць вядомага рускага пісьменніка, былога (памёр у 2018-м у свае 69 гадоў ) сакратара Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалая Каняева “Падарожнік на краі поля”. Дзякуй Богу, Еўтушэнка хоць колькі слоў сказаў пра яго ў сваёй анталогіі: “Народнага складу паэт з жывой фальклорнай пульсуючай жылачкай, сапраўдны сябар М. Рубцова не толькі пасмяротны, але і прыжыццёвы”. Тут я шчырасці мэтра паэтычнага слова веру. А вось у шчырасць ягоных слоў пра Рубцова – не вельмі: “Мяне хацелі з ім пасварыць, ды вось не атрымалася. Ніколі не забуду, як аднойчы нехта з пяшчотнай жартаўлівасцю закрыў, падышоўшы ззаду, мае вочы далонямі. Гэта быў Коля”. Як бы там ні было, укладальнік анталогіі даў у ёй ажно дзевяць, калі не памыляюся, вершаў Рубцова.
Вяртаюся тым часам да Аляксандра Сізова. У сваім нарысе “Па лясах Вятлугі” з кнігі Папова ён распавядае, як сустракаў у ліпені 1969-га Рубцова на сваёй радзіме ў ніжагародскім Варнавіне, аб наведванні горада Вятлугі, вёсак Ляпунова і Ляленка. У апошняй ад мясцовай бабулькі пачулі яны “прыгожую лясную казку пра Лялю-разбойніка і яго скарбы, лясную дзеўку і выдатную княгіню Лапшангскую, пра маладога атамана Бархотку. Пасля гібелі Рубцова 19 студзеня 1971-га ад рук грамадзянскай жонкі, паэткі Людмілы Дзербіной, Сізоў прачытае ў яго “Лясной казцы”:
Мне пра тое расказалі сосны
Ў лясах і кветкі ў сінім лузе:
Тут гуляў калісьці Ляля грозны
І наводзіў жах па ўсёй акрузе.
ПІСЬМО І ПАМЯЦЬ
Пра неацэнныя для мяне падарункі Міколы Федзюковіча, які даў мне калісьці рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, я памятаў увесь мінулы час. Пераглядаў, перачытваў іх з неадольным душэўным хваляваннем і трапятаннем, непраходзячым жаданнем распавесці пра невядомыя дакументы літаратурнай эпохі ў друку. Але ўсё неяк не складвалася, не “зладжвалася” і адкладвалася… І вось надышоў час, калі цягнуць з выкананнем жаданага далей проста немагчыма – перажыў Рубцова, без якога ўвогуле не ўяляю рускую славесную мастацкую творчасць, ужо на 38 гадоў…
На адваротным баку адной з трох згаданых вышэй фатаграфій Прымерава – ліст Мікалая Рубцова. Ён быў напісаны простым алоўкам, і з часам паціху пачаў паміраць. Баючыся канчатковай смерці невядомага паслання, чаго сабе ніколі б не дараваў, я рэанімаваў яго з дапамогай шарыкавай ручкі з чорным стрыжнем, выпушчанай да 100-гадовага юбілею рэспубліканскай “Сельскай газеты”, дзе мы з Федзюковічам у адзін час разам працавалі (ён быў літкансультантам). У сувязі з тым, што разабраць да канца напісанае ўсяроўна цяжка, прыводжу поўны алоўкава-ручкавы тэкст:
“Дарагі Барыс! Ты мяне здзівіў! Ліст твой атрымаў, чытаў яго цэлых два тыдні і ўсё захапляўся табой! Вось фатаграфіі. Яны, відаць, не вельмі, але якія ўжо ёсць. За сцэнар мне грошы даслалі. 90 рублёў. Ад Карпавай атрымаў ліст, напісаў шмат новых вершаў. Адзін з іх:
Жыву ў пашарпанай кватэры,
Славы няма, няма і грошай,
У свеце паэтаў ёсць дахалеры,
Ды, мо, я адзін з іх харошы.
Прысвяціў Б. Прымераву. Цалую, Барыс. Пішы. Ягору прывітанне, я не магу яму патэлефанаваць, у нас дрэнны тэлефонны”.
Не цяжка здагадацца, што апошняе слова ў лісце – “вузел”, якое проста не ўлезла. Шкада, што не хапіла месца для месца і даты напісання гэтага арыгінальнага, што ўжо тут казаць, твора-паслання. Але паспрабуем, усё ж, разабрацца і ўдакладніць, калі гэта было, крыху пазней. Пачнем, як кажуць, з самага пачатку.
Перадусім хацелася б спытаць (вось толькі ў каго і як цяпер гэта зрабіць?!), што за твор меў на ўвазе аўтар своеасаблівай, напалову зашыфраванай дэпешы, за якую ён атрымаў гэткі высокі па тым часе ганарар?! І хто такая, дарэчы, Карпава, кім яна тады з’яўлялася?
Што тычыцца прывітання, то яно перадавалася самаму тытулаванаму савецкаму паэту Ягору Ісаеву, якому Барыс Прымераў прысвяціў напісаны ў 1968-м верш, надрукаваны ў ягонай кнізе “Талая зара”. Рубцоў пра гэты верш, вядома ж, ведаў. У тым жа годзе ён атрымаў у рэшце рэшт у Волагдзе, куды прыехаў у 1964-м і дзе працаваў пазней у “Валагодскім камсамольцы”, малагабарытку № 66 на пятым паверсе “хрушчоўкі” № 3 на вуліцы імя іншага валагодскага генія, свайго старэйшага таварыша, лаўрэата Сталінскай прэміі Аляксандра Яшына, які рэкамендаваў яго ў лютым 1967-га ў Саюз пісьменнікаў. У памяць пра літаратара-франтавіка (ён пайшоў з жыцця ў 1968-м ва ўзросце 55 гадоў) Рубцоў, які вельмі любіў людзей і радзіму, напісаў верш “Апошні параход”. Ён быў надрукаваны ў 1976-м у найбольш поўным на той час зборніку паэзіі “Трыпутнікі”, які ўклаў і напісаў да яго прадмову “Гарыць яго зорка” валагодскі паэт-лірык Віктар Каратаеў. Пражыў ён, як і іншыя, таксама нядоўга – 58…
З невыносным сардэчным болем чытаў я лісты Рубцова (усяго іх пяць) да вядомага пісьменніка, паэта і празаіка Аляксандра Яшына. У іх гэтулькі смутку і горы-чы, пакут і перажыванняў, трывог і хваляванняў, надзей і расчараванняў, што хапіла б не на адзін дзясятак па-свойму няшчасных літаратараў. Мяркуючы па часе атрымання жылля ў Волагдзе, аўтар ліста да Барыса Прымерава катаваў свой просты аловак (або ён яго) менавіта ў згаданай “абшарпанай кватэры”. Яе выгляд, углыбіўшыся ў жыццё і лёс “бліскучай надзеі рускай паэзіі”, цалкам можна ўявіць.
Акрамя іншага, ліст Рубцова да Прымерава каштоўны яшчэ вось якімі абставінамі і высновамі. Хадзілі плёткі пра тое, што аўтар і адрасат быццам бы не любілі адзін аднога і не былі сябрамі, што яны жылі з пачуццямі прыкрасці і раздражнення, якія былі выкліканы літаратурнымі поспехамі другога. Прыведзены ліст цалкам гэта адмаўляе і абвяргае, расстаўляе, як кажуць, усе кропкі над “і”. Справа ў тым, што з узыходзячай заслужанай і сапраўднай славай Рубцова вакол яго ўзнікла гэтулькі “блізкіх і верных сяброў”, што Барысу і Надзеі нічога не заставалася, як ціхенька адыйсці ў бок…
Новыя вершы, пра напісанне якіх Рубцоў паведамляў у сваім надпісе на зваротным баку фатаграфіі сябра, увайшлі ў апошнюю прыжыццёвую кнігу самабытнага паэта “Сосен шум”. Яна пабачыла свет у выдавецтве “Савецкі пісьменнік” у 1970-м, калі я паступіў на журфак БДУ…