Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Ліду прыехала ўнікальная выстава: “Павукі” – загадкавыя канструкцыі з саломы

У Ліду прыехала ўнікальная выстава: “Павукі” – загадкавыя канструкцыі з саломы

8 лютага 2022, 21:47 Культура 147
У Ліду прыехала ўнікальная выстава:  “Павукі” – загадкавыя канструкцыі з саломы

А вы ведалі, што саломапляценне ў нашых продкаў звязвалася з культам хлеба?

Людзі тонка адчувалі асаблівую сутнасць, хлебны і зямны дух, які жыве ў залатым сцябле нашых палёў. Так з’явілася патрэба зрабіць салому нечым вялікім. І зрабілі! Менавіта з гэтага прыроднага матэрыялу пачалі рабіць першыя абярэгі, адзін з якіх носіць цікавую назву – “павук”. І гэтая традыцыя жыве сёння. Так, з дзясятак павукоў з саломкі знайшлі сваё месца ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры: у Ліду прыехала ўнікальная выстава аматарскага аб’яднання “Творчая скарбонка” сярэдняй школы № 200 горада Менска.

  – У вёсках спрадвеку займаліся саломапляценнем, таму што нашы бабулі верылі ў боскую сілу прыроднага матэрыялу, – апавядае навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Савіцкая (на здымку). – Рабілі лялькі-абярэгі, птушак, жывёл і… павучкоў. Менавіта саламяны “павук” павінен быў ахоўваць дом, прыносіць шчасце і забяспечваць дабрабыт сям’і. Звычайна яго вешалі каля ўваходу, каб прымаў на сябе ўсю негатыўную энергетыку, або ў чырвоным куце над сталом. Падвешвалі над калыскай дзіцяці і над галовамі маладых у час вяселля. Ахоўваць, прыносіць шчасце і ў той жа час упрыгожваць хату – такое прызначэнне было ў гэтых дзіўных канструкцый.

Дарэчы, першыя “павукі” рабіліся напалову з саломы, напалову са зваранай бульбы ў форме шара і сімвалізавалі сонца. Такі “павучок” павольна круціўся ў струменях цёплага паветра, якое ішло ад ежы. Па адной з версій, “павучкам” прыпісвалася здольнасць збіраць у сабе негатыўную энергію (таму ў канцы года іх спальвалі). Па другой, у саламянай канструкцыі жыў самы сапраўдны павук. Маленькі майстар плёў павуцінне, у якое траплялі назойлівыя цакатухі. Таму канструкцыя мела не толькі дэкаратыўнае, але і практычнае прызначэнне. Іншымі словамі, была мухалоўкай. Цікава ведаць, што нашыя суседзі расіяне такія вырабы з саломы называлі “мушынымі хаткамі”.

 Па словах спецыяліста, беларускія “павукі” збіраліся па двух тыпах. Яны маглі быць у выглядзе піраміды ці ромба. У аснове ромбападобнага “павука” ляжыць цэнтральны ромб, да якога прымацоўваюцца ўсе астатнія. Пірамідальны “павук” збіраецца загадзя з сабраных пірамідальных ромбаў, якія складаюцца з саломін аднолькавай даўжыні.

– Сухая салома далікатная і ломкая. Як з ёй знайсці агульную мову?

– Якраз мову знайсці і можна. Пры распарванні прыродны матэрыял становіцца мяккім, пластычным, набывае здольнасць да выгіну. А высахшы, добра захоўвае зададзеную форму, – гаворыць Марына Савіцкая. – Менавіта такія якасці ў спалучэнні з прыроднымі дэкаратыўнымі ўласцівасцямі (глянцавай паверхняй, залатым колерам) дазвалялі і сёння дазваляюць майстрам у рабоце з матэрыялам дасягаць высокага выніку. Праўда, шмат часу зойме падрыхтоўка саломы: яе трэба спачатку нарэзаць, правільна падсушыць, падстрыгчы і адсартаваць. Ад сябе заўважу, што гэта вельмі карпатлівая праца. Трэба мець вялікае цярпенне і стараннасць, каб ёй займацца.

 І сапраўды, формы сучасных “павукоў” здзіўляюць незвычайнай прыгажосцю і нават памерамі. Сабраныя з лёгкіх саламяных трубачак, яны бязважкія, ажурныя і, дарэчы, выконваюць ужо зусім іншую функцыю – дэкору інтэр’еру.

– Я лічу, што не варта забываць менавіта аб каштоўнасці прыроднага матэрыялу, з якога робяць “павукоў”, – зазначыла спецыяліст. – Сама па сабе салома нясе жывую энергію матухны-прыроды, валодае незвычайнай прыцягальнай сілай. І доказ таму – работы аматарскага аб’яднання “Творчая скарбонка”. Такую вялікую калекцыю складана знайсці, таму што майстроў, якія працуюць з гэтым прыродным матэрыялам, мала. Раю лідчанам наведаць нашу выставу “Саламяны павук”. Убачыць прыгажосць саламянага талісмана трэба абавязкова.

 Вольга Капцевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5446
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2616
Беларускае „Слова 2019 году“ — Каліноўскі
Мова

Беларускае „Слова 2019 году“ — Каліноўскі

6 снежня 2019, 14:3216
Далучайцеся да нас