Беларускае свядомае патрыятычнае грамадства панесла вялікую страту. 16 студзеня 2021 года на 61-м годзе жыцця пайшла ў іншы свет Ірына Аркадзеўна Цуканава-Бірукова. Яна сябе засведчыла на ніве беларускага культурнага жыцця як актыўны працаўнік музычна-літаратурнай творчасці. Ірына была нязменным членам Менскага аматарскага літаратурна-музычнага аб’яднання “Галактыка”, уваходзіла ў яго кіраўніцтва. Як творчая асоба, яна брала ўздзел ва ўсіх выпусках літаратурных альманахаў гэтага аб’яд-нання.
Ірына была чалавек шчодрай душы, вельмі выхаваны, карэктны і адначасова вельмі актыўны.
Нарадзілася 18 сакавіка 1961 года ў Астрашыцкім гарадку Менскага раёна. Скончыла архітэктурна-будаўнічы тэхнікум у 1982 годзе. Працавала ў адным з НДІ г. Менска.
Маючы адукацыю архітэктара, яна вельмі прыгожа, па-архітэктурнаму ладзіла адносіны з членамі нашага аб’яднання. Архітэктурнасць адносін паміж ёю і тым, з кім яна кантактавала, была на вышэйшым узроўні.
Ірына па прыродзе была актрысай і спявачкай. З дзяцінства любіла спяваць, іграла ў школьным тэатры. У дарослым узросце стала актрысай народнага тэатра малых формаў “Альянс”, дзе яскрава раскрыўся яё цудоўны талент пераўвасаблення. У літаратуру прыйшла параўнальна нядаўна і засведчыла сябе выдатнымі творамі ў жанры малой прозы, а таксама творамі для дзяцей. Адзначылася яна і ў складанні вершаў. Як кажуць, для ўлюбёнага ў сваю справу чалавека – праца смачней за хлеб, саладзей за ваду, прыемней за сон. Кожную вольную хвіліну Ірына аддавала літаратурнай творчасці.
Друкавалася ў дзіцячых выданнях “Качели”, “Рюкзачок”, часопісах “Пралеска”, “Сваты”, “Однако, жизнь”, у газетах “Друг пенсионера”, “Здоровье пенсионера”, “Шапокляк”, у альманахах “Літаратурны экватар” і “Голас “Галактыкі””, у зборніку духоўнай паэзіі, мастацкай прозы і публіцыстыкі “За всё Создателю спасибо!”.
З’яўлялася дыпламантам міжнародных літаратурных конкурсаў у намінацыі “Паэзія” і “Проза”: дыпламант Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Сузор’е духоўнасці – 2019” у намінацыі “Паэзія”.
Таксама Ірына была профі ў паэтычнай дэкламацыі, пра што сведчыць дыплом XXXIII адкрытага конкурсу аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў “Віцебскі лістапад – 2019”. Колькі паэтаў у яе навучыліся гэтаму майстэрству! А з якой асалодай яна сама дэкламавала творы беларускіх аўтараў!
Да стварэння “Галактыкі” Ірына Цуканава-Бірукова была ак-тыўным удзельнікам літаратурных клубаў “Экватар”, “ЛітЭра” і інш.
У 2020 годзе ў выдавецтве “Каўчэг” Ірына выпусціла асобную кніжку апавяданняў і казак “Залатое сэрца”, рэдактарам якой быў прафесійны журналіст і літаратар Алесь Гібок-Гібкоўскі. На сямідзесяці старонках гэтай прыгожа і пяшчотна ілюстраванай кніжкі ў блакітнай вокладцы лаўрэат прэміі “Залатое пяро” БАЖ знайшоў “цікавы займальны сюжэт, добрую жывую мову і глыбокі духоўны сэнс”. Ён адзначыў, што творы Ірыны пранізаны стваральным светапоглядам, напоўненым святлом і любоўю. І што аўтарка працягвае традыцыі высокай духоўнасці і сувязь з уласнымі гістарычнымі каранямі. Як вынік рэдактара – вельмі жывая вобразнасць яе твораў робіць іх у немалой ступені кінематаграфічнымі.
А як Ірына выдатна спявала! Як яна выконвала акапэла песні “Чабарок”, “Шось у лесе гукае”, “Ой, рэчанька-рэчанька”, “Ой, рано-рано”.
Як мастацкі кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання, Ірына адказна падыходзіла да падбору рэпертуару. Маючы добры густ і арганізатарскі талент, яна магла лёгка зрэжысаваць любую канцэртную праграму, дзе гледачам раскрыва-лася ўнутраная прыгажосць выканаўцы, бясконцасць і шматграннасць яго творчага патэнцыялу.
Шмат тэматычных канцэртаў, літаратурных сустрэч і прэзентацый новых кніг аўтараў прайшло ў “Экватары” і “Галактыцы” з удзелам Ірыны, а колькі было яе індывідуальных выступленняў ад імя “Экватара” і “Галактыкі” ў Менску, Менскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях.
Ірыну горача віталі вайскоўцы, мытнікі, чытачы бібліятэк, навучэнцы каледжаў, вучні школ, малыя з дзіцячага садку, пацыенты шпіталю, музеі, Лошыцкі парк, Дом афіцэраў, Дом ветэранаў і нават Чырвоны касцёл на 108-й гадавіне свайго асвячэння і аднаўлення. Яна спявала з такой душой “Мой родны кут”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Простыя словы, простыя рэчы”, “Купалінка”, “Бярозка”, што людзі плакалі ад гэтай неверагоднай душэўнай чысціні.
Песня “Малітва” ў выкананні І. Цуканавай-Біруковай была кульмінацыйным нумарам кожнага ўрачыстага мерапрыемства Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны Чарнобыля”.
А некалькі радыёэфіраў Ірыны ў літаратурна-музычнай гасцёўні “Вас вітае Беларусь” на міжнародным радыё “Акіян+” былі па-аўтарску непаўторныя і выклікалі цікавасць да аўтараў і музыкаў літаратурна-творчага аб’яднання “Галактыка”.
Яна была заснавальнікам і адміністратарам старонак “Радасцея” і “Голас “Галактыкі”” на Фэйсбуку, на якіх дзялілася навінамі літаратурна-музычнага жыцця краіны, адлюст-роўвала лепшае з інфармацыйных крыніц.
Ірына была поўная сіл, натхнення і творчай энергіі для ажыццяўлення ўсяго задуманага. Яе галоўным “зорным прызначэннем” было свяціць людзям, прыкладаючы да гэтага свой розум, талент і шчодрасць душы.
Ірына вельмі ганары-лася сяброўствам з вядомымі беларускімі майстрамі пэндзля і пяра Уладзімірам Ісачанкам, Надзеяй Салейка, Алесем Гібок-Гібкоўскім, Міколам Шабовічам, Дзмітрыем Пятровічам, Верай Буландай, Лізаветай Паліэс, Аляксеем Шалахоўскім і інш.
“Галактыянка” Цуканава-Бірукова была лёгкай на ўздым, любіла наведваць тыя мясціны Бацькаўшчыны, дзе жывуць і яе даўнія і надзейныя сябры як Надзея Салейка, і новыя прыемныя знаёмцы, як вядомы фота-мастак Уладзімір Цвірка. За межамі Беларусі надарылася ўбачыць каралеўскі Кракаў, горы Закапанэ і… знакамітую Венскую оперу.
Вялікай павагай у Іры карысталіся выпускі “Нашага слова”.
Акрамя кіраўніцтва “Галактыкай”, Ірына з’яўлялася суўтарам ідэі, праграм, вядоўцай гасцёўні “Радасцея” – яшчэ адным літаратурна-музычным праектам, які ўнёс свой нацыянальны каларыт у культурнае жыццё менчукоў. Праект знаёміў гасцей з народнымі святамі і традыцыямі беларусаў (Дабравешчанне, Саракі, Лельнік, Вялікдзень, Радаўніца, Сёмуха, Купалле, Пакровы), танцамі, спевамі і народнымі строямі беларусаў, украінцау, расіян, цыганоў, з жыццяпісамі сусветна вядомых спевакоў. Іра прапаноўнала гульні, выцягвала гасцей спяваць вясёлыя прыпеўкі, запальвала ўсіх сваім энтузіязмам, вельмі лёгка і пластычна танчыла. Захапленню прысутных не было мяжы. Прыгожым завяршэннем такіх тэматычных вечарын было абавязковае чаяванне “ад траўніцы Арыны” (так яна любіла называць сябе). Сапраўдная Радасцея, Берагіня, што радасна прыцягвае да ўсіх станоўчую энергію добрым словам і добрымі справамі!
Падчас пандэміі, калі творчыя сустрэчы былі толькі ў рэжыме анлайн, Ірына адкрыла ў сабе талент фотамастака, пра што сведчаць выдатныя фотапейзажы Лошыцкага парку.
Як казаў яе ўлюбёны сын Яўген, якога Ірына выхавала з любоўю і матчынай ласкай сапраўдным беларусам, што для яго маці кожны добры чалавек на яе шляху быў вялікай каштоўнасцю, і калі яна сустракала нейкага чалавека з нейкім талентам, яна дбала пра яго, спрабавала ўсё зрабіць, каб яго талент расквітнеў. Яна сэрцам сагравала кожнага, не шкадуючы свайго часу і сваіх намаганняў. Бясконцасць яе любові застанецца ў нас. І найлепшае, што мы можам зрабіць для Ірыны, гэта несці святло і дабро яе душы, несці праз сябе.
У бліжэйшы час рыхтуецца да друку яшчэ адна беларускамоўная кніга твораў Ірыны, аб якой яна так марыла. Магчыма, з’явіцца дыск з яе спевамі.
У сэрцах гарачых прыхільнікаў беларушчыны і аб’яднання “Галактыка” Ірына Цуканава-Бірукова назаўсёды застанецца светлай з’явай нашага жыцця. Бывай, наша дарагая “галактыянка”, паплечніца і сяброўка!
Кацярына Мяшкова,
паэтка і публіцыстка, кіраўнік Менскага літаратурна-музычнага аб’яднання “Галактыка”.