Home
Культура

Не гнуўся і не згінаўся

Не гнуўся і не згінаўся

Памёр Анатоль Вярцінскі

Калі паміраюць паэты,

што ні перад кім не гнуцца,

у чалавецтва прасветы

на ўсе вякі застаюцца.

 

Гэтыя радкі згадаліся мне адразу, калі пачуў пра сыход з зямнога жыцця Анатоля Ілліча Вярцінскага, выдатнага паэта і грамадскага дзеяча, які ў справе адстойвання беларушчыны не гнуўся і не згінаўся ні перад кім. І за пісьмовым сталом, і на парламенцкай трыбуне, і на адказнай рэдактарскай пасадзе ён паводзіў сябе годна. Тыднёвік творчай інтэлігенцыі “Літаратура і мастацтва” ў час, калі яго ўзначальваў Вярцінскі (1986-1990), стаў узорам пісьменніцкай смеласці, трыбунай для вострых публіцыстычных дыскусій, да якіх прыслухоўваліся ўсе – і ўлада, і апазіцыя. Свой “лімаўскі” запал Анатоль Ілліч не страціў і стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, дзе яму даводзілася і тэкст Канстытуцыі незалежнай Беларусі рэдагаваць, і Дзень Незалежнасці 27 ліпеня з парламенцкай трыбуны абвяшчаць.

І ўсё ж галоўным прызначэннем, нават пакліканнем для Анатоля Вярцінскага была паэзія. Як паэт ён пазнавальны з першага радка – арыгінальна-роздумны, мудра-афарыстычны. Памятаю, якім адкрыццём і скарбонкай паэтычных афарызмаў стала для мяне, у той час яшчэ студэнта, яго кніга “Ветрана”. Атмасфера тады, у сярэдзіне 1980-х, была даволі гнятлівая, хацелася свежага паветра, і кніга тая зрабілася для мяне своеасаблівай кіслароднай падушкай. Чытаў – як дыхаў…

Калі паспрабаваць адным словам вызначыць галоўны матыў і сутнасць паэзіі Анатоля Вярцінскага, то гэта, на маю думку, жыццесцвярджальнасць. Нездарма адна з ягоных кніг мае назву “Жыцьмем”. Дзеясловы жыцця дамінуюць у вершах і паэмах Вярцінскага, бадзёра перагукваюцца між сабой: “жыцьме мой родзе, мой народзе”, “прагучаў тройчы вокліч, што радзіма жыве”, “жыццё ж не канчаецца, жыццё прадаўжаецца”…

Жыццё краіны Беларусі для паэта і грамадзяніна Вярцінскага было галоўным і штодзённым клопатам. Ужо моцна хворы, ён дужа перажываў з-за тых падзей, якія ніяк не спыняцца на беларускай зямлі.

Анатоль Ілліч да апошніх гадоў жыў актыўным жыццём, глядзеў на свет і па-маладому здзіўляўся, таму і не ведаў старэчага песімізму. Вось як, да прыкладу, узрушыў яго, васьмідзесяцігадовага, расквітнелы сад:

“Глядзеў я на вішні, яблыні,

на гэты цуд новаяўлены,

глядзеў на белую квецень

і адыходзіў душой.

Такое было адчуванне,

такое было хваляванне,

якое бывае ў храме

з яго ўрачыстай імшой”.

 

Паверце, гэта вельмі рэдкая з’ява, калі паэт і ў сталым веку не развучыўся глядзець на свет па-юнацку.

Анатоль Вярцінскі любіў дарыць сваім сябрам нечаканыя падарункі. Аднойчы ён падараваў мне… Каран. Разгарнуўшы яго наўгад, я ўслых – з вялікім здзіўленнем – прачытаў: “Паэты – хлусы, якія блукаюць па раўнінах і гавораць тое, чаго самі не робяць”. Рызыкуючы наклікаць на сябе гнеў прарока Мухамеда, мы тады з Анатолем Іллічом прыйшлі да агульнай думкі, што беларускіх паэтаў тыя словы ніякім чынам не датычацца.

Бо ў Беларусі паэт – і творца, і абаронца, і араты, і сейбіт, і жнец на айчынным рэдка калі ўраджайным палетку.

Такім быў і такім запомніцца мне Анатоль Вярцінскі.

Міхась Скобла.

 

Previous article І зноў вясна, і зноў "Жанчына-чараўніца". Выстава, якую абавязкова варта наведаць!
Next article Сяргей Чыгрын. Трагічнае каханне Гальяша Леўчыка

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202118
Прэм'ера "Трэцяга вока"
Культура

Прэм'ера "Трэцяга вока"

Май 5th, 202216
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201916