Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”, вельмі важным святам для супрацоўнікаў, чытачоў, наведвальнікаў бібліятэк і звычайных аматараў беларускай мовы.
Штогод ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” святкуе гэты дзень, каб не даць загінуць роднай мове, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове. Сённяшні год не стаў выключэннем. Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.
Кожная з бібліятэк Лідчыны яскрава адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы: у адным філіяле прайшла гадзіна беларусазнаўства, у другім – тэматычны агляд літаратуры і гадзіна краязнаўства, у трэцім – гульні, конкурсы і турніры і г.д. Але з гэтай разнастайнасці кожны раз хочацца адзначыць удзел філіялаў у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая ў 2022 годзе ўжо пятнаццаты раз збірае аматараў і прыхільнікаў роднай мовы. Сёлета яна прысвечана да 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Сонечным па-вясноваму, але ўсё яшчэ зімовым днём 19 лютага філіял “Інтэграваная бібліятэка в. Мінойты” запрасіла гасцей разам святкаваць Міжнародны дзень роднай мовы. Удзельнiкамі блiцтурнiра “Слова роднае – вечнасці след” сталі члены аматарскага аб’яднання “Сяброўка”, якое існуе пры бібліятэцы, i супрацоўнікі культурна-дасугавага цэнтра. Спачатку бiблiятэкар правяла конкурсы на веданне роднай мовы i моўную эрудыцыю. Прысутным неабходна было падлiчыць лiчэбнiкi, назваць беларускія стравы, аднавiць рассыпаныя прыказкi, назваць твор i аўтара, адгадаць загадкi. Мерапрыемства ўпрыгожылі музычныя нумары і выступ беларускага пісьменніка і паэта, перакладчыка, журналіста, краязнаўца Станіслава Вацлававіча Судніка. Пасля ўсе прынялi ўдзел у напiсаннi 15-й агульнанацыянальнай дыктоўкi. Да напісання быў прапанаваны тэкст Анатоля Iверса “Ён адкрыў мне Беларусь”, дзе аўтар распавёў аб сустрэчы з волатам беларускага слова Янкам Купалам. Напісанне дыктоўкі далося ўсім прысутным без цяжкасцей і яны справіліся выдатна.
У чытальнай зале філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 4” ладзілася гульня “Размаўляй са мной па-беларуску”. Дзеці знаёміліся са слоўнікамі беларускай мовы, нормамі маўленчага этыкету, выпраўлялі граматычныя памылкі, адказвалі на пытанні віктарыны, падрыхтаваныя загадзя на лістках, спрабавалі скончыць вядомыя прыказкі і афарызмы пра кнігу, тлумачылі значэнне фразеалагічных зваротаў. З аповеду бібліятэкара дзеці даведаліся аб разнастайнасці моў на планеце, аб тым, што родная мова – гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, духоўная магутнасць. Напрыканцы мерапрыемства дзеці напісалі дыктоўку па тэксту Івана Навуменкі “Спадчына Скарыны”. Дзеці не толькі праверылі свае веды па беларускай мове, але і даведаліся аб значнасці фігуры Францыска Скарыны ў гісторыі славянскіх культур.
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” была пра-ведзена літаратурная гасцёўня “Шануйце роднае слова!”. На свята роднай мовы завіталі людзі розных прафесій і ўзросту. У гэтым годзе тэкстам да дыктоўкі быў прапанаваны ўрывак з рамана Якуба Коласа “На ростанях”. Паэтычную “разынку” ў літаратурную гасцёўню ўнеслі самі ўдзельнікі мерапрыемства, кожны з якіх прачытаў верш роднай мове.
Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб пазнаць нешта новае пра беларускую культуру і мову, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.
Далучыцца да гэтай падзеі змаглі і актыўныя чытачы і супрацоўнікі Лідскай раённая бібліятэкі імя Янкі Купалы. Каб паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, яны пісалі тэкст дыктоўкі па ўспамінах паэта Анатоля Іверса “Ён адкрыў мне Беларусь” пра Янку Купалу, у тым ліку і пра прыезд народнага песняра ў горад Ліду. Ролю выкладчыка выканала Алена Адамаўна Быстрыцкая, намеснік дырэктара ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”. Чакаючы вынікаў дыктоўкі, усе прысутныя мелі магчымасць звярнуцца да матэрыялаў кніжнай выставы “Песні беларускай валадар”.
Не засталася без увагі дадзеная падзея і ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №3”, дзе аматары беларускага слова сустрэліся з мэтай яшчэ раз выказаць пашану і павагу роднай мове. Для напісання быў абраны тэкст Анатоля Іверса “Ён адкрыў мне Беларусь”.
У Міжнародны дзень роднай мовы юныя чытачы філіяла “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Гуды” адправіліся разам з бібліятэкарам у падарожжа па краіне “Роднай мовы”. Дзеці крочылі па станцыях падарожжа, і каб спазнаць глыбіню і таямнічасць роднага слова, выконвалі разнастайныя заданні: “Мая Радзіма – Беларусь”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Фразеалагізмы”, “Марфалогія” і інш. Напрыканцы хлопчыкі і дзяўчынкі пацвердзілі сваё веданне беларускай мовы выдатна напісаўшы тэкст 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.
Вядома, што мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж носьбітамі, паміж мінулым, сапраўдным і будучыняй. Таму мы будзем і далей імкнуцца папулярызаваць роднае слова, у гэтым з задавальненнем і ахвотай дапамогуць бібліятэкі Лідскага краю.
Дар’я Марцінкевіч.