22 чэрвеня… У гэты дзень у краіне ўспамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод.
Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” праходзіў цыкл тэматычных мерапрыемстваў і кніжна-ілюстрацыйных выстаў.
Чаму неабходна казаць пра генацыд беларускага народа? Гэта неабходна для таго, каб праз разуменне гісторыі зберагчы пераемнасць паміж пакаленнямі і памяць нашага народа. Святы абавязак усіх беларусаў – не забываць аб падзеях мінулага, не даваць іншым перапісваць і мяняць праўду аб гісторыі нашай краіны.
22 чэрвеня ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка агм. Бердаўка” адбыўся конкурс чытальнікаў “Памяць чала-века, памяць пакаленняў”. Урачыста і пранікнёна ў выкананні ўдзельнікаў конкурсу прагучалі вершы аб трагічных днях Вялікай Айчыннай вайны.
У філіяле “Інтэграваная бібліятэка агм. Гуды” прайшла літаратурная віктарына “Я памятаю! Я ганаруся!”. З віктарыны дзеці даведаліся аб героях і подзвігах, аб значных падзеях вайны.
Падчас інфармацыйнай гадзіны “22 чэрвеня – Дзень памяці і смутку”, якую падрыхтаваў супрацоўнік філіяла “Далекская сельская бібліятэка-клуб”, юныя ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі дарогамі вайны, каб глыбей адчуць шчасце заваяванага міру.
Дзень ваеннай кнігі ў агм. Дворышча пачаўся з урачыстага мітынгу ля помніка загінулым землякам. Працягам мерапрыемства стала сустрэча ўдзельнікаў мітынгу ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка агм. Дворышча”. Бібліятэкар распавяла аб пачатку вайны, аб земляках- героях Вялікай Айчыннай вайны, пра жудасныя здзекі ў канцлагерах. Мясцовы краязнаўца Кудла В.І. адзначыў, што Год гістарычнай памяці, які аб’яўлены ў Беларусі ў 2022 годзе, праходзіць пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа, распавёў аб генацыдзе беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.
На інфармацыйнай гадзіне “Тут кожны метр крывёю паліты, або Боль Лідскага гета” у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 2” гаворка ішла пра зверствы фашыстаў на тэрыторыі Лідскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У якасці нагляднасці – артыкулы з газеты, дзе юныя ўдзельнікі змаглі прачытаць пратаколы допытаў, убачыць фота змучаных дзяцей і жанчын.
Тым жа днём у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” для дзяцей адбылася гадзіна памяці “І дзеці так-сама перамаглі ў той вайне”. Крыху пазней у бібліятэцы для атрымальнікаў паслуг аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў г. Ліды прайшоў вечар-рэквіем “Генацыд – трагедыя беларускага народа”. Кадры з ваеннай хронікі прымусілі людзей з інваліднасцю па-новаму зірнуць на падзеі ваенных гадоў, адкрыць цэлую старонку гісторыі чалавечай высакароднасці, гераізму і мужнасці савецкага салдата. Прысутныя пазнаёміліся з кнігамі аб Вялікай Айчыннай вайне, прадстаўленыя на кніжнай выставе “Без абвяшчэння вайны”.
Ушанавалі загінуўшых і загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў іншых філіялах ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 1” адбыўся ўрок памяці і смутку “Вялікая Айчынная вайна – гэта не толькі мінулае”, гадзіна памяці “Гераізм і трагедыя 1941 года забыццю не падлягае” сабраў маладых людзей у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у філіяле “Інтэграваная бібліятэка агр. Тарнова” адбылася гадзіна памяці “Памятае сэрца, не забудзе ніколі”, пасля якога дзеці разам з бібліятэкарам наведалі абеліск загінуўшым землякам і ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх загінуўшых у баях, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод. У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” быў праведзены інфармацыйны час “Генацыд – трагедыя беларускага народа”. 22 чэрвеня чытачы філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 3” прынялі ўдзел у гутарцы “У кніжнай памяці імгнення вайны”, а філіял “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” абмеркаваў з прысутнымі дзецьмі хвалюючыя пытанні падчас гутаркі-разважання “Паміж мірам і вайной”.
Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінуўшых у баях, смутак пра мільёны нявінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Шлях, пройдзены нашымі продкамі, неабходна ўспрымаць як частку свайго асабістага лёсу. Бо ад таго, як грамадства ставіцца да свайго гістарычнага мінулага, залежыць захаванне народнага адзінства, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Кацярына Сандакова.