Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сотні католікаў прайшлі па цэнтры Менска ў працэсіі Божага Цела

Сотні католікаў прайшлі па цэнтры Менска ў працэсіі Божага Цела

7 чэрвеня 2022, 19:51 Грамадства 11
Сотні католікаў прайшлі па цэнтры Менска ў працэсіі Божага Цела

29 траўня ў Менску адбылася працэсія, удзельнікі якой на чале з Мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім прайшлі па праспекце Незалежнасці ад Залатой Горкі – да Чырвонага касцёла. Хоць звычайна падобныя працэсіі праводзяцца ва ўрачыстасць Божага Цела, якая сёлета прыпадае на 16 чэрвеня, аднак у Менску працэсія традыцыйна прайшла ў апошні тыдзень траўня. Апошнія два гады працэсію не праводзілі, афіцыйна – з прычыны пандэміі.

Нядзельнай раніцай вернікі з усіх каталіцкіх парафій беларускай сталіцы сабраліся на цвінтары пры менскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, дзе на палявым алтары адбылася святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама каля трох дзясяткаў святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў.

Гамілію на святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі прысвяціў самаму вялікаму сакрамэнту Касцёла, які нездарма называецца Найсвяцейшым. Іерарх зазначыў, што, праслаўляючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, вернікі вызнаюць у ім прысутнасць Бога, Яго валадаранне, Ахвяру, любоў і ўсемагутнасць.

Нагадаўшы падзеі Апошняй Вячэры, падчас якой Езус Хрыстус перад крыжовай мукай і смерцю ўстанавіў Эўхарыстыю як таямніцу сваёй няспыннай прысутнасці ў свеце пад выглядам Хлеба і Віна, арцыбіскуп дадаў, што “Эўхарыстычны Езус яднае сваіх вызнаўцаў і заахвочвае да ўдзелу ў супольнасці святых праз Яго прысутнасць у нашым жыцці”. У святле вучэння Айцоў Касцёла і Рымскіх Пантыфікаў іерарх растлумачыў, наколькі важную ролю адыгрывае Найсвяцейшы Сакрамэнт у духоўным жыцці вернікаў.

– У хрысціянстве няма ніякай магіі. Няма ў ім і шляхоў “наўпрост”, але ўсё адбываецца згодна з пакорнаю і цярпліваю логікай пшанічнага зярнятка, якое памірае, каб даць новае жыццё; у хрысціянстве ўсё адбываецца згодна з логікай веры, якая перасоўвае горы моцаю Божаю. Таму Бог прагне і далей аднаўляць чалавецтва праз кансэкраваныя хлеб і віно, у якіх сапраўды прысутнічае Яго Цела і Кроў.

Хрыстус перамяняе нас, прыпадабняючы да сябе: далучае нас да сваёй справы адкуплення, дае нам здольнасць дзякуючы ласцы Духа Святога жыць згодна з Яго логікай дару, як пшанічнае зярнятка, злучанае з Ім і ў Ім.

Такім чынам засяваюцца і выспяваюць перш у нашых сэрцах, а затым на палях гісторыі нашай зямлі еднасць і супакой, згода і прабачэнне, да якіх мы імкнемся згодна з Божай задумай, – падкрэсліў арцыпастыр, заклікаўшы вернікаў падрыхтаваць у сваіх сэрцах месца для Пана…

– Такім чынам, маніфестацыяй нашай веры мы абвяшчаем, што любоў Хрыста не зарэзервавана толькі для тых, хто атрымаў веру “з малаком маці”, а ахвяруецца ўсім людзям, якія жывуць на зямлі, – заўважыў арцы-пастыр. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што таямніца Эўхарыстыі наймацней яднае людзей з Богам і паміж сабою.

Скіраваўшы да Хрыста ў Эўхарыстыі шэраг малітоўных заклікаў і просьбаў, ён запрасіў сабраных на Зала-той Горцы прайсці па вуліцах горада, “несучы ў сабе Цела Пана, як несла Яго Марыя ў таямніцы адведзінаў”.

– З пакорным усведамленнем таго, што мы – звычайныя пшанічныя зярняткі, захавайма непахісную ўпэўненасць, што любоў Бога, уцелаўлёная ў Хрысте, мае моц нас збавіць і ўвесці ў новае неба і новую зямлю, дзе пануюць спакой і справядлівасць, – сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, завяршыўшы казанне падзякай Богу за гэты бязмежны дар Яго любові.

Нядзельная Эўхарыстычная працэсія, як і ва ўрачы-стасць Божага Цела, складалася з чатырох прыпынкаў. Першы адбыўся каля Залатагорскага касцёла, другі – на плошчы Перамогі, трэці – на Кастрычніцкай плошчы, а чацвёрты, заключны, – каля касцёла святога Сымона і святой Алены на плошчы Незалежнасці.

Там, каля Чырвонага касцёла, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў усім прысутным дабраслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Іерарх таксама падзякаваў вернікам за ўдзел, а арганізатарам і службам парадку – за годнае правядзенне Эўхарыстычнай працэсіі, якая з’яўляецца, бадай што, найбольш масавым касцёльным мерапрыемствам у Менску і заўсёды збірае тысячы ўдзельнікаў, якіх сёлета, па назіраннях, было не менш, чым у лепшыя “дакаронавірусныя” гады.

У Гародні, Лідзе і іншых гарадах, дзе таксама звычайна праходзілі шматлюдныя працэсіі Божага Цела, пакуль аб планах на бягучых год невядома.

Наш кар.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3617
Далучайцеся да нас