Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Наваградку прэзентавалі кнігу Самсона Пярловіча

У Наваградку прэзентавалі кнігу Самсона Пярловіча

4 жніўня 2022, 22:36 Выданні 74
У Наваградку прэзентавалі кнігу Самсона Пярловіча

У Наваградку адбылася прэзентацыя кнігі Самсона Пярловіча “Сэрца замірае ад тугі”. Яе прэзентаваў Сяргей Чыгрын – складальнік выдання і аўтар прадмовы да яе.

Кніга нядаўна пабачыла свет у Менску. Яе склалі творы паэта з Наваградка Самсона Пярловіча (1923-2001), які прайшоў гітлераўскія і сталінскія лагеры, вярнуўся на Бацькаўшчыну, жыў і працаваў у Наваградку.

Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра само выданне, пра асобныя моманты з жыцця Самсона Пярловіча, падараваў кнігі тым, хто напісаў успаміны пра паэта, якія ўвайшлі ў выданне.

Кніга мае назву “Сэрца замірае ад тугі”. У прадмове Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з лёсам Самсона Пярловіча. У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат на Рыгу. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, дзе хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену. Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіка 1945 года. А першага траўня ён далучыўся да савецкіх воінаў. Пасля вайны юнак вярнуўся на родную Наваградчыну і пачаў супрацоўнічаць з Наваградскай раённай газетай. У гэты час у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя моладзевыя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэнне беларушчыны. Галоўнай мэтай змагання моладзевага падполля было здабыццё незалежнасці Беларусі. Да іх далучыўся і Самсон Пярловіч. 30 траўня 1947 года ён быў арыштаваны. Яго і ўсіх астатніх хлопцаў і дзяўчат завезлі ў Баранавічы ў турму “Крывое кола”, там іх і дапытвалі. Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш “Паднімецца крыўда”, які ён напісаў у 1947 годзе. Другая страфа верша гучала так:

Бо Сталін – тыран і старых, і малых –

Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,

Нявіннай крывёй суцяшае іклы,

Каму колькі жыць, ставіць нормы…

 

Пра гэты верш ведаў нават сам Цанава. Ён так хацеў паглядзець на юнака з Наваградчыны, які набраўся мужнасці ўзняць голас супраць Сталіна, што Пярловіча з Баранавіч адправілі ў Менск на допыт да Цанавы. Самсон Пярловіч успамінаў: “Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКВД. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае:

– Твой?

– Мой.

– Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін – бацька народаў, – закрычаў Цанава.

– Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа – палач, – адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава ўвесь расчырванеўся і кажа па-беларуску:

– Не мані!…” .

 

За верш і за СВБ Самсона Пярловіча асудзілі на 10 гадоў сталінскіх лагераў. Яго выслалі на лесапавал у лагер Усць-Вым (Комі АССР), потым беларускі юнак будаваў шахты ў спецлагерах Караганды. Гэта былі шахты імя Кастэнкі, 107-я, 120-я… Восенню 1956 года Самсон Пярловіч вярнуўся ў родны Наваградак, дзе і пражыў сваё жыццё. Пісаў вершы, трохі друкаваўся, паспеў выдаць некалькі сваіх зборнічкаў. У кнігу “Сэрца замірае ад тугі” Сяргей Чыгрын уключыў вершы паэта, сатырычныя творы і аповесць “Да белых мядзведзяў”, а таксама ўспаміны тых людзей, хто ведаў і сябраваў з Самсонам Пярловічам.

Падчас прэзентацыі выступіла былая супрацоўніца Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. Яна распавядала пра рукапісы твораў паэта, якія захоўваюцца ў музеі і якія перадала дачка Самсона Георгіевіча. Вядома, што дачка паэта жыве ў Літве, але пакуль яе адшукаць не ўдалося.

Паэтка Святлана Абдулаева ўспомніла пра Самсона Пярловіча, расказала пра яго сямейнае жыццё ў Наваградку, пра шчырыя гутаркі з ім у апошнія гады жыцця.

Самсона Пярловіча падчас сустрэчы і прэзентацыі кнігі шчырымі словамі ўспаміналі іншыя землякі. У наступным годзе спаўняецца 100 гадоў з ягонага дня нараджэння.

Кніга Самсона Пярловіча бліжэйшым часам па-ступіць у менскую кнігарню “Акадэмічная кніга”.

Наш кар.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
Невядомы паэт з вёскі Двор-Чарэпіта
Культура

Невядомы паэт з вёскі Двор-Чарэпіта

17 жніўня 2021, 21:3814
Далучайцеся да нас