Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
З удзячнасцю навукоўцу і палітыку за рашучасць і адкрытасць

З удзячнасцю навукоўцу і палітыку за рашучасць і адкрытасць

17 мая 2022, 20:52 Грамадства 3
З удзячнасцю навукоўцу і палітыку за рашучасць і адкрытасць

6  і  7 траўня ў Менску прайшло развітанне з прафесарам Станіславам Шушкевічам, былым Старшынём Вярхоўнага Савета і першым лідарам незалежнай Беларусі. Вядомы беларускі вучоны, палітычны і грамадскі дзеяч адышоў у вечнасць 3 траўня ў Менску на 88-м годзе жыцця ў выніку ўскладненняў пасля перанесенага каронавіруснага захворвання.

Станіслаў Шушкевіч (1934 -2022) быў сынам беларускага паэта і празаіка Станіслава Пятровіча Шушкевіча, рэпрэсаванага савецкімі ўладамі. Ён нарадзіўся ў Менску 15 снежня 1934 года. У 1951 годзе з медалём скончыў сярэднюю школу, і ў 1956 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт БДУ. Станіслаў Шушкевіч прайшоў шлях ад старшага інжынера да загадчыка кафедры ядзернай фізікі БДУ, а потым – прарэктара БДУ па навуковай працы.

Беларускі навуковец і палітык, дэпутат  Вярхоўнага Савета 12-га і  13-га склікання, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі быў адным з трох удзельнікаў падпісання Белавежскіх пагадненняў аб юрыдычным замацаванні распаду СССР.

7 траўня ў Менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася жалобная імша па памерлым, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На жалобную імшу сабраліся вядомыя грамадскія дзеячы, навукоўцы, літаратары, дзеячы культуры, прысутнічалі ганаровыя госці, амбасадары еўрапейскіх краін.

Падчас жалобнай імшы чыталася Евангелле паводле Яна пра ўваскрашэнне Лазара.

– Супольная малітва, запаленыя свечкі, кветкі сведчаць пра тое, што сёння мы прыходзім у касцёл як супольнасць вернікаў, каб падкрэсліць нашае сяброўства, выказаць нашу пашану да памерлага, павагу і салідарнасць з яго сям’ёй, – прамовіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.- Смерць з’яўляецца таямніцай, яна ўпісана ў жыццё кожнага чалавека.

Вера ва ўваскрэслага Езуса Хрыста сведчыць, што наша развітанне з памерлым – часовае. Мы верым, што найбольшую славу Божую мы бачым у тым, як Хрыстос перамог смерць. Вера ў Хрыста з’яўляецца адказам на безнадзейнасць.

Станіслаў Станіслававіч не быў актыўным католікам, але як навуковец ён прызнаваў, што аднымі прыродазнаўчымі навукамі немагчыма патлумачыць таямніцу стварэння Свету. Як хрысціянін ён умацаваўся ў веры пасля таго, як пачуў у Кракаве гамілію Караля Вайтылы, будучага Папы Яна Паўла II.

Падчас жалобнай імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы ўдзячнасці першаму кіраўніку беларускай незалежнай дзяржавы Станіславу Шушкевічу:

– Ён застаўся ўпісаны ў гісторыю нашай краіны. Пачатак незалежнасці Беларусі быў пакладзены ў Віскулях 8 снежня 1991 года. Дзякуй табе, спадар Станіслаў, што ты быў там. Дзякуй, што ты адкрыў для беларусаў свабоду веравызнання і свабоду сумлення!

З удзечнасцю прамовіў Т. Кандрусевіч пра ролю былога старшыні Вярхоўнага Савета ў вяртанні вернікам многіх касцёлаў у краіне і падкрэсліў яго ролю ў адкрыцці Гарадзенскай духоўнай семінарыі, фармацыю ў якой прайшлі 200 святароў.

Адзначыўшы ўнёсак Станіслава Шушкевіча ў справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў прамову малітоўным заклікам: “Ты шмат учыніў дабра; няхай добры Бог за гэтае дабро аддзячыць табе дабром жыцця вечнага ў сваім Валадарстве”.

Званы празванілі на плошчы Свабоды ў час развітання з вялікім чалавекам, які вёў сваю краіну да свабоды і незалежнасці.

Цэлебрацыю пахавання на менскіх Паўночных могілках, дзе быў пахаваны першы лідар незалежнай Беларусі правёў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч.

Падчас жалобнай цырымоніі прысутны на пахаванні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі пан Артур Міхальскі зачытаў спачувальны адрас з нагоды смерці Станіслава Шушкевіча ад прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Э.Дзвінская, М. Гракаў.

фота Э. Дзвінскай.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
літаратура

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд

19 верасня 2023, 22:4136
Да Дня горада
Культура

Да Дня горада

30 жніўня 2023, 06:3819
LidBeer і 700-годдзе Ліды
Грамадства

LidBeer і 700-годдзе Ліды

7 верасня 2023, 21:1717
Алена Анісім на перазахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні: "Немагчыма перадаць усе думкі і пачуцці". ФОТА
Грамадства

Алена Анісім на перазахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні: "Немагчыма перадаць усе думкі і пачуцці". ФОТА

25 лістапада 2019, 10:0017
Далучайцеся да нас