Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Уладзімір Барысенка. УЗНАГАРОДА ВАСІЛЯ БЫКАВА

Уладзімір Барысенка. УЗНАГАРОДА ВАСІЛЯ БЫКАВА

15 чэрвеня 2022, 22:48 Грамадства, Культура 193
Уладзімір Барысенка.  УЗНАГАРОДА ВАСІЛЯ БЫКАВА

МІКОЛА  І  ПАВЕЛ

 

Чэрвень для мяне – месяц і радасны, і маркотны, бо ў ім нарадзіўся і памёр Васіль Быкаў, які быў і застаецца  сумленнем нацыі.

    Недзе  ў сярэдзіне траўня 84-га  Міколу Васькову, з якім мы шчыравалі тады ў “Сельской газете”,   патэлефа-наваў  з Масквы  яго старэйшы сябар, публіцыст, пісьменнік і літаратурны крытык Павел Ульяшоў. Яны былі сма-ленскімі землякамі. Мікола, які нарадзіўся ў Драгабужы,  паспеў мне ўжо расказаць пра Паўла Сяргеевіча шмат цікавага. Той быў старэйшы за яго на дзесяць гадоў. Калі яшчэ вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Смаленскага педінстытута, актыўна займаўся  журналістыкай і яго прынялі на працу ў абласную маладзёжку  “Смена”, дзе стаў з часам загадваць аддзелам  прапаганды  і культуры.  Падтрымліваў таленавітых мальцаў не толькі свайго, але і раённых выданняў, у тым ліку і драгабужскай раёнкі, дзе выдзяляўся сваёй творчасцю  Мікола. Шчыра дапамагаў тым, хто  пісаў вершы, публіцыстыку, прозу, крытычныя водгукі на паэзію і прозу. Разам з іншымі літаратурнае аб’яднанне “Радуга”, якое Павел пры “Смене” узначальваў, наведвалі маладыя рабочыя, студэнты, тэх-нічныя  спецыялісты, школьнікі. І кожны занятак, адзначаў  Васькоў, станавіўся ў іх жыцці незабыўнай падзеяй. 

У красавіку 1968-га  у абласным драмтэатры (гэта ўжо распавядаў пасля нашага знаёмства сам Павел) ён прачытаў на паэтычнай вечарыне свой верш “Поэты”. Твор падаўся абласному начальству безыдэйным і антысавецкім, і аўтара звольнілі з рэдакцыі і выключылі з партыі! Між тым, у вершы нават і не пахла нечым  ідэалагічна шкодным. У ім проста выказваліся адносіны аўтара да нашых адносінаў да творцаў, якіх забіваюць розным чынам часцей, чым яны паміраюць самі…

Пасля ўсяго Павел пераехаў у Маскву, дзе працаваў у часопісах “В мире книг” і “Октябрь”, у “Литературной газете” і “Литературной России”. Напісаў такія цікавыя кніжкі, як “Ветер земных дорог”, “Этот неумирающий жанр. Современный советский рассказ”, “Одинокий искатель. О.Э. Мандельштам”, “Только о любви”, “Из песни слово”. Узначальваў у свой час выдавецтвы “Чар-ли” і “Алгоритм”. Быў галоўным рэдактарам  сачыненняў Мікалая Кастамарава і Сяргея Тацішчава,  кніг Уладзіміра Бандарэнкі, Вадзіма Кожынава і многіх іншых.

    Пасля тэлефоннага званка, з якога  я пачаў гэты расповед, Мікола хуценька падбег да мяне  і ўзрушана-ўсхвалявана выпаліў:

 – Ну, рыхтуйся, буду цябе вочна знаёміць, як і абяцаў, з сённяшнім Чарнышэўскім (знешне, як я пры сустрэчы пераканаўся, Павел, сапраўды, яго вельмі нагадваў. – У. Б.)  – Прыедзе праз тыдзень, прывязе  вельмі  прыемны для ўсіх сюрпрыз. Кажа, мы на парозе нейкай надта ўжо  значнай, вялікай і нечаканай  падзеі…

Пра будучую з’яву даведаліся ўжо ў цэкоўскай гасцініцы “Кастрычніцкая”, куды наш жаданы госць засяліўся і дзе мы сустрэчу дужа добра адзначылі.  Спаслаўшыся на склаўшага паэтычны канспект эпохі Яўгена Еўтушэнку (сябраваў з ім), Павел  паведаміў, што ў гонар 60-годдзя Васілю Быкаву павінны прысвоіць званне Героя Сацыялістычнай Працы. Так яно і адбылося! Вось што напісаў, дарэчы, на гэты конт у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”, якая пабачыла свет у 2004-м, праз год  пасля ягонай смерці, сам Васіль Уладзіміравіч: ” Як я дазнаўся пасля, у час нейкага мерапрыемства Слюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя, і той пагадзіўся. Усё вырашалася аператыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна. Толькі падпісаўшы ўказ, Грамыка прыслаў віншаванне маладзёну-герою”. Пры гэтым Быкаў заўважаў, што ніяк не чакаў такога  ўзнагароджання.  Напачатку яно яго “зьдзівіла, а пасьля засмуціла”. Інстынктыўна ён адчуваў, “што карысьці з таго будзе няшмат, а клопату хопіць, і як бы ня стала бяды”.

Павіншаваць юбіляра ў Купалаўскім тэатры прыехалі яго “даўнія сябры: масквічы Лазар Лазараў зь мілай Наяй, стары няўрымсьлівы Залыгін, асяцін Нафі Джусойты, мой аднадумца і аднагодак. Зь Ленінграду прыляцеў Данііл Гранін, зь Вільні – літоўскі златавуст Пяткявічус, які на ўрачыстасьці павесяліў усіх трапным выслоўем: каўбаса павінна быць доўгая, а прамова кароткая, Можа, раней за ўсіх зьявіўся з Малдовы жартоўны Васіль Васілаке”.  Апеквацца гасцямі адразу ўзяўся Алесь Адамовіч. Побач былі Генадзь Бураўкін, Віктар Казько, Мікалай Матукоўскі, Рыгор Барадулін, Аляксей Карпюк. Апошні, для высокага літаратурнага палёту, цырымонна ўзнагародзіў юбіляра вялізнымі фанернымі крыламі. Самае ж вясёлае чакала ўсіх на другі дзень, калі Віктар Казько арганізаваў арцельны  выезд на двух аўтобусах (хтосьці быў з жонкай) на Палессе. Акрамя шмат чаго іншага, на Прыпяці чакаў рачны карабель. “Над пясчаным абрывам ужо прывабна курэла цяпельца, у вядзерцы варыліся ракі – дужа прыйшліся яны да смаку са сьцюдзёным, вынятым з вады півам. Пайшоў амаль першабытны баль гасьцей і мясцовых, а затым пачалося купаньне…”. Надвячоркам Віктар Казько, з жонкай якога, цудоўнейшай Нінай, мы разам працавалі ў свой час у “Знамени юности”, запрасіў  усіх на сваю жыткавіцкую Вільчу…

Падрыхтаваць спецыяльны матэрыял пра аднаго з лепшых “ваенных” празаікаў і прыехаў у Менск  масквіч-літаратар. Спачатку яны доўга размаўлялі ў той жа гасці-ніцы. Наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пахадзілі па нашай цудоўнай сталіцы. Мы, вядома ж, не маглі не пацікавіцца познім вечарам у Паўла яго ўражаннямі ад першага знаёмства з беларускім геніем. Паважаны госць сказаў, што нешматслоўны, спакойны і разважлівы Быкаў уразіў яго дакладнасцю, выверанасцю меркаванняў, унутранай цвёрдасцю і сваёй  ўпэўненасцю. Увогуле ж, ён – не філосаф, не мысліцель, ён – практык!

Наступным  днём, адразу пасля абеду, мы былі на Юбілейнай плошчы каля магазіна “Эра”, што месціўся недалёка ад дома на Танкавай, у якім Васіль Уладзіміравіч жыў. Менавіта тут слынны пісьменнік прызначыў  сустрэчу з Паўлам перад паездкай у Хатынь. А той прыхапіў з сабой нас.  Васіль Уладзіміравіч, нягледзячы на нядаўні інфаркт, адразу ж прапанаваў паехаць на ягонай “Волзе” і сам сеў за руль.

 

НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ  І  ПРАЎДА

        Урачыста-жалобны гук званоў над былымі хатамі разносіўся адтуль  па ўсёй нашай краіне. Запомнілася, як Быкаў гаварыў, што кожны народ ганарыцца перамогамі, атрыманымі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць, і свята шануе памяць ахвяр, панесеных у гэтых перамогах. У французаў гэта Арадур, які пасля вайны не аднаўляўся, а ягоныя руіны пакінулі ў назіданне нашчадкам. У чэхаў – Лідзіцэ, які ўяўляў сабой у вайну голае папялішча. У нас – Хатынь, якая прадстаўляе некалькі сотняў вёсак, знішчаных разам з іх жыхарамі. Звяртаючы ўвагу, найперш, госця на мармуровы зварот 149 забітых да нас, жывых, Васіль Уладзіміравіч працягнуў масквічу паперу з набраным тэкстам: “Пасля прачытаеце…”.

Гэта была, як мы потым высветлілі, ксеракопія яго публіцыстычнага артыкула “Званы Хатыні”, напісанага яшчэ ў 71-м, надрукаванага, дарэчы, у дзясятым з чатырнаццаці тамоў поўнага збору твораў пісьменніка. У “Званах…” ён прыводзіць размешчаныя на мармуры словы звароту  мёртвых да жывых і клятву апошніх перад загінулымі. Заўважае, што некалі глухая,  нічым не прыкметная вёсачка стала народным помнікам, вобразным увасабленнем жалобы і гераізму беларусаў у іх нечуванай па напру жанні барацьбе з захопнікамі.

На зваротным шляху Павел, які гаварыў нам з Міколам у гасцініцы, што беларусы яшчэ не асэнсавалі значнасць і маштаб асобы Быкава, працягваў шчыра дзякаваць Васілю Уладзіміравічу за паездку і запэўніваў: ягоная газета не пашкадуе цэлага развароту для будучага  нарыса пра чацвёртага (пасля Броўкі, Танка і Шамякіна) героя-літаратара.

– Ой, толькі  не здзіўляйце вы мяне гэтым, калі ласка, – рэагаваў з усмешкай пісьменнік. – Я ж – нацмен, як гэта вы дасцё мне месца больш, чым некаторым сваім геніям?

Павел стаў актыўна і рашуча даказваць, што нацыянальнасць не мае ў дадзеным выпадку аніякага значэння. Ёсць, маўляў, таленавітыя, сапраўдныя пісьменнікі, якімі ганарыцца ўся наша краіна, а ёсць зусім іншыя, пра якіх і гаворка адпаведная. Васіль Уладзіміравіч схаваў некуды часова сваю рэдкую ўсмешку і цвёрда, разважліва і ўдум-ліва вымавіў:

– Не, браце, нацыянальнасць – справа сур’ёзная. Я не магу не ганарыцца тым, што адношуся да беларускай нацыі, і пішу, калі вы звярнулі, як крытык увагу, найперш пра яе характэрныя рысы, яе пакутны і цяжкі шлях. Пры гэтым – сапраўдную праўду, якой бы яна ні была.

– Я вас вельмі добра разумею, я ж не Чакоўскі, – адказваў Ульяшоў, нагадаўшы, вяртаючы на твар суразмоўцы ўсмешку, як павёў сябе на з’ездзе пісьменнікаў у 1976-м аўтар “Блокады”. Убачыўшы, што да трыбуны незалежна і спакойна набліжаецца беларускі празаік, лаўрэат Сталінскай і Ленінскай прэмій адразу ж пакінуў прэзідыум. Ён не жадаў слухаць тое, што думае Быкаў пра  тагачасную ваенную прозу, пра так званую мемуарыстыку, ад якой беларускі майстар ратнага слова адмовіўся пры напісанні ўжо першай  сваёй аповесці “Жураўліны крык”, што выйшла ў 1959 годзе.

У ёй шасцёра чырвонаармейцаў павінны прыкрыць адыход сваіх і на суткі затрымаць немцаў. Усе байцы зусім розныя людзі. Напрыклад, Пшанічны – сын раскулачанага падчас калектывізацыі. Між волі бацька сапсаваў яму ўсё жыццё, пазбавіў магчымасці набыць веды, знайсці належную  працу, пабудаваць нармальнае жыццё. Пакрыўджаны на сталінскі рэжым, ён  здраджвае, здаецца ў палон і збіраецца адпомсціць бальшавікам. Толькі вось  гітлераўцы адразу ж яго расстралялі. Следам развітваецца з жыццём  інтэлігент, вучоны, кандыдат мастацтвазнаўства  Фішар, які забіў немца –  першага і апошняга  ў сваім  жыцці чалавека. Што тычыцца ганарыстага і самаўпэўненага  Аўсеева, то  ў вырашальны  момант ён не вытрымлівае і дае дзёру, за што яго  расстрэльваюць свае ж. Хітры і жулікаваты Свіст, хлопец з крымінальным мінулым, падрывае коштам асабістага жыцця танк. Пасля смерці іх і  камандзіра групы Карпенкі, з цвёрдым намерам прыняць смерць у баі,  застаецца толькі Глечык. Кажучы словамі вядомага беларускага крытыка Віктара Каваленкі, у  душы гэтага беларуса “прагаю да жыцця б’ецца прызыўны жураўліны крык”. З Глечыка, лічыў той жа  Каваленка,  Быкаў пачаў раскрываць у сваіх творах ідэальныя магчымасці прадстаўніка нашай нацыі, той нацыі, пра якую ён распавядаў Ульяшову. Нацыянальна-ўнутранае аблічча ў вобразе Глечыка адчуваецца адразу. У адрозненне ад іншых, вышэй згаданых байцоў, ён, адзначае Каваленка, і некалькі наіўны, і празмерна даверлівы, і безадмоўна паслухмяны, і … баязлівы. Але ж ён і рашучы, і актыўны ў дасягненні мэты.

 

ПЫТАННІ  І  АДКАЗЫ

 

Акрамя “Жураўлінага крыку”, да знаёмства з Ульяшовым на рахунку Быкава  былі ўжо  аповесці “Трэцяя ракета”, “Пастка”, “Альпійская балада, “Праклятая вышыня”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Дажыць да світанку”, “Воўчая зграя”, “Яго батальён”, “Круглянскі мост”, “Пайсці і не вярнцца”, “Знак бяды”…

Чэрвеньскі нумар “Литературной России” са сваім вялікім (як і абяцаў!) нарысам-размовай Павел  даслаў  нам недзе праз месяц. Найперш  масквіч  запытаў у ім, чаму Быкаў не піша, альбо амаль не піша, пра мірнае жыццё, пра нашы дні і ці ўзнікала ў яго ўсё ж калі-небудзь жаданне пра іх распавесці? На гэта Васіль Уладзіміравіч адказаў, што ўся справа ў тым, што ён яшчэ не вызваліўся ад цяжару ваенных успамінаў. І не ведае, у чым тут прычына – альбо ўсе ўражанні ён разглядвае недастаткова альбо, можа быць, уся наша літаратура і мастацтва праходзяць міма шмат чаго значнага, што было ў мінулай вайне і што пакуль яшчэ не заўважаецца, па-мастацку не асвоена. А яшчэ можа быць, адбываецца ягонае мастацкае паглыбленне ў тэму. Кожная рэч адкрывае яму ўсё новыя бакі вайны і суадносна ўсё новыя магчымасці для яе асвятлення. Да таго ж, калі  пра франтавую вайну ён пісаў даўно, то вайна партызанская, жыццё на акупаванай тэрыторыі адкрыліся для яго паўнальна нядаўна. І ён уба-чыў там процьму важнага і значнага ў чалавечых адносінах, псіхалогіі, паводзінах чалавека і, урэшце, разнастайнасць форм і метадаў барацьбы з акупантмі. Узяўся за гэтую тэму толькі пасля таго, як яна, ва ўсялякім выпадку ў беларускай літаратуры, лічылася ўжо вычарпанай. Шіатлікія празаікі, якія пісалі пра партызанскую вайну, перайшлі да таго часу да іншых тэм, у тым ліку бесчасовых, і тэма вайны ў некаторым сэнсе аказалася ў літаратуры сыходзячай у мінулае. І Быкаў падабраў з-пад ног у іх тое, што імі было ўжо, здавалася, вычарпана.

Пры ўсім Быкаў імкнуўся, па ягоных словах, не паўтарацца ў самым галоўным –  вобразах і канфліктах. Што тычылася часу дзеянняў у аповесцях, нейкіх бытавых дробязяў, то ў вядомай ступені яны, канешне ж, пераходзілі  з адной рэчы ў другую. Але ў гэтым сэнсе разнастаіць іх даволі складана, а можа, і не трэба. Таму што вайна –  гэта чатыры вельмі акрэсленыя гады ў жыцці чалавека, з усім комплексам яго адчуванняў,  перажы-ванняў, рэаліяў і дэталяў побыту. Усё гэта вельмі акрэслена.

Калі размова зайшла пра аповесць “Знак бяды”, Васіль Уладзіміравіч адзначыў, што ў адрозненне ад папярэдніх яго твораў, у якіх дзеянне адбываецца цягам адных сутак, у новым народнае жыццё ўзята ў гістарычнай працягласці. Дзейнічаюць дзіўныя народныя характары, тыпы, вобразы, з усім комплексам іх вераванняў, хрысціянскай і язычаскай сімволікай. Увогуле, Быкаў даваў зразумець суразмоўцу, што яму не да рамантычнай про-зы, выключэннем была хіба што “Альпійская балада”, калі ён быў маладым аўтарам. Адначасова ён высока ацаніў “Пастуха і пастушку” блізкага яму Віктара Астаф’ева, твор з трагічным, але адначасова і ўзвышана-рамантычным поглядам пісьменніка. Пагадзіўся з Ульяшовым, што гэтая аповесць – твор наватарскі, крок наперад у творчасці Віктара Пятровіча, ягонага аднагодка, які вельмі добра адгукаўся аб творчасці  слыннага беларуса і які памёр на два гады раней за яго. Пры гэтым Быкаў шчыра прызнаўся, што перарос зводзіць у адзінае, здавалася б, нязводнае – каханне і вайну…

Ульяшоў абмяркоўваў “Пастуха і пастушку” для таго, каб падкрэсліць: пісьменніку вельмі важна час ад часу мяняць інтанацыю. Змяніць яе – усяроўна, што змя-ніць імя, нарадзіцца ў новай якасці. Дапамагае ў гэтым, на погляд крытыка, зварот да новага матэрыялу альбо мастацкі эксперымент, альбо творчае асваенне вопыту класікаў. У сувязі з гэтым Ульяшоў нагадаў пра аповесць “Пайсці і не вярнуцца”, адзначыўшы, што нешта падобнае  падчас яе напісання пераследавала і аўтара. Дух Дастаеўскага недзе прысутнічаў і за сталом пісьменніка…

Можа і прысутнічаў, і ягоны, і Талстога, адрэагаваў на гэта Быкаў. Ды прыблізіцца да гігантаў пісьма і думкі неймаверна складана. І справа тут, на яго думку,  вось у чым. Хоць сілавое поле ідэй гэтых пісьменнікаў прываб-лівае, яно ў той жа час і адштурхоўвае несуразмернасцю генія, бо вялікія знаходзяцца на вельмі вялікай вышыні і працуюць у асабіста створаным імі сусвеце. Яго можна назіраць збоку, прымаць ці не прымаць, і пранікаць у яго дадзена не кожнаму смяротнаму. У сваіх мастацкіх сусветах усе законы і правілы яны ўсталявалі самі. Яны пераконваюць любога сапраўднага мастака ў тым, што для высокай творчасці яму неабходна набыць свой асабісты мастацкі сусвет. Сусвет, адпаведны асабістаму светапогляду і светаадчуванню.

Знайшлося месца ў размове і для дакументальнай літаратуры, якую Быкаў падтрымаў, і для крытыкі, а як жа без апошняй?! У застойныя гады афіцыйная крытыка не-прыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей  Быкава. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў “Мёртвым не баліць”  убачыў у 65-м свет на той час толькі ў  “Маладосці” ды “Новом мире”. Аўтара абвінавачвалі, што ён ” піша не з тых пазіцый”, ” ачарняе гераічных савецкіх воінаў”. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў Суслава, Зімяніна і так званага “спецыяліста” па беларускай літаратуры ў аддзеле прапаганды ЦК КПСС Сеўрука  арганізоўвалі калектыўныя пісьмы “незадаволеных”. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва “Мастацкая літаратура” і яго дырэктар Міхась Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць “Мёртвым не баліць” у збор твораў, Суслаў, а пасля  Зімянін загадалі ніколі гэты твор не друкаваць і ўсякія размовы пра яго выданне спыніць, хоць у многіх краінах ён ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць пра падзеі падчас Кіраваградскай аперацыі, якая пачалася ў студзені 44-га, уключылі ў чацвёрты том збору твораў. Васіль Уладзіміравіч неаднойчы выказваў шкадаванне, што не ўдалося зберагчы першапачатковую рэдакцыю. У сапраўднасці ж захаваўся не толькі непадцэнзурны варыянт, які знаходзіцца на пастаянным захоўванні ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, але і чарнавая рэдакцыя твора. Яе цудам знайшоў на гарадзенскай кватэры малодшы сын Васіль. Зрабіўшы аналіз тэксту, доктар філалогіі Міхась Тычына канстатаваў: толькі па цэнзурна-рэдактарскіх меркаваннях у аповесці зрабілі каля 200 купюр. Пры гэтым скарачэнні складаюць ад аднаго слова да некалькіх старонак  У такім скалечаным выглядзе твор і вядомы чытачам. Мне ўдалося набыць выданне “Мёртвым не баліць” без цэнзуры, з узнаўленнем усіх купюр. У другой яго частцы (усяго – 604 старонкі!) з вялікай цікавасцю прачытаў пра гісторыю стварэння, публікацый і крытыкі знакамітай аповесці. У фаліянце ёсць нават “Каментарыі”, у якіх разглядаюцца тэксталагічныя разыходжанні паміж рознымі публікацыямі.

Па  словах Быкава, тагачасная крытыка заўважна адставала. Яе погляд на мір і вайну быў больш кансерватыўным, чым адносіны да вайны літаратуры. Ваенная проза тады вырвалася наперад. Так званую “акопную  праўду” прыдумалі для таго, каб, навешваючы гэты прыметнік, зрабіць гэтую праўду непрымальнай, ігнаруючы той факт, што праўда адназначная. Васіль Уладзіміравіч падзякаваў Дзядкову, Лазараву, Бурану ды іншым крытыкам за разумны і добразычлівы разгляд ягонай творчасці, іх развагі пра страх і абавязак герояў твораў  пісьменніка, калі вырашаецца лёс нацыі. Быкаў гаварыў Ульяшову, што страх і абавязак вельмі цяжка спалучаюцца ў чалавечай істоце. Таму каштоўнасць кожнага байца вызначаецца тым, наколькі ён здольны панаваць над пачуццём страху і выклікаць у сабе гатоўнасць выканаць абавязак. У крытычных абставінах страх адчуваюць усе, з той толькі розніцай, што адзін умее гэтае пачуццё схаваць ад блізкіх, а другі  валодае гэтай здольнасцю ў меншай ступені альбо не валодае ёй увогуле.

Васіль Уладзіміравіч з іроніяй аднёсся да свайго юбілею. З пункту гледжання саракагадовых і трыццаціга-довых, заўважыў ён  напрыканцы размовы, шэсцьдзясят – гэта старэча, якая не дае ніякой перавагі і з’яўляецца дзяцінствам. Хаця, можа быць, з пункту гледжання сямідзесяці- і васьмідзесяцігадовых гэта і не так непрыстойна. Канешне, усё адносна. Што сказаць пра гэты ўзрост  з пункту гледжання пісьменніка? Вялікая рухаючая сіла – адсутнасць вопыту, калі маладому літаратару здаецца, што ён усё можа. З узростам, з набыццём вопыту выяўляецца, што ён можа не ўсё. А з удасканаленнем вопыту выясняецца, што ён не можа нічога. А калі я не магу так, як я жадаю, то прыходзіцца абмяжоўвацца…

Апошні раз мы бачыліся з Ульяшовым у траўні 2001-га, калі ён прыязджаў па літаратурных справах да свайго сябра Рыгора Барадуліна. Восенню  2004-га я даведаўся, што Павел Сяргеевіч памёр, так і не дачакаўшыся мяне ў Маскве, куды запрашаў сваім пакінутым на вокладцы зборніка “Из песни слово”  аўтографам. Прабач, шаноўны Павел, прабач мяне  і ты, Мікола Васькоў, за нашае незразумелае з табою развітанне…

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Далучайцеся да нас