З “Беларуска-індзейскай энцыклапедыі” і анталогіі “Індзейцы вачыма беларусаў”
(Працяг, пачатак гл. у № 19)
Жыццё сярод індзейцаў Б. Гарадынскага, наведванне іх тэрыторый такімі рознымі людзьмі, як Ю. Нямцэвіч, І. Дамейка, А. Барскі і А. Шукелойць, Д. Пухлоў, сустрэчы і супрацоўніцтва з імі, напрыклад, навукоўцаў (К. Ельскі, Б. Малкін, М. Аніковіч) – гэта складае асноўную частку корпуса апісанняў кантактаў – працяглых або кароткіх – але часам вельмі яскравых, у чымсьці вельмі драматычных – непасрэдных кантактаў, узаемасувязей паміж ураджэнцамі Беларусі, сталымі яе жыхарамі, любымі асобамі беларускага “этнічнага” паходжання (хаця б “на 1/32”) і індзейцамі (на “1/32” і нават менш). Многія з гэтых людзей як з “польскага”, так і некаторыя падобныя да іх з “рускага” боку (і “савецкія”), не ўспрымаюцца як удзельнікі ўласна беларуска-індзейскіх сувязей. Штосьці “беларускае” безумоўна магло прысутнічаць у іх “па голасе крыві”, з-за памяці пра карані, але вызначальнымі былі польскія і рускія арыентацыі, якія абумовілі прыналежнасць да народаў, якія здолелі зарэкамендаваць сябе каланізатарамі і ў Еўропе, і ў Амерыцы.
Мы ўключаем у энцыклапедыю і анталогію ўсіх без выключэння ўраджэнцаў Беларусі ў сучасных межах, але існуе праблема ўраджэнцаў частак “беларускіх губерняў” па-за “сучаснымі межамі”. Асоб з гэтых “анклаваў” без даказанай “беларускай крыві” і не ўстаноўленым дакладным месцам нараджэння мы часам “пробна”, “з агаворкай”, “дыскусійна” ўключаем (праблема найбольш тычыцца Віцебскай губерні, адкуль паходзіў удзельнік кругасветнага плавання Г. Зівальд і многія маёнткі, фальваркі якой сталі часткай “Атлантыды”).
БАГУН Лаўрэн – адносіцца да катэгорыі ўдзельнікаў “псеўдакантактаў”, прадукт містыфікацыі. Мы рана атрымалі ўяўленне, што калі Лаўрэн Багун і / або некаторыя з польскіх эмігрантаў у Віргініі, да якіх памылкова аднеслі верагоднага англасакса Багуна, мелі беларускае паходжанне, то менавіта ад іх ідуць першыя прамыя беларуска-індзейскія кантакты. Але Багун з Беластока – гэта выдумка ва ўспамінах-фантоме Збігнева Стэфанскага (нібыта напісаных у 1625 г.). М. Ваньковіч падкрэслівае “мірны” характар працы “галоўнага лекара калоніі”. Але В. Кіпель у сваім артыкуле пра “пачаткі” дыяспары (1975) прама піша, што ён ваяваў: “Бываўшы ў частых сутычках з Іньдзейцамі і выдатна вызначыўшыся ў змаганьні, ён у гэных сутычках і загінуў”.
“Мы не лічым яго беларусам, а палякі дагэтуль не даказалі, што яго продкі сапраўды былі з Беласточчыны. Ніхто з нас не можа і не хоча выконваць у гэтай праблеме ролю Яўхіма Лелявеля (як вядома, гэты славуты гісторык з часткай беларускай крыві ўвёў ва ўжытак легенду аб польскім папярэдніку Калумба, Яне з Кёльна). Ці трапляліся Вам мясцовыя публікацыі, дзе б згадваўся Лаўрэн Багун?” (З нашага ліста С. Яновічу 24.4.1989).
Што датычыць беларусаў у Амерыцы ў перыяд з 1609 па 1774 г. (ад сведчання пра знаходжанне ў Віргініі Л. Багуна да прыезду ў Паўднёвую Амерыку першага дакладна вызначанага ўраджэнца Беларусі – К. Карніцкага), то сапраўды вядомы факт запрашэння ў верасні 1659 г. губернатарам Новай Галандыі Петарам Стайвесантам праз Заходне-Індыйскую кампанію палякаў, ліцвінаў і прусакоў, выгнаных з радзімы за прыналежнасць да арыянства. Уладам калоніі былі неабходны пасяленцы для запланаванага пасялення на Гудзоне. Мы таксама задавалі Кіпелю такое пытанне: “20. Якія кантакты з індзейцамі меў Абрахам Ісаак Абрахамс (1720-1796, Нью-Ёрк), яўрэй “літоўскага” паходжання, у 1753 г. жыў у Нью-Ёрку (ці ўраджэнец Беларусі ў сучасных межах) (праблема першага дакладна ўстаноўленага ўраджэнца Беларусі ў Амерыцы); хто з беларускіх або “літоўскіх” яўрэяў быў першым у Амерыцы?” (16.03.1990).
БОНЧ-БРУЕВІЧ Уладзімір – мы не ведаем, ці расказваў Бонч-Бруевіч Леніну, сакратаром якога быў, пра гэты эпізод – яшчэ да таго, як ён быў (пры жыцці Леніна) надрукаваны, але гэта адна з самых нашых любімых, лірычных старонак у гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей, якую мы ў часопісе “Зялёны край” назвалі “”Ленін і дзеці” па-канадску”.
У. Д. Бонч-Бруевіч, які зацікавіўся рускім сектанцт-вам і пазнаёміўся з духаборамі ўжо ў 1898 г., калі ён са Швейцарыі паехаў у Англію, каб дапамагчы ў перасяленні іх з Каўказа за акіян, у 1899 г. суправаджаў у Канаду апошнюю, чацвёртую партыю. Ён правёў каля года ў Манітобе і Саскачэване, дзе духаборы, як пісаў пазней С.М. Маркаў, “узялі на сябе цяжкую працу па асваенні дзікіх зямель”, у прыватнасці акругі Прынс-Альберт.
У сваёй працы “Духаборцы ў канадскіх прэрыях”, якой папярэднічала серыя публікацый у расійскіх выданнях і якую пачаў у 1916 г., ва ўмовах “ваеннай” папярэдняй цэнзуры, але і пасля рэвалюцыі здолеў выдаць, верагодна, толькі часткова (ч. 1, 1918), параўнаў жыццё ў Расіі і Канадзе, у паўднёвай і паўночнай калоніях (адпаведна ёрктанскія і прынс-альбертаўскія духаборы), а таксама адносіны іх і іншых белых пасяленцаў да карэнных жыхароў: “У. Бонч-Бруевіч адзначае, што рускія пакарыцелі прэрый, у адрозненне ад іншых еўрапейцаў у Канадзе, выключна па-сяброўску ставіліся да бяспраўных, забітых індзейцаў. Зусім не выпадкова індзейцы пачалі падсоўваць свае вігвамы да аколіц рускіх вёсак”. (Маркаў, несумненна, у шматлікіх дэталях і ў цэлым ідэалізаваў рускіх – тут і духабораў. Духаборы сапраўды, як і ў цэлым рускія, выглядаюць часта лепш, больш наіўна-душэўнымі, чым іншыя каланізатары, хаця сам Бонч-Бруевіч заўважаў, што ўнутранае братэрства гэтых “сектантаў” далёка не аднастайнае. І іх дзівацтвы былі не заўсёды бяскрыўдныя.)
Хаця ёсць яшчэ версія М. Шуканава, больш мастац-кая, пераклад тут наш: “Няшчасныя, забітыя індзейцы, што расставілі паблізу свае вігвамы, хутка прывыклі да духаборцаў і нейкім чуццём зразумелі, што яны не будуць крыўдзіць іх, але, праўда, і тут бывалі нечака-насці”.
Бонч-Бруевіч прыгадвае выпадак, калі ён з блак-гаўза пачуў крыкі і выйшаў паглядзець, што адбываецца на беразе Лябяжай ракі (Суон-Рывер): “Бачу індзеец шукае броду для сваёй каляскі, дзе сядзелі яго тры жонкі і куча дзяцей. Рака ўзнялася ад дажджоў. Вось ён знайшоў сяк-так брод і перабраўся на наш бок. Далей яму трэба было ехаць на стромкі бераг, каб выбрацца на дарогу. Яго худая каняка ніяк не магла выцягнуць даволі загружаную каляску. Духаборскія дзеці, якія гулялі тут, стралой паімчаліся на вёску, паведамляючы пра бяду індзейца. Адразу ж прыбеглі з дзясятак хлопцаў і жанчын і акружылі каляску. Жонкі індзейца ў жаху ўскочылі на каляску, дзеці разам закрычалі, заплакалі, а няшчасны нашчадак цароў свабодных стэпаў зняў шапку і пачаў хутка, нізка кланяцца, спяшацца і з усіх сіл біць каня. Калі адзін з духаборцаў узяў каня за аброць, індзеец у страху затросся, а ў гэты час астатнія духаборцы дружна падхапілі таратайку і разам з жонкамі і дзецьмі ў адно імгненне вынеслі яе на вяршыню гарыстага берага. Індзеец зарагатаў на ўсю моц, стаў кланяцца, прыціскаць руку да сэрца, жонкі прыемна ўсміхаліся, а дзеці разам перасталі лямантаваць, усё яшчэ ў страсе хаваючыся за мацярок”.
Духаборкі запрасілі іх, выкарыстоўваючы “мову жэстаў”, выпіць гарбаты. Удзячны індзеец і яго жонкі знакамі ж адмовіліся, але духаборскія жанчыны “яшчэ раней зразумелі сутнасць справы і паімчаліся кудысьці; не паспеў індзеец яшчэ крануцца, як вярнуліся жанчыны і хутка, дзелавіта, па-гаспадарску сунулі ў нейкі мяшок на таратайцы індзейца вялікі бохан хлеба, дзясяткі тры печаных бульбін, край нейкага пірага і солі ў мяшочку”.
“Індзеянкі і іх муж былі ўражаны, а жвавыя дзеткі хутка нырнулі ў мяшок і кожны адразу ж выцягнуў па бульбіне…
Індзеец крануўся, увесь ззяючы, са смехам паказ-ваючы пугай на земляныя дахі духаборскіх хат, якія густа зараслі травой”.
Са спачуваннем, разумеючы, што індзейцы не прызвычаіліся да такога стаўлення да сябе, духаборцы пажадалі сям’і шчаслівай дарогі.
Бонч-Бруевіч занатаваў ацэнку, дадзеную духаборамі індзейцам: “Добры народ, толькі забіты вельмі, бедны, таму і брудны, а які гасцінны, ласкавы”…
Зразумела, што “па вігвамах ішла паўсюль добрая пагалоска пра духаборцаў”, у той час як, напрыклад, з ірландцамі было “шмат цяжкага”.
Пераязджаючы ад аднаго духаборскага паселішча да другога на “пары хуткіх індзейскіх конікаў” – “пяшчотныя сябры” Джы і Джой (духаборы куплялі коней у індзейцаў у форце Пеле), – Бонч-Бруевіч і яго жонка ўрач В. М. Вялічкіна не толькі дапамагалі новым пасяленцам уладкавацца, запісвалі іх фальклор, але і назіралі за жыццём іншых этнічных груп, хаця апошняе не знайшло істотнага адлюстравання ў запісах.
ЗІВАЛЬД Генрых – нават тыя, хто знаходзіўся толькі на Алеуцкіх астравах або ў раёнах, населеных эскімосамі, маглі сустрэцца з тлінкітамі, атапаскамі. Тым больш усе, хто пабываў у сталіцы Рускай Амерыкі Нова-Архангельску і ў самай аддаленай кропцы калоній – цвердзі Рос. Да іх адносіцца Зівальд, яшчэ адзін з “беларуска-амерыканскіх” лекараў, актыўнай прафесіі ва ўмовах расійска-індзейскіх узброеных канфліктаў. Даведка пра яго з “Хто ёсць хто ў гісторыі Рускай Амерыкі” А. Грынёва (2009):
“ЗІВАЛЬД Генрых (Ziwald Heinrich) (1797-1829 / 1830) – доктар медыцыны (1823), ураджэнец Віцебскай губ., з немцаў, вучыўся ва ўніверсітэтах Германіі і Дэрпта (Тарту), прыняў удзел у якасці карабельнага ўрача ў кругасветным падарожжы шлюпа “Прадпрыемства” (капітан-лейтэнант О. Я. Кацэбу) у 1823-1826, які пабываў у Нова-Архангельску летам-восенню 1824 і ў лютым-жніўні 1825. Пасля заканчэння экспедыцыі З. быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра 4-й ступені ў 1826. Пазней удзельнічаў у руска-турэцкай вайне (1828-1829) як палкавы ўрач і памёр у Нікалаеве ў 1829 ці 1830″.
На Алясцы 24-гарматны шлюп дапамагаў супрацьстаяць кантрабандыстам і пагрозам з боку індзейцаў, але яго місія каля берагоў Каліфорніі была больш спакойнай (Кацэбу, апісваючы свае ўражанні ў час наведвання цвердзі восенню 1924 г., пісаў: “Насельнікі сяла Рос жывуць у міры і згодзе з мясцовым насельніцтвам”). Такім чынам, Зівальд быў адным з ранніх выхадцаў з беларускіх губерняў (ураджэнец маёнтка Лавіша, аднесці які да гэтага або таго боку сучаснай дзяржаўнай мяжы маглі б дапамагчы краязнаўцы), хто кантактаваў з індзейцамі ў Росе. У якім у адносінах расіян і індзейцаў сапраўдны аж да ад’езду першых заставалася параўнальная гармонія…
Шлюп заходзіў і ў іншыя пункты на амерыканскім кантыненце.
ЛІТВІНАЎ Марк – жыхар Таронта, 5.05.1990 г. адказаў на наш ліст ад 13.04.1990 г. (пазней мы звярнуліся з аналагічнымі пытаннямі да ўсёй “рускай” грамады Канады праз газету “Вестник” – наш ліст з’явіўся ў ёй 1.12.1990 г.). У першым абзацы ён тлумачыць, чым займаецца (быў таксістам, але з-за сямейных, фінансавых акалічнасцей займаецца прыборкай у офісах) і якія яго прыкладныя адносіны да Беларусі – з якіх можна меркаваць, што ён мае беларускія карані, улічваючы прозвішча і сваякоў у “Літве”: “Мой бацька з Урала, а маці з Уладзі вастока. Я дакладна не ведаю пра літоўцаў, але ў мяне цётка ёсць, якая з Літвы, а ў нас была кніга Даля – прыказкі з Расіі, дзе было напісана слова ліцвін, і так раней называлі літоўцаў. А наконт беларусаў, дык я ведаў беларуса – Казіміра, ці Пятра Казіміравіча – другі муж маёй нябожчыцы бабулі, і ён таксама памёр даўно, да бабулі.
З індзейцамі я шмат не сустракаўся, бо яны жывуць на рэзервацыях і толькі з’яўляюцца ў горадзе Таронта, калі шукаюць працу. Але я хадзіў у школу з адным індзейцам, і ён быў сынам чыфа Chipewa (sic) tribe. Яму нельга было жыць дома таму, што ягоны старэйшы брат абрабаваў банк і бабуля яго не хацела яго глядзець. Ён быў старэйшы за астатніх вучняў у класе. Ён жыў у чужой сям’і і быў adopted праз Сhildren’s aid society. У яго былі праблемы з марыхуанай, і ён мусіў бачыць Social worker. Ну, на жаль, гэта ўсе мае адказы на ваш ліст. Уражанні ў мяне пра індзейцаў, што яны маюць праблемы з забруджваннем вады і знішчэннем лесу”.
МАРЦІНОЎСКАЯ Ядвіга – адзін з першых асобных “рэпартажаў” (падарожных нататак) з Паўднёвага Захаду, які мы маем у нашай анталогіі, належыць гэтай ураджэнцы в. Старая Беліца пад Гомелем – па маці з Перасвет-Солтанаў. Пісьменніца, феміністка, падарожніца, яна найбольш апісала Усход; жыла ў Радаме, там жа пры цары яе знявольвалі. Загінула ў Варшаве ў 1943 г. пры здарэнні з трамваем.



Яна знаходзілася ў ЗША з 1922 па 1938 г., працуючы ў польскіх прадстаўніцтвах (консульстве ў Чыкага і пасольстве ў Вашынгтоне), рэдакцыях выданняў “Дзеннік людовы”, “Новы Свят” і “Polіsh Press Іnformatіon Bulletіn” (жыла ў Пітсбургу, Лос-Анджэлесе і Сан-Францыска). Сярод польскіх выданняў у Еўропе, у якіх яна змяшчала амерыканскія матэрыялы, – “Блюшч” (1922-1925), “Газета польская” (1937-1938). Нарыс з паказальнай назвай “У неамерыканскай Амерыцы. Напеў ветру на ўзвышшах Новай Мексікі”, надрукаваны ў “Тыгодніку ілюстраваным” (7.05.1927), прысвечаны падарожжу Марціноўскай па Нью-Мексіка, Каларада і Арызоне і незвычайным уражанням з яго. Разважаючы пра індзейскія стэрэатыпы, яна піша: “Тым часам побач з плямёнамі паляўнічымі і качавымі, у пэўных частках сённяшняй злучанаштатаўскай дзяржавы існаваў ад вякоў люд аселы, арганізаваны ў самакіравальныя камуны”. Нарыс ілюстраваны фатаграфіямі прыроды Паўднёвага Захаду і “тыпу прыгожай індыянкі”, “індзейскай вышывальшчыцы”, “дагістарычнага скальнага горада” ў Каньёне Фрыхолес. У ім згадваецца і Каньён апачаў (“Canon de Apache”, “Kanjon Apaszоw”)…
МАРЭНШЫЛЬД Георгій (фон) (Джордж дэ) – мазыранін, праславіўся сваім кароткім “зямляцкім” сяброўствам з Л. Х. Освальдам. Яго сведчанні, напісаныя для знакамітай Камісіі Уорэна (былі ў друку некалькі разоў, у 1979 г. – у т. 12 публікацыі “слуханняў” адпаведнага камітэта ў ніжняй палаце Кангрэса), – гэта адзін з самых “гучных” тэкстаў у гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей. У ім ёсць шэраг месцаў, што адлюстроўваюць спачувальнае стаўленне Освальда і самога Марэншыльда да індзейцаў, напрыклад, напісанае з горкай іроніяй у сувязі, адначасова, з Освальдам і гістарычнай практыкай скальпавання: “пазней неяк індзейцаў, жорсткіх і пагардлівых, абвінавацілі ў гэтай непрыемнай працэдуры”. У сваіх рэфлексіях Марэншыльд выступае як здзіўляльна смелы вальнадумец, які не быў “аслеплены” сістэмным антысаветызмам, што адрознівала яго ад брата-саветолага Дзмітрыя.
Імкнучыся паўплываць на свой прыгнечаны псіхічны стан пасля смерці адзінага дзіцяці, ён і жонка Жана (народжаная Яўгенія Фаменка), жыхары Даласа (Тэхас), накіраваліся ў падарожжа ў Цэнтральную Амерыку і Карыбскі басейн. Яно працягвалася каля 9 месяцаў – верагодна, і па старой “Каміна рэаль” па карце, якую Марэншыльд меў. Знайшліся сведкі, якія паведамілі пра “дзікія гісторыі”, якія расказвалі Марэншыльды, – пра нападзенні індзейцаў і пра тое, як прасякалі сабе шлях праз джунглі. Яны рабілі запісы і фатаграфавалі, збіраліся напісаць кніжку для дзяцей і прадаць фота часопісу “Лайф”. Ні тое, ні другое не ўдалося.
“Гэтае падарожжа пачалося ў кастрычніку 1960 года, і мы вярнуліся з Панамы цывілізаваным шляхам на самалёце, спачатку на Ямайку, а потым на Гаіці, дзе добра адпачылі.
Падчас гэтай хіджры [“перасялення”] мы поўнасцю адарваліся ад усіх выгод, спалі выключна па-за памяшканнямі, на зямлі, елі ўсё, што прадаюць індзейцы, і я час ад часу абменьваў свае веды аб мінералах на запасы ежы. Мы свабодна хадзілі, колькі хацелі, спачатку павольна, пазней значна хутчэй, кіруючыся старымі горнымі картамі і компасам. Мы лёгка страцілі шмат агіднага тлушчу і праз тры месяцы сталі худымі і бронзавымі, як дзікуны, здольныя бегчы на высокую гару не задыхаючыся.
Плёнка, што перыядычна здымалася, паказвала гэтую дзіўную перамену ў нас, ад размазні да здаровых асобін, астатняе складалася з прыгожых пейзажаў, з індзейцаў, якіх мы сустракалі, з нашага цудоўнага манчэстэрскага Нерона і з нашага непрадказальнага мула – Кандэсы.
Мы спыніліся на ранча на поўдзень ад Панамскага канала і пакінулі там сваю муліцу, каб яна адпачыла ад цяжкай працы. Спадзяюся, што яна скончыла сваё жыццё мірна”.
МІНСКЕВІЧ Сяргей (Серж) – арыгінальны тэкст на тарашкевіцы “Успаміны камандзіра беларускіх скаўтаў пра паў ваў 1992 года ў Ленінградскай вобласці” ўпершыню змешчаны ў “Весніку БІТ” (2014. 15 ліп. № 39). З электроннага паведамлення Мінскевіча (7.07.2014): “Дарэчы, некалі напачатку 90-х я прысутнічаў на паў ваў пад Піцерам. Я быў камандзірам у беларускіх скаўтаў, пад Піцерам праводзіўся міжнародны злёт скаўтаў, а непадалёк размесціліся індзеяністы. Некалькі тыпі. Былі ролевыя гульні – бледнатварыя супраць чырвонаскурых. А пасля прыехаў індзеец з ЗША і правёў паў ваў. Шкада, я не помню, з якога племені ён быў і як яго звалі… Усё-ткі памяць падводзіць… Але вось такі факт у маёй біяграфіі ёсць. Цікава было знаходзіцца ў тыпі”.



Серж Мінскевіч успамінае (8.07.2014): “Гэта было ў 1992 годзе. Я нават пераначаваў у адным тыпі, у сям’і расейцаў, якія адмовіліся ад цывілізацыі і вырашылі жыць ладам жыцця паўночна-амерыканскіх індзейцаў. Яны дамовіліся з саўгасам, што пажывуць на яго землях. Лавілі рыбу, збіралі ягады, грыбы. Марылі паехаць у глухія мясціны ў Алтай, дзе такім чынам жывуць шмат расейскіх індзеяністаў. Нават дзяцей яны не водзяць у школы, самі іх навучаюць і таксама далучаюць да індзейскага светаўспрымання. Але ў той сям’і была гітара, і яны спявалі Цоя і расейскіх бардаў. Частавалі травяной гарбатаю і рыбаю. А той індзеец на паў-ваў вёў рэй, змайстраваў з галін нешта падобнае да маленькага будана, біў у бубен, танчыў вакол, неяк круціўся, прыпадаў на зямлю, уставаў, спяваў песні. Цікавыя, адрыві-стыя, з мімікай, рухамі цела. Пасля танчылі расейскія індзеяністы. Вечарам яны тлумачылі сэнс песень і размоў – пра тое, як павінен сябе паводзіць індзейскі мужчына. Філасофія стрыманасці – рабіць усё ў рытме прыроды, яна не спяшае, ты не спяшай, яна рэзка змяніліся, і ты будзь такім жа. Жанчына павінна быць годным дапасаваннем індзейца, тое, што дадае зручнасці жыцця, яна мае свой гонар і сваю прыроду. А ў зямной прыроды ўсюды ёсць свае духі – напрыклад, дух ракі, які дае рыбу… Трэба каб ён быў тваім сябрам… Вось што я помню…”
ПАСТУХОЎ Міхаіл – паездка, у якой удзельнічаў увесь склад КС Рэспублікі Беларусь, акрамя аднаго члена (не паехала ў ЗША В. В. Падгруша), і яго наведванне рэзервацыі коратка згадваліся ў друку (напр.: Тихиня В. “В центре внимания американского суда – человек, его права и законные интересы…” (інтэрв’ю А. Юдчыца, Народная газета, 1995, 29 верас.) Але суддзя Пастухоў даў нам асобны каментарый (л. д. 20.10.1995) пра візіт у рэзервацыю:
“Шчыра ўдзячны Вам за выказаную зацікаўленасць да паездкі суддзяў Канстытуцыйнага Суда ў ЗША.
Па Вашай просьбе паведамляем падрабязнасці аб наведванні індзейскай рэзервацыі племя паютаў у штаце Невада.
Гістарычнай радзімай племя паютаў з’яўляюцца землі, што прылягаюць да піраміднага прыроднага возера ў Невадзе, якое акружана гарамі з чырвонага і карычневага пясчаніку. Гэтыя землі былі замацаваны ва ўласнасць племя яшчэ ў эпоху Грамадзянскай вайны за незалежнасць ЗША за актыўны ўдзел у ёй прадстаўнікоў племя паютаў. Двое з іх, нават, былі прызнаны нацыянальнымі героямі ЗША.
Зараз гэтае племя налічвае каля 2 тыс. чалавек. Асноўная частка з іх моладзь. Займаюцца рыбалоўствам, жывёлагадоўляй; у зімовы перыяд выязджаюць на заробкі ў горад. Сярод індзейцаў мала пажылых людзей. Распаўсюджаны п’янства і наркаманія.
Суддзі Канстытуцыйнага Суда наведалі індзейскую рэзервацыю Пірамід-Лейк і пазнаёміліся з структурай прававой сістэмы і асаблівасцямі кіравання племя.
Каб у Вас склаліся вобразныя асацыяцыі аб мясцовасці, дзе пражывае племя паютаў, высылаем прывезены намі каляровы буклет.
Пад час гутарак з прадстаўнікамі племя (экскурсаводам і членам Савета) пытанні аб памілаванні Леанарда Пелціера і аб барацьбе за ўласную рэзервацыю ў Канадзе народа любікон кры не закраналіся.
У членаў дэлегацыі засталіся добрыя ўяўленні ад сустрэчы з індзейцамі і іх тэрыторыі.
Па даручэнні Старшыні Суда
Суддзя М. I. Пастухоў”.


РАМУК Ірэна – прозвішча па мужы якой Толівер. Верагодна, гэты факт заставаўся б толькі эпізодам у сямей-най гісторыі, які б яшчэ доўга не трапляў у друк (спачатку: Сімакоў А. Неэтнацэнтрычны курс гісторыі і этнаграфіі карэнных амерыканцаў для беларускай дыяспары ў ЗША // Нацыянальная адукацыя. Тэматычны зборнік навуковых прац: Кн. IХ. Адукацыя дыяспар / навук. рэд. С. А. Яцкевіч. Брэст, 1998. С. 102-104) і інтэрнэт, калі б пра яго не паведаміў нам у двух лістах “Мальдзіс Амерыкі” В. Кіпель: “Гэтак пару гадоў таму, я спаткаў, здаецца, у Чыкага, дзяўчыну-настаўніцу, беларускага паходжаньня, добра размаўляла і валодала беларускай мовай, якая пару гадоў працавала настаўніцай недзе на індзейскай рэзэрвацыі ў штаце Мантана” (6.02.1990). “Гэта актыўныя ў амэрыканска-грамадзкім жыцьці асобы, і іх дачка Ірына працавала настаўніцай у рэзэрвацыі. Найпэўнейшы адрыс для яе – гэта бацькоўская паштовая скрынка! Пішыце і пытайце, што Вас цікавіць. Я зь імі гутарыў аб Вас” (10.4.1990).
Алесь Сімакоў,
даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

