ПЕГАС
21 сакавіка – Сусветны дзень паэзіі
Твайго пагляду счэзлы квет,
Бо прагнеш нібы і нямнога:
Кахання простага – зямнога,
Каб без сыходаў у засвет,
Але штораз мяне дарога
Вядзе туды, дзе знічак след.
Як выкляты да рэшты дзён,
Да сэнсу існага імкнуся.
Даруй, ізноў не азірнуўся
На тых, хто ўдома і на дом, –
Бліжэйшай раніцай вярнуся
Спяваць табе пад струнаў звон.
Пра тое, як цячэ сляза,
Пра што ўначы шапочуць хвалі,
Чаму з усмешкаю зухвалай
Снягі адужвае вясна
І як у сэрцы акрыялым
Знікае крыўдаў драбяза.
Калі ж зраблю апошні ўздых,
На плач твой не сказаўшы слова,
Не зрынецца светабудова,
Уцям – не я навек заціх,
А ў скачцы страціўшы падкову,
Пегас не вытрымаў дваіх.
УСХОД
Не цешыць колерамі ўсход,
Аднак вясна не прамарудзіць –
У горад, скурчаны ў прастудзе,
З паўднёвых з’явіцца шырот.
Паміж гмахамі, быццам шрот
Ва ўпор, завея джаліць грудзі,
Не цешыць колерамі ўсход,
Аднак вясна не прамарудзіць
Разбіць вітрын зімовых лёд,
І цепліцца ўспамін аб цудзе,
Дарма што ў ранішнім бязлюддзі
Сівых нябёсаў пасярод
Не цешыць колерамі ўсход.
* * *
Зрабілася туманам замяць –
Сышла пакорліва ў нішто,
Пакінуўшы ў завулках памяць,
Набраклую, як паліто,
Слязьмі яшчэ яскравых згадак
Пра час, убраны ў аксаміт,
Калі снег нетропка падаў,
Затульваючы краявід,
Струменіўся, галовы хмеліў
З кватэры кожнай елак пах
І вера ў цуды зіхацела
У святаў прагнулых вачах.
Тады здавалася, што ў вокнах
Калядных зорак не згасіць,
А сёння – паліто прамокла,
Бо памяць згадкамі бруіць.
* * *
Хто ведае, што будзе потым? –
Скразняк цяпельца патушыў,
Рассыпаны надзеяў попел
На дне астылае душы.
Які з турбот займею скутак?
Ці толькі камень у руку?
Расталі радасці і смутак
Сумётамі ў сакавіку.
Чым соты прышласці напоўню,
Калі сягоння не баліць?
Лаўлю ў далонь жарынкі промняў,
Каб зноў цяпельца запаліць.
ІЗНОЎ ВЯСНА
Хоць снег сышоў, а стаў святлейшым вечар,
Гараць дарма а шостай ліхтары –
Прыродзе людства звыкла супярэчыць.
Палю нахабна ў акадэмдвары –
Яе чакаю на супольны шпацыр,
І ўзрушана гудзе праспект стары.
Ізноў вясна – далоў з пачуццяў панцыр!
Заходзяцца, вярнуўшыся, шпакі
Пакуль рахую на ўзаемнасць шансы.
Наштось ранейшых стрэчаў чарапкі
Збудзіліся і непакояць памяць,
Нібы з юнацтва ўскрэслыя радкі.
Руды прамень, растаючы, не раніць –
Самоты час згасае пакрысе,
А цыферблат часцей мой позірк вабіць.
Вось постаць тонкая ў дзвярах…
Ідзе!
ЗОРНЫ МОСТ
Слодыч сноў пра крылы склаўшы за спіною,
Ля замкнёнай брамкі ў неба пагляджу:
Зіхаціцца промнем па-над галавою
Зорны мост – дарога адляцелых душ.
Кладка між сусветаў – вечнага й зямнога,
Адгасаюць побач знічкі ў цішыні.
Жыць мінучым шчасцем – можа, і нямнога,
Ды нямала ведаць, што па ёй прайсці.
Да сяброў і крэўных, без пары спачылых
Правядзе хай першы стрэчны арханёл,
Даланёй ад ветру, як дзяды вучылі,
Захіну грамнічкі дрогкі аганёк.
Супакой пануе там, куды намэціў,
І падступным кордам смутак не працьне
Будуць спаць мястэчкі, гадавацца дзеці,
Вальсаваць сняжынкі, толькі без мяне.
Па скананні кожны долю выбраць мусіць:
У чысцец камусьці, кане ў Лету хтось,
Я ж распраўлю крылы, з ланцуга сарвуся
І скірую проста – на зіхоткі мост.
ШАЛЬ
(наследванне песням ландскнехтаў)
Апоўначы сціх смерці баль,
Спачылі страх і гнеў,
На ветры хутаюся ў шаль,
Што вышыла ты мне.
На ім праменны эдэльвейс
Уплецены ва ўзор,
Яго калісь табе прынёс
На знак кахання з гор.
Каб славу й золата здабыць
Спусціўся з іх даўно –
І ўзяты горад, і бяжыць
У келіхі віно.
Не раз як скрыгатала сталь,
Паіла кроў мурог,
Нібы сцяг, я ўздымаў той шаль –
Ён вёў да перамог.
Спакусна талеры звіняць,
Б’юць поклічна званы:
Пакуль ёсць прага ваяваць –
Патрэбны будзем мы.
Хто чэрава твайго Грааль
Напоўніць без мяне? –
Бо найміта злінялы шаль
Дадому не вярне.
Ландскнехта зраненага ўрэшт
Прыкончыць бог ці чорт,
А ты да ўнукаў дажывеш
У цені нашых гор.
Ці ўзрушыцца за іх сцяной
Чуллівая душа,
Калі павяжуць на крыж мой
Прабіты куляй шаль?
ПА ЛЁДЗЕ
У люстры зледзянелага азерца
Твой кожны рух напорны адаб’ецца,
Бо прагнучы на іншы бераг трапіць,
Пайшла наўпрост – па небяспечнай гладзі.
На ім цябе што вабіць незваротна –
Няўжо агеньчык у акне самотны?
Які не гасне да пары світальнай,
Нібыта хоча падзяліцца тайнай.
І, дома ўседзець не знайшоўшы сілы,
У двор свой брамку звонку зачыніла.
Ну што ж, ідзі! Ды памятай – ты ўночы
На покліч па няпэўным лёдзе крочыш.
* * *
Нібы за шыбай, прад вачмі
Знікаюць у смузе нястрымна,
Cпяваючы расстання гімны,
Паяцы, трагікі і мімы.
З усмешкай немай выбач ім
За тое, што праходзяць міма.
Бо сам прадказваў той зыход,
Як фэст квяцісты пачынаўся,
І, хоць здавалася – быў наўзле,
Ігрой з ліста не захапляўся.
Ты не ўвайшоў у карагод,
А на сваім стаяць застаўся.
Наўзле (дыял.) – побач.
MEMORIAS
Усеўладдзе сонца, жамчуговасць мора…
Ці было такое? – Так, аднак учора.
Клаў прыбой карункі зіхатлівых хваляў,
Нібы паж дарункі, каля ног смуглявых.
Аксаміт вячэрні і праменнасць ранкаў,
Пераліў гаворкі ў стоенай альтанцы…
Растрывожаць згадкі сэрца да трымцення,
Але жыць мінулым – пакарыцца ценям.
Без дазволу прыйдуць, сумам апануюць,
Беспрасвеццем лягуць на душу жывую,
Бляск вачэй гарэзных без пары прыгасяць…
Дык нашто трымацца колішняга шчасця?
КАРМЛЮ ПТУШАК
З ложка цёплага ўзрушыць
Дзень, зірнуўшы ў акно, –
Час, маўляў, карміць птушак,
Змешваць грэчку з пшаном.
Выйшаўшы на падворак,
Поўнай жменяю для
Жоўтагрудых сябровак
Сыплю харч спакваля.
Вобміг з-пад стрэх зляціцца
Звонкая грамада.
Смачна есці, сініцы! –
Вам, дальбог, не шкада.
Радасныя пракудзіць
Будуць штораз смялей
Перыстыя, як людзі,
Толькі з намі страшней…
ТОЙ, ХТО НА ПРАВЫМ ПЛЯЧЫ
Сцюжа прышласць пастэллю фарбуе,
Замяце далячынь да начы,
Скрозь якую мне шлях нарысуе
Той, хто дбае на правым плячы.
Без выходных, заўсёды на працы,
Ставіць толькі шматкроп’і ў канцы,
Каб я меў куды ў стоме вяртацца,
Той, хто дбае на правым плячы.
Часам кроіцца сэрца пустэчай,
Ад адчаю – хоць крыкам крычы,
Тады словы спадзеўныя шэпча
Той, хто дбае на правым плячы.
А калі пачуццё развярэдзіць
І да строфаў знаходжу ключы,
На распаленых струнах вядзе рэй
Той, хто дбае на правым плячы.
Сёння ж дабраславеннем агорне,
Да пары крылы аддаючы,
У паўзмроку расстайнай платформы
Той, хто дбае на правым плячы.
Аглаблёвую чарку да донца,
Поціск рук – і ў чарговы маршрут…
Сцеражы, мой анёл-абаронца,
Тых, каго пакідаю я тут!
КЛЕНЧАННЕ (НЕ?)
1.
Здараецца, бурапенюся,
Гарэзуючы, п’ю нагбом,
Бо ведаю, да каленяў мне
Тваіх не прыхінуцца лбом.
Цябе знячэўку сустрэўшы, я
Рукой не крануся пляча,
Не моўлю, да ног укленчыўшы,
Нязлічны раз: “Выбачай…”
2.
Пакорна словы прачулыя
Жабрак, абы бога ўмаліць,
Яму ў журбе ахвяруе ўсе,
Не маючы чым заплаціць.
А я і ў пару бяскрылую
(Як хочаш – пагардай сячы)
Да ног тваіх не абрынуся,
Каб іх слязьмі не апячы.
ПРЫЧАСЦЕ
Бясхмарны ўсход пазалаціў
Сівога лесу выцінанку,
Ліецца, як віно ў пацір,
У дом мой ззянне скрозь фіранку.
Павольна паміж сцен плыве
У дробным прамянёў трымценні,
Але ў агністым харастве
Без следу тонуць ночы цені.
І, каб не слугаваць хам’ю
Парой панураю бясчасся,
Святло ўдыхаю, нібы п’ю
Збавіцеля кроў на прычасці.
ЛОВЫ
Завершаны вечар хваёвы,
Пад зорнаю коўдраю стаў,
Я выбраўся ўночы на ловы
Адчаю, што сэрца працяў.
Бадай, да двубою гатовы –
Як трэба, пайду да канца;
Мігцяць светлякі тытунёвыя –
Здрабнелыя дзеці Зніча.
Гады ў рады дужаўся з лёсам,
Блазнуючы, множыў грахі,
А богу, відаць, немаглося,
І ўзмахам уладнай рукі
Свянцаў ён жаролы грымотаў,
Каб нас касавалі дажджы;
Цяпер жа я ладжу цянёты
На цішы звярыных сцяжын.
У лесе глухім і бясснежным
Сабе паўтараю: “Не спаць!”,
Бо прыйдзе галодны драпежнік,
Жывое крыві паспытаць.
Пазнаць мушу беспамылкова
І подых, і поступ здаля,
Пачуўшы абураны голас
Пабуджанага ім галля.
Стральцоў нумары абмінуўшы,
Ён рушыць наўпрост на мяне,
З ікластым адзін застануся,
Сціскаючы тронкі ў руцэ.
Дастаць імкнучыся да горла,
Звер хіжа мне ў твар захрыпіць
І цёплая чырвань па кордзе
Світанкам на мох пабяжыць…
Струменіць дымок тытунёвы,
Кашлатыя хвоі маўчаць.
Ці я перамог у двубоі? –
Не можа ніхто адказаць.
Ліхой паняверкі нервовасць
Схаваю пад сподам плашча,
І часам бліжэйшым – на ловы,
Якіх ці счакаю канца?
З НІЗКІ “РУБАІ”
*
Дзе ні ступі – паўсюль пачуеш павучанні,
Як шомаст лісця дрэва вышняга спазнання,
Хоць бог разумнікаў выгнаннем пакараў,
Каб заслужылі паслушэнствам дараванне.
*
Адныя вераць байкам пустазвонаў,
А іншыя ўладарным б’юць паклоны,
Але, выгоды меўшыся знайсці,
Штораз трапляюць у ярмо прыгону.
*
Як сонца дыск руды паўстане над зямлёй,
Заліўшы гарады нібы начы крывёй,
Адродзіцца жыццё ў крыві ахвярнай той.
Так Вечнасць свой штодня разгортвае сувой.