Малавядомыя факты з “Беларуска-індзейскай энцыклапедыі”
Вельмі даўняй ідэяй беларускіх індзеяністаў з’яўляецца анталогія “Індзейцы вачыма беларусаў” (ІВБ). Ніжэй мы працягваем спробы ў гэтым кірунку, спалучаючы нашы тэксты для гэтай анталогіі і з “Беларуска-індзейскай энцыклапедыі” (БІЭ).
У гэтай падборцы мы даём малавядомыя факты або новыя ракурсы пра непасрэдныя кантакты. Галоўны крытэрый у вакабулах – паходжанне: беларусы і ўраджэнцы Беларусі (з рэдкімі выключэннямі, логіка якіх звычайна тлумачыцца). Некаторыя падрабязнасці пра кантакты тых, хто яшчэ жыве, мы не маглі высветліць з першакрыніц, г.зн., з перапіскі – як аказалася, гэта не заўсёды проста нават пры наяўнасці адрасоў, з розных прычын: Г. Баравік, А. Уфімцаў. Іншыя ж – гэта тыя, з кім перапіскі ў нас не было – з прычыны таго, што яны памерлі.
АДАМОВІЧ Алесь – у публікацыі ў лістападзе 1992 г. размовы з карэспандэнтам “Аргументов и фактов” гэты публіцыст і пісьменнік расказаў пра тое, што яго і яго спадарожнікаў у час паездкі па Канадзе павезлі да індзейцаў у рэзервацыю. Убачанае на ўласныя вочы ён сфармуляваў парадаксальным чынам: “Калі гаварыць пра матэрыяльны бок, яны там у рэзервацыі жывуць дай бог кожнаму, як у нас гавораць. Але што мяне ўразіла: яны пазбаўлены многіх правоў, якія маюць канадцы. Не таму што індзейцы, не таму, што ізгоі, іншае племя, а таму, што яны не могуць жыць па агульных для ўсіх законах жыцця, самі за сябе адказваць: самі сябе лячыць, вучыць, карміць. Яны на ўтрыманні дзяржавы”. Гэта своеасаблівае ня-вольніцтва выклікала ў яго “аналогію” з савецкай сістэмай, пры якой дзяржава клапацілася пра людзей, але пазбаўляла іх свабоды.
БАРАВІК Генрых – паехаў у індзейскую рэзер-вацыю ў якасці савецкага журналіста – спецыяльна для “інтэрв’ю з індзейцам у звычайных для яго абставінах”, атрымаўшы дазвол рэдакцыі і дзярждэпартамента, звярнуўшыся перад тым у аддзяленне Бюро па справах індзейцаў (паводле Г. Баравіка, “Бюро индейских отношений”, БИО) у Санта-Фэ. Урывак узяты з яго рэпартажу “Шэрыя ўзгоркі Нью-Мексіка” (1971). Няўдалая размова з жонкай правадыра:
“Я сказаў, што я не турыст, а журналіст, і хачу напісаць аб тым, што бачу.
– Пішыце, як вам больш самому падабаецца. Як падабаецца, так і пішыце. Ні палепшыць, ні пагоршыць нічога нельга.
– Ну, а жанчыны дзе? – спытаў я.
– І жанчыны пайшлі на дарогу.
– І дзеці?
– Усе.
– І грудныя дзеці?
– Грудных у нас мала, зусім мала, – сказала яна. – Іх падзялілі паміж старымі жанчынамі.
Размова скончылася. Я развітаўся і паехаў далей.
Пазней, у час іншых паездак я бачыў яшчэ некалькі падобных індзейскіх вёсак, што не рэкламуюцца. І ў Нью-Мексіка, і ў іншых штатах. Мазанкі былі падбудаваныя па-рознаму, дыванкі на падлозе адрозніваліся арна-ментам. Але ўсе вёскі мелі адну рысу – жахлівая галеча і настрой безвыходнасці”.
ВАНЬКОВІЧ Мельхіёр – гэты празаік і публіцыст падарожнічаў па Мексіцы амаль адначасова з географам Б. Ф. Дабрыніным і батанікам С. В. Юзепчуком. Апісанне падарожжа ў кнізе “У касцёлах Мексікі” (1927) характарызуецца ўвагай да гісторыі індзейскіх цывілізацый і сучаснага становішча карэнных жыхароў. Пра бачаных ім у гарадах карэнных жыхароў ён піша: “Сучасныя індзейцы стаяць лагерам па пляцах і вуліцах у пыле і ў брудзе, з быдлам і з сабакамі, і ў раях мух”.
ГАСПАР Леан – мастак, месцамі нараджэння якога называюць Віцебск, Кашэвічы за 9 км ад мяжы з Беларуссю і інш., з 1918 г. звязаны з Таосам у Нью-Мексіка, дзе памёр у 1964 г. Наваха, як піша Хелен Гомстак пра ўсходнія стымулы творчасці Гаспара, “прапанавалі яму добрую замену манголам, на якіх, ён кажа, яны падобныя”. Пра Гаспара падрабязна – нават не ў адной кнізе – пісаў Фрэнк Уотэрс. Ён быў адным з трох беларускіх яўрэяў, якія сталі вядомымі сваімі работамі з жыцця індзейцаў Паўднёвага Захаду, іншыя – гэта Луіс Рыбак з Пружаншчыны і Ары Стыльман са Случчыны (з Су-Сіці ён ездзіў вывучаць індзейцаў пуэбла, пазней папулярызаваў іх культуру сваімі мастацкімі работамі і ў Парыжы). Да гэтых мастакоў далучаецца яшчэ Леў Бакст, які праславіўся ў Нью-Ёрку тэкстыльным дызайнам па ўзорах пуэбла і іншых народаў Зямлі зачаравання.
ДЗЕРАЖЫНСКІ Францішак – аршанец, кіраўнік Таварыства Ісуса ў ЗША, пераезд куды некаторых “бела-рускіх езуітаў” быў адным са шляхоў адраджэння якога. Айцы Малевэ і Анры, якія паводле розных прыкмет прадстаўлялі ў Беларусі і потым у ЗША Галандыю, Бельгію і Францыю пасля пераезду з Беларусі ў ЗША накіроўваліся да індзейцаў на рацэ Ілінойс. Даволі хутка пасля прыезду Дзеражынскага, Корвін-Крукоўскага і некалькіх іншых езуітаў-“магікан”, што далі ў спіс месцаў непасрэднага выезду Галіцыю і Італію, яны памерлі. Дзеражынскі пра-доўжыў вывучэнне місійных спраў, быў у сталай перапісцы з місіянерамі сярод індзейцаў – оседжаў, кікапу, аява і іншых. У 1827 г. ён наведаў індзейскую школу (“індзейскую семінарыю”) у Фларысане (Фларысенце) (Місуры), адкрыццё якой сам ухваліў і ў якой вучыліся дзеці – найбольш оседжаў, але і іншых індзейцаў, а таксама белыя вучні – спецыяльна залічаныя на першы перыяд росту школы (хаця яна праіснавала толькі некалькі гадоў, дала імпульс усёй сістэме адукацыі ў раёне Сент-Луіса). Пра наведванне школ для хлопчыкаў і дзяўчынак ён напісаў:
“У індзейскай школе адзін настаўнік, свецкі брат. Дзякуй Богу, яна выдатна прагрэсуе як у маралі, так і ў пісьме, і ў фізічнай працы на палях, дзе кожны дзень, раніцай і днём, хлопчыкі праводзяць некалькі гадзін са сваімі настаўнікамі. Хлопчыкаў усяго трынаццаць, але дом больш не можа змясціць. Падобная школа для ін-дзейскіх дзяўчынак ёсць у вёсцы Святы Фердынанд, знакамітым старым іспанскім паселішчы. За гэта адказваюць Дамы Святога Сэрца. Вучняў столькі ж, колькі і ў школе для хлопчыкаў, пра іх навучанне клапоцяцца Дамы, пра іх падтрымку – рэктар фларысанскай установы, які міласцінай і прадукцыяй сваёй гаспадаркі стараецца як мага лепш у меру сваёй здольнасці забяспечваць іх ежай і адзеннем, якімі б беднымі яны ні былі. Мне было вельмі прыемна пачуць, як індзейскія дзяўчынкі дэкламуюць свой катэхізіс. Хто цябе стварыў? Хто цябе выкупіў? Хто цябе асвяціў? На ўсе па-добныя пытанні яны адказвалі з дзіцячай прастатой. Больш разгорнутая выстава была дадзена намі ў Фларысане. Дзень святога Ігнація быў адзначаны ўрачыстай імшой і панегірыкам у касцёле святога Фердынанда, некаторыя з індзейскіх хлопцаў спявалі з намі ў хоры. Пасля абеду ў пэўнага віду праставатым амфітэатры, увешаным кветкамі і зелянінай, індзейскія хлопчыкі праходзілі іспыт у вучобе, лепшыя з іх былі ўзнагароджаны прызамі. Пасля пробы адзін з іх ліку з большай, чым звычайнымі, працаздольнасцю і старан-насцю прыйшоў да мяне ў пакой вельмі ціха, каб яго не бачылі іншыя, і папрасіў мяне ўзяць яго разам з сабой у Джорджтаўнскі каледж. “Калі я застануся тут, я пайду да дрэннага”. Я заахвоціў яго запэўніваннем, што ласка захаваць сваю нявіннасць не падвядзе яго ў Місуры. Ён паверыў мне на слова і пайшоў задаволены” (Peter Joseph Verhaegen, S.J. Historia missionis missourianae).
Каталіцызм меў малы поспех сярод оседжаў, як сведчыць кніга Уіларда Ролінгса “Тыя, на каго не падзейнічала евангелле: супраціўленне оседжаў хрысціянскаму ўварванню, 1673-1906: культурная перамога” (2004), якая зафіксавана ў біябібліяграфіі а. Дзеражынскага. Яшчэ адной задумай мэрылендскіх езуітаў у “індзейскай справе”, якая нават не пачала рэалізоўвацца, была місія ў Мічыгане: адпраўку туды нават аднаго місіянера адхілілі нібыта па той жа прычыне, што і развіццё місіі ў Ліберыі, а менавіта з-за малалікасці паствы, якую ўдалося сабраць.
ЕЎТУШЭНКА Яўген – які неаднаразова наведваў многія амерыканскія краіны, увёў у сваю паэму “Фуку!”, якая датуецца 1963-1985 гг., празаічны фрагмент, у якім апісаў здарэнне з удзелам індзейцаў на мяжы паміж Перу і Бразіліяй. Хаця мы не схільныя лічыць гэта цалкам дакументальным, нявыдуманым эпізодам, па ім можна меркаваць, што гэта “быль” і ён мог быць сведкам таго, як рэагавалі на трагедыю індзейцы і белыя. Людзі, што апынуліся на палаючай “палубе парахода і баяліся кінуцца ў ваду з-за піраній на берагах Амазонкі. Некалькі індзейцаў на перуанскім беразе, дзе стаяў і я, кінуліся да сваіх каноэ, але начальнік паліцыі спыніў іх:
– Не мяшайцеся не ў сваю справу… Усё-такі гэта бліжэй не да нашай, а да бразільскай тэрыторыі… Нейтральныя воды… Да таго ж эквадорскі флаг. Я нават не памятаю, якія ў нас з імі палітычныя адносіны…”
Бразільскі бок паставіўся аналагічна: “На другім, бразільскім, беразе таксама былі відаць фігуры, што безудзельна сузіралі”.
КАСЦЮШКА Тадэвуш – сустрэча (1798) з правадыром маямі (Little Turtle, Малая Чарапаха) згадваецца ў біяграфіі Касцюшкі вельмі часта, менш вядома тое, што ў той жа Філадэльфіі Касцюшку наведаў і правадыр магаўкаў Джозеф Брант (індзейскае імя Таенданегеа).
ЛЕВАНЕЎСКІ Сігізмунд – лётчык (нарадзіўся ў Пецярбургу, але яго бацькі прыехалі туды з Сакулкі, дзявочае прозвішча маці было Бізюк) сам і тыя, хто пісаў пра яго, паведамілі пра прызямленне яго ў індзейскім паселішчы Нулата на беразе Юкана ў сувязі з тэхнічнай неабходнасцю. У выніку ў Ном яго самалёт прыляцеў праз два дні (г.зн. “жыццё сярод індзейцаў” працягвалася з 26 па 28 сакавіка 1934 г.). Леванеўскі не адчуў “роднасці” для яго Нулата і іншых месцаў. У самалёце з Леванеўскім былі даследчык Арктыкі, упаўнаважаны ўрадавай камісіі па выратаванні чалюскінцаў Г. А. Ушакоў і штурман К. Г. Армстэд (Armіstead), месцам нараджэння якога называецца “Фрэнсіс, Нацыя чыкаса, Індзейская тэрыторыя”.
МАЛКІН Барыс – родам з Віцебска, ён быў выдатным даследчыкам, падарожнікам. Яго кніга па этна-заалогіі серы, заснаваная на палявых даследаваннях у Саноры, выйшла ў Пакатэла ў Айдаха – горадзе з “малой порцыяй” у рэзервацыі Форт-Хол у суcеднім графстве (1962). Пасля шматгадовага жыцця і падарожжаў у Амерыцы ён вярнуўся ў Польшчу. Яго індзейскі досвед апублікаваны ў польскамоўнай кнізе “Адыходзячы свет. Па слядах індзейскіх культур і свету прыроды Паўднёвай Амерыкі” (2007).
НЯМЦЭВІЧ Юльян – жывучы з 1796 па 1807 г. у ЗША, асабіста назіраў індзейцаў маямі, чыкаса, іракезаў (магаўкаў, анейда, сенека, праязджаў праз рэзервацыі анандага і каюга).
РАЙЗІН Аляксандр – не ведаў дакладна, дзе на-радзіўся – у Віцебску або Гомелі, або паміж імі, або так жартаваў. Звесткі пра яго як “апекуна індзейцаў” прыйшлі да савецкага чытача ад А. Сафронава і іншых удзельнікаў дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў, якія наведалі Арызону ў 1955 г. Паводле сайтаў findagrave.com, familysearch.org, “Alexander Alexis Raisin” нарадзіўся 20.08.1885 г. “у Расіі”, а памёр ў 1969. Ёсць звесткі, што ён жыў у Каларада (Пуэбла) ужо ў першыя гады пасля рэвалюцыі, будучы і членам мясцовай масонскай ложы. На мяжы 30-х яго рэгіструюць у Тусане, пазней у Фініксе, дзе працаваў у кампаніі Mountain States Telephone and Telegraph, быў уцягнуты ў арызонскую палітыку, у сувязі з чым, напры-клад, згаданы ў выданнях Western Interstate Commission for Higher Education. Гэтай уцягнутасцю і масонствам можна тлумачыць яго апякунства над індзейцамі і іх адукацыяй.
Дзяячку з рэзервацыі явапаі, з якімі меў справу Райзін, савецкія госці запомнілі як прадстаўніцу апачаў, але яна была змешанага паходжання, хаця і пераважна явапаі. Нэлі Куэйл нарадзілася ў Сан-Карлас у 1882 г. (у аднайменнай рэзервацыі апачаў, але толькі яе дзед быў апачам; яе бацьку захапілі і прымусілі жыць у Сан-Карласе). Таксама гэта можа тлумачыцца і адным з варыянтаў назвы гэтай групы – явапаі-апачы.
РАСАДОЎСКІ Антоній – акрамя ўжо вядомых па нашых публікацыях эпізодаў, звязаных з індзейцамі Фларыды і Тэхаса, звяртае ўвагу, што апошнія гады свайго жыцця (1860-1865) ён правёў, займаючыся выкладаннем у навіцыяце францысканцаў, у горадзе Сірак’юзе ў штаце Нью-Ёрк, побач з якім знаходзіцца рэзервацыя іракезаў анандага.
САФРОНАЎ Анатоль – спадарожнікі А. Сафронава – Аляксей Аджубей, Валянцін Беражкоў, Мікалай Грыбачоў, Барыс Ізакаў, Віктар Палтарацкі і Барыс Палявой, якія прадстаўлялі адпаведна “Комсомольскую правду”, “Новое время”, “Литературную газету”, часопіс “Международная жизнь”, “Известия” і “Правду”, – падзяліліся індзейскімі ўражаннямі, уключаючы эпізод з А. Райзіным, у сваіх выданнях і кнігах падарожных нататак, у якіх былі дадатковыя дэталі паездкі (у ЗША група журналістаў знаходзілася ў кастрычніку – лістападзе 1955 г.). Нарыс карэспандэнта “Огонька” Сафронава меў загаловак “Пад гарачым небам Арызоны” (1956).
ТРУСЕВІЧ Лявон (Леа) – афіцэр і стаматолаг; паводле паведамлення нам В. Кіпеля, некралога Р. Жук-Грышкевіч, кнігі Б. Рагулі, сям’я Л. Трусевіча (яго жонка была скандынаўскага паходжання) пэўны час (з 1958 г.) жыла ў рэзервацыі індзейцаў у Арызоне (праца па лініі Індзейскай службы здароўя). Рагуля нават сцвярджае, што сын Нік быў прыняты ў племя, з прычыны нараджэння на яго тэрыторыі. Рэзервацыя і племя ў даступных крыніцах не называюцца. Лявон Трусевіч памёр у 2000 г. пасля пажару ў іх доме ў Фларыдзе, у якім маглі знішчыцца дакументальныя і іншыя матэрыяльныя сведчанні жыцця сям’і сярод індзейцаў.
УФІМЦАЎ Андрэй – масквіч, рыэлтар, кантактаваў з індзейцамі ў час арганізаваных ім “экспедыцый” (турыстычных паездак) у Лацінскую Амерыку. Яго цікавасць да індзейцаў рэалізоўвалася праз стварэнне з калегамі сайта “Мезаамерыка”.
У вёсцы Касарычы (Глускі раён) – радзіма маці, куды ён з дзяцінства прыязджаў, – ён хоча стварыць суседскі цэнтр, а ў ім – Музей індзейца. На сайце раённай газеты “Радзіма” змешчаны матэрыял, у якім яго фота з індзейцам традыцыйнага віду (нацыянальны парк Шынгу ў штаце Мату-Гросу ў Бразіліі): “Андрэй Уфімцаў паказвае знятае відэа Камеле – правадыру племені ваура”: http://www.glusk.by/2018/01/proekt-zagranichnye-zametki-mir-glazami-zemlyakov-braziliya.
ФЕШЫНА Аляксандра – народжаная Бяльковіч, мела беларускія карані на Смаленшчыне. Няпростыя характары яе і мужа – мастака Мікалая Фешына – прывялі да іх разрыву і ад’езду яго з іх дачкой Іяй з Таоса, Нью-Мексіка, дзе з 1927 да 1933 г. яны жылі разам. Потым да самой смерці ў 1983 г. (Ія таксама памерла ў Таосе, у 2002 г.) Аляксандра карысталася домам і карцінамі мужа для забеспячэння існавання (штодня бясплатна ела ў рэстаране “Качына лодж”, а потым як аплату ў яе бралі карціны былога мужа). Яна была ў сталым кантакце з індзейцамі, што жылі ў Таосе, наведвалі яго; Мікалай Фешын вучыўся ў некаторых з іх тэхніцы, ім былі прысвечана значная колькасць карцін таоскага перыяду.
ХУТКОЎСКІ Ігнацій – пра яго, першага сяржанта ў час Другой семінольскай вайны, непасрэдныя кантакты (інакш кажучы – ваенныя сутычкі, назіранне палонных семінолаў, індзейцаў-перагаворшчыкаў і да т.п.) з індзейцамі звестак няма, але яны, несумненна, былі ў большасці ўдзельнікаў кампаніі. Служыў з 11 красавіка 1837 г. Камандзірам яго роты ў другім драгунскім палку быў капітан Генры Фоўлер, адстаўку ў форце Хайльман засведчыў подпісам палкоўнік Д. Туігс.
ШУСТ Мікола – пра факт і падрабязнасці “што-дзённых” кантактаў гэтага сціплага (яго невялікая публічнасць уключае з’яўленне ў спісе “Canadian Museum of Civilization Canadian Museum of Civilization Donors and Sponsors”) землеўладальніка з суседзямі-індзейцамі стала перш за усё шырока вядома, дзякуючы публікацыі С. Яновіча ў “Ніве”, але таксама з лістоў да нас апошняга і В. Кіпеля.
З ліста Шусту ад 27.4.1990 г.: “Безумоўна, гэта надзвычай цікава – наш чалавек на мяжы рэзервацыі. А ў адной нашай перадачы ТБ прагучала нават – “у рэзерве”.
Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы проста, чыста па-чалавечы напісалі пра сваіх суседзяў-індзейцаў. Якія яны ў Вашы вачах?
Ці моцна адрозніваюцца ад нашых вяскоўцаў? Ці былі за трыццаць гадоў якія-небудзь канфлікты, непаразуменні?”
ЯНОВІЧ Сакрат – Яновіч прыгадвае свае сустрэчы з “чыпавамі” і абагульняе. Убачанае на мяжы індзейскай рэзервацыі і ўладанняў беларуса М. Шуста ў Антарыа вядома з рэпартажу С. Яновіча, які надрукаваны ў “Ніве” ў 1988-1989 гг. (“У беларускай Канадзе і далей”), можа дапоўніць і ўдакладніць адзін з адказаў у вялікім, на тры старонкі лісце пісьменніка нам (ад 2.05.1989) з яго адказамі на нашы пытанні. Тут ён дэталізуе зробленае у публікацыі параўнанне індзейцаў з цыганамі:
“Калі Вы бачылі цыганскі табар, то будзеце мець вельмі прыблізнае ўяўленне пра спосаб і норавы побыту індзейцаў; балаган, бруд, і … сабакі наўкола. Алкагалізм, бандыцтва. Такое ўражанне спярша. Потым узнікае пытанне: чаму? Чаму яны брудныя, неахайныя, з плоймай дзецярні, з меланхоліяй уваччу? Слухайце, а Вы былі б іншымі, калі б Вас кінулі з першабытнасці ў капіталізм? З прымітыву ў індустрыю?! З трэцяга тысячагоддзя да нашай эры ў канец другога – нашай ужо!? На маю думку, шмат дапаможа Вам у сэнсе прыкладнай паралелі агляд лёсу цыганоў. Тыя ж качэўнікі. Ні індзейцам цяпер, ні цыганам у нас асабліва ніхто не перашкаджае быць інжынерам, лекарам, міністрам… Шмат Вы ведаеце такіх цыганоў? А жа ж на Палессі іх было нямала. Не буду Вам тут пісаць доктарскай дысертацыі; самі памазгуйце. Якія варункі, такі і чалавек; якая гісторыя, такое і рэагаванне яго; раса тут ні пры чым, ані мова… Калі часам гляджу на нашы “вёскі пакінутых бацькоў”, як я іх называю, дык у варварскім балоце падворышчаў ды апушчэнні хат не бачу розніцы паміж індзейцам з племя чыпава, а беларусамі з племя, скажам, паляшукі. Таму наш геніяльны Лёнік Тарасэвіч рысуе цыкл “У Беластоцкім запаведніку”.
Дарагія, індзейцаў не трэба шукаць ажно ля возера Гурон; яны побач нас, гляньце толькі ўважліва”.
Ілюстрацыяй могуць паслужыць іранічна-сатырычныя малюнкі Лёніка з юбілейнага альбома газеты “Ніва” (2006).
Алесь Сімакоў,
даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ілюстрацыі (на іх ёсць спасылка ў тэксце):
- Андрэй Уфімцаў паказвае знятае відэа Камеле – правадыру племені ваура.
Малюнкі Лёніка Тарасевіча з юбілейнага альбома газеты “Ніва” (2006) – у свой час з’яўляліся ў ёй.
Лёнік_Асаднікі_Шэры_img397;
Лёнік_Грошай_Шэры_img396;
Лёнік_Запаведнік_Шэры_img393;
Лёнік_Саха_Шэры_img392.