“Вераб’іная праСТОра” – выстаўка, якая адкрылася паўтара месяца назад у сценах Дома паэта Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, – днямі стала прасторай для цікавага і пазнавальнага занятка з дзецьмі: на базе выстаўкі адбылася прэзентацыя музейна-інтэрактыўнага занятка для дзяцей “Вядзе рэй вера-бей”. Удзельнікамі першага такога занятка сталі вучні 2 “А” класа гімназіі № 1 горада Ліды.


Спачатку дзеці наведалі мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая, з вуснаў арганізатара занятка, куратара Дома Таўлая Алеся Хітруна даведаліся аб “лідскім” перыядзе жыцця паэта, аб гісторыі дома, у якім ён жыў у гэты перыяд.
Затым школьнікі перайшлі ў памяшканне выстаўкі “Вераб’іная праСТОра”, прысвечанай 100-годдзю першага верша Валянціна Таўлая – “Верабейкі”, азнаёміліся з багатай калекцыяй прадметаў і матэрыялаў на “вераб’іную” тэму, сабранай на працягу года з дапамогай жыхароў горада і некаторых адукацыйных устаноў. У калекцыі – карціны, малюнкі, вырабы з прыроднага матэрыялу, кнігі для дзяцей, у якіх згадваецца верабей.

З дапамогай Алеся Хітруна дзеці як бы перанесліся на сто гадоў назад, у 1922 год, калі васьмігадовы Валя Таўлай, іх равеснік, напісаў свой першы верш, азнаёміліся з успамінамі паэта аб перыядзе вучобы ў Лідзе, у школе, якая знаходзілася за паўночным бокам Лідскага замка, пачулі сам верш “Верабейкі”. А яшчэ маленькія гімназісты даведаліся, што ў Баранавічах, на радзіме Валянціна Таўлая, устаноўлены адзіны ў Беларусі помнік вераб’ю (аўтар помніка – скульптар Станіслаў Цалюк).

Дзеці мелі магчымасць сфатаграфавацца ў фотазоне выстаўкі, быццам бы трапіўшы ў куточак прыроды з птушкамі, галоўная з якіх, вядома ж, верабей; самі пабыць у ролі жвавых верабейчыкаў, надзеўшы какошнікі ў выглядзе галавы вераб’я; прымераць на сябе доўгую кашулю навыпуск (у падобнай кашулі, згодна з успамінамі, хадзіў у школу Валя Таўлай).

Школьнікі разам выканалі пад музыку песню “Верабейка атрымаў капейку” (каб “задобрыць вераб’я”), па падрыхтаваных эскізах намалявалі алоўкамі прыгожых вераб’ёў, склалі з “рассыпаных ветрам” слоў верш “Верабейкі”, праз гульню “Чароўны чаравічак” успомнілі прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы, у якіх згадваецца верабей.


Кожны юны ўдзельнік занятка атрымаў на памяць медальёнчык з выявай вясёлага вераб’я.
– Мае вучні да гэтага часта наведвалі гістарычна-мастацкі музей, а ў Доме Таўлая сёння пабывалі ўпершыню – дзеліцца ўражаннямі настаўніца 2 “А” класа гімназіі №1 Ала Ярмантовіч. – Дзецям тут, як і ў самім музеі, вельмі спадабалася. Занятак цікавы і пазнавальны, яго арганізатар Алесь Хітрун умее знайсці агульную мову з дзецьмі, зацікавіць іх. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат новага аб вераб’ях, аб тым, якія карысныя гэтыя птушкі ў прыродзе, раз вераб’ю нават устаноўлены помнікі ў розных кутках свету. Шмат пачулі дзеці пра Валянціна Таўлая, пабылі ў вобразе Таўлая ў дзяцінстве, дзякуючы чаму асоба паэта стала для іх яшчэ больш блізкай.
Аляксей КРУПОВІЧ.

