Навукова-практычны семінар “УРАДЖЭНЦЫ РОДНАГА КРАЮ”, прысвечаны пісьменнікам-маладнякоўцам, адбыўся 3 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
“Семінар з’яўляецца чарговым мерапрыемствам у рамках вялікага праекта, прысвечанага 100-годдзю літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, якое паўплывала на развіццё літаратурнага руху ў 20-30-х гадах мінулага стагоддзя”, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі А. А. Суша.
На мерапрыемстве абмяркоўваліся формы захавання памяці пра жыццё і творчасць сяброў літаб’яднання “Маладняк”: Алеся Гурло, Яна Скрыгана, Міхася Зарэцкага, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Пятра Глебкі, Петруся Броўкі і папулярызацыі іх творчасці сярод студэнтаў, школьнікаў і шырокай чытацкай аўдыторы.
Сустрэча літаратуразнаўцаў, прадстаўнікоў рэгіянальных бібліятэк і музеяў краіны была вельмі насычанай і эмацыйнай і засведчыла сапраўдную вялікую любоў і пашану да беларускай літаратуры і пісьменнікаў.
Гэта праяўляецца ў развіцці музейных экспазіцый, стварэнні віртуальных праектаў, правядзенні выстаў, семінараў і круглых сталоў, арганізацыі экскурсій і заняткаў для школьнікаў і студэнтаў.
Прысутныя даведаліся аб паспяховым развіцці праекта Нацыя-нальнай бібліятэкі “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які ажыццяўляецца на працягу чатырох гадоў сумесна з інфармацыйнымі партнёрамі.
Як развіваць літаратурнае краязнаўства, як папулярызаваць лепшыя творы беларускай літаратуры, як надаваць другое жыццё забытым імёнам – пра гэта казалі выступоўцы на навукова-практычным семінары.
У сустрэчы прыняла ўдзел дачка Яна Скрыгана Галіна Іванаўна Скрыган. На семінары выступілі вядомыя літаратуразнаўцы: Таццяна Лаўрык, Міхаіл Бараноўскі, Дзмітрый Давідоўскі, Аксана Данільчык і іншыя.
“Жыве ў сэрцах з намі
святое слова Яна Скрыгана”,
-такім быў асноўны тэзіс выступлення дачкі Яна Скрыгана, Галіны Іванаўны Скрыган. Яна вывучала архіў і дзённікі бацькі, ажыццявіла 6 выданняў, стварыла фоталетапіс хатняга архіва Я. Скрыгана.
Галіна Мікалаеўна Васілевіч, дырэктар Каменскага дзіцячага сада- сярэдняй школы з вялікай любою працуе з вучнямі і перадае ім веды пра Яна Скрыгана, удзельнічае ў Капыльскіх чытаннях.
Людміла Францаўна Сямёнас з Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі распавяла пра ўшанаванне памяці У. Дубоўкі, праз наданне яго імя бібліятэцы, усталяванне мемарыяльнай дошкі, усталяванне памятнага каменя, правядзенне велапрабега па мясцінах жыцця У. Дубоўкі. Пра цікавасць да творчасці К. Чорнага распавяла Вольга Уладзіміраўна Радкевіч, бібліятэкар Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі.
Малады культуролаг Радзівон Колас з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Коласа, паведаміў пра стварэнне мемарыяльнага кабінета Пятра Глебкі, захаванне жыццяпісу літаратара, распрацоўку адмысловага сайта.
Загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі засведчыў пра цікавасць Змітрака Бядулі да асобы Максіма Багдановіча.
Пра праект “Броўка – Быкаў- Барадулін” па наведанні родных месцаў беларускіх творцаў распавяла Карына Бадылевіч – навуковы супрацоўнік літаратурнага музея імя П. Броўкі.
Літаратуразнавец, паэтэса Аксана Аляксееўна Данільчык выступіла з дакладам, прысвечаным творчасці жанчын, удзельніц літаб’яднання “Маладняк” і выданню анталогіі жаночай беларускай паэзіі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Выдавецкі дом “Звязда” (газета “Літаратура і мастацтва”), Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.